Перайсці да зместу

Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква
Асноўная інфармацыя
Заснавальнікі Філарэт (Раменскі)
Прадстаяцель у наш час Святаслаў (Логін)
Рэзідэнцыя Прадстаяцеля 401 Атлантык авеню, Бруклін
Мова набажэнстваў беларуская
Колькасць
Прыходаў каля 10 прыходаў
Сайт http://www.belapc.org/

Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (БАПЦ) — рэлігійная арганізацыя беларусаў. БАПЦ не прызнаецца памеснымі праваслаўнымі цэрквамі, а Рускай Праваслаўнай Царквой называецца, як і іншыя некананічныя цэрквы, праваслаўнай дэнамінацыяй; прызнаецца некананічнымі цэрквамі: Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, Сусветны Амерыканскі Патрыярхат і інш.

БАПЦ мае прыходы ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Беларусі. Богаслужэнні вядуцца на беларускай мове. БАПЦ займаецца таксама культурна-асветніцкай, выдавецкай, грамадскай, дабрачыннай дзейнасцю, дапамагае беларусам захаваць сваю нацыянальную духоўную спадчыну[1].

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

У традыцыі БАПЦ выводзіць сваё паходжанне ад Наваградскай мітраполіі, створанай Канстанцінопальскім патрыярхатам (1330) па просьбе вялікага князя літоўскага Гедзіміна і ўзначаленай мітрапалітам Феафілам. З 1415 па 1418 гады ёй кіраваў Рыгор (Цамблак), прызначаны саборам епіскапаў без благаславення Канстанцінопальскага Патрыярха[2].

Падчас напалеонаўскай вайны (1812) архіепіскап Магілёўскі Варлаам (Шышацкі) прысягнуў Напалеону, за што быў пазбаўлены сана і сасланы ў Ноўгарад-Северскі манастыр. Па некаторых дадзеных, гэты крок быў абумоўлены імкненнем захаваць спакой у епархіі[3], сам Варлаам сцвярджаў, што заўсёды захоўваў вернасць Усерасійскаму прастолу, але, не жадаючы рэпрэсій супраць манаства, духавенства і паствы епархіі, быў вымушаны прысягнуць Напалеону[4].

Савецкі перыяд

[правіць | правіць зыходнік]
Кафедральны сабор Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Мінску. Фота 1927 года

23 ліпеня 1922 года ў кафедральным саборы Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Мінску адбыўся царкоўны сінод, які вырашыў дзеля абароны ад абнаўленцкага ВЦУ стварыць аўтаномную (але не аўтакефальную) беларускую мітраполію, абраць архіепіскапа Мелхіседэка (Паеўскага) мітрапалітам з тытулам Мінскі і Беларускі і стварыць 4 епархіі: Мінскую, Бабруйскую, Мазырскую і Слуцкую. Паводле іншых звестак, стварэнне мітраполіі санкцыянаваў патрыярх Ціхан, а Мелхіседэк толькі самачынна ўзяў на сябе кіраўніцтва ўсімі епархіямі на тэрыторыі Беларусі, а не толькі Мінскай[5]. Кардынальных наступстваў гэты крок не меў, і беларускія святары працягвалі знаходзіцца ў кананічных адносінах з Маскоўскім Патрыярхатам, а ў чэрвені 1926 года Мелхіседэк прынёс пакаянне мітрапаліту Сергію і склаў з сябе тытул мітрапаліта[6].

Улетку 1927 года пазіцыі прыхільнікаў беларусізацыі і самастойнасці БССР значна ўзмацніліся: галоўным органам тут на кароткі час стаў ЦВК БССР, які ўзначальваў Аляксандр Чарвякоў. З улікам крызісу і блытаніны ў кіраўніцтве ПРЦ аўтакефальная форма беларускаму кіраўніцтву падалася найлепшай. У гэтых умовах беларускія епіскапы палічылі, што Праваслаўная Царква ў Беларусі зможа быць па-сапраўднаму аддзеленай ад савецкай дзяржавы. Формулу гэтага аддзялення мітрапаліт Мелхіседэк выказаў проста: дзяржава свабодна змагаецца з рэлігіяй, Царква свабодна змагаецца з бязбожнасцю і атэізмам.

Для таго, каб абвяшчэнне аўтакефаліі было кананічным, вясной і летам 1927 года епіскапы Мінскай епархіі правялі перамовы ў прыходах і па іх выніках падрыхтавалі дакумент, які называўся «Дэкларацыя Беларускага праваслаўнага духавенства (старацаркоўнікаў-аўтакефалістаў) Мінска і яго ваколіц ад 21 чэрвеня 1927 года». У гэтым дакуменце, у прыватнасці, гаварылася: «У рэлігійнай свядомасці праваслаўных веруючых мас Беларусі заўсёды была жывая думка пра аўтаномію, і ў цяперашні час, калі ў асяроддзі Праваслаўнай Царквы Усерасійскай растуць рэлігійныя рознагалоссі, павялічваецца колькасць розных царкоўных груповак. Не жадаючы ўцягвацца ў барацьбу паміж рэлігійнымі царкоўнымі партыямі, Беларуская Праваслаўная Царква лепшым сродкам пазбегнуць гэтага лічыць сцвярджэнне аб сваёй непахіснай волі быць аўтакефальнай». Аб’ява аўтакефаліі пераследавала яшчэ адну мэту, пра якую ў Дэкларацыі не пісалі, — выратаваць ад арыштаў духавенства і вернікаў шляхам легалізацыі царкоўнага кіравання і дзейнасці БПЦ[7].

Бабруйскі епіскап Філарэт стварыў ініцыятыўную групу па скліканні з’езда прадстаўнікоў Беларускай праваслаўнай царквы, які адкрыўся 9 жніўня 1927 года ў Мінску. У iм прынялі ўдзел прадстаўнікі 333 прыходаў Мінскай, Барысаўскай, Мазырскай, Слуцкай, Бабруйскай епархій і адной акругі (благачыння) Аршанскай епархіі. Сабор абвясціў аўтакефалію і абраў самастойнае кіраўніцтва. На 1 студзеня 1928 года Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква мела ў Гомельскай акрузе — 24 прыходы, у Полацкай — 12, Аршанскай — 10. Усяго ў БССР на той час БАПЦ налічвала 344 прыходы, у якіх неслі службу 399 святароў[8].

Маскоўская патрыярхія беларускай аўтакефаліі не прызнала. Падтрымка з боку беларускага кіраўніцтва цалкам скончылася ў 1929 годзе разам з палітыкай беларусізацыі[7].

У выніку пашыраных з 1935 года рэпрэсій супраць святарства, на 24 чэрвеня 1938 года ў БССР засталіся дзейнічаць толькі 2 царквы — ў Оршы і Мазыры[8]. У ліпені—верасні 1937 супрацоўнікамі НКУС БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення палітычных працэсаў над дзеячамі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы была прыдумана шпіёнска-паўстанцкая арганізацыя «Беларуская аўтакефальная царква», у выніку чаго 11 чалавек на чале з Філарэтам (Раменскім) былі расстраляныя 1 лістапада 1937 года ў Менску, яшчэ 2 былі прыгавораны да 10 гадоў лагераў.

Перад вайной, у 1941 годзе, на тэрыторыі БССР не было ані царкоўнай арганізацыі, ані легальна адчыненых цэркваў[9].

Перыяд Другой сусветнай вайны

[правіць | правіць зыходнік]
Іерархі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы: Мітрапаліт Панцеляймон (Ражноўскі), архіепіскап Філафей (Нарко), епіскап Афанасій (Мартас), архіепіскап Венедыкт (Бабкоўскі)

Вясною 1942 года прадстаўнікі Беларускай народнай самапомачы (БНС) правялі перамовы з Беларускім мітрапалітам Панцялейманам аб узнаўленні аўтакефаліі, але атрымалі адмову. Тады прадстаўнікі БНС звярнуліся ў Генеральны камісарыят Беларусь з просьбай аб скасаванні ўлучэння Беларускае Праваслаўнае Царквы ў маскоўскую[10], на што была атрыманая згода. Такім чынам, кіраўніцтва Камісарыяту запатрабавала ад епіскапату Беларускай мітраполіі абвясціць аўтакефалію, прапаведаваць на беларускай мове, звольніць расійскіх[удакладніць] святароў ды спыніць згадванне мітрапаліта Сергія. Архірэйскі сабор у асобе мітрапаліта Панцялеймана і епіскапа Венедыкта пастанавіў прыняць патрабаванні, але адкласці абвяшчэнне аўтакефаліі да яе прызнання Маскоўскім патрыярхатам[11].

1 чэрвеня Генеральны камісарыят «Беларусь» загадаў мітрапаліту Панцеляйману пайсці, нібыта на адпачынак, у манастыр у Лядах за супраціў абвяшчэнню аўтакефаліі яго адкладаннем, а царкоўнае кіраўніцтва перадаць архіепіскапу Філафею. Аднак перамовы БНС, а пазней Генеральнага камісарыята, з архіепіскапам Філафеем таксама не далі плёну. У выніку 15 ліпеня кіраўніцтва Камісарыяту загадала епіскапату Беларускай мітраполіі неадкладна пачаць падрыхтоўку да склікання Усебеларускага Царкоўнага Сабору, дзеля чаго архіепіскап утварыў камісію. Па атрыманні 1 жніўня ад мітрапаліта Панцялеймана пісьмовага даручэння склікаць Сабор дзеля «афармлення створанае мітрапалітам аўтакефаліі» архіепіскап Філафей прызначыў яго на 28 жніўня і разаслаў інструкцыі ў справе выбару дэлегатаў. Але Сабор пачаў сваю працу толькі 30 жніўня пасля малебну ў мінскай Свята-Праабражэнскай саборнай царкве і працягваўся да 2 верасня. Бралі ў ім удзел з правам голасу 3 епіскапы, 65 святароў і 65 прадстаўнікоў ад вернікаў. 128-мю галасамі супраць 3-х устрыманых Сабор ўхваліў прапанову неадкладнага абвешчання аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы[10]. На ім прынялі Статут «Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Нацыянальнай Царквы», параграф 113 якога абвяшчаў: Кананічнае аб’яўленне аўтакефаліі наступіць пасля прызнання яе ўсімі аўтакефальнымі цэрквамі[11]. Сабор таксама зацвердзіў тэксты лістоў да Канстанцінопальскага патрыярха і галоваў усіх аўтакефальных праваслаўных цэркваў з просьбай прызнаць аўтакефалію Царквы і прыняць яе, «як сястру», у малітоўную супольнасць. На заканчэнне Сабор прыняў пастанову, якой абавязваў епіскапаў давесці справу аўтакефаліі да завяршэння. Аднак епіскапы, апраўдваючыся неабходнасцю подпісу мітрапаліта пад лістамі ў справе прызнання аўтакефаліі, іх не выслалі[10]. Такім чынам, ні фактычнага абвяшчэння аўтакефаліі, ні прызнання яе іншымі цэрквамі не адбылося.

Наступленне савецкіх войскаў вымусіла епіскапат Беларускай мітраполіі эмігрыраваць ў Германію. Летам 1944 г. з Беларусі эвакуяваліся больш за 70 святароў[12].

Пасля вайны члены епіскапата ўвайшлі ў склад Рускай праваслаўнай царквы за мяжой. У лютым 1946 г. епіскапат РЗПЦ прыняў іерархаў БАПЦ у сваю юрысдыкцыю, і на саборы ў Мюнхене 7 траўня 1946 г. гэтае далучэнне было зацверджана юрыдычна. Скліканне ў Рэгенсбургу З’езда беларускіх праваслаўных вернікаў 5 траўня 1946 г., у якім удзельнічала 136 дэлегатаў з трох акупацыйных зон, нічога не дало, хоць удзельнікі з’езда стварылі для супраціву пераходу Беларускае праваслаўнае аб’яднанне (кіраўнік — Мікалай Лапіцкі) і прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі іерархаў застацца незалежнымі, са сваім народам. У траўні 1946 г. Сінод БАПЦ быў ліквідаваны, а замест яго ўтваралася Беларуская мітраполія пры РЗПЦ. Беларускія епіскапы атрымалі высокія пасады ў РЗПЦ: архіепіскап Філафей (Нарко) быў прызначаны вікарыем у Вісбадэне (амерыканская зона), Афанасій (Мартас) — у Гамбургу (брытанская зона), епіскап Грыгорый (Барышкевіч) — у Бамбергу, епіскап Сцяпан (Сеўба) — у аўстрыйскім Зальцбургу, архіепіскап Венедыкт (Бабкоўскі) быў уведзены ў склад Сінода РЗПЦ[13].

Частка эмігрантаў звярнулася да кіраўніка УАПЦ Палікарпа з просьбай стварыць для іх асобную Беларускую аўтакефальную царкву. 5 чэрвеня 1948 года ў Канстанцы (Заходняя Германія) адбыўся царкоўны з’езд, на якім было прынята рашэнне заснаваць Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву (БАПЦ)[14]. Узначаліў яе, перайшоўшы з УАПЦ, епіскап Мелітопальскі Сергій (Ахатэнка), узведзены Палікарпам у сан архіепіскапа. У 1949 годзе ён разам з епіскапамі УАПЦ узвёў у сан епіскапа Васіля (Тамашчыка) са званнем Віленскі. У БАПЦ было створана дзве епархіі — Аўстралійская (якую ўзначаліў Сергій) і Канадска-Амерыканская (Васіль). Епіскап Сергій пачаў прымаць у БАПЦ суполкі Канстанцінопальскага патрыярхата, у выніку чаго Канстанцінопальскі патрыярх выдаў Томас, у якім аб’явіў, што Сергій не з’яўляецца праваслаўным епіскапам, а БАПЦ, як праваслаўнай царквы, не існуе[15].

У 1968 годзе ў БАПЦ з’явілася яшчэ два епіскапы: Андрэй (Крыт) быў пасвечаны на епіскапа Гродзенскага, Наваградскага і Кліўлендскага, а архімандрыт Мікалай (Мацукевіч) стаў епіскапам Турава, Пінска і Таронта. Пасля смерці Сергія (1971) быў праведзены Сабор БАПЦ (1972), які выбраў новым старшынёй Андрэя (Крыта) і дараваў яму тытул мітрапаліта. У 1979 годзе святаром БАПЦ стаў Ізяслаў (Бруцкі).

У 1980 годзе, пасля прызначэння Бруцкага настаяцелем у Хайленд-Парк, стары святар адмовіўся пакідаць царкву, і яго прыхільнікі новага настаяцеля не ўпусцілі. У выніку гэтага арх. Мікалай абвясціў мітр. Андрэя недзеяздольным і абвясціў аб пераходзе трох прыходаў (Хайленд-Парк, Кліўленд і Дэтройт) пад яго юрысдыкцыю. 7 жніўня 1982 года архірэйскі сабор БАПЦ (Андрэй і Ізяслаў) аб’явілі аб адлучэнні Мікалая ад царквы. Аднак пасля смерці мітрапаліта Андрэя на саборы ў Хайленд-Парку (26-27 мая 1983) менавіта Мікалай быў абраны мітрапалітам. Таму Ізяслаў склікаў Пазачарговы Сабор у Мюнстэры (Вялікабрытанія), дзе таксама быў выбраны мітрапалітам у маі 1984. Так БАПЦ раскалолася на дзве юрысдыкцыі[16]. Пад кіраўніцтвам Ізяслава апынуліся 3 прыходы ў Англіі, 2 у Аўстраліі і 1 у ЗША. Другую групу ўзначаліў архіепіскап Таронта, пад амафорам якога 5 прыходаў у ЗША, адзін у Канадзе і адзін у Аўстраліі.

З 1994 года пачаліся багаслужбы ў мінскім прыходзе святой Еўфрасінні Полацкай, які спачтку належаў да непрызнанай «Беларускай народнай аўтакефальнай праваслаўнай царквы на Бацькаўшчыне». Пазней прыход разам са святаром Леанідам (Акаловічам) перайшоў у юрысдыкцыю Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Пасля смерці мітрапаліта Мікалая (2003) Ізяслаў далучыў да сваёй юрысдыкцыі большую частку яго прыходаў. У жніўні 2003 на Царкоўным Саборы ў Хайленд-Парку (ЗША) фармальна завершана аб’яднанне двух галін БАПЦ.

Але яшчэ раней новым старшынёй БАПЦ аб’явіў сабе Аляксандр (Салагуб), былы супрацоўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў РПЦ, якога раней Мікалай прыняў у сваю БАПЦ, а праз некалькі месяцаў адлучыў ад яе. Аляксандр (які рашэнне Мікалая не прызнаў) разам з сербскім епіскапам Дамаскінам, што знаходзіўся на пакоі, узвялі ў сан епіскапа БАПЦ серба Ёвана Пурыча. Пасля смерці Мікалая (Мацукевіча) Аляксандр (Салагуб) аб’явіў сябе мітрапалітам, а Пурыча кіраўніком справамі БАПЦ. Фактычна да канца 2010 года гэта юрысдыкцыя перастала існаваць[17].

У 2004 годзе ў БАПЦ Ізяслава ў сувязі з цяжкай хваробай апошняга вікарным епіскапам Баранавіцкім і Бруклінскім і выконваючым абавязкі кіраўніка БАПЦ быў прызначаны Васіль (Касцюк), які перайшоў у БАПЦ з РПЦ. Але царкоўны савет і яго прыхільнікі заблакіравалі будынак царквы Кірылы Тураўскага і не пусцілі туды Васіля. Праз некалькі месяцаў Васіль вярнуўся ў Беларусь, наклаўшы анафему на шэраг членаў царкоўнага савета. У Беларусі ён некаторы час называў сабе законным кіраўніком БАПЦ, а затым аб’явіў аб стварэнні новой юрысдыкцыі «Беларускі грэка-праваслаўны рух», куды мелі ўвайсці праваслаўныя абшчыны, якія не падтрымлівалі аўтакефалію, але і не хацелі наведваць храмы Маскоўскага Патрыярхата.

Мітрапаліт Ізяслаў (Бруцкі) памёр 27 лістапада 2007 года. 11 мая 2008 года епіскапам быў абраны архімандрыт Святаслаў (Логін). Абрад хіратоніі быў выкананы архіепіскапам Уманскім і Дэтройцкім Аляксандрам, епіскапам Барыспальскім Пасіем ды епіскапам Х’юстанскім і Тэхаскім Макарыюсам пры дапамозе святарства і пры ўдзеле вялікай колькасці вернікаў з Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі і Канады[18]. Варта адзначыць, што менавіта Логін вёў Царкоўны Сабор у жніўні 2003 года, калі было абвешчана аб спыненні спрэчак унутры царквы[19].

У 2011 годзе ў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве быў хіратанісаны другі епіскап — Серафім (Чыкіта)[20].

Архіепіскап Святаслаў Логін у 2018 годзе адзначыў, што адсутнасць у Беларусі аўтакефаліі парушае апостальскія каноны[21]. Але беларуская нацыянальная царква можа атрымаць аўтакефалію ад Канстантынопаля толькі ў тым выпадку, калі яе прызнае дзяржава, а ўлады стала адмаўляюць Беларускай аўтакефальнай царкве ў рэгістрацыі, і ў Беларусі дзейнічаюць усяго некалькі прыходаў БАПЦ. Святаслаў Логін паведаміў, што Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква мае шчыльныя дачыненні з Праваслаўнай царквой Украіны, якая падтрымлівае жаданне БАПЦ атрымаць стус кананічнай нацыянальнай царквы. У прыватнасці, беларускія святары бясплатна атрымліваюць адукацыю ў духоўных семінарыях Украіны, апроч таго, украінская царква дае магчымасць служыць у іхных храмах, пасвячаць святароў, рабіць хіратоніі[22].

29 траўня 2019 года ў Мінску адбыўся суд над святарамі БАПЦ айцом Леанідам (Акаловічам) і ераманахам Вікенціем (Кавальковым). Ім інкрыміявалася «арганізацыя масавага палітычнага дзеяння», пры гэтым яны нібыта наўмысна і дзёрзка парушалі грамадзянскі супакой і беларускае заканадаўства. Падставай для ўладаў былі малебен на плошчы Свабоды ля Свята-Духава сабора пасля «крыжалому» ў Курапатах і непасрэдна ў саміх Курапатах, а таксама малебен на Вайсковых могілках у гадавіну завяршэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе. Па выніках суду святарам не былі прызначаны штрафы ці пазбаўленне волі[23].

Выява Прадстаяцелі Свецкае імя Тэрмін
1 Мелхіседэк (Паеўскі) Міхаіл Львовіч Паеўскі 1922 — 1931
2 Філарэт (Раменскі) Феадосій Яўграфавіч Раменскі 1931 — 1 лістапада 1937
3 Панцялеймон (Ражноўскі) Павел Сцяфанавіч Ражноўскі 1942 — 1946
4 Аляксандр (Іназемцаў) Мікалай Іназемцаў 1946 — 9 лютага 1948
5 Сергій (Ахатэнка) Ягор Пракопавіч Ахатэнка 1948 — 2 кастрычніка 1971
6 Андрэй (Крыт) Аляксандр Крыт 1972 — 21 мая 1983
7 Ізяслаў (Бруцкі) Іван Данілавіч Бруцкі май 1984 — 26 лістапада 2007
8 Святаслаў (Логін) Вячаслаў Вячаслававіч Логін з 11 мая 2008
  • Рэлігійная грамада Святой Ефрасінні Полацкай (Мінск)
Царква Святога Кірылы Тураўскага (Таронта)

Узнагароды БАПЦ

[правіць | правіць зыходнік]
  • Ордэн мітрапаліта Мельхісадэка[24]
  1. БЭ ў 18 т. Т. 2.
  2. Пад пагрозай смерці з боку Вітаўта, пд. http://www.orthodox.com.ru/new/page.php?id=13&pg=2&PHPSESSID=7df98401febc8eb8cafa6213e7284fc1(недаступная спасылка)
  3. http://www.ortho-rus.ru/cgi-bin/ps_file.cgi?2_2684 Архівавана 5 сакавіка 2016.
  4. http://www.museum.ru/1812/Library/Rs7/index.html
  5. http://www.church.by/resource/Dir0056/Dir0083/Dir0102/Page0103.html
  6. http://www.pstbi.ccas.ru/bin/db.exe/no_dbpath/docum/cnt/ans/newmr/?HYZ9EJxGHoxITYZCF2JMTdG6XbuAdOjZeC4Zd8Ke60WDc8KWsOeceG0AeCKUe8gUWymWfe8ctmY*
  7. а б novychas.by
  8. а б Уладзімір Навіцкі. Палітыка расколу Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі (1920-я гг.) Архівавана 1 снежня 2008.// Беларускі партал «Царква». 30 снежня 2007
  9. Зянон Пазняк. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. — Беларускія ведамасці, Варшава; Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, Вільня, 2003. — 144 с.: іл. ISBN 9955-9337-8-X — Старонкі 104—107 (Аўтакефалія).
  10. а б в Барыс Данілюк. Усебеларускі Праваслаўны Царкоўны Сабор 1942 г. у Менску(недаступная спасылка)// Беларуская Аўтакефалія. № 1 (1)(недаступная спасылка) 2009. Старонкі 15-17.
  11. а б Силова С. В. Крестный путь. Белорусская православная церковь в период немецкой оккупации 1941—1944 гг. — Минск: Изд-во Белорусского экзархата, 2005. — 71 с.
  12. А. Гардзіенка. Палітычны раскол на беларускай эміграцыі ў 1940-я г. // БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД. 2009 Т.16 Сш. 2
  13. Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью-Ёрк, 1956. С. 145
  14. Аўтакефалія. — Мінск: Грамадзянская ініцыятыва «За свабоднае веравызнанне», 2005. — 15 с.
  15. http://zarubezhje.narod.ru/rs/S_377.htm
  16. Алег Тачоны. Беларуская Аўтакефалія на ростанях(недаступная спасылка)// Наша Ніва. 20 чэрвеня 2002
  17. hierarchy.religare.ru
  18. Хіратонія архімандрыта Святаслава ў епіскапа БАПЦ(недаступная спасылка) // Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. 11 мая 2008
  19. Хіратанізаваны новы епіскап БАПЦ Архівавана 21 кастрычніка 2020.// Наша Ніва. 12 мая 2008
  20. churchby.info
  21. svaboda.org
  22. svaboda.org
  23. belapc.org(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 жніўня 2019. Праверана 20 жніўня 2019.
  24. Вернікам і актывістам БАПЦ уручылі царкоўныя ўзнагароды(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 чэрвеня 2021. Праверана 15 чэрвеня 2021.