Арбітальная станцыя
Арбіта́льная ста́нцыя — касмічны апарат, які працяглы час функцыянуе на арбіце штучнага спадарожніка Зямлі або іншай планеты ці яе спадарожніка. Можа дзейнічаць у пілатуемым (з экіпажам касманаўтаў) і аўтаматычным рэжымах.
Першая ў свеце эксперыментальная арбітальная станцыя была створана 16 студзеня 1969 года на арбіце стыкоўкай караблёў «Саюз-4» і «Саюз-5»; доўгачасовая савецкая арбітальная станцыя «Салют» выведзена на арбіту 19 красавіка 1971 года; у ЗША арбітальная станцыя «Скайлэб» была запушчана 14 мая 1973 года; з 20 лютага 1986 па 23 сакавіка 2001 года дзейнічала арбітальная станцыя «Мір».
Арбітальная станцыя дастаўляецца на арбіту 2 спосабамі:
- цалкам збіраецца на Зямлі і выводзіцца на арбіту ракетай-носьбітам (маса і габарыты арбітальнай станцыі абмежаваны энергетычнымі магчымасцямі ракеты);
- зборка ажыццяўляецца на арбіце з элементаў, якія дастаўляюцца ракетамі-носьбітамі ці транспартнымі караблямі, што дае магчымасць ствараць арбітальныя станцыі неабходнай масы, аб'ёму і канфігурацыі, у працэсе эксплуатацыі мяняць яе прызначэнне і спецыялізацыю. Найбольш важная праблема пры стварэнні арбітальнай станцыі — стыкоўка на арбіце.
Канструкцыі арбітальных станцый прадугледжваюць вырашэнне праблем пераадольвання працяглага ўздзеяння бязважкасці на арганізм чалавека, аховы ад радыяцыі і мікраметэарытаў, забеспячэння надзейнасці і дастатковага рэсурсу працы бартавых сістэм і інш.
Арбітальныя станцыі выкарыстоўваюцца для даследавання каляземнай (каляпланетнай) касмічнай прасторы і планеты Зямлі з арбіты штучнага спадарожніка; правядзення метэаралагічных і астранамічных назіранняў, медыка-біялагічных і тэхнічных эксперыментаў, ваеннай разведкі і іншага, могуць служыць базай для зборкі і запуску цяжкіх міжпланетных касмічных караблёў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Арбітальная станцыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 458. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Арбітальная станцыя