Перайсці да зместу

Бой за Тынзауатэн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бой за Тынзауатэн
Асноўны канфлікт: Канфлікт у Малі
Дата 25—27 ліпеня 2024
Месца за 2 км ад алжырска-малійскай граніцы
Вынік перамога баевікоў
Праціўнікі
Расія ПВК «Вагнер»
 Малі
«Пастаянныя стратэгічныя рамкі для міру, бяспекі і развіцця»
Джыхад «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін»
пры падтрымцы:
Камандуючыя
Сяргей Шаўчэнка † Альгабас Аг Інтала
Сілы бакоў
да 100 вагнераўцаў, тузіна малійцаў да 1000 баевікоў
Страты
ад 15 да 82 вагнераўцаў і 2 малійцаў загінула як мінімум 20 баевікоў загінулі

Бой за Тынзауатэн — баявыя дзеянні на поўначы Малі ў раёне мяжы з Алжырам, якія прайшлі ў ліпені 2024 года. Падчас баёў калона малійскіх урадавых войскаў і расійскія байцы ПВК «Вагнер» трапілі ў засаду, уладкаваную туарэгскімім сепаратыстамі і джыхадысцкай групоўкай «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін» (філіял Аль-Каіды ў Малі)[1]. У выніку былі забітыя дзясяткі байцоў праўрадавых сіл. Фарміраванні вагнераўцаў не неслі страт такога маштабу за рамкамі вайны з Украінай з 2018 года, калі трапілі пад удар амерыканскай авіяцыі пад Хашамам у Сірыі[2].

Неўзабаве Малі і Нігер разарвалі свае дыпламатычныя адносіны з Украінай, абвінаваціўшы яе ў падтрымцы паўстанцаў і датычнасці да бою за Тынзауатэн[3].

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

У 2012 годзе ў Малі адбыўся ваенны пераварот, а на поўначы краіны пачынаецца паўстанне туарэгаў з мэтай стварэння незалежнай дзяржавы Азавад[4][5]. У ваенных дзеяннях супраць урадавых сіл узялі ўдзел і ісламісцкія групоўкі, звязаныя з Аль-Каідай і ІД[5][6]. Улады звяртаюцца па ваенную дапамогу да Францыібылой каланіяльнай метраполіі, і тая адпраўляе ў краіну свае войскі[5]. Французская армія прымала ўдзел у баявых дзеяннях супраць ісламістаў з 2013 года[6]. Адначасна ў Малі пачала дзейнічаць міратворчая місія ААН[5].

У 2020 годзе адбываецца яшчэ адзін ваенны пераварот, у выніку якога да ўлады прыходзіць палкоўнік Асімі Гаіта. Новы рэжым разарваў адносіны з Францыяй, і французскія войскі былі выведзеныя з краіны. Гарачую кропку пакідаюць і сілы ААН. Малійская хунта робіць стаўку на збліжэнне з Расіяй. У 2021 годзе ў Малі з’яўляюцца байцы ПВК «Вагнер». Наёмнікі неўзабаве становяцца адзінай замежнай сілай, якая аказвае дапамогу малійскім урадавым войскам[5][7].

Адной са сваіх галоўных задач малійская хунта паставіла адваяванне кантролю над усёй тэрыторыяй краіны ў сепаратыстаў. Урадавыя сілы засяродзіліся на паўночнай правінцыі Кідаль, якую армія ўзяла пад кантроль у 2023 годзе[7].

28 ліпеня 2024 года паўстанцкі рух туарэгаў «Пастаянныя стратэгічныя рамкі для міру, бяспекі і развіцця» паведаміў, што ў ходзе баёў 25—26 ліпеня ў раёне горада Тынзауатэн яны разграмілі ўсю калону малійскай арміі і расійскіх наймітаў, забіўшы і параніўшы дзясяткі салдат праціўніка[8][9]. Баевікі таксама паведамілі аб знішчэнні і захопе бранятэхнікі, грузавікоў і аўтацыстэрнаў варожых сіл, а таксама аб пашкоджанні верталёта вагнераўцаў Мі-24П, які затым разбіўся ў раёне горада Кідаль[10][11]. Верталёт павінен быў прыкрываць калону з паветра[12].

Пры гэтым, згодна з папярэднімі заявамі ўладаў Малі, сумесная аперацыя малійскіх сіл і вагнераўцаў да гэтага ішла паспяхова. За тыдзень да паражэння яны захапілі вёску Ін-Афарак на мяжы з Алжырам[2]. Затым калона малійскіх вайскоўцаў і расіян пачала прасоўвацца да горада Тынзауатэн, які знаходзіўся на тэрыторыі Алжыра, маючы намер захапіць гэты населены пункт[2][13]. За два кіламетры ад малійска-алжырскай мяжы калона трапіла пад пясчаную буру і была вымушаная спыніць рух[2]. Гэтым скарысталіся паўстанцы-туарэгі, якія зладзілі засаду на шляху руху калоны[2]. У выніку калона была знішчана[2].

Былі апублікаваныя фатаграфіі і відэа з поля бою, на якіх было відаць мноства трупаў, спаленую тэхніку і палонных. У прыватнасці, на адным з відэа дэманстравалася мноства забітых светласкурых людзей у пустыні[14].

Таксама баевікі апублікавалі відэа допыту захопленага ў палон малійскага вайскоўца. На пытанне паўстанца аб тым, навошта вайскоўцы забіваюць мірных жыхароў, палонны адказаў, што такія забойствы здзяйсняюць толькі вагнераўцы. Паводле яго слоў у баях за Тынзауатэн прымала ўдзел толькі каля тузіна малійцаў, астатнія з’яўляліся членамі ПВК «Вагнер». Пры гэтым паводле інфармацыі паўстанцаў, у шэрагах наймітаў, акрамя расіян, былі прадстаўнікі іншых краін. Таксама з іх слоў, з 25 ліпеня ПВК «Вагнер» абстрэльваў грамадзянскія паселішчы на мяжы з Алжырам[12].

29 ліпеня факт цяжкіх баёў вагнераўцаў пацвердзіў блізкі да ПВК тэлеграм-канал «Разгрузка Вагнера»[15]. Паводле заявы гэтага канала, баі ішлі з 22 па 27 ліпеня і ў іх прынялі ўдзел вайскоўцы Малі і 13-ы штурмавы атрад ПВК «Вагнер» пад камандаваннем Сяргея Шаўчэнкі[16]. Ім супрацьстаялі байцы Каардынацыйнага руху Азавад і Аль-Каіды ў краінах ісламскага Магрыба[16]. Баі пачаліся пасля захопу ўрадавымі сіламі Малі населенага пункта Ін-Афарак[15]. Вагнераўцы сцвярджалі, што ў першы дзень баёў ім удалося знішчыць вялікія сілы паўстанцаў, аднак затым пачалася пясчаная бура, якая дазволіла паўстанцам перагрупавацца і падвесці падмацаванні, павялічыўшы свае сілы да 1000 чалавек, што вымусіла ПВК накіраваць падмацаванне сваім байцам[16]. Аднак на працягу наступных двух дзён радыкалы павялічылі колькасць масіраваных нападаў, скарыстаўшыся цяжкім узбраеннем, БПЛА і шахід-мабілямі, што пацягнула страты з боку калоны[16]. Апошняй радыёграмай ад групы стала паведамленне: «Засталіся ўтрох, працягваем весці бой»[16].

Па даных ДШРГ «Русіч», у баі загінула больш за 80 байцоў, больш за 15 чалавек трапіла ў палон. Іншыя расійскія z-каналы паведамлялі пра гібель ад 20 да 50 вагнераўцаў[17]. Былы супрацоўнік місіі ААН у горадзе Кідаль паведаміў Agence France-Presse аб гібелі не менш за 15 вагнераўцаў[17]. Па даных крыніцы Рускай службы Бі-бі-сі, загінула не менш за 82 наймітаў[2].

Вагнераўцам і малійскім урадавым войскам былі нанесеныя наступныя страты ў тэхніцы: верталёт Мі-24 (пашкоджаны), верталёт Мі-8 (пашкоджаны, загінуў камандзір верталёта Аляксей Крайноў), не менш за 6—7 знішчаных і захопленых машын[18].

У ліку загінуўшых Сяргей Шаўчэнка, камандзір групы[16], і Мікіта Фядзянін, аўтар звязанага з ПВК «Вагнер» тэлеграм-канала Grey Zone[13].

Міністэрства абароны Малі пацвердзіла факт бою, заявіўшы, што страты яе сіл склалі два чалавекі забітымі і 10 параненымі, тады як страты паўстанцаў налічвалі не менш за 20 чалавек забітымі[17].

Магчымая роля Украіны

[правіць | правіць зыходнік]

У СМІ з’яўлялася інфармацыя аб меркаванай ролі Украіны ў разгроме атрада ПВК у Малі[14]. Так, прадстаўнік ГУР МА Украіны Андрэй Юсаў заявіў: «Паўстанцы атрымалі неабходную інфармацыю і не толькі інфармацыю, якая дазволіла правесці паспяховую ваенную аперацыю супраць расійскіх ваенных злачынцаў. Пра дэталі мы безумоўна не будзем казаць, працяг будзе»[14]. 29 ліпеня ўкраінскае выданне Kyiv Post апублікавала фатаграфію, на якой туарэгскія паўстанцы паказаны са сцягам Украіны[14]. Таксама ў сацыяльнай сетцы X з’яўлялася інфармацыя, што паўстанцы нібыта прапаноўвалі перадаць палонных вагнераўцаў Украіне[14].

Аднак у журналістаў не было незалежнага пацверджання звестак аб магчымым удзеле Украіны ў гэтых падзеях[14].

На гэтым фоне 5 жніўня ўлады Малі заявілі пра разрыў дыпадносін з Украінай[19]. Улады Малі абвінавацілі дзяржаву ў парушэнні суверэнітэту, зневажанні нормаў міжнароднага права і падтрымцы міжнароднага тэрарызму[20]. 6 жніўня аналагічны крок здзейсніў Нігер[21]. Улады Сенегала выступілі з асуджэннем дзеянняў Украіны[20].

  1. Кто с кем воюет в Мали и Сахеле (руск.). Ведомости (30 ліпеня 2024).
  2. а б в г д е ё Илья Барабанов. В Мали погибли десятки бывших наемников «ЧВК Вагнер» — это их самые большие потери за время присутствия в Африке. Что известно (руск.). Русская служба Би-би-си (28 ліпеня 2024).
  3. Африканское направление. Как Украина продвигает свою стратегию на Южном Континенте вопреки противодействию России (руск.). Радио «Свобода» (7 жніўня 2024).
  4. Десятки «вагнеровцев» погибли, попав в засаду на севере Мали (руск.). Зеркало недели (28 ліпеня 2024).
  5. а б в г д Ставка на «Вагнер». Что будет с Мали после ухода миссии ООН и смерти Пригожина? (руск.). Русская служба Би-би-си (26 жніўня 2023).
  6. а б Франция выводит войска из Мали. Запад утверждает, что там действуют российские наемники (руск.). Русская служба Би-би-си (26 жніўня 2023).
  7. а б Повстанцы в Мали сообщили о больших потерях ЧВК "Вагнер" (руск.). Deutsche Welle (28 ліпеня 2024).
  8. Reuters: в Мали погибли десятки наемников ЧВК «Вагнер», в том числе автор телеграм-канала Grey Zone (руск.). Новая газета. Европа (28 ліпеня 2024).
  9. Повстанцы в Мали объявили об убийстве «десятков» вагнеровцев и солдат правительственных войск; Z‑каналы сообщают о гибели автора Grey Zone (руск.). Медиазона (28 ліпеня 2024).
  10. Колонна ЧВК «Вагнер» попала в засаду в Мали, убит админ Grey Zone. Что известно (руск.). RTVI (28 ліпеня 2024).
  11. В Мали повстанцы разгромили колонну ЧВК «Вагнер». Погибли десятки человек (руск.). The Moscow Times (28 ліпеня 2024).
  12. а б Десятки россиян из ЧВК Вагнера убиты или взяты в плен на севере Мали. Среди них — пропагандист «Вагнера», автор канала Grey Zone (руск.). The Insider (28 ліпеня 2024).
  13. а б Разгром колонны ЧВК «Вагнер» в Мали: в плен попал наследник Пригожина, погиб админ канала вагнеровцев Grey Zone (руск.). Важные истории (28 ліпеня 2024).
  14. а б в г д е Разгром «Вагнера» в Мали: что известно? (руск.). Голос Америки (30 ліпеня 2024).
  15. а б Десятки наемников ЧВК "Вагнер" убиты повстанцами в Мали, бои шли пять дней (руск.). Euronews (29 ліпеня 2024).
  16. а б в г д е ЧВК «Вагнер» подтвердила гибель своих бойцов в Африке (руск.). Ведомости (29 ліпеня 2024).
  17. а б в Малі: повстанці заявили про знищення десятків найманців групи «Вагнер» (укр.). Радио «Свобода» (28 ліпеня 2024).
  18. Евгений Легалов, Марк Крутов, Сергей Добрынин. Африканская ловушка. История разгрома ЧВК "Вагнер" в Мали (руск.). Кавказ.Реалии (30 ліпеня 2024).
  19. МЗС: Малі не надала доказів причетності України до знищення вагнерівців (укр.). Украинская служба Би-би-си (5 жніўня 2024).
  20. а б Мали разорвала дипотношения с Украиной. Как реагирует Киев? (руск.). Deutsche Welle (6 жніўня 2024).
  21. «Приняли к сведению»: в МИД Украины отреагировали на решение Нигера разорвать дипотношения с Украиной (руск.). Радио «Свобода» (8 жніўня 2024).