Перайсці да зместу

Гаваікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гаваікі (на мове маары Hawaiki, у іншых палінезійскіх мовах таксама Havaiki, Havai’i, Avaiki, Sawaiki, Hiva, Pulotu) — легендарная прарадзіма палінезійцаў.

Міф аб паходжанні з Гаваікаў сустракаецца ў розных народаў Палінезіі, у тым ліку ў маары, маары астравоў Кука, танганцаў, рапануі і інш. У самоанцаў такога міфа няма, аднак іх найбуйнейшы востраў мае назву Саваі. З Гаваікамі таксама звязана паходжанне назвы Гаваяў.

Паводле вуснай традыцыі, першыя палінезійцы прыплылі з Гаваікаў у Палінезію на адкрытых каноэ. Пасля смерці іх духі зноў вяртаюцца на прарадзіму. Маары сцвярджалі, што Гаваікі — гэта востраў, дзе быў створаны свет і чалавек, і адкуль іх продкі прыбылі ў Новую Зеландыю. На астравах Кука так называлі падземны свет нябожчыкаў. Жыхары Рапануі лічылі, што Хіва знаходзіцца на захад ад іх вострава. На Тонга і Самоа паняцце «Гаваікі» значыла «дух» ці «духоўны» і надавалася ў якасці тытула вярхоўным правадырам.

Некаторыя сучасныя даследчыкі звязваюць назву Гаваікаў з востравам Ява, праз які продкі палінезійцаў рухаліся ў бок Акіяніі.