Перайсці да зместу

Вячаслаў Антонавіч Селях-Качанскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вячаслаў Антонавіч Селях-Качанскі
Дата нараджэння 25 снежня 1885(1885-12-25)
Месца нараджэння
Дата смерці 8 жніўня 1976(1976-08-08) (90 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Месца працы
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вячаслаў Антонавіч Селях (Селях-Качанскі; 25 снежня 1885, Лагойск — 8 жніўня 1976, Саўт-Рывер, ЗША) — беларускі оперны спявак (драматычны бас-барытон), музычна-драматычны і тэатральны дзеяч.

Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю ў 1905 годзе, Пецярбургскую кансерваторыю ў 1915 годзе. З 1913 года артыст тэатра «Музычнай драмы». З 1915 года саліст Марыінскага тэатра, дзе выканаў партыі Ганца ў оперы «Казка пра цара Салтана», Барыса Гадунова ў оперы «Барыс Гадуноў», Шаклавітага ў оперы «Хаваншчына» М. Мусаргскага, Ігара ў оперы «Князь Ігар», Грыгорыя Гразнога ў «Царскай нявесце» і інш. Адначасова ў 1916 годзе працаваў у Александрынскім тэатры. Спяваў сумесна з Ф. Шаляпіным.

Прэзідыум Мастацкай секцыі Інбелкульта. 1926. Злева направа: сядзяць К. С. Серада, Юльян Дрэйзін, Язэп Дыла, Антон Грыневіч, Мікалай Шчакаціхін, стаяць Мікалай Красінскі, Паўліна Мядзёлка, Вячаслаў Селях, Фларыян Ждановіч.

З 1924 года кіраўнік музычнай падсекцыі Інбелкульта, выкладчык опернага і харавога класаў Беларускага музычнага тэхнікума. Сярод яго вучняў былі Пігулеўскі, Няборская, Ашкіназі, Т. Баначыч, Архіпаў, а таксама некаторы час у яго вучылася вакалу Л. Александроўская. Арганізатар Беларускага студыйнага хору ў 1926 годзе, рэарганізаванага ў 1928 годзе ў Беларускую дзяржаўную капэлу (цяпер Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі). Галоўны рэжысёр (і выканаўца ролі Млынара) пастаноўкі ў БДТ-1 ўпершыню на беларускай мове оперы «Русалка» А. Даргамыжскага (14-15 мая 1927). З 1927 года дырэктар БДТ-1, зняты з пасады па абвінавачванні ў «нацдэмаўшчыне». З 1930 года дырэктар Беларускага тэатральнага тэхнікума, загадчык Беларускіх драматычных курсаў.

З 1933 года ў Ленінградзе, намеснік дырэктара Опернай студыі імя Рымскага-Корсакава, рэжысёр Вандроўнай оперы Усерасійскага тэатральнага таварыства. З 1937 года працаваў ва Украіне.

У чэрвені 1943 года вярнуўся на радзіму, кіраўнік аддзела мастацтва БЦР і аддзела культуры і мастацтва Беларускай народнай самапомачы. Адначасова кіраўнік і галоўны рэжысёр Мінскага гарадскога тэатра. Разам з Тодарам Лебядой паставіў яго п’есу «Загубленае жыццё». З 1944 года ў Берліне. У літаратуры даецца інфармацыя, што гэтым часам В. Селях сумесна з М. Равенскім стварыў канцэртна-эстрадную групу пры прапагандысцкай установе «Вінета»[1].

З 1950 года ў ЗША. Займаўся арганізацыяй хароў і тэатральных груп, ладзіў канцэрты і спектаклі.

Аўтар твораў царкоўнай музыкі, хароў і песень на вершы беларускіх паэтаў.

Зноскі

  1. Селях С. У. Старонкі творчай біяграфіі Вячаслава Селяха // Мастацтва, № 6, 2001. — С. 48.
  • Юрэвіч Л. Беларускі тэатр і драматургія на эміграцыі // Тэатральная творчасць. № 6, 1997. № 1, 1998.
  • Селях С. Да біяграфіі спевака Вячаслава Селяха // Кантакты і дыялогі, № 7-8, 2000.
  • Кекелева Т. Селях-Качанскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Селях С. Невядомы прэм’ер // Літаратура і мастацтва, № 5 (4089), 2 лютага 2001.
  • Селях С. У. Старонкі творчай біяграфіі Вячаслава Селяха // Мастацтва, № 5, 2001. — С. 35-39; № 6, 2001. — С. 46-48.
  • Вячаслаў Антонавіч Селях // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2-х т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2003. — Т. 2. — С. 340.