Даўжыня цела 12-14 см, размах крылаў 26-29 см. Верх цела карычневы, хвост з невялікай выразкай. Характэрная карычневая папярочная палоска, якая праходзiць праз грудзі, па беламу споду цела i злiваецца з карычневым колерам крылаў. Голас: слабае невыразнае шчабятанне.
Арэал: Еўропа, Азія (акрамя крайняй поўначы), на поўдзень трапляецца да Пакістана і Цэнтральнага Кітая, гняздуе ў Паўночнай Амерыцы (акрамя поўначы), лакальна ў Егіпце (уздоўж Ніла), спарадычна ў Марока. Адрозніваецца 7 падвідаў.
Насяляе адкрытыя, плоскія тэрыторыі паблізу вады, абрывістыя і высокія берагі кантынентальных вадаёмаў і мораў, аддае перавагу рачным далінам, а таксама месцам здабычы галькі, кар'ерам па здабычы гліны, пяску і да т.п. Засяляе прыродныя сцены цяснiн. Біятоп харчавання — адкрытыя лугі, балоты, вадаёмы, радзей пасевы. Пад час пералётаў чародамі трымаецца ў зарасніках трыснягу.
Месцы зімовак: Афрыка на поўдзень ад Сахары, Індыя, Паўднёвая Амерыка.
Гняздуе ў калоніі, гняздо ладзіць у нары, якая перпендыкулярна сцяне абрыву, у верхняй частцы глебы. Калiдор авальны, гнездавая камера ў форме паўшар'я, скупая высцілка з сухой травы і лісця, пер'я. Дыяметр адтуліны 4-7 см, даўжыня калiдора 50-60 см (да 150 см, макс. — 195 см), шырыня камеры 7-14 см, вышыня — 5-12 см.
Яйкі 4-6 (часам 2-7) белыя, эліптычныя, з тупым вузейшым канцом (вельмі рэдка грушападобныя).