Перайсьці да зьместу

Уладзімер Тэраўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Тэраўскі
лац. Uładzimier Teraŭski
Дата нараджэньня 23 лістапада 1871(1871-11-23)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 10 лістапада 1938(1938-11-10) (66 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці агнястрэльная рана[d]
Занятак дырыгент, кампазытар, настаўнік, лектар
Сябра ў Першае таварыства беларускае драмы і камэдыі і Часовы беларускі нацыянальны камітэт
[[commons:Category:Uladzimir Teraŭski|Уладзімер Тэраўскі
лац. Uładzimier Teraŭski]]
у Вікісховішчы

Уладзі́мер Тэ́раўскі (23 лістапада [ст. ст. 11 лістапада] 1871 — 10 лістапада 1938) — беларускі дырыгент, кампазытар, фальклярыст.

Нарадзіўся ў мястэчку Раманава Слуцкага павету Менскай губэрні (цяпер вёска Леніна Слуцкага раёну Менскай вобласьці). У 1889 годзе скончыў Слуцкую духоўную вучэльню. У 1892—1895 служыў у войску. У другой палове 1890-х жыў на Ўрале, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі. Сьпяваў у капэле Дз. Агрэнева-Славянскага.

Вярнуўся ў Беларусь у пачатку 1900-х. Узначальваў царкоўны хор Старажоўскай царквы, аматарскі хор Менскага таварыства цьвярозасьці; выкладаў сьпевы ў пачатковых школах. У 1914 годзе стварыў Менскі беларускі хор, які ў 1917 годзе ўвайшоў у склад Першага Беларускага таварыства драмы і камэдыі. У 1918—1919 кіраваў харавой капэлай у Беларускім савецкім тэатры; уваходзіў у склад Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва.

Улетку 1920 году арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі ў Асіпавічах. Пасьля ўтварэньня Беларускага дзяржаўнага тэатру ў Менску (БДТ-1) яго галоўны хормайстар.

Арыштаваны ЧК у 1921 годзе разам з У. Фальскім; прысуджаны да расстрэлу, замененага 5-гадовым зьняволеньнем. У 1923 вызвалены.

Кіраваў харавымі калектывамі БДУ, МБПТ, саюзу паштавікоў-тэлеграфістаў. Стварыў музыку да спэктакляў БДТ-1: «Бязьвінная кроў» У. Галубка (1918), «Каваль-ваявода» Е. Міровіча (1925) і інш. Найбольш вядомай стала музыка да спэктакля «На Купальле» Міхася Чарота (1921), у прыватнасьці, да песьні «Купалінка». Напісаў песьні і рамансы на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Зьмітрака Бядулі, Міхася Чарота і іншых. Запісваў і гарманізаваў народныя песьні, частка якіх апублікавана ў зборніках «Беларускі сьпеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мэлёдыяў» (1921), «Беларускі лірнік» (1922), «Вайсковы зборнік» (1926). Браў удзел у рабоце музычнай сэкцыі Інбелкульту.

Пасьля 1930 году звольнены з працы, абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызьме. Служыў у царкоўным хоры Старажоўскай царквы Менску. Арыштаваны 17 жніўня 1938.

Расстраляны ў НКВД Менску. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.