Перайсці да зместу

Геаграфічны цэнтр Еўропы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пастаянная спрэчка на тэму геаграфі́чнага цэ́нтра Еўро́пы пачалася ў XVIII стагоддзі і працягваецца да сёння. Розныя погляды асноўваюцца на вылічэннях, якія залежаць ад межаў (найдалей пакладзеных пунктаў Еўропы) і на розных спосабах вылічэння канчатковых вынікаў.

Камень са знакам «Цэнтр Еўропы» ў Сухаволі

Так, у 1775 годзе польскі каралеўскі картограф і астраном Шыман Саберайскі вызначыў месца, дзе перасякаюцца лініі, што звязваюць самыя далёкія пункты Еўропы. Згодна з яго вылічэннямі, цэнтр Еўропы знаходзіцца ў мясцовасці Сухаволя (Польшча). З гэтай нагоды там усталяваны памятны камень[1].

Манумент «Геаграфічны цэнтр Еўропы» ў Літве

Паводле разлікаў Французскага нацыянальнага геаграфічнага інстытута, зробленых у 1989 годзе, на поўнач ад Вільні, недалёка ад вёскі Пурнушкес  (літ.), знаходзіцца пункт, ад якога роўная колькасць кіламетраў аддзяляе любую ўскраіну Старога Свету. 1 мая 2004 года, у гонар уступлення Літвы ў ЕС, ля шашы Вільня — Малетай быў адкрыты манумент работы скульптара Гедзімінаса Якубоніса — калона з белага мармуру, увянчаная каронай з залатымі пяціканцовымі зоркамі[2].

Знак «Геаграфічны цэнтр Еўропы» ў Полацку

У 2000 беларускія навукоўцы і супрацоўнікі РУП «Белкосмааэрагеадэзія» абнародавалі разлікі, паводле якіх геаграфічны цэнтр Еўропы размешчаны ў Віцебскай вобласці, паблізу возера Шо, умоўны пункт — ля берага возера Івесь у аднайменным пасёлку. Для разлікаў выкарыстоўвалася камп’ютарная праграма, якую адмыслова распрацавалі. Еўропу прынялі за адзінае цэлае, уключыўшы акваторыі Белага і Балтыйскага мораў, Вялікабрытанію, Ірландыю і іншыя астраўныя землі. Атрыманую ў выніку прастору пакрылі інтэгральнай сеткай і па ёй вылічылі цэнтральны пункт. У 2008 г. сталі вядомыя паўторныя разлікі, паводле іх цэнтр Еўропы знаходзіцца на 55º30´ пн.ш. і 28º48´ у.д. у горадзе Полацку. Памятны знак «Геаграфічны цэнтр Еўропы» адкрыўся ў Полацку 30 мая 2008 года.

Зноскі

  1. Podlasie: przewodnik / Tadeusz Glinka; et al. — Warszawa, 2000. ISBN 83-7200-591-5
  2. news.tut.by Архівавана 1 ліпеня 2018.