Інтэрлінгвэ
Акцыдэнта́ль, ці аксідэнталь, інтэрлінгвэ (Occidental, Interlingve) — міжнародная штучная мова.
Прапанаваны ў 1922 годзе Эдгарам дэ Валем (Эстонія). У 1949 годзе быў перайменаваны ў інтэрлінгвэ для пазбаўлення ад негатыўных асацыяцый, якія магла б выклікаць назва «заходні», а таксама для запланаванага збліжэння з інтэрлінгвай.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Дэ Валь спачатку быў эсперантыстам, які працаваў над рэформамі гэтай мовы. Калі рэформы былі адвергнуты падчас галасавання 1894 года, ён пакінуў эсперанта-рух з намерам стварыць больш дасканалую мову. Пасля некалькі гадоў працы ён апублікаваў у 1922 годзе свой праект «Акцыдэнталь» у газеце Kosmoglott («Сусветная мова»), якую ён сам выдаваў. Гэтая газета была адкрытым форумам для свабоднага абмену думкамі стваральнікаў розных новых сістэм. Кожны меў права публікаваць таксама сваю ўласную мову, каб выпрабаваць і прапагандаваць яе.
Пасля 7 гадоў, у 1929 годзе, выданне ўзяла на сябе група з Вены. Яны палічылі, што толькі новая мова акцыдэнталь з’яўляецца дастаткова выпрабаванай, і ў пачатку таго года зачынілі газету для іншых праектаў і пачалі ўжываць яе толькі для акцыдэнталя. Яны адаптавалі назву выдання пад арфаграфію гэтай мовы: Cosmoglotta.
У 1949 годзе тагачасны віцэ-прэзідэнт Occidental-Union (Аб’яднання акцыдэнталя) Рык Бергер, які пазней сам перайшоў да інтэрлінгвы, пераканаў членаў аб’яднання змяніць назву мовы на інтэрлінгвэ, аргументуючы, што назва акцыдэнталь можа пашкодзіць прапагандзе мовы ва ўсходнееўрапейскіх камуністычных краінах.
Да з’яўлення Інтэрлінгвы акцыдэнталь быў вяршыняй развіцця натуралістычнай школы. Пазней ён пачаў губляць сваіх прыхільнікаў на карысць больш натуралістычнай інтэрлінгвы. З сярэдзіны 80-х гадоў Cosmoglotta больш не выдавалася (пачала выдавацца зноў толькі з канца 90-х гадоў).
Аргументы на карысць мовы
[правіць | правіць зыходнік]Перавагай мовы акцыдэнталь з’яўляецца тое, што для людзей з веданнем такіх моў, як англійская, французская ці іспанская, яна з’яўляецца большай часткай адразу зразумелай. Адначасова яна з’яўляецца больш рэгулярнай, чым гэтыя мовы. Людзі з веданнем англійскай мовы, французскай і г. д. часта бываюць настолькі ўражанымі падабенствам акцыдэнталя да гэтых моў, што звычайна не заўважаюць ці недаацэньваюць рэгулярнасць акцыдэнталя.
Фанетыка і графіка
[правіць | правіць зыходнік]Мова ўжывае ўсе літары лацінскага алфавіта ў іх традыцыйным значэнні з пазіцыйна абумоўленай вырыятыўнасцю чытання некаторых літар і злучэнняў: c i g перад пярэднімі галоснымі як [ц] і [ж] адпаведна, ch як [ч] і [ш] перад галоснымі і [х] ці [к] перад зычнымі. Такая пазычаная з натуральных моў варыятыўнасць дазваляе захаваць баланс паміж традыцыйнай арфаграфіяй інтэрнацыяналізмаў і іх традыцыйным гучаннем. Словы грэчаскага паходжання могуць запісвацца як у гістарычнай лацінскай транскрыпцыі, так і фанетычна (physica і fysika, theosoph і teosof). Падваенне зычных апускаецца, калі гэта не вядзе да ўтварэння амонімаў (cane — сабака, canne — пушка).
Націск прыпадае на галосны перад апошнім зычным, пры гэтым канчатак множнага ліку -s і канчатак дзеепрыметніка -men не ўплываюць на месца націска. Калі паводле асноўнага правіла націск прыпадае на суфіксы -bil, -ic, -im, -ul, то ён пераносіцца на наступны склад з канца.
Лексіка і словаўтварэнне
[правіць | правіць зыходнік]Мова заснавана на інтэрнацыянальнай лексіцы, агульнай для заходнееўрапейскіх моў — у першую чаргу (хаця не выключна) раманскіх. Заметны ўплыў французскай мовы, як у афармленні шматлікіх слоў, так і ў сінтаксісе (у адрозненне ад інтэрлінгвы, якая арыентуецца на паўднёвараманскія мовы).
Словаўтварэнне будуецца на ўзор натуральных моў, але адначасова рэгулюецца так званым правілам дэ Валя: пры ўтварэнні інфінітыва дзеяслова
- да асновы цяперашняга часу, якая заканчваецца на тэматычны галосны ці -с, дабаўляецца -t;
- канцавыя d, g ці r замяняюцца на s;
- астатнія канцавыя зычныя застаюцца без зменаў.
Ад асновы цяперашняга часу ўтвараюцца словы з суфіксамі -(e)nt-, -(e)ntie, -(e)ment, -(i)bil, -(i)da, -age, ад інфінітыва — з суфіксамі -ion, -or, -ori, -iv, -ura. Гэта дазволіла ўключыць у слоўнік акцыдэнталя вялікую колькасць інтэрнацыяналізмаў з адпаведнымі чаргаваннямі асноў: varia-nte — варыянт, variat-ion — варыяцыя, pretend-ente — прэтэндэнт, pretens-ion — прэтэнзія.
Правіла дэ Валя і сістэма рэгулярных афіксаў, якая шмат у чым перасякаецца з эсперанта і іда, набліжаюць акцыдэнталь да схематычных праектаў, супрацьпастаўляючы гіпернатуралістычнай інтэрлінгве. Але гаворка не ідзе аб аўтаномных правілах словаўтварэння, як у схематычных мовах, а аб правілах адбору вытворных і матывіруючых асноў з натуральных моў.
Асноўныя граматычныя асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Назоўнікі не маюць катэгорыі граматычнага роду. Пол жывых істот выяўляецца пры дапамозе канчатковых -о ці -а: cavall — конь, cavаllo — жарабец, cavalla — кабыла. Множны лік утвараецца постфіксам -(e)s, прыметнікі і артыклі (няпэўны un, пэўны li) не дапасуюцца да назоўнікаў.
Адрозніваюцца суб’ектная і аб’ектная формы асабістых займеннікаў.
Да асновы цяперашняга часу далучаюцца канчаткі -(e)r (інфінітыў), -(e)nt (актыўны дзеепрыметнік), -t (пасіўны дзеепрыметнік і мінулы час, а для дзеясловаў, у якіх гэта форма супадае з формай інфінітыва, — таксама аддзеяслоўны назоўнік).
Дзеепрыслоўе ўтвараецца ад дзеепрыметнікаў пры дапамозе канчатковага -е, вытворныя прыслоўі ад прыметнікаў — пры дапамозе суфікса -men.
Большасць граматычных значэнняў выражаюцца аналітычна: для ўскосных склонаў назоўнікаў — прыназоўнікі, для ступеней параўнання прыметнікаў і прыслоўяў — паказчыкі plu / min(u) (кампаратыў) і max(im) / minim (суперлятыў), для дзеясловаў — дапаможныя фарманты: va інфінітыў = будучы час, vell інфінітыў = умоўны лад, ha мінулы час = перфект, hat мінулы час = плюсквамперфект, формы дзеяслова esser актыўны дзеепрыметнік = прагрэсіўная форма (параўн. continuous tense ў англійскай мове).
Прыклад тэксту
[правіць | правіць зыходнік]- «Ойча наш»
Patre nor, qui es in li cieles, mey tui nómine esser sanctificat, mey tui regnia venir, mey tui vole esser fat, qualmen in li cieles talmen anc sur li terre. Da nos hodie nor pan omnidial, e pardona nor débites, qualmen anc noi pardona nor debitores. E ne inducte nos in tentation, ma libera nos de lu mal. Amen.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- F. Haas. Grammatica de Interlingue in Interlingue
- Grammar of Occidental translated into English (англ.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Саюз Інтэрлінгвэ Архівавана 9 мая 2008.
- Часопіс Cosmoglotta
- Дыскусійная група на Yahoo(недаступная спасылка)