Алесь Бяляцкі
Алесь Віктаравіч Бяляцкі | |
---|---|
Імя пры нараджэнні | Аляксандр Віктаравіч Бяляцкі |
Род дзейнасці | пісьменнік, праваабаронца, літаратуразнавец, літаратурны крытык, гісторык літаратуры, дысідэнт, палітычны вязень, настаўнік, літаратар |
Дата нараджэння | 25 верасня 1962[1] (62 гады) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Бацька | Віктар Усцінавіч Бяляцкі (1928—2011) |
Маці | Ніна Аляксандраўна (1935–1994) |
Жонка | Наталля Пінчук |
Дзеці | Адам Аляксандравіч Бяляцкі |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Член у | |
Узнагароды і прэміі |
Прэмія Пера Ангера[d] (2006) прэмія «Чалавек чалавеку»[d] (2005) прэмія Вацлава Гавела[d] (2013) прэмія Петры Келі[d] (2012) Прэмія імя Алеся Адамовіча (2014) |
Сайт | freeales.org |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Але́сь Бяля́цкі, поўнае імя Аляксандр Ві́ктаравіч Бяляцкі (нар. 25 верасня 1962[1], Вяртсіля, Карэльская АССР[d]) — беларускі грамадскі дзеяч, праваабаронца, палітвязень і вязень сумлення[4]. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (2022)[5].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў беларускай сям’і, бацька родам з Рагачоўскага, маці з Нараўлянскага раёнаў Гомельскай вобласці. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, на сталае жыццё ў Светлагорск Гомельскай вобласці. Выпускнік сярэдняй школы № 5 Светлагорска.
У 1984 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «беларуская і руская мовы і літаратура» (кваліфікацыя — філолаг, выкладчык беларускай і рускай моў і літаратуры). Падчас вучобы сябраваў з будучымі вядомымі беларускімі пісьменнікамі, тады — студэнтамі Анатолем Сысом, Эдуардам Акуліным, Сяржуком Сысом, Анатолем Казловым. Падчас вучобы выступіў з першымі літаратуразнаўчымі артыкуламі, дэбютаваў у 1984 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва».
Працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Тэрміновую вайсковую службу ў 1985—1986 гг. праходзіў механікам-вадзіцелем браніраванага цягача ў артылерыйскай знішчальнай супрацьтанкавай батарэі пад Свярдлоўскам (цяпер Екацярынбург, Расія).
З 1981 года браў удзел у моладзевым нацыянальна-дэмакратычным руху[6]. Быў сябрам падпольнай групы моладзі: Беларускай канспірацыйнай партыі «Незалежнасць», якая ставіла мэтай спрыянне выхаду Беларусі з СССР і стварэнню незалежнай, дэмакратычнай дзяржавы[7]. Група мела статут і праграму, працавала праз легальныя нефармальныя моладзевыя аб’яднанні «Талака», «Тутэйшыя», выдавала нелегальны часопіс «Бурачок»[8], была ініцыятарам правядзення першых у Беларускі мітынгаў на Дзяды ў 1987 і 1988 гадах[9], акцый пратэсту — воднага ралі супраць пабудовы Даўгаўпілскай ГРЭС (1987)[10], мітынгу супраць разбурэння Верхняга горада ў Мінску (1988)[11], дэманстрацыі і мітынгу ў Курапатах (1988)[12].
Алесь Бяляцкі друкаваўся ў тагачасных падпольных выданнях, часопісах «Бурачок»[13] і «Вера»[14]. Быў удзельнікам мітынгаў на Дзяды ў 1987 і 1988 гадах. З’яўляўся адным з арганізатараў Першага вальнага сойму беларускіх суполак.
Падчас навучання ў аспірантуры ў г. Мінску ў 1986—1989 гг. быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» (1986), потым — старшынём гэтай грамадскай арганізацыі[15]. Быў пад пагрозай выключэння з аспірантуры, але грамадскую дзейнасць не спыніў[16]. Браў удзел у паседжаннях Камітэта-58[17], у 1988 г. выступіў адным з заснавальнікаў таварыства «Мартыралог Беларусі», а таксама быў сябрам арганізацыйнага камітэту грамадскай арганізацыі Беларускі народны фронт. У 1990 годзе выступіў адным з арганізатараў грамадскай арганізацыі Беларуская каталіцкая грамада[18].
У 1989 годзе скончыў аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР[15]. У 1989 годзе працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Музея гісторыі беларускай літаратуры, затым у 1989 годзе па конкурсе абраны калектывам музея на пасаду дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Працаваў дырэктарам музея з кастрычніка 1989 да жніўня 1998 года. Падчас працы Алеся Бяляцкага ў музеі былі адкрыты экспазіцыі ў цэнтральным будынку музея ў Мінску на Траецкім прадмесці (1991), у філіялах музея — «Беларускай хатцы» ў Мінску на вуліцы Рабкораўскай, 14 (1991), «Фальварак Ракуцёўшчына» ў вёсцы Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна (1991), у Яраслаўлі (1993). У будынках музея напачатку 1990-х гадоў праходзілі шматлікія культурныя і грамадскія мерапрыемствы, сходы дэмакратычных сілаў[19], пасяджэнні Управы і Сойму Беларускага народнага фронту, малітоўныя службы грэка-католікаў. У будынку музея ў 1990 г. мела юрыдычны адрас і пачынала працу рэдакцыя адной з першых дэмакратычных газет у Беларусі «Свабода». Алесь Бяляцкі прадаставіў юрыдычны адрас музея для рэгістрацыі дзясяткаў няўрадавых арганізацый, які ў тыя гады было цяжка знайсці, у тым ліку Праваабарончаму цэнтру «Вясна» і Цэнтру «Супольнасць»[20]. Запрасіў у літаратурны музей М. Багдановіча на працу маладых беларускіх пісьменнікаў Паліну Качаткову, Эдуарда Акуліна, Сяргея Вітушку, Алеся Астраўцова.
Дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў у 1991—1996 гадах. 20 жніўня 1991 года разам з іншымі 29 дэпутатамі Мінгарсавета, на наступны дзень пасля путчу ГКЧП, выступіў з адкрытым зваротам да жыхароў Мінска «захоўваць вернасць законна абраным органам улады і дамагацца ўсімі канстытуцыйнымі метадамі спынення дзейнасці Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы»[21]. 5 верасня 1991 года пасля прыняцця Мінгарсаветам рашэння пра выкарыстанне нацыянальнай сімволікі Бяляцкі прынёс бела-чырвона-белы сцяг у залу пасяджэнняў дэпутатаў, гэты сцяг першым у краіне быў афіцыйна вывешаны над будынкам Мінгарсавета[20].
Сакратар Управы БНФ (1996—1999), намеснік старшыні Партыі БНФ (1999—2001)[22].
У 1996 годзе заснаваў гарадскую мінскую арганізацыю Праваабарончы цэнтр «Вясна-96», які 15 чэрвеня 1999 года пераўтварыўся ў рэспубліканскае Грамадскае аб’яднанне Праваабарончы цэнтр «Вясна». Рашэннем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь 28 кастрычніка 2003 года за ўдзел у назіранні падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Грамадскае аб’яднанне «Праваабарончы цэнтр „Вясна“» было пазбаўлена дзяржаўнай рэгістрацыі. З тых часоў вядучая беларуская праваабарончая арганізацыя працуе без рэгістрацыі[23].
Старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый (2000—2004)[22].
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (The International Federation for Human Rights, FIDH; 2007—2016)[23].
Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (1995)[24] і Беларускага ПЭН-цэнтра (2009)[25].
4 жніўня 2011 годзе затрыманы ДФР КДК, затым арыштаваны і змешчаны ў СІЗА ў Мінску[26].
24 лістапада 2011 года асуджаны па ч. 2. арт. 243 КК (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры) на 4,5 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці[27]. Суд прызнаў яго вінаватым у нясплаце падаткаў. Падставай для крымінальнага пераследу стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі беларускім праваахоўным органам Літва і Польшча. А. Бяляцкі сваёй віны не прызнаў і заявіў, што грошы, якія былі атрыманы на яго рахункі ў банку, выкарыстоўваліся на праваабарончую дзейнасць. Раней у тым жа годзе беларускія ўлады скіравалі Літве запыт у справе фінансавання беларускай апазіцыі, Алеся Бяляцкага ўдалося прызнаць вінаватым у тым ліку ў выніку таго, што адказ на гэты запыт не быў добра прадуманы літоўскім бокам. Літоўскі дыпламат Рэнатас Юшка пазней пракаментаваў гэта так: «Для Літвы гэта вялікае паражэнне на міжнароднай арэне, і я ўсё яшчэ адчуваю пэўнае пачуццё віны з-за Алеся. Калі я яшчэ быў адказным за каардынацыю такіх справаў, то нам удавалася прадухіляць падобныя здарэнні». Беларускія праваабаронцы, а таксама кіраўніцтва Еўрапейскага Саюза, урады краін ЕС, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічылі А. Бяляцкага палітычным вязнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабавалі ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу[28]. 15 верасня 2011 г. адмысловую рэзалюцыю па справе А. Бяляцкага прыняў Еўрапейскі парламент[29]. З патрабаваннем аб вызваленні А. Бяляцкага да беларускага ўраду звярталіся Старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузек[30], прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан[31], старшыня АБСЕ Эйман Гілмар[32], спецыяльны дакладчык па сітуацыі ў Беларусі Рады ААН па правах чалавека Міклаш Харасці[33].
Тэрмін зняволення адбываў у папраўчай калоніі № 2 у г. Бабруйску. Працаваў упакоўшчыкам у швейным цэху[34]. Неаднаразова пакараны адміністрацыяй калоніі за «парушэнні правілаў паводзін асуджаных»[35], прызнаны «злосным парушальнікам рэжыму», таму пазбаўлены амністыі ў 2012 годзе[36], пазбаўляўся спатканняў з роднымі і перадач[37]. У калоніі напісаў шмат тэкстаў на літаратуразнаўчыя тэмы, эсэ, успаміны, якія перадаваліся на волю ў лістах[38]. Падчас зняволення ў абарону Алеся Бяляцкага разгорнутая кампанія міжнароднай салідарнасці[39].
Алесь Бяляцкі вызвалены 21 чэрвеня 2014 года.
Падчас пагрому грамадскіх арганізацый у Беларусі Алесь Бяляцкі затрыманы 14 ліпеня 2021 года[40]. 15 ліпеня сумеснай заявай дзевяці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр, прызнаны палітычным зняволеным[40][41].
7 кастрычніка 2022 года Алесь Бяляцкі абвешчаны лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. За свайго зняволенага мужа залаты медаль і дыплом лаўрэата 10 снежня атрымала Наталля Пінчук. Нобелеўская прамова ўпершыню ў гісторыі прагучала па-беларуску.
У 2023 годзе разам з ім у Мінску судзілі прадстаўнікоў «Вясны» Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. 3 сакавіка абвешчаны прысуд па справе. Алесь Бяляцкі прызнаны вінаватым і прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з грашовым штрафам у даход дзяржавы[42].
Узнагароды і ганаровыя званні
[правіць | правіць зыходнік]- У сакавіку 2006 года Вацлаў Гавел уручыў А. Бяляцкаму прэмію Homo Homini за праваабарончую дзейнасць[43].
- Прэмія імя Пера Ангера. «Per Anger Prize» (Швецыя, 2006)[44].
- Прэмія свабоды імя Андрэя Сахарава Нарвежскага Хельсінкскага камітэта. «Andrei Sakharov Freedom Award» (Нарвегія, 2006)[45].
- Ганаровы грамадзянін Генуі (Лігурыя, Італія) з 2010 года.
- Нацыянальная прэмія ў абарону правоў чалавека. «Праваабаронца 2011 года» (Беларусь, 2011)[46].
- Дыплом за свабоду слова. Нарвежскі саюз пісьменнікаў. «Ytringsfrihetsprisen 2011» (Нарвегія, 2012)[47].
- Ганаровы грамадзянін Парыжа з 2012 года[48].
- Прэмія Леха Валенсы. «Nagroda Lecha Walesy 2012» (Польшча, 2012)[крыніца?].
- Прэмія імя Вацлава Гавела за правы чалавека. Першы лаўрэат ад заснавання прэміі. «Vaclav Havel Human Rights Prize 2013». Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы сумесна з Бібліятэкай Вацлава Гавела і фондам Charta 77 (Страсбург, 2013)[49].
- Літаратурная прэмія імя Алеся Адамовіча. Беларускі ПЭН-цэнтр (Беларусь, 2014)[50].
- Абаронца Грамадзянскіх Правоў Года — 2014. «Civil rights defender of the year 2014» (Швецыя, 2014)[51].
- Ганаровы грамадзянін Сіракузаў (Сіцылія, Італія) з 2014 г[52].
- Намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру пяць разоў. У 2006 і 2007 гадах[53]. У 2012 годзе зноў намінаваны, але прэмія прысуджана Еўрасаюзу[54]. 2 лютага 2013 года намінаваны нарвежскім парламентарыем Янам Санэрам. У 2014 годзе дэпутаты польскага парламента намінавалі Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру, пад намінацыяй падпісаліся 160 дэпутатаў[55].
- Медаль 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2019)[56].
- Прэмія «За правільны лад жыцця» (прысуджана «Вясне» ды Алесю Бяляцкаму)[57].
- Нобелеўская прэмія міру (2022)
- Крыж Ордэн Пагоні (2024) за выбітныя заслугі маральна-грамадскага лідарства нацыянальнага маштабу на абароне грамадзянскіх і нацыянальна-культурных правоў і законнасці Беларусі ў варунках асабістае небяспекі[58].
Вобраз у культуры і мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]- 4 жніўня — Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, заснаваны ў 2012 годзе як адказ на арышт Алеся Бяляцкага[59].
- Дзмітры Плакс 14.02.2013 года зрабіў пастаноўку на Радыё Швецыі пра Алеся Бяляцкага[60].
- Кніга Віктара Сазонава «Паэзія прозы» (2013) прысвечана Алесю Бяляцкаму, а ў адным апавяданняў кнігі — «Паштоўка палітвязня», сюжэт пра яго[61].
- Уладзімір Сіўчыкаў — эсэ «Гэтае салодкае слова — свабода!» у падборцы «Начныя нататкі». Дадатак Літаратурная Беларусь № 4 (92) у газеце Новы Час. 25 красавіка 2014 / № 16 (385)[62].
- Уладзімір Някляеў. Верш Рымцелі. На 50-годдзе праваабаронцы Алеся Бяляцкага[63].
- Сяржук Сыс — верш «Алесю Бяляцкаму»[64].
- Міхась Скобла — эсэ «Ліст да Алеся Бяляцкага»[65].
- Мастацкі фільм «Выше неба» (рэжысёр: Дзмітры Марынін, Андрэй Курэйчык, 2012 г.): у эпізодзе паказаны сюжэт з навін тэлеканала «Беларусь-1» аб затрыманні Алеся Бяляцкага (56 хвіліна)[66].
- Дакументальны фільм «Свечка праўды Алеся Бяляцкага» (сцэнарыст Паліна Сцепаненка, 2011, Беларусь)[67].
- Дакументальны фільм «Вясна» (рэжысёр — Вольга Швед, 2012 г., Беларусь)[68].
- Дакументальны фільм «Нястомнае сэрца» (A Heart That Never Dies) Алеся Бяляцкага (рэжысёр Эрлінг Борген, 2015, Нарвегія)[69].
- Дакументальны фільм «1050 дзён самоты» (рэжысёр Алег Дашкевіч, 2014, Беларусь)[70].
- Мастак Ай Вейвей. Выява Алеся Бяляцкага зробленая з дэталяў канструктара «Лега» вядомым сучасным кітайскім мастаком-дысідэнтам Ай Вейвенем. Твор прадстаўлены на выставе «След» у музеі Хішхорн у Вашынгтоне[71].
- Партрэт Алеся Бяляцкага. Мастак — Уладзімір Вішнеўскі. У кнізе «Халоднае крыло Радзімы»[72]
- Ва Украіне выпушчаны паштовы канверт з выявай Алеся Бяляцкага, а таксама паштовая марка з выявай адной з першых паштовых марак незалежнай Беларусі, на якой намаляваны нацыянальны герб Беларусі – «Пагоня».[73]
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- «Літаратура і нацыя»[74]. — Мн., 1991.
- «Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера». — Мн., 2006.
- «Асьвечаныя беларушчынай»[75]. — Мн., 2013[76]. — кніга занесена ў спіс рэчаў, забароненых да ўвозу ў Беларусь[77].
- «Іртутнае срэбра жыцьця»[78]. — Мн., 2014. — кніга прысвечана падзеям 2010—2011 гадоў у Беларусі і адлюстроўвае два гады жыцця аўтара. Напісана падчас зняволення, складаецца з лістоў з успамінамі і развагамі[79].
- «Халоднае крыло Радзімы»[72]. — Вільня, 2014.
- «Бой з сабой» — Мн., 2016[80].
- 20-Я Вясна : (зборнік эсэ і ўспамінаў сяброў Праваабарончага цэнтра «Вясна»). — Мінск, 2016. — 204 с. (тэксты Алеся Бяляцкага на С. 7—20; 189—203)[81]
Укладанні
[правіць | правіць зыходнік]- Сыс, А. Alaiza / укл. А.Бяляцкі. — Вільня: Gudas, 2009. — 212с.
- Сыс, А. Берагі майго юнацтва / укл., прадм. А. Бяляцкі. — Мінск: Галіяфы, 2016. — 250с. УДК821.161.3-1 ББК 84 (4Беи)-5 С95 — ISBN 978-985-7021-97-0
- Юхнавец, Я. Сны на чужыне. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 220 с. ББК 84(4Бел)6 — ISBN 5-340-01255-7
Зноскі
- ↑ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #134194349 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 26 красавіка 2014.
- ↑ https://hro.org/node/11604
- ↑ https://actionnetwork.org/petitions/i-support-pen-belarus/ Праверана 3 жніўня 2021.
- ↑ Amnesty International признала Беляцкого узником совести Архівавана 27 жніўня 2017.
- ↑ Jenni Reid. Belarusian campaigner Ales Bialiatski and two human rights groups win 2022 Nobel Peace Prize (англ.). CNBC. Праверана 7 кастрычніка 2022.
- ↑ [Бяляцкі, А. Халоднае крыло Радзімы. — 2014 г. — 540с. C.16]
- ↑ Бяляцкі, А. Халоднае крыло Радзімы. — 2014. — 540 с. — С. 177.
- ↑ [Бяляцкі, А. Халоднае крыло Радзімы. — 2014 г. — 540с. С.180]
- ↑ Дзяды 1987 відэа
- ↑ 29.4.1987 у Друі стартавала воднае ралі пратэсту супраць пабудовы Даўгаўпілскай ГЭС(недаступная спасылка)
- ↑ Абарона Верхняга гораду Архівавана 16 чэрвеня 2021.
- ↑ Статью про Курапаты в 88-м году пропустил цензор
- ↑ «Бурачок»
- ↑ Вера Архівавана 16 чэрвеня 2021.
- ↑ а б http://www.svaboda.org/content/article/1987336.html
- ↑ [Бяляцкі, А. Халоднае крыло Радзімы. — 2014 г. — 540с. С.22]
- ↑ [Бяляцкі, А. Халоднае крыло Радзімы. — 2014 г. — 540с. С.169]
- ↑ Адраджаў і беларусізаваў Касцёл, рыхтаваў польскіх святароў да працы ў Беларусі. Алесь Бяляцкі і яго каталіцкі актывізм у 90-х
- ↑ Супольнае паседжанне Сойма БНФ, Рабочага Саюзу Беларусі і Аб’яднанай Дэмакратычнай Партыі Беларусі 19 жніўня 1991 па ГКЧП Архівавана 23 кастрычніка 2021.
- ↑ а б [Тамковіч, А. Найноўшая гісторыя ў асобах. — Смаленск : Смоленская городская типография, 2013. — С.166. — ББК 84, УДК 823.]
- ↑ Дземянцей: «Павесіце на вяроўцы бяз мыла?»
- ↑ а б [Хто ёсць хто ў Беларусі / укл. Л. А. Андросік, В. Ф. Голубеў і інш. — Вільня, 2007. — 256 с. (С.35) УДК 32 ББК 92.2 Х 97.]
- ↑ а б Праваабарончы цэнтр «Вясна»
- ↑ Асабiстыя старонкi сяброу СБП Архівавана 23 красавіка 2018.
- ↑ Пісьменнікі ў зняволенні Архівавана 5 кастрычніка 2021.
- ↑ Арышт Алеся Бяляцкага. Рэакцыі
- ↑ Алесь Бяляцкі асуджаны да 4,5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці(недаступная спасылка)
- ↑ http://nashaniva.by/?c=ar&i=84130
- ↑ European Parliament resolution of 15 September 2011 on Belarus: the arrest of human rights defender Ales Bialatski
- ↑ Старшыня Еўрапарламенту заклікае вызваліць Бяляцкага і ўсіх палітвязняў
- ↑ Алесь Бяляцкі асуджаны на 4 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй (увесь працэс) Архівавана 17 красавіка 2017.
- ↑ Старшыня АБСЕ заклікае вызваліць Алеся Бяляцкага
- ↑ Миклош Харашти призывает освободить и реабилитировать Беляцкого Архівавана 6 жніўня 2013.
- ↑ АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ ПАТЭЛЕФАНАВАЎ ЖОНЦЫ Архівавана 8 жніўня 2020.
- ↑ За сем месяцаў у калоніі Бяляцкі атрымаў сем спагнанняў
- ↑ Бяляцкі атрымаў трэцяе спагнанне ў калоніі Архівавана 1 чэрвеня 2016.
- ↑ Бяляцкага пазбавілі перадачы і спаткання http://nashaniva.by/?c=ar&i=78253
- ↑ Алесь Бяляцкі ў турме піша кнігу пра рэпрэсаванага пісьменніка
- ↑ 100 тысяч салідарных з Алесем Бяляцкім ( мапа салідарнасці)
- ↑ а б Беларусь: Руководителей Правозащитного центра "Весна" держат в СИЗО. Потребуйте от властей освободить их! (руск.). Amnesty International (22 ліпеня 2021). Праверана 28 ліпеня 2021.
- ↑ Затрыманых праваабаронцаў і актывістаў прызналі палівязнямі . Еўрапейскае радыё для Беларусі (15 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 15 ліпеня 2021. Праверана 28 ліпеня 2021.
- ↑ tass.ru
- ↑ http://afn.by/news/i/74799
- ↑ Белорусская неделя в Стокгольме.
- ↑ Белорусский правозащитник А.Беляцкий выдвинут на Нобелевскую премию мира Архівавана 28 студзеня 2021.
- ↑ В Минске вручены премии за защиту прав человека
- ↑ Ytringsfrihetsprisen 2011: Ales Bjaljatski
- ↑ Aleś Bialacki laureatem Nagrody Lecha Wałęsy
- ↑ Прэмія Вацлава Гавела прысуджаная Алесю Бяляцкаму
- ↑ Алесь Бяляцкі атрымаў літаратурную Прэмію імя Алеся Адамовіча
- ↑ Шведская правозащитная организация Civil Rights Defenders назвала Алеся Беляцкого Защитником гражданских прав года Архівавана 25 жніўня 2017.
- ↑ Алесь Бяляцкі стаў ганаровым грамадзянінам Сіракузы
- ↑ Алесь Бяляцкі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2017. Праверана 24 студзеня 2022.
- ↑ Ці атрымае Алесь Бяляцкі Нобелеўскую прэмію(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2021. Праверана 24 студзеня 2022.
- ↑ Алесь Бяляцкі зноў стане кандыдатам на Нобелеўскую прэмію міру
- ↑ Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
- ↑ 2020 Announcement – Press Release(недаступная спасылка). rightlivelihoodaward.org. The Right Livelihood Foundation (1 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 12 студзеня 2021. Праверана 1 кастрычніка 2020.
- ↑ Рада БНР узнагародзіла розных дзеячоў за заслугі перад беларускім народам . Рацыя (25 сакавіка 2024). Праверана 25 сакавіка 2024.
- ↑ 4 августа — Международный день солидарности с гражданским обществом Беларуси Архівавана 12 жніўня 2021.
- ↑ Радыё Швецыі рыхтуе пастаноўку пра Алеся Бяляцкага Архівавана 25 жніўня 2017.
- ↑ Паэзія прозы Архівавана 25 жніўня 2017.
- ↑ Гэта салодкае слова — свабода!
- ↑ РЫМЦЕЛІ. Алесю Бяляцкаму
- ↑ Алесю Бяляцкаму
- ↑ Ліст да Алеся Бяляцкага
- ↑ «Выше неба»
- ↑ Алесь Бяляцкі: праваабаронца, літаратуразнаўца, чалавек(недаступная спасылка)
- ↑ «Вясна», дак. фільм пра Алеся Бяляцкага.
- ↑ A Heart That Never Dies
- ↑ 1050 дзён самоты
- ↑ На экспозиции в Вашингтоне представлены изображения, сделанные из кусочков конструктора «Лего».
- ↑ а б Халоднае крыло Радзімы.
- ↑ Ініцыятар выпуску ва Украіне канверта з выявай Алеся Бяляцкага і маркі з «Пагоняй» распавёў гісторыю і нагоды стварэння гэтых філатэлістычных аб’ектаў https://radiounet.fm/iniczyyatar-vypusku-va-ukraine-kanverta-z-vyyavaj-alesya-byalyaczkaga-i-marki-z-pagonyaj-raspavyou-gistoryyu-i-nagody-stvarennya-getyh-filatelistychnyh-abektau/
- ↑ Літаратура і нацыя.
- ↑ Асьвечаныя беларушчынай.
- ↑ Вышла книга Беляцкого «Асьвечаныя беларушчынай»(недаступная спасылка). Политика. Хартия'97 (7 лютага 2013). Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2013. Праверана 7 лютага 2013.
- ↑ Сяргей Макарэвіч. Кнігу Бяляцкага забаранілі да ўвозу ў Беларусь (недаступная спасылка). Салідарнасць. Архівавана з першакрыніцы 6 студзеня 2014. Праверана 23 снежня 2014.
- ↑ Іртутнае срэбра жыцьця.
- ↑ Вышла книга Алеся Беляцкого "Іртутнае срэбра жыцьця"(недаступная спасылка). БелаПАН (14 мая 2014). Архівавана з першакрыніцы 17 мая 2014. Праверана 15 мая 2014.
- ↑ Бой з сабой
- ↑ 20-Я Вясна.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Адзін дзень палітвязьня 2009—2011. — Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода: Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе, 2011, — 328 с. — ISBN 978-0-929849-42-3 — С. 240—249.
- Голас волі з-за кратаў. Анталогія твораў беларускіх палітзняволеных / Складальнік, рэдактар А. І. Фядута. — Вільня: ЕГУ, 2013. — 992 с. — ISBN 978-9955-773-69-6 — C. 105—132.
- Каліноўскі, В. Справа Бяляцкага. — Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода: Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе, 2012. — 364 с. — ISBN 978-0-929849-49-2
- Наша вясна. Праваабарончы цэнтр «Вясна». Гісторыя ў асобах. — Вільнюс: Gudas, 2012. — 216с. — С. 9-26.
- Тамковіч, А. Лёсы. — СПб: Невский простор, 2010. — 472 с. ББК 84 УДК 823. — ISBN 978-863-7161-69-4. — С. 199—209.
- Смяротнае пакаранне ў Беларусі. — Вільня: 2015. — 300 с. (прадмова А. Бяляцкага на С. 3-6).
- Хто ёсць хто ў Беларусі / укл. Л. А. Андросік, В. Ф. Голубеў і інш. — Вільня, 2007. — 256 с. УДК 32 ББК 92.2 Х 97. — С.134-135.
- Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988—2009. / пад. рэд. В. Булгакава, А. Дынько. — Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства; Вільня: Інстытут беларусістыкі; Мінск: палітычная сфера, 2011. — 576 с. — ISBN 83-60456-33-Х — С. 59-60, 97.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- FreeAles (стварэнне і кіраванне сайтам — FIDH Архівавана 27 красавіка 2013.
- Асобы
- Нарадзіліся 25 верасня
- Нарадзіліся ў 1962 годзе
- Нарадзіліся ў Сартавальскім раёне
- Выпускнікі філалагічнага факультэта ГДУ
- Члены Талакі
- Члены Каардынацыйнай рады
- Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
- Члены Беларускага ПЭН-цэнтра
- Члены Беларускага народнага фронту «Адраджэнне»
- Узнагароджаныя медалём да стагоддзя БНР
- Лаўрэаты прэміі імя Алеся Адамовіча
- Лаўрэаты прэміі імя Францішка Аляхновіча
- Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру
- Выпускнікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта
- Грамадскія дзеячы Беларусі
- Праваабаронцы Беларусі
- Палітвязні Беларусі
- Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення арганізацыяй Amnesty International у Беларусі
- Дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў
- Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна»
- Дысідэнты Беларусі
- Праваабарончы цэнтр «Вясна»
- Лаўрэаты прэміі імя Сахарава
- Члены Партыі БНФ