Агнішча
Агнішча — прыстасаванне для развядзення і падтрымання адкрытага агню ў жытлах альбо па-за імі для абагрэву, прыгатавання ежы, асвятлення і абароны ад дзікіх жывёл. Падчас археалагічных даследаванняў вызначаецца па рэштках попелу, вуголля і змяненні колеру глебы. Канструктыўна вылучаюцца агнішчы адкрытыя, у ямах, з каменнай ці глінянай абкладкай ці вымасткай. Рэшткі найбольш старажытных агнішчаў знойдзены на стаянках перыяду ніжняга (ранняга) палеаліту ў Алдувайскай цясніне ў паўночнай Танзаніі (Афрыка). У Беларусі вядомы з эпохі верхняга (позняга) палеаліту (Бердыж, Юравічы). У гэты час агнішчы паглыбляліся ў мацярык на 0,1—0,5 м, у разрэзе былі лінзападобныя, у плане акруглыя, дыяметрам 1—2 м. Часам побач з агнішчам ставілі каменныя пліты альбо абкладвалі сценку дробнымі камянямі, каб захаваць агонь ад ветру. Пазней агнішчы заглыбляліся ў мацярык да 1 м, мелі котлападобную форму ў разрэзе. Пашыраны на помніках эпохі неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў. Пачынаючы з ранняга бронзавага веку на грунтавых могільніках зафіксаваны агнішчы, якія мелі рытуальны характар і з'яўляліся структурным элементам пахавальнага абраду — крэмацыі. На помніках банцараўскай культуры і пражска-карчацкай культуры існавалі побач з печамі-каменкамі, былі паступова выцеснены імі ў раннефеадальны перыяд.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ксяндзоў, У. П. Агнішча / У. П. Ксяндзоў // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 25. — ISBN 5-85700-077-7.
- Язэпенка, І. М. Агнішча // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — Т. 1: А―К. — С. 18. — 496 с. — ISBN 978-985-11-0354-2.
- Агні́шча // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 78. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).