Перайсці да зместу

Барысаўшчына (Хойніцкі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Барысаўшчына
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1621 год
Ранейшыя назвы
Барысавічы
Насельніцтва
  • 275 чал. (2021)
Часавы пояс
Тэлефонны код
375 2346
Паштовыя індэксы
247611
Аўтамабільны код
3
СААТА
3254808006
Барысаўшчына на карце Беларусі ±
Барысаўшчына (Хойніцкі раён) (Беларусь)
Барысаўшчына (Хойніцкі раён)
Барысаўшчына (Хойніцкі раён) (Гомельская вобласць)
Барысаўшчына (Хойніцкі раён)

Бары́саўшчына[1] (трансліт.: Barysaŭščyna, руск.: Борисовщина) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Барысаўшчынскага сельсавета.

Вёска Барысаўшчына знаходзіцца за 11 км у напрамку на захад ад горада Хойнікі[2], за 121 км ад Гомеля[2], за 17 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі[2], каля ракі Віць.

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

На сённяшні дзень найбольш ранняя згадка пра Барысаўшчыну сустрэтая ў размежаванні Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага і Мазырскага павета Вялікага Княства Літоўскага ў снежні 1621 — студзені 1622 гадоў. Тады паны камісары згодна пацвердзілі прыналежнасць «sioła Borysewicze» войскага мазырскага пана Храпавіцкага і яго жонкі, разам з Тульгавічамі паноў Лавейкаў і Загаллем маршалка мазырскага пана Лозкі і іншымі[заўв 1], да Мазырскага павета[4].

16 снежня 1702 года паселішча, уласнасць пана Антонія Вольскага, згаданае ў скарзе былога эканома Хойніцкага маёнтка капітана Фрыдэрыка Левенфатэра на тагачаснага яго адміністратара пана Зыгмунта Шукшту, дасланай у Оўруцкі гродскі суд. Пан Левенфатэр з сям’ёй, ратуючыся, як і іншая шляхта Кіеўскага ваяводства, ад казацкай навалы, прыехаў быў да вёскі Барысаўшчына. Даведаўшыся пра тое, Зыгмунт Шукшта, папярэдне ў лісце да пана Вольскага гонар і рэпутацыю пратэстанта зняважыўшы, пачаў пільнаваць яго на дарогах, маючы намер забіць з-за нейкай даўняй да яго нянавісці[заўв 2][5].

Герб «Мурдэліа» зменены роду Аскеркаў.

На 1748 год Барысаўшчына названая сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (пераважна з ліку шляхты) належала да рыма-каталіцкай Юравіцкай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі Оўруцкага дэканата Кіеўскай дыяцэзіі[6].

У 1752 годзе ротмістр Мазырскага павета Францішак, сын Пятра, Збароўскі атрымаў па адказу сужэнства Ігнацыя і Людвікі з дому Збароўскіх князёў Шуйскіх зямлю ў Барысаўшчыне[7]. Згодна з запісам у метрычных кнігах Юравіцкага касцёла, 23 чэрвеня 1754 года айцец-езуіт Адальберт Чэрскі ахрысціў у Барысаўшчыне Яна Алаізія, сына шляхетных Францішка і Ганны Збароўскіх, кумамі выступілі Багуслаў Аскерка і Катарына Стоцкая. 4 сакавіка 1769 года айцец Стэфан Кладкевіч, парох Загальскай уніяцкай царквы, ахрысціў у Барысаўшчыне Ёзафа Леона, сына Аляксандра і Юстыны Арлоўскіх[8]. Як засвечыла інтрамісія 1775 года, зямля ў Барысаўшчыне перайшла ў спадчыну сыну Францішка Збароўскага Алаізію[7], хрэсніку Багуслава Аскеркі. А ў 1782 годзе кашталяніч новагародскі Багуслаў Леапольд Аскерка запавяшчаў маёнткі Новы Двор і Барысаўшчыну свайму сыну Фларэнцыю[9]

24 кастрычніка 1785 года айцец-капуцын Маўрыцы, настаяцель юравіцкі, ахрысціў jam baptisatos ex aqua per presbiterum ritus graeci[заўв 3] Леанарда і Ганну, дзяцей законных сужэнцаў шляхетных Фларэнціна і Тэадоры з Кунцэвічаў Аскеркаў; кумамі выступілі Багуслаў Аскерка, харунжы мазырскі, Марцыяна Шышкава, падчашына рэчыцкая, і шмат іншых de villa Borysowszczyzna. 4 чэрвеня 1786 года айцец-капуцын Юзафат, прапаведнік, ахрысціў сына тых жа бацькоў на імя Казімір Адам Фларыян[11].

15 ліпеня 1791 года айцец-дамінікан Эгідыюс Аніхоўскі ахрысціў Ануфрыя Уладзіслава, народжанага 12 чэрвеня і ахрышчанага «ex aqua» айцом Іаанам Транцэвічам, уніяцкім парохам[заўв 4] у Барысаўшчыне, сына стольніка мсціслаўскага[заўв 5] Юстыніяна і Брыгіды з Дамброўскіх Фурсаў, кумамі былі суддзя земскі мазырскі Леапольд Аскерка і Людвіка Прозарава, абозны вялікалітоўскі і кавалер Караль Прозар і Эльжбета Аскерчына, падстароста рэчыцкі Ігнацы Аскерка і Марыяна Стоцкая, паручнік Міхал Александровіч і Петранеля Капарніцкая de villa Borysowszczyzna[12].

Расійская імперыя

[правіць | правіць зыходнік]
Барысаўшчына, Гноеў, Загалле на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.
Герб «Зарэмба» роду Ястржэмбскіх.
Запіс у метрычнай кнізе царквы Сялецкага базыльянскага кляштара аб хросце Мікалая Ястржэмбскага.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Барысаўшчына апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года — у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[13]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, вынікае, што «сельцо Алексичи и двор, местечко Богуслав, село Борисовщина, деревня Туновщизна» былі ўласнасцю мазырскага земскага суддзі Фларыяна Аскеркі, але знаходзіліся ў заставе ў пана Садкоўскага[14].

30 чэрвеня 1803 года было складзена, а 13 сакавіка 1806 года змешчана да кніг Рэчыцкага земскага суда размежаванне добраў Хойнікі абозных літоўскіх Караля і Людвікі Прозараў і Барысаўшчына былога падсудка земскага рэчыцкага Фелікса Ястржэмбскага[заўв 6]. У названым дакуменце грунты Барысаўшчыны размяжоўваліся насыпанымі праз вымераныя шнурамі адлегласці капцамі з угоддзямі хойніцкага Храпкава і тымі, што належалі да Загальскага староства[17]. З «Метричной тетради_Епархии и губернии Минской повета Речицкого местечка Загалья церкви Вознесенской Борисовщинской о родившихся, бракосочетавшихся и умерших — 1807-го года[заўв 7]»[18], вынікае, што функцыі прыходскай царквы, будынак якой у Загаллі згарэў і працяглы час не аднаўляўся, выконвала Барысаўшчынская Узнясенская прыпісная царква. Прыходскім святаром у 1811 годзе быў Лука Іванаў Транцэвіч, дыяканам Кліменцій Іванаў Транцэвіч, панамаром Фёдар Іванаў Кайдашэўскі[19]. 11 ліпеня[заўв 8] 1808 года ў сям’і падсудка рэчыцкага Фелікса і Яанны з дому Крушэўскіх Ястржэмбскіх[заўв 9] нарадзіўся сын Ян Ксенафонт (Зенафонт) Мікалай[21] — асоба ў будучыні знакамітая[22]. У 1811 годзе ў маёнтку Барысаўшчына жыло таксама сямейства стрыечнага брата пана Фелікса Яна, сына Францішка, Ястржэмбскага, межавога суддзі рэчыцкага[23].

Барысаўшчына, Гноеў, Клівы на карце Ф. Ф. Шуберта. 1850 г.

Згодна з інвентаром 1844 года, у вёсцы Барысаўшчына аднайменнага маёнтку пана Фелікса, сына Яна, Ястржэмбскага, налічвалася 35 цяглых двароў і 4 двары, прыналежныя агароднікам. Усяго — 144 душы мужчынскага і 140 душ жаночага полу прыгонных сялян[24]. На 1850 год — 44 двары, 288 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 302 жыхары сяла Барысаўшчына з’яўляліся прыхаджанамі Загальскай Свята-Троіцкай царквы, 7 жыхароў двара Барысаўшчына былі парафіянамі Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі[25].

Сядзібны дом у Барысаўшчыне. Малюнак Ігнацыя Урублеўскага. 1891 г.

У парэформенны перыяд Барысаўшчына належала да Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года тут — 135 мужчынскіх душ з сялян уласнікаў, прыпісаных да Барысаўшчынскага сельскага таварыства[26]. На 1876 год у маёнтку Барысаўшчына нябожчыка Мікалая, сына Фелікса, Ястржэмбскага (†1874) налічвалася 773 дзесяціны зямлі. Згодна са звесткамі 1876 і 1879 гадоў, Барысаўшчына заставалася ў прыходзе Загальскай царквы[27]. У 1886 годзе ў сяле — 36 двароў, 359 жыхароў, царква[28]. На 1889 год уладальнікамі добраў Барысаўшчына ў 1500 дзесяцін угоддзяў названыя дваране Уладзімір, Канстанцін і Станіслаў, сыны Мікалая, Ястржэмбскія[29]. Недзе ў той час на беразе ракі Віць і яе прытока Гаранкі ў двары Барысаўшчына[заўв 10] закладзена новая сядзіба — цэлы комплекс мураваных жылых і гаспадарчых пабудоваў[заўв 11], парк. Апошні асабліва адметны. На ніжняй тэрасе ён складаўся ў асноўным з мясцовых парод, сярод якіх высаджаныя лістоўніцы і піхты. На верхняй раслі шматлікія экзоты, у большасці сваёй прывезеныя з пітомнікаў Рыгі, Кіева, Варшавы, а часткова вырашчаныя на месцы. Наколькі багатай была калекцыя дрэў і кустоў сведчыць тое, што ў парку калісьці зарэгістравана да 300 іх відаў і форм[33]. З 1890 года працавала вінакурня, з 1896 года — маслабойня і паравы млын. Паводле перапісу 1897 года ў Барысаўшчыне было 88 двароў, 552 жыхары, дзейнічалі прыпісная царква, хлебазапасны магазін. У даведніку 1903 года сказана, што маслабойня і млын належалі тайнаму саветніку Станіславу Ястржэмбскаму[заўв 12]. Сіламі 5 работнікаў выраблялі мукі і масла на 9 900 рублёў у год, па заказах — на 1000 рублёў[35].

На 1909 год у сяле налічвалася 95 двароў з 611 жыхарамі, у аднадворным фальварку — 35 жыхароў. У 1911 годзе маёнтак Барысаўшчына ў 1927 дзесяцін быў уласнасцю Міхала, сына Уладзіміра, Ястржэмбскага[36]. У 1912 годзе вінакурня сіламі 8 работнікаў і коннага рухавіка, кіраванага адным чалавекам, вырабляла прадукцыі на 11 172 рублі[37].

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Барысаўшчына ў складзе Хойніцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[38].

Барысаўшчына на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 года і на 15 красавіка 1921 года ў Барысаўшчынскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 21 і 40 вучняў[39]. У пачатку 1920-х гадоў арганізаваны саўгас «Барысаўшчына».

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Барысаўшчына — цэнтр сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет узбуйнены за кошт далучэння тэрыторыі скасаванага Гноеўскага сельсавета і часткі скасаванага Храпкаўскага сельсавета. У 1930 годзе тут налічвалася 138 двароў, 741 жыхар. Працавалі пачатковая школа, хата-чытальня, аддзяленне спажывецкай кааперацыі. З 20 лютага 1938 года — у Палескай вобласці вобласці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Барысаўшчыне было 184 двары з 729 жыхарамі. У вайну акупанты разбурылі 31 дом, загубілі 9 вяскоўцаў[40]. 88 жыхароў сяла загінулі на франтах.

З 8 студзеня 1954 года — у складзе Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Загальскага сельсавета[41]. Паводле перапісу 1959 года ў Барысаўшчыне налічвалася 982, у 1970 годзе — 299 жыхароў. Цэнтр саўгаса «Барысаўшчына». Працавалі пачатковая школа, дом культуры, бібліятэка, дзіцячыя яслі, фельчарска-акушэрскі пункт, сталовая, 2 крамы, швейная майстэрня, аддзяленне сувязі.

У 1986—1987 гадах пабудаваныя дамы на 50 кватэр, у якіх размясціліся перасяленцы з забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС месцаў.

1 снежня 2009 года ў склад Барысаўшчынскага сельсавета перададзеная вёска Храпкаў, якая ўваходзіла ў Дварышчанскі сельсавет[42].

  • 1995 год — 188 двароў, 435 жыхароў[2].
  • 2004 год — 134 двары, 340 жыхароў.
  • 2021 год — 104 двары, 275 жыхароў[43].

За 2 км на поўдзень ад вёскі гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку, за 0,5 км на поўдзень — паселішча эпохі неаліту і мезаліту.

Фрагменты сядзібнага комплексу ў Барысаўшчыне: воданапорная вежа і мураваная агароджа.

На ўскраіне вёскі помнік архітэктуры — рэшткі былой сядзібы Ястржэмбскіх (канец XIX — пачатак XX стагоддзя).

Барысаўшчынскі парк пейзажнага тыпу, закладзены ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. на беразе ракі Гаранка. Плошча 8 га, парк размешчаны на дзвюх тэрасах. На верхняй тэрасе — сядзібны дом і службовыя пабудовы, растуць экзоты; на ніжняй — сістэма каналаў, мясцовыя пароды дрэў. У парку было каля 300 відаў і форм дрэвавых раслін. Сярод іх актынія палігамная, міндаль нізкі, бярозы даурская, чорная, папяровая, далекарлійская, самшыт вечназялёны, цюльпаннае дрэва, шаўкоўніца белая, сумах аленярогі, дубы звычайны чырваналісты, залацісты, пірамідальны і ніцы, хвоі чорная і веймутава, туя заходняя і інш. Захаваліся каля 50 відаў і форм, у т. л. клён вастралісты Шведлера, ясень пенсільванскі аукубалісты, каштан горкі васьмітычынкавы, дугласія цісалістая, елка Энгельмана, піхты Віча, сібірская і каліфарнійская, аксаміт амурскі, дуб звычайны пірамідальны і інш.

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Жанна Мікалаеўна Чарняўская (нар. 1971) — беларуская работніца мясцовага кіравання, дэпутатка.
  • Мікалай Ястржэмбскі (1808—1874) — інжынер-палкоўнік, вучоны і педагог, укладальнік першага рускамоўнага дапаможніка па практычнай механіцы, лаўрэат палавіннай Дзямідаўскай прэміі Расійскай акадэміі навук, аўтар праектаў мастоў праз Дняпро і Заходнюю Дзвіну, літаратурны містыфікатар што да «Мёртвых душ» М. В. Гогаля.
  1. Тульгавічы і Загалле названыя дзеля доказу таго, што вядзецца пра хойніцкую Барысаўшчыну. С. В. Марцэлеў у свой час памылкова прыпісаў ёй звесткі пра Барыскавічы (раней — Барысавічы) у сучасным Мазырскім раёне, маўляў, паводле попісу 1567 г. выстаўляла сваіх апалчэнцаў у войска ВКЛ[3].
  2. Замахі на здароўе і жыццё капітана З. Шукшта чыніў яшчэ ў 1696 г., калі, стоячы з харугвай у Загаллі, наведаў Хойнікі, дзе Ф. Левенфатэр служыў эканомам.
  3. Першае: тут вядзецца пра хрост уніяцкім святаром, хоць і не сказана, што ён вызнаваў ritus graeci unici, а толькі — ritus graeci. Другое: хрост уніяцкім святаром датычыўся адно Ганны, бо Леанарда 10 лістапада 1782 г. у Барысаўшчыне ахрысціў «толькі з вады» брат-капуцын Юзаф[10].
  4. І. Транцэвіч быў парохам у Алексічах.
  5. Запісана памылкова — менскага.
  6. Паводле А. Банецкага Барысаўшчыну Ян Ястржэмбскі, бацька Фелікса, набыў ад Аскеркаў у 1804 г.[15] Відавочна, адбылося гэта крыху раней. Але, згодна з рэвізіяй 1795 г., былы шамбялян каралеўскага двара 67-гадовы Ян, сын Уладзіслава, Ястржэмбскі быў пасэсарам, уласнай нерухомасці ў Рэчыцкім павеце яшчэ не меў. Жыў у арандаваным у Прозараў двары Астраглядавічы разам з сямействам — з жонкай Францішкай (57 г.), сынам Мацеем, ротмістрам рэчыцкім, (27 г.), нявесткай Канстанцыяй (20 г.), сынам Феліксам, рэгентам рэчыцкім (22 г.), пляменнікам Пятром Ястржэмбскім (20 г.), пляменніцай Марцыянай Касінскай (25 г.), яе сынам Юзафам (1 г.) і дачкой Каятанай (4 г.)[16].
  7. Аднайменны дакумент ёсць і для 1816 года: НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 516. А. 489
  8. Гэта — дата хросту, але, магчыма, яна супадае з датай нараджэння. Адбылося яно ў двары Тэкліноў, дзе жылі сваякі Ястржэмбскія. Царква Сялецкага базылянскага кляштара і яе святар зусім блізка. Ці не таму ўсе тутэйшыя Ястржэмбскія хрысцілі дзяцей у Сяльцы, хоць належалі да Астраглядаўскай рыма-каталіцкай парафіі, што без асаблівых цяжкасцяў маглі сабрацца разам?
  9. 14 ліпеня 1805 г. нарадзілася і ахрышчаная іх дачка Апалінарыя Анеля[20].
  10. Р. Афтаназы чамусьці атаясаміў Барысаўшчыну, якая належала да Хойніцкай воласці Рэчыцкага павета, з аднайменным маёнткам Воўк-Ланеўскага па-над ракою Пціч у Глускай воласці павета Бабруйскага, скарыстаўшы артыкул А. Ельскага ў «Слоўніку геаграфічным…»[30].[31]
  11. Рэшткі іх захаваліся да нашых дзён[32].
  12. Сам маёнтак у 1903 г. і надалей належаў пляменніку Міхалу Ястржэмбскаму[34], бацька якога Уладзімір памёр у Барысаўшчыне ў 1901 г.[15].
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. а б в г Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2.
  3. ГВБ 2005, с. 432.
  4. Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I-szy. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—145.
  5. Архив Юго-Западной России. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 509—510
  6. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  7. а б Шпунт А. Збароўскія гербу «Ястрабец». // Малы гербоўнік Наваградзкай шляхты. Склад. С. А. Рыбчонак; маст. А. Леўчык. — Мінск: БелНДІДАС, 1997. С. 54—55
  8. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 13, 20адв.
  9. НГАБ у Мінску. Ф. 319. Воп. 2. Спр. 2386. А. 71адв.
  10. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 29адв.
  11. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 31адв., 32
  12. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 39-39адв.
  13. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  14. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 73
  15. а б Herbarz Polski. Cz. 1, Wiadomości historyczno-genealogiczne o rodach szlacheckich. / Ułożył i wydał Adam Boniecki. – Warszawa, 1905. T. VIII. S. 326
  16. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 181. А. 127
  17. Archiwum Główny Akt Dawnych. Archiwum Prozorów i Jelskich. Sygn. 12. S. 33-35
  18. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 506. А. 345
  19. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 321—321адв.
  20. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 28 адв.
  21. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 36
  22. Гусак А. А. Практычная механіка і «Мёртвыя душы»: Мікалай Ястрэбскі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1992
  23. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 235
  24. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1393. А 1-30
  25. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 708
  26. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  27. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 456; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 71
  28. Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
  29. Список землевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 378
  30. Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. – Warszawa, 1880. T. I. S. 337
  31. Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych Kresach Rzeczypospolitej. Tom 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. Wydanie drugie, przejrzane i uzupelnione. / R. Aftanazy – Wrocław; Warszawa; Kraków: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich Wydawnictwo, 1991. S. 25–26
  32. Барысаўшчына на сайце «Глобус Беларусі»
  33. Антипов В. Парки Белоруссии. — Минск, 1975; Федорук А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск: Ураджай, 1989. С. 188—189
  34. Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. — Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 60
  35. Список фабрик и заводов европейской России. — С.-Петербург, 1903. С. 575
  36. Список землевладельцев Минской губернии. 1911 г. — Б. м. С. 5
  37. Список фабрик и заводов Российской империи. / Под ред. В. Е. Варзара. — С.-Петербург, 1912. Гр. XIб. С. 200
  38. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  39. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  40. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 498
  41. Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  42. Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области Архівавана 29 кастрычніка 2013.
  43. Барысаўшчынскі сельскі савет Архівавана 20 кастрычніка 2021.