Іслам
Рэлігія |
---|
Формы рэлігійнай свядомасці |
Сусветныя рэлігіі |
Аўраамічныя рэлігіі |
Дхармічныя рэлігіі |
Традыцыйныя рэлігіі Далёкага Усходу |
Асноўныя паняцці |
Ісла́м або мусульманства, ці магаметанства — сусветная монатэістычная рэлігія, прадстаўнікі якой вераць у аднаго Бога — Алаха і прызнаюць Муха́мада (Магаме́та; пасля згадкі імя мусульмане і некаторыя немусульмане кажуць фразу «мір яму»), апошнім прарокам Алаха, які перадаў волю Алаха людзям. Самая хуткарослая, другая па колькасці рэлігія свету, кожны пяты жыхар Зямлі — мусульманін.
Узнікненне
[правіць | правіць зыходнік]Назва «іслам» у перакладзе з арабскай мовы азначае «выкананне божай волі», «пакорлівасць», а тэрмін мусульмане (му слім) азначае літаральна «мы іслам», «мы тыя, хто выконвае божую волю». Іслам мае сістэму рэлігійных правіл жыцця. Заснавальнікам ісламу лічыцца Мухамад, поўнае яго імя па-арабску гучыць прыкладна як Мухамад ібн аль Алах. Нарадзіўся Мухамад прыкладна ў 571 года ў Мецы на Аравійскім паўвостраве. Паходзіў з адносна беднага роду Кураджытаў. Рана страціў бацькоў, выхоўваўся дзядзям Абу Талібам, які займаўся гандлем. Недзе на 24-ым годзе жыцця Мухамад пачаў працаваць на багатую ўдаву Хадзіджу (Хэдзіджу), паступова стаўшы кіраўніком яе гандлёвых спраў. Пазней Мухамад ажаніўся з ёй, што моцна ўзвысіла яго статус у грамадстве.
Прыкладна ў 610 г. Мухамад, будучы на адпачынку ў пустыні каля гары Гіра (Хіра), убачыў нейкую нябесную істоту, якая з ім размаўляла. Спярша Мухамад вагаўся, не ведаючы хто гэта быў. Калі істота з’явілася другі раз, то Мухамед паверыў, што гэта анёл Джабраіл (арханёл Гаўрыіл) аб’яўляе яму праўду пра Бога. З таго моманту Мухамад расказвае пра сваё аб’яўленне. З 614 г. яго прамовы выходзяць па-за яго род, але яны не цешацца папулярнасцю. Частка слынных родаў паверыла Мухамаду. Падтрымку яму аказаў Амар. Той абвяшчае:
- Адзінасць Бога і неабходнасць паддацца яго волі.
- Адказнасць перад Богам за ўчынкі і надыход Апошняга дня.
Каля 619 г. памірае Хадзіджа. Адзін з братоў Мухамада пазбаўляе яго права на частку спадчыны, у гэты ж час памірае Абу Таліб. У выніку гэтага Мухамад пазбаўляецца апекі рода Хадзіджы і ў 622 г. вымушаны ўцякаць у аазіс Ясрыб (Ясра), што знаходзіцца за 450 км ад Меккі. Пазней, калі мусульнства набярэ моцныя пазіцыі сярод насельніцтва Аравіі, гэтае паселішча стане называцца Медзіна (па-арабску — Медінет-он-небіййі, што значыць «горад прарока»). Уцёкі ў Медзіну (хіджра, геджра) цяпер з’яўляецца пачаткам летазлічэння мусульман. Паступова Мухамад канцэтруе ў сваіх руках духоўную і свецкую ўладу ў Медзіне. У 623 г. ён змяніў кіблу (кірунак падчас малітвы) у бок Меккі і ўвёў пост у месяц Рамадан. Гандлёвыя карваны з Меккі абкладаюцца падаткамі, рабуюцца. Прыкладна ў 623—624 гг. жыхары Меккі збіраюць войска і выходзяць у бок Медзіны. Мухамад з меншым войскам перамог яго, што спрыяла ўзросту ўплыву мусульманства. У 630 г. Мухамад захоплівае Мекку, арабскія плямёны адно за адным пераходзьці ў іслам. У 632 г. Мухамад памірае, яго магіла знаходзіцца ў Медзіне.
Догматы веры
[правіць | правіць зыходнік]Іслам |
---|
Слупы Ісламу |
Веравучэнне |
Гісторыя і прадстаўнікі |
Асноўныя цячэнні |
Кнігі і законы |
Культура і грамадства |
Гл. таксама |
- Бог адзін. Вядомы 99 імён Бога (Алаха), якія паказваюць яго рысы і якасці.
- Існуюць анёлы. Анёлы ўзнікаюць са святла, яны могуць дапамагаць людзям і перадаваць інфармацыю. Вядомы імёны некаторых з іх. Два анёлы (анёлы-ахоўнікі) заўсёды знаходзяцца ля чалавека. Адзін з іх запісвае яго добрыя ўчынкі, а другі — дрэнныя. Чалавек вышэй за анёлаў. Ібліс (шайтан) — анёл, які шкодзіць чалавеку.
- Святыя кнігі: Тора, Евангелле, Псалмы і Каран.
Каран — слова Божае, яўленае Мухамаду, які не з’яўляецца ані яго аўтарам, ані яго рэдактарам, але верна перадае Каран людзям. Пры жыцці Мухамада Каран перадаваўся вусна, а пасля яго смерці быў запісаны. Мусульмане чытаюць і вывучаюць Каран на арабскай мове, пераклады на іншыя мовы прызнаюцца як тыя, што перадаюць сэнс. Апрача Карана Божае слова перадаюць іншыя кнігі, але з памылкамі: Тора (аль Таўрай), Псалтыр Давіда (Аззабур), Евангелле (аль Інджыр).
- Вера ў пасланцоў Алаха (ад Адама да Мухамада).
Усяго вядома 28 пасланцоў Бога да людзей, поўную іх лічбу ведае толькі Алах. Першы пасланец — Адам, апошні — Мухамад. Вядомыя асобы сярод іўдзеяў і хрысціян: Ной, Аўрам, Муса (Майсей), Іса бен Марыям (Ісус Хрыстос) і іншыя. Паводле ісламу, Іса быў месіяй, божым словам, духам ад Алаха. Алах удыхнуў свой дух у Марыю (Мірыям), і яна нарадзіла Ісу. Ён прыйдзе перад днём Страшнага Суда (Суднага Дню), каб перамагчы д’ябла і самому памерці.
- Вера ў Канец Свету і дзень Страшнага Суда.
- Вера ў уваскрашэнне памерлых.
Смерць — гэта вяртанне да Алаха, падчас яе анёл смерці адсякае душу чалавека ад цела. Памерлыя чакаюць момант Страшнага суда ў месцы часовага прабывання (аль араф). Усе людзі памруць у гэты дзень, каб стаць перад судом, паводле якога чалавек трапіць у рай або ў пекла. Пекла — стан вечных пакут, неба — вечнага шчасця.
Пяць рытуальных абавязкаў (калон) у ісламе
[правіць | правіць зыходнік]- Вызнанне веры ў адзінага Бога (шахада).
- Рытуальныя малітвы (салат, намаз).
- Пост (саўм).
- Міласціна (закят).
- Пілігрымка да Меккі (хадж).
Кожны дарослы мусульманін павінен маліцца пяць разоў на дзень. Каран кажа пра тры моманты для малітвы: світанне, захад сонца, ноч. Пазней да іх далучаецца малітва апоўдні і пасля паўдня. Малітва мае адбывацца ў чыстым месцы, каб выканаць гэтае прадпісанне часта той, хто моліцца, падсцілае пад сябе невялікі дыван. Падчас малітвы чалавек павінен быць у стане рытуальнай чысціні, таму перад ёй робіць абмыванне.
Да малітвы ў мусульманскіх краінах заклікае голасам спецыяльна падрыхтаваны чалавек — муэдзін, робячы гэта з мінарэта. Молячыся, мусульмане звяртаюцца ў бок Меккі. У мячэцях (дамах для малітвы) гэты кірунак спецыяльна пазначаецца (напр. зоркай). Малітва ў мусульманстве (намаз) выглядае наступным чынам:
- шахада («Няма Бога апрача Алаха, і Мухамад — пасланец Яго»).
- намер: басмала («У імя Алаха міласцівага, міласэрнага») да якой дадаецца якая-небудзь просьба.
- цытаты з Карана.
Малітва суправаджаецца адпаведнымі жэстамі.
У пятніцу апоўдні мусульмане мужчыны павінны сустрэцца ў мячэці. Імам (мула) узначальвае малітву. Пасля малітвы ён кажа казань, судзіць паводле сунаў. У мячэцях жанчыны займаюць адпаведнае месца або, калі мячэць малая — за спінамі мужчын. З мужчынамі моляцца хлопчыкі з 13 (12) гадоў.
Пост абавязвае мусульманіна ў месяц рамадан (рамазан) — адзін з месяцаў паводле месячнага календара. У гэта месяц устрымліваюцца ад ежы, піцця, палення. Пост працягваецца ад усходу да захаду сонца, у іншы час посту няма. Ад паста вызваляюцца хворыя, падарожныя, састарэлыя людзі. Мусульмане як і яўрэі не ядуць свініну.
Кожны мужчына мусульманін павінен здзейсніць прынамсі раз у жыцці пілігрымку да святыні Кааба ў Мецы. Калі няма магчымасці, то некалькі чалавек можа кагосьці аднаго ад іх супольнасці выправіць у гэты шлях. Той, хто здзейсніў паломніцтва ў Мекку атрымлівае тытул аль-хадж, ён нібы вызваляецца ад усіх грахоў і знаходзіцца адной нагой у раі.
Джыхад традыцыйна ўспрымаецца як вайна з нявернымі («святая вайна») і сумяшчаецца з тэрмінам «газават». Аднак у больш шырокім сэнсе джыхад лічыцца намаганнем, накіраваным на супраціўленне і змяненне. Вялікі джыхад — барацьба з самім сабой, са сваімі слабасцямі, супраць грахоў і дзеля падвышэння маральнага ўзроўну грамадства. Малы джыхад, «мяча» — абарончая і паўстанцкая вайна з ворагамі ісламу — акупантамі і тыранамі, а таксама супраць падману і дзейнасці «джыхадзістаў» — праварадыкальных тэрарыстычных арганізацый.
Святы
[правіць | правіць зыходнік]Ід-аль-адха (Курбан Байрам) — адбываецца на заканчэнне хаджа ў Мецы. Успамінаецца складанне ў ахвяру Ізмаіла Аўраамам. Прыносяцца ў ахвяры жывёлы (бараны, вярблюды і інш.) пры мячэцях, мяса раздаецца бедным.
Ід-аль-фітр — на заканчэнне месяца Рамадан. Складаюцца ахвяраванні, мусульмане ходзяць у госці і робяць падарункі.
Маўліт-ібн-намі — нараджэнне прарока Мухамада. Некаторыя мусульмане лічаць, што ён прыносіць благаслаўленне.
Аль-мірадж — успамін нябеснага падарожжа Мухамада, калі анёл узяў яго з гары і перанёс у Іерусалім. Свята мае «хатні» характар.
Святыя кнігі
[правіць | правіць зыходнік]Каран — асноўная святая кніга мусульман, аднак боганатхнёнымі таксама прызнаюцца Таўрат Мусы, Забур Даўда і Інджыль Ісы. Таму іўдзеі і хрысціяне лічацца не паганцамі, з якімі трэба весці джыхад, а людзьмі Пісання.
Распаўсюджванне ісламу
[правіць | правіць зыходнік]Пасля смерці Мухамада ўзнікаюць спрэчкі ўнутры ісламу, бо ён не вызначыў свайго спадкаемцу. Найбольшая спрэчка датычыць пытання, ці мае права на кіраванне ўладар, які не выконвае прадпісанні ісламу. Гэтая спрэчка адбылася паміж пераемнікам Мухамада і яго зяцем каліфам Алі, і губернатарам Сірыі — Муавіджы. Алі адмовіў у паслухмянасці такому ўладару, Муавіджы з ім не згадзіўся. Гэта прывяло да мясцовай вайны ў выніку якой Алі згадзіўся, што спрэчныя пытанні могуць вырашаць свецкія арбітры, раней гэта рабіў каліф. Гэта прывяло да падзелу ў лагеры Алі.
Традыцыяналісты — харыджыты. Лічаць, што трэба літаральна выконваць усё, што напісана ў Каране. Цяпер харыджыты гэта тыя, хто судзіць па законе шарыята (талібы, маджахеды і інш).
Суніты — галоўны кірунак у ісламе.
Шыіты — прыхільнікі каліфа Алі. Паводле іх узначальваць супольнасць могуць толькі нашчадкі Мухамада. Унутраныя спрэчкі ў якім кірунку ідзе лінія Алі прывялі да падзелу на:
- Імамітаў — прыхільнікаў 12-ці імамаў нашчадкаў Алі, апошні 12-ты знік.
- Ізмаілітаў — сямі імамаў, апошні Ізмаіл і інш.
Шыіты змагаюцца з сунітамі.
Нурджыты — лічаць, што калі чалавек склаў вызнанне веры («Няма Бога апрача Алаха…»), то ён ужо мусульманін і далей не важна як ён жыве.
Харджыты — лічаць, што калі чалавек не выконвае законаў Алаха, то ён можа быць выгнаны з супольнасці або пакараны смерцю.
Кадары — лічаць, што калі чалавек не жыве паводле мусульманскіх прынцыпаў, то можа вярнуцца да супольнасці.
Харызім — мусульманскія містыкі.
Выбітныя багасловы
[правіць | правіць зыходнік]Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ AA.VV. Encyclopaedia of Islam, Encyclopédie de l’Islam — 1913. — Vol. 7. — P. 361.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Іслам
- Сайт Саборнай Мячэці Мінска Архівавана 27 кастрычніка 2020.