Гравюра Адэльгаўзера-Цюнта
Гравюра Адэльгаўзера-Цюнта (лац.: "Vera designatio urbis in Littavia Grodnae" — «Сапраўднае апісанне горада Гродна ў Літве») — адна з самых старых выяў горада Гродна, на якой паказаны сярэднявечны горад Гродна. З’яўляецца каштоўным выяўленчым матэрыялам па вывучэнню архітэктуры старажытнага Гродна. Акрамя палітычнай гісторыі, гравюра Адэльгаўзера-Цюнта ўтрымлівае каштоўныя звесткі па сацыяльна-эканамічнай гісторыі, гісторыі штодзённасці, гістарычнай антрапалогіі, геральдыцы і іншых спецыяльных гістарычных дысцыплінах.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Насценная гравюра Маціяса Цюнта «Сапраўднае апісанне горада Гродна ў Літве» па малюнку Ёхана (Ганса) Адэльгаўзера (ням.: Johannes Adelhauser) ўяўляе сабой медзярыт агульным памерам 100,5 см у шырыню і 35,5 см у даўжыню. Вядомы толькі некалькі экзэмпляраў гравюры, адна з іх захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.
Сюжэт гравюры
[правіць | правіць зыходнік]Асноўны сюжэт гравюры — сустрэча маскоўскага пасольства на чале з Фёдарам Умным-Колычавым з гаспадарскім маршалкам Вялікага Княства Літоўскага Астафіем Валовічам, ураднікам караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста ў ліпені 1567 года ў прадмесці Гародні на левым беразе Нёмана — выкананы на фоне падрабязнай панарамы горада. У левым верхнім куце медзярыта знаходзіцца яго прысвячэнне Жыгімонту Аўгусту, пад назвай гравюры (па цэнтры ўверсе) знаходзіцца герб апошняга Ягелона, а ў верхнім правым куце змешчаны невялікі тэкст з кароткім апісаннем падзей, адлюстраваных на медзярыце (вядомыя лацінская і нямецкая версіі гэтага тэксту). Найбольш важныя выявы, змешчаныя на гравюры, суправаджаюцца двухмоўнымі надпісамі на лацінскай і нямецкай мовах.
Акрамя Маскоўскага на гравюры зафіксаваны яшчэ тры пасольствы, што знаходзіліся ў той час у Гародні, — татарскае, турэцкае і валашскае.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню гравюра Цюнта была выраблена ў 1568 годзе ў Нюрнбергу.
У 1575 годзе рэплікацыя гравюры Адэльгаўзера/Цюнта была выдадзена з меншай колькасцю дэталяў і невялікімі скажэннямі ў другім томе кёльнскага выдання Георга Браўна і Франца Хагэнберга «Атлас гарадоў зямнога свету» (лац.: "Civitates orbis terrarum"). У гэтым выданні гравюра суправаджаецца тэкстам, у якім даецца падрабязнае апісанне падзей, адлюстраваных на выяве. Вядомыя лацінскамоўная (1597, 1612), нямецкамоўная (1576) і франкамоўная версіі гэтага выдання.
Існуюць і пазнейшыя варыяцыі гравюры Адэльгаўзера-Цюнта (1608, 1610, 1623, 1637, 1659, 1711, 1720), якія значна саступаюць арыгіналу як у падрабязнасці адлюстраваных дэталяў, так і ў якасці выяў. Тым не менш, дзякуючы гэтым рэплікацыям выгляд Гародні XVI стагоддзя, прадстаўлены на гравюры Адэльгаўзера-Цюнта, стаў «кананічным» і добра вядомым у Еўропе на працягу наступных стагоддзяў.
Вывучэнне гравюры
[правіць | правіць зыходнік]Навуковае вывучэнне гравюры распачалося ў Расійскай імперыі ў канцы ХІХ ст.
У 1879 годзе Імператарская публічная бібліятэка ў Санкт-Пецярбургу набыла за 200 марак экзэмпляр гравюры Адэльгаўзера-Цюнта, пасля чаго з’явіліся публікацыі П. Дзікава, В. Стасава і Я. Арлоўскага з яе апісаннем, у першую чаргу прысвечаныя вывучэнню выяў праваслаўных цэркваў Гродна, змешчаных на медзярыце. Інфармацыя пра гравюру, пададзеная гэтымі аўтарамі, амаль ідэнтычная, у тым ліку і пра тое, што Адэльгаўзер памыліўся і змясціў Каложскую царкву на левым беразе Нёмана. Гэты штамп перайшоў і ў працы пазнейшых аўтараў, якія пісалі пра гравюру, і быў толькі нядаўна абвергнуты.
У гэты ж час з’яўляюцца копіі арыгінальнай гравюры з каментарыямі. Так, якасныя копіі гравюры былі выдадзены ў альбоме Д. Равінскага «Достоверные портреты Московских государей Ивана III, Василия Ивановича, Ивана IV и посольства их времени» і ў даследаванні Тэадора Шымана, прысвечаным палітычнаму развіццю ўсходнееўрапейскага рэгіёна да пачатку XVII стагоддзя.
У 1923 годзе гравюру пачаў вывучаць польскі гісторык Ю. Ядкоўскі, які аспрэчваў тэзіс расійскіх навукоўцаў пра спрадвечнасць праваслаўя ў Гародні і звяртаў увагу на каталіцкія касцёлы, змешчаныя на гравюры.
У другой палове XX стагоддзя з’явіліся спецыяльныя працы, якія абапіраліся на гравюру Адэльгаўзера-Цюнта як на адну з падставовых крыніц сваіх даследаванняў. Вядомы даследчык архітэктуры Алена Квітніцкая разглядала выявы, змешчаныя на гравюры, у сувязі з рэканструяваным ёй па матэрыялах Валочнай памеры Гародні 1560 года планам горада. Даследчыца выявіла пэўныя несупадзенні гравюры з выявай Гародні на здымку 1866 года, аднак пры гэтым не звяртаючы ўвагу на тое, што гравюра магла малявацца з іншых кропак, чым быў зроблены здымак.
Нямецкі гісторык мастацтва літоўскага паходжання П. Рэклайціс у артыкуле, прысвечаным тыпалагізацыі мяшчан Вялікага Княства Літоўскага, звяртаў увагу на магчымасць выкарыстання гравюры як этнаграфічнай крыніцы і разглядаў яе як яскравы прыклад рэнесанснага мастацтва. Даследчык адзначаў у гравюры вялікую колькасць замалёвак бытавых сцэн, на якіх адлюстроўваліся розныя прафесіі і рамёствы сваёй краіны, а таксама тыпы жыхароў іншых краін, іх адзенне, зброя, знешні выгляд. Реклайціс таксама выказаў меркаванне пра магчымасць існавання альбома Адэльгаўзера з дакладнымі малюнкамі асобных падзей, этнаграфічных эцюдаў, жыхароў і будынкаў, што былі пазней перанесены ў паменшаным выглядзе на гравюру. Па меркаванні аўтара, альбом Адэльгаўзера мог быць вывезены з Нюрнберга ў Італію. Даследчык звяртаў увагу на ўласцівую рэнесансу шматсюжэтнасць гравюры, калі падзеі, адлюстраваныя на гравюры, адбываліся ў розны час.
Польскі калекцыянер Т. Неваднічанскі ўвёў у навуковы зварот уласны экзэмпляр гравюры Адэльгаўзера-Цюнта, якую ён набыў у 1979 годзе ў спадкаемцаў графа Гутэн-Чапскага ў Рыме. У артыкуле, прысвечаным гравюры, аўтар змясціў яе апісанне, агульны кантэкст падзей, паказаных на выяве, а таксама дадаў вельмі якасную копію гравюры, павялічаныя надпісы з яе лацінскай і нямецкай версій, а таксама выявы пазнейшых рэплікацый гравюры.
З канца ХІХ ст. выява гравюры Адэльгаўзера-Цюнта пачала шырока ўжываецца ў даведачных выданнях па гісторыі, архітэктуры і археалогіі, аднак у асноўным ў якасці ілюстрацыі. Таксама гравюра была выдадзена з калекцыі Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна разам невялікім артыкулам з яе апісаннем.
Сучасныя беларускія даследаванні
[правіць | правіць зыходнік]У сучасны час гравюра стала аб’ектам даследаванняў беларускіх навукоўцаў. Даследчык Ю. Кішык выкарыстоўваў гравюру як крыніцу па гісторыі забудовы і вызначэнні асаблівасцей аб’ёмна-прасторавай структуры Гродна, даследчык Ю. Гардзееў — для рэканструкцыі архітэктурна-будаўнічай панарамы горада, знешняга выгляду і вызначэння месцазнаходжання асобных будынкаў, а таксама для даследавання прафесійных супольнасцей горада. Гісторык Н. Сліж у сваім даследаванні па гісторыі царквы і манастыра Св. Барыса і Глеба звярталася да гравюры Цюнта і выказала меркаванне пра тое, што асобныя часткі выявы, змешчанай на гравюры, маляваліся з розных месцаў. Н. Сліж лакалізавала Каложскую царкву на правым беразе Нёмана і вызначыла дакладнае месца на левым беразе Нёмана, з якога яе маляваў Адэльгаўзер.
Гродзенскі краязнавец І. Лапеха на падставе малюнкаў Адэльгаўзера і Макоўскага прапанаваў матэматычны метад лакалізацыі архітэктурных дамінант Гародні.
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- У 2008 годзе гравюра была выстаўлена на аўкцыён у Варшаве. Намер купіць медзярыт выказалі гродзенскія ўлады, па іх даручэнні на аўкцыён паехаў дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка. Пры пачатковай лічбе ў 40 тыс. злотых, кошт гравюры вырас да 90 тыс. злотых і ў беларускіх улад не хапіла грошай яго купіць. Медзярыт застаўся ў Польшчы.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Zűndt, Matthias. Vera designatio urbis in Littavia Grodnae / M. Zűndt. — Nürnberg, 1568.
- Braun, Georg. De praecipuis totius universi urbibus liber secundus, [il. Franciscus Hogenberg et al.] / G. Braun. — Coloniae, 1575.
- Reklaitis, Povilas. Die Stadtansichten Alt-Litauens in der Graphik des 16. bis 19. Jahrhunderts: Vilnius, Gardinas, Kaunas, Trakai / P. Reklaitis. — Lüneburg: Nordostdeutsches Kulturwerk, 1972.
- Niewodniczanski, Tomasz. Grodno — Bemerkungen zur Panorama-Vedute von Adelhauser/Zűndt 1568 (mit einer Falttafel) / T. Niewodniczanski // Lüneburger Beiträge zur Vedutenforschung. — Lüneburg: Nordostdeutsches Kulturwerk, 1983. — S. 103—108.
- Диков, П. Материалы для истории Коложской церкви в г. Гродно / П. Диков // Памятная книжка Гродненской губернии на 1887 г., Гродно, 1886. — С. I—XXI.
- Стасов, В. Православные церкви в Западной России в XVI веке / В. Стасов // Сборник археологического института — 1880. — № 3. — С. 54-64.
- Орловский, Е. Гродненские православные церкви в XVI веке / Е. Орловский // Гродненские епархиальные ведомости — 1904. — № 4 (16). — С. 443—453.
- Ровинский, Д. Достоверные портреты Московских государей Ивана III, Василия Ивановича, Ивана IV и посольства их времени / Д. Ровинский. — СПб., 1882.
- Schieman, Theodor. Rußland, Polen und Livland bis ins 17. Jahrhundert / Th. Schieman. — Berlin, 1886.
- Jodkowski, Józef. Grodno / J. Jodkowski. — Wilno, 1923.
- Квитницкая, Е. Д. Планировка Гродно в XVI—XVIII вв. / Е. Д. Квитницкая // Архитектурное наследство — 1964. — № 17. — С. 11-38.
- Reklaitis, Povilas. Lietuvos gyventoju tipai XVI a. grafikoje: Adelhauser — Heldt — Vecellio / P. Reklaitis // Aidai. — 1968. — № 7. — S. 301—307.
- Борисовская, Н. А. Старинные гравированные карты и планы XV—XVIII вв. Из собрания ГМИИ им. А. С. Пушкина / Н. А. Борисовская — М.: Галактика, 1992.
- Кишик, Ю. Н. Градостроительная культура Гродно / Ю. Н. Кишик. — Минск: Белорусская наука, 2007.
- Гардзееў, Ю. Магдэбургская Гародня / Ю. Гардзееў — Гародня-Уроцлаў, 2008.
- Сліж, Н. Невядомае пра вядомае: уладанні царквы і манастыра Св. Барыса і Глеба ў XVI — пачатку XX стст. / Н. Сліж // Таямніцы каралеўскай Гародні — пададзена ў друк у 2009 г.
- Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским / под ред. Г. Ф. Карпова. — Т.3: 1560—1571 гг. // Сборник Императорского русского исторического общества. — Т. 71. — СПб.: Тип. Моск. ун-та, 1892.
- Салей, С. Гравюра Адэльгаўзера/Цюнта «Сапраўдае апісанне горада Гродна ў Літве» як крыніца па гісторыі дыпламатыі Вялікага княства Літоўскага / С. Салей // Альманах: Запіскі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — пададзена ў друк у 2009 г.