Васіль Васілевіч Шахновіч
Васіль Васілевіч Шахновіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 12 студзеня 1922 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 13 жніўня 1983 (61 год) |
Месца смерці | |
Альма-матар | |
Званне | генерал-лейтэнант |
Бітвы/войны | |
Узнагароды і званні |
Васіль Васілевіч Шахновіч (12 студзеня 1922 — 13 жніўня 1983) — савецкі ваенны дзеяч, генерал-лейтэнант. З’яўляецца адзіным замежным грамадзянінам, удастоеным звання Героя Самалійскай Рэспублікі.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і з вёскі Сярагі. Яго продкі былі выбранцамі — саслоўем мясцовых сялян, якія больш за стагоддзе, яшчэ да часоў уваходжання Беларусі ў склад Расійскай імперыі, неслі службу па ахове прыгонных збудаванняў Слуцка. Менавіта гэта абумовіла выбар маладым Шахновічам прафесіі вайскоўца.
Ваенная кар’ера
[правіць | правіць зыходнік]У 1939 годзе паступіў у Мінскае агульнавайсковае вучылішча імя Калініна[1], пасля заканчэння якога, усяго за 12 дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, прыбыў па накіраванні ў Ленінградскую ваенную акругу.
З пачаткам уварвання Германіі Шахновіч знаходзіўся пад Выбаргам і змагаўся ў баявых часцях Ленінградскага фронту, удзельнічаючы ў абароне блакаднага Ленінграда. За гады вайны паспеў паслужыць камандзірам узвода, затым роты, а пазней і батальёна.
У 1944 годзе ўдзельнічаў у наступленні ў Прыбалтыцы. У баі за горад Тукумс Шахновіч быў паранены, але працягваў камандаваць батальёнам. Пазней яго падраздзяленне ўдзельнічала ў вызваленні Рыгі. Скончыў вайну афіцэр на «Курляндскім катле». Апошні бой яго батальён прыняў ужо пасля капітуляцыі Германіі, уступіўшы ў перастрэлку з атрадамі РВА.
Пасля вайны стаў камандзірам вучэбнага батальёна. Пазней даслужыўся да камандуючага арміяй і намесніка начальніка вышэйшых афіцэрскіх курсаў «Выстрал» імя Шапашнікава. Службу паспяхова сумяшчаў з вучобай. У гэты час Шахновіч скончыў дзве навучальныя ўстановы: Ваенную акадэмію імя Фрунзэ і Ваенную акадэмію Генеральнага штаба.
У маі 1969 года Шахновіч накіраваны ў Самалі ў якасці галоўнага ваеннага саветніка і па сумяшчальніцтве — саветніка камандуючага Самалійскай нацыянальнай арміяй (СНА) . Задача складалася ў аказанні дапамогі пры фарміраванні самалійскай рэгулярнай арміі. Трэба было таксама замацаваць гэтую краіну ў сферы ўплыву Савецкага Саюза. Шахновіч усталяваў даверныя адносіны з Сіядам Барэ , камандуючым СНА, а іх жонкі сталі сяброўкамі. Ён працаваў у Самалі да жніўня 1971 года.
Пасля Шахновіч камандаваў 7-й гвардзейскай арміяй , якая знаходзілася ў Арменіі. З 1975 года выкладаў на вышэйшых афіцэрскіх курсах «Выстрал», з’яўляючыся адначасова намеснікам начальніка гэтых курсаў.
У 1977—1980 гадах працуе галоўным ваенным саветнікам Узброеных Сіл Анголы . Шахновічам была закладзена аснова ангольскай арміі, сфармаваны структура і ўзбраенне, створаны паўнавартасны Генеральны штаб, ваенныя акругі і штабы акруг, сфарміраваны пяхотныя і механізаваныя брыгады, канчаткова аформіліся віды Узброеных Сіл[2].
Грамадска-палітычнае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]Член Бюро ЦК Кампартыі Арменіі, дэпутат Вярхоўнага Савета Армянскай ССР[1].
Будучы цяжкахворым і бачачы ў шпіталі параненых і скалечаных салдат у Афганістане, Васіль Шахновіч рэзка асуджаў увод у гэтую краіну савецкіх войск. Рашэнне аб умяшанні ў Афганскі канфлікт ён лічыў найбуйнейшай палітычнай памылкай савецкага кіраўніцтва, якая можа прывесці да катастрафічных наступстваў. Генерал лічыў, што «ваяваць за мяжой павінны не тэрміновікі, а прафесіяналы».
Смерць
[правіць | правіць зыходнік]Васіль Шахновіч памёр пасля працяглай хваробы ў Галоўным ваенным шпіталі імя Бурдэнкі. Пахаваны ў Сонечнагорску пад Масквой.
Зноскі
- ↑ а б Васіль Васілевіч Шахновіч на сайте «Наследие Слуцкого края»
- ↑ Кузнецова-Тимонова, А. В. Воины-интернационалисты из Беларуси в гражданской войне в Анголе : 1975–1992 / А. В. Кузнецова-Тимонова ; науч. ред. А. М. Литвин. – Минск : Беларус. навука, 2017. – 354 с.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Богдашич Сергей, Тишкевич Василий. Жизнь под грифом «секретно». Генерал Василий Шахнович был больше известен в Африке, чем на своей родине — Случчине(недаступная спасылка) // Інфа-Кур’ер : газета. — 2010. — 5 мая.
- Нарадзіліся 12 студзеня
- Нарадзіліся ў 1922 годзе
- Нарадзіліся ў Сярагах
- Памерлі 13 жніўня
- Памерлі ў 1983 годзе
- Памерлі ў Маскве
- Выпускнікі Ваеннай акадэміі Генштаба
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Чырвонага Сцяга
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Узнагароджаныя медалём «За абарону Ленінграда»
- Асобы
- Пехацінцы Вялікай Айчыннай вайны
- Дэпутаты Вярхоўнага Савета Армянскай ССР