Перайсці да зместу

Атоэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Атоэ
Otoe
Фота 1881 г.
Агульная колькасць 1900
Рэгіёны пражывання  ЗША
Мова чыверэ
Рэлігія анімізм, хрысціянства, пеётызм
Блізкія этнічныя групы хо-чанк, місуры, аява

Ато́э (саманазва: Otoe, літаральна «аматары кахання») — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Жывуць пераважна ў штаце Аклахома. Агульная колькасць (2017 г.) — 1 900 чал.

Продкі атоэ разам з іншымі носьбітамі сіўанскай мовы чыверэ паходзяць з рэгіёна Вялікіх азёр. У 1673 г. узгадваліся на адной з французскіх карт. У канцы XVI ст. пад ціскам алганкінаў яны перасяліліся на захад. У канцы XVIII ст. атоэ жылі на паўднёвым усходзе Небраскі і ўздоўж ракі Місуры. У гэты перыяд яны асвоілі конегадоўлю. Традыцыйнымі праціўнікамі лічыліся саўк і месквакі.

У 1817 г. і 1836 г. атоэ падпісвалі мірныя пагадненні з ЗША. У 1854 г. былі пераселены на мяжу Небраскі і Канзаса. З 1860-х гг. на іх землях пачалі сяліцца белыя фермеры. У 1881 г. былі прымусова пераселены ў Аклахому. У 1955 г. атрымалі кампенсацыю ў памеры 1,5 млн долараў за страту мінулай зямельнай маёмасці.

У нашы дні маюць самакіраванне, карыстаюцца ўласнай Канстытуцыяй, прынятай у 1984 г.

Атоэ здаўна займаліся ручным земляробствам: вырошчвалі кукурузу, бабовыя і гародніну. Пасля перасялення ў Аклахому яно набыло інтэнсіўны камерцыйны характар, з’явіліся такія культуры, як бульба і пшаніца. У XVII — першай палове XIX ст. важную ролю адыгрывалі загоннае, а потым коннае паляванне і рыбалоўства. Хаця колькасна атоэ не былі вялікай супольнасцю, яны разглядаліся суседзямі як ваяўнічыя небяспечныя супернікі. Да 1803 г. актыўна гандлявалі з французамі захопленымі ў палон рабамі.

Ужо да кантактаў з еўрапейцамі займаліся ткацтвам, выраблялі кераміку, былі выдатнымі апрацоўшчыкамі драўніны. Будавалі вёскі, што складаліся з 40 — 70 земляных каркасных хацін. Улетку паляўнічыя ладзілі часовыя тыпі. Запасы збожжа захоўвалі ў мяхах з буйвалінай поўсці, якія хавалі ў яміны.

Падзяляюцца на 10 родаў. Сваяцтва перадаецца па мужчынскай лініі.

Атоэ — выдатныя апавядальнікі. Фальклор вядомы міфамі і казкамі пра гераічных блізнятаў Doré і Waredwa, прыгоды трыкстэра Ictinike.

Атоэ размаўляюць на дыялекце заходняй сіўанскай мовы чыверэ. Граматыка на аснове лацінкі апублікавана ў 1975 г. У нашы дні родная мова рэдка выкарыстоўваецца ў паўсядзённым жыцці, але вывучаецца ў школах.

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні анімістычныя. Шануецца постаць вялікага духа Wakonda і шматлікіх меншых па значнасці духаў. У нашы дні многія вернікі — хрысціяне.