Вялікая блакітная дзіра
Вялікая блакітная дзіра (англ.: Great Blue Hole) — буйная блакітная дзіра, размешчаная ў цэнтры Лайтхаус-Рыфа, атола ў складзе Белізскага бар’ернага рыфа. Дзіра ўяўляе сабой круглую карставую варонку дыяметрам 305 метраў, якая мае глыбіню 120 метраў.
Гэта геалагічнае ўтварэнне першапачаткова з’яўлялася сістэмай вапняковых пячор, якія сфарміраваліся падчас апошняга ледавіковага перыяду. Узровень мора тады быў значна ніжэйшым, але калі акіян падняўся і скляпенне затопленай пячоры абвалілася, утварылася карставая варонка[1] — даволі распаўсюджаная форма рэльефу ўздоўж узбярэжжа Беліза.
Блакітная дзіра стала вядомая дзякуючы французскаму даследчыку Жак-Іву Кусто, які ўключыў яе ў спіс 10 найлепшых месцаў у свеце для нырання. У 1972 годзе на сваім судне Каліпса ён вымераў глыбіню дзіры і пацвердзіў тэорыю яе ўтварэння[2]. Спусціўшыся на аднамесных субмарынах у дзіру, удзельнікі экспедыцыі выявілі масіўныя сталактыты, некаторыя з якіх размяшчаліся пад вуглом 10—13° да вертыкалі, што паказвала на геалагічны зрух і нахіл плато, якое ляжыць ніжэй.
Падчас прыліваў на месцы вялікай сіняй дзіры ўтвараюцца сапраўдныя віры, якія ўцягваюць у сябе ўсё, што плавае на паверхні: водарасці, дошкі, лодкі. Нярэдка ў гэтых вірах гінуць людзі. З наступам адліву дзіра пачынае вывяргаць з сябе магутныя фантаны вады, часам разам з рознага роду смеццем[3].
Нягледзячы на цяжкадаступнасць месца (адлегласць ад горада Беліз складае каля 96 км), Вялікая блакітная дзіра з’яўляецца папулярным месцам апусканняў для рэкрэацыйнага дайвінга. Нырцы могуць сустрэць некалькі цікавых відаў рыб, уключаючы гіганцкага групера, акул-нянек і некалькі відаў рыфавых акул, напрыклад карыбскую рыфавую акулу.
Аналіз суадносін тытану і алюмінію ў асадкавых пародах у суседніх з карставым правалам лагунах паказаў, што часы паміж 800 і 900 гадамі і паміж 1000 і 1100 гадамі былі на Юкатане вельмі засушлівымі перыядамі, што прывяло да заняпаду старажытнай цывілізацыі мая[4].
Зноскі
- ↑ Belize Blue Hole reef . National Geographic Online. Архівавана з першакрыніцы 23 сакавіка 2012. Праверана 18 лютага 2016.
- ↑ Жак-Іў Кусто. Galapagos - Titicaca - The Blue Holes. — Лондан: Cassell, 1973. — ISBN 0304292591.
- ↑ Цуды прыроды: Блу-Хоулс
- ↑ Вялікая сіняя дзіра адкрыла прычыны заняпаду цывілізацыі мая
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вялікая блакітная дзіра
- USGS: The Great Blue Hole of Belize Архівавана 3 студзеня 2012.