Перайсці да зместу

Вяршковы сыр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вяршковы сыр на бейгле

Вяршковы сыр (англ.: cream cheese, таксама мяккі сыр) — мяккі, салодкі, з умерана выяўленым смакам сыр з малака і вяршкоў (адгэтуль і назва сыра). Па французскіх крыніцах вядомы з XVII стагоддзя.

Сыр мае мяккую кансістэнцыю, не патрабуе перыяду паспявання і гэтым адрозніваецца ад іншых мяккіх сыроў тыпу бры і нёшатэль. Найбольш падобнымі па смаку, структуры і кансістэнцыі, а таксама па спосабе падрыхтоўкі з’яўляюцца бурсен і маскарпонэ.

Да вяршковага сыра адносяцца і французскія «Chavroux» і «Petit-suisse», а таксама нарвежскі «Snofrisk». Састаў і тлустасць могуць змяняцца ў залежнасці ад віду сыра.

Выкарыстоўваецца для гатавання такіх папулярных страў, як ролы, чызкейк і торт «Чырвоны аксаміт».

Сыр «Філадэльфія»

[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш вядомая ў Амерыцы марка гэтага сыра носіць назву «Філадэльфія» і належыць амерыканскай кампаніі Kraft Foods. Гэты сыр выпускаецца з 1872 г., назву атрымаў у гонар горада Філадэльфіі, які ў той час быў вядомы ежай выдатнай якасці.

Гэты сыр складаецца з абястлушчанага пастэрызаванага малака і малочнага тлушчу, канцэнтрату сыроватачнага бялку, сырнай культуры, солі, сыроваткі, стабілізатараў (ксантанавая камедзь і/ці камедзь ражковага дрэва і/ці гуаравая камедзь), сарбінавай кіслаты (у якасці кансерванта), пальмітату вітаміну А[1].

Малако пастэрызуецца, а затым гамагенізуецца і астуджаецца для пачатку наступнай стадыі. Малако павольна награваецца перад тым, як праводзіцца ферментацыя. Для гэтага ў нармалізаваную малочную сумесь дадаюць закваску для згортвання малочнага бялку і ўтварэння сырнага згустка з выдзяленнем сыроваткі.

Пасля гэтага аддзяляюць сыроватку ад сырнага згустка, надаюць сырнай масе патрэбную структуру і дадаюць соль і стабілізатары. Смакавыя дабаўкі, такія як часнок, травы дабаўляюць ва ўжо гатовы крэм-сыр перад пакаваннем.

Зноскі