Віцебскае ўзвышша
Віцебскае ўзвышша — узвышша, якое знаходзіцца на паўночным усходзе Беларусі.
Уваходзіць у склад Беларускага Паазер’я. Фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі. Займае частку Віцебскага і Лёзненскага раёнаў Віцебскай вобласці. На поўначы і паўночным усходзе мяжуе з Гарадоцкім узвышшам і Суражскай нізінай, на поўдні — з Лучоскай нізінай, на паўднёвым захадзе — з Чашніцкай раўнінай, на захадзе — з Полацкай нізінай, на ўсходзе адгор’і Віцебскага ўзвышша заходзяць на тэрыторыю Расіі. 3 захаду на ўсход узвышша працягнулася амаль на 65 км, з поўначы на поўдзень — на 40 км, плошча 1,9 тыс. км². Найвышэйшы пункт — Гаршэва гара — 295 м[1] над узроўнем мора. Гэта найвышэйшы пункт Віцебскай вобласці.
Канчатковае афармленне ўзвышша адбылося ў віцебскую (свянцянскую) фазу паазерскага зледзянення. У цэнтральнай частцы ўзвышша рэльеф буйнаўзгорысты і сярэднеўзгорысты з адноснымі перавышэннямі ад 10—15 м да 25 м і больш. Паўночны схіл стромка абрываецца ў бок ракі Каспля, паўднёвы — узгорыста-ўвалісты, больш спадзісты. На паўночным захадзе рэльеф градава-ўзгорысты. Пашыраны глыбокія даліны рэк, яры, лагчыны. Трапляюцца камы і озы. Карысныя выкапні: керамічныя і цэментныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, даламіт, торф.
Рачная сетка належыць да басейна Заходняй Дзвіны (Лучоса ў ніжнім цячэнні, Віцьба, Вымнянка — прыток Касплі). Найбольшыя азёры Вымна, Янавіцкае. Разарана 35 %, пад лесам 16 % тэрыторыі.
Зноскі
- ↑ Витебская область: Общегеографический атлас / Ред. И. Н. Шлык. — Мн.: РУП «Белкартография», 2008. — С. 29. — 36 с. — ISBN 978-985-508-049-8
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 53—54.
- Дементьев В. А. Витебская возвышенность // Белорусская ССР: Краткая энциклопедия. В 5-ти т. Т. 2 / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1979. — Т. 2. — 768 с. — 50 000 экз. (руск.)
- Витебск: Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1988. — 408 с. — 60 000 экз. — ISBN 5-85700-004-1 (руск.)