Аўлакаген
Аўлакаген (ад грэч. áulax — разора і génos — нараджэнне) — глыбокі і вузкі грабен у падмурку старажытнай платформы, перакрыты платформенным чахлом. Уяўляе сабой старажытны рыфт, запоўнены асадкамі.
Тэрмін прапанаваны ў 1960 савецкім тэктаністам Мікалаем Сяргеевічам Шацкім і стаў агульнапрынятым ва ўсім свеце. Шацкі вызначыў аўлакаген як разоравую складаную структуру паміж двума аднолькавымі зонамі ў платформе.
Простыя аўлакагены ўяўляюць сабой глыбокія (з апусканнем падмурка часам да 5-10 км), вузкія (ад некалькіх дзясяткаў да першых сотняў км) і выцягнутыя ў даўжыню на сотні ці першыя тысячы км прагіны, абмежаваныя разломамі, якія доўга развіваюцца. Могуць перасякаць усю платформу (скразныя аўлакагены) або згасаць у яе межах. У выніку развіцця ператвараюцца альбо ва ўнутрыплатформавыя спадзістаскладкавыя зоны (напрыклад, Дацка-Польскі аўлакаген), альбо ў больш шырокія і спадзістыя западзіны — сінеклізы (напрыклад, Дняпроўска-Данецкі аўлакаген — ва Украінскую сінеклізу).
Унікальным аўлакагенам з'яўляецца Прыпяцкі прагін. Гэта шырокае паніжэнне зямной кары складанай будовы і генезісу. Асаблівасцю Прыпяцкага аўлакагена з'яўляецца тое, што большую яго частку на паверхні займае даліна ракі Прыпяць са шматлікімі прытокамі.
Нараўне з простымі аўлакагенамі існуюць складаныя, якія складаюцца не толькі з прагінаў — грабенаў, але і з узняццяў — горстаў (напрыклад, зона Вічыты Паўночна-Амерыканскай платформы). У аўлакагенах часам назіраюцца праявы базальтавага вулканізму і нярэдка назапашваюцца магутныя саляносныя тоўшчы.