Перайсці да зместу

Банк Эстоніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Банк Эстоніі
Штаб-кватэра Сцяг Эстоніі Эстонія, Талін
Дата заснавання 24 лютага 1919
Прэзідэнт
(старшыня)
Арда Хансан
Валюта Еўра
Вэб-сайт www.eestipank.ee

Банк Эсто́ніі (эст.: Eesti Pank) — цэнтральны банк у Эстоніі, які да 2010 года біў уласную валюту. З 2011, па далучэнні Эстоніі да Еўрасаюза, Банк Эстоніі з’яўляецца членам Еўрасістэмы.

Банк быў заснаваны 24 лютага 1919 года Часовым урадам Эстоніі. Праз два гады ён пачаў выпускаць першую нацыянальную валюту — маркі.

У 1927 годзе быў зацверджаны новы статут банку, паводле якога ён станавіўся незалежным эмісійным цэнтральным банкам з абмежаванымі функцыямі. Неўзабаве ён быў пераўтвораны ў акцыянернае таварыства.

Пасля савецкага ўварвання 1940 года Банк Эстоніі быў нацыяналізаваны і стаў Эстонскай рэспубліканскай управай Дзяржаўнага банка СССР, страціўшы свае асноўныя функцыі асабліва пасля ўвядзення савецкага рубля. Дэпазіты ў кронах былі абменены на рублі па курсе 1:1,25 пры рэальнай пакупніцкай здольнасці 1 крона = 8,10 рублёў.

Музей Банка Эстоніі ў Таліне

1 студзеня 1990 банк аднавіў самастойную дзейнасць, хоць на той час Эстонія яшчэ не займела незалежнасці. У сакавіку новым статутам банку быў зацверджаны яго статутны фонд у памеры 400 мільёнаў рублёў.

Першымі крокамі Банку Эстоніі стаў кантроль над талінскай філіяй Замежнага гандлёвага банка Савецкага Саюза, а таксама іншыя крокі, скіраваныя на лібералізацыю эканомікі дзеля пераходу да рыначных адносін.

У красавіку 1992 года выйшлі ў абарачэнне новыя грошы («другія кроны»). Дзеля забеспячэння яе стабільнасці крона была прывязана да дойчмаркі. Абмен савецкіх рублёў на кроны адбываўся ў адносінах 10:1 з абмежаваннем максімальнай сумы 1500 рублёў на чалавека.

25 мая 1992 Эстонія стала членам Міжнароднага валютнага фонду. У 1993 Банк Эстоніі і яшчэ пяць камерцыйных банкаў далучыліся да міжнароднай сістэмы SWIFT.

У 2004 годзе Банк Эстоніі стаў членам Еўрапейскае сістэмы цэнтральных банкаў і адным з акцыянераў Еўрапейскага цэнтральнага банка.

Пасля ўвядзення еўра 1 студзеня 2011 года Банк Эстоніі стаў членам Еўрасістэмы, у той самы час застаючыся таксама ўдзельнікам і Еўрапейскай сістэмы цэнтральных банкаў; некаторыя яго функцыі перайшлі да Еўрапейскага цэнтральнага банка.