Перайсці да зместу

Брэсцкая мужчынская гімназія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Брэсцкая мужчынская гімназія
Заснавана 1865
Закрыта 1915
Тып гімназія

Брэсцкая мужчынская гімназія — колішняя сярэдняя агульнаадукацыйная навучальная ўстанова ў Брэсце.

Была заснавана ў 1865 годзе ў г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні як 4-класная прагімназія. Налічвала каля 160-ці навучэнцаў.

У 1901 годзе была пераўтворана ў гімназію. Складалася з 8-мі асноўных, падрыхтоўчага і чатырох паралельных (1-4-ы) класаў. Колькасць навучэнцаў — ад 450 да 520. Вывучаліся руская, французская, нямецкая, лацінская мовы, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, матэматыка. У праграму ўваходзілі ўрокі па маляванні, чыстапісанні, музыцы, спевах і інш. Праваслаўны святар і ксёндз выкладалі Закон Божы, а законавучыцель іўдзейскай веры — іўдзейскае веравучэнне. Плата за навучанне ў гімназіі складала 55-65 руб., у падрыхтоўчым класе — 50-60 руб. у год. На ўтрыманне гімназіі адпускалася ў год у залежнасці ад колькасці навучэнцаў: з дзяржаўнай казны 25-35 тыс. руб., з сум платы за навучанне 12-22 тыс., з гарадской казны — 300—800 руб.

Будынак мужчынскай гімназіі ў Брэст-Літоўску быў узведзены ў 1903 годзе па праекце ваеннага інжынера А. А. Траццякова. Будынак быў цагляны, з характэрнымі для канца ХІХ — пачатку ХХ стст. элементамі архітэктуры. Першапачаткова будынак быў двухпавярховым, П-падобны ў плане. Унутраная планіроўка калідорная, класныя пакоі арыентаваны на поўдзень. Па хадайніцтве Гарадской думы, 25 верасня 1904 года мужчынская гімназія атрымала назву: «Яго Імператарскай Высокасці Цэсарэвіча Аляксея Мікалаевіча поўная мужчынская гімназія».

У час Першай сусветнай вайны, летам 1915 года, у сувязі з нямецкай акупацыяй Брэст-Літоўска гімназія была зачынена. Архіў гімназіі знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна.

У 1921 годзе Брэст увайшоў у склад Польшчы і ў будынку гімназіі размясцілася дзяржаўная гімназія імя Рамуальда Траўгута. З 1939 года па 1941 год тут размяшчалася савецкая школа, у 1941—1946 гадах — шпіталь, спачатку нямецкі, а з вызваленнем Брэста — Чырвонай арміі. Потым там знаходзіўся настаўніцкі інстытут.

Зараз у будынку былой гімназіі (вул. Міцкевіча, 28), помніку грамадзянскага будаўніцтва, размешчаны адзін з навучальных карпусоў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.

  • Брэсцкая мужчынская гімназія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Брэсцкая мужчынская гімназія / М. М. Забаўскі // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 180.
  • Брэсцкай мужчынскай гiмназii будынак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  • Гимназии // Брест : Энциклопедический справочник (руск.) / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1987. — 408 с.
  • Мужская гимназия / В. М. Чернатов // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 75-76
  • Сарычев, В. Вечеринка 1937 года // Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Кн. 1 / Василий Сарычев. Брест, 2007. С. 235—237.
  • Сарычев, В. Гимназия им. Траугутта // Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Кн. 1 / Василий Сарычев. Брест, 2007. С. 230—232.
  • Сарычев, В.Пане профессорже // Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Кн. 1 / Василий Сарычев. Брест, 2007. С. 233—234.
  • Сарычев, В. В. Гимназия им. Траугутта / В. В Сарычев // Вечерний Брест. 2005. 11 февр. С.8.