Перайсьці да зьместу

Труба

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Труба
B♭ труба
B♭ труба
Медны духавы музычны інструмэнт
Клясыфікацыя

аэрафон

Горнбостэль — Закс 423.233
Дыяпазон гучаньня

Падобныя інструмэнты

карнэт, флюгельгорн, флюмпэт, паштовы рог, рымская туба, буцына, корну, шафар, дорд, тыбэцкі горн, люр, дыджэрыду, альпійскі рог, альт, горн

Труба ў Вікісховішчы

Труба (па-італьянску: tromba, па-француску: trompette, па-нямецку: Trompete, па-ангельску: trumpet) — медны дзьмухавы музычны інструмэнт альтова-сапранавага рэгістра, самы высокі па гучаньні сярод медных духавых. Інструмэнт вядомы са старажытных часоў. Доўгі час труба была натуральным інструмэнтам, гэта значыць на трубе можна было выканаць толькі гукі, якія адносяцца да натуральнага гукараду, выбудаваным ад асноўнай ноты. Таму ў эпоху клясыцызму былі распаўсюджаны трубы самых розных ладоў, якія ўжываліся ў залежнасьці ад танальнасьці, у якой быў напісаны той ці іншы твор.

Толькі ў пачатку XIX стагодзьдзя былі сканструяваны трубы з вэнтыльным мэханізмам, які забясьпечыў магчымасьць выконваць на трубе ўсе ноты храматычнай гамы. З дапамогай вэнтыльнага мэханізму, музыка можа накіроўваць паветра праз тую ці іншую крону інструмэнту. Тым самым аб’ём паветра павялічваецца, а вышыня гуку зьніжаецца. У сучаснай канструкцыі трубы выкарыстоўваюць тры вэнтылі, для паніжэньня гуку на паўтону, тон і на паўтара тону.

Керамічная труба з музэю Лімы, Пэру.

Самыя раньнія трубы датуюцца 1500 годам да н. э. і раней. Бронзавыя і срэбраныя трубы з магілы Тутанхамона ў Эгіпце, бронзавыя люры з Скандынавіі, і мэталічныя трубы з Кітаю датуюцца менавіта тым пэрыядам[1]. Шафар згадваецца яшчэ ў Бібліі. На іх выконвалі музыкальнае суправаджэньне ў храме Салямона каля 3 тысяч гадоў таму. Паводле легенды менавіта іх выкарысталі каб музыкай зьнішчыць сьцены Ерыхона. Гэты інструмэнт усё яшчэ выкарыстоўваецца ў некаторых рэлігійных абрадах[2]. Доўгую прамую трубу ў 62 цаляў называлі сальпікс. Яна выраблялася звычайна з косткі ці бронзы. Сальпікс выкарыстоўвалі ў правядзеньні старажытных Алімпійскіх гульняў[2].

Людзі дакалюмбавай культуры мачэ старажытнага Пэру малявалі трубы ў сваім мастацтве, якое ўзыходзіць да 300 да н. э.[3] Першыя трубы зьяўляліся сыгнальнымі прыборамі і выкарыстоўваліся ў вайсковых або рэлігійных мэтах, а не для стварэньня музыкі ў сучасным сэнсе. На сёньня сучасны горн працягвае выконваць сыгнальную ролю.

Удасканаленьне канструкцыі інструмэнта і новых рашэньняў па выкарыстаньню мэталу ў канцы Сярэднявечча і ў эпоху Адраджэньня прывяло да падвышанай карыснасьці трубы ў якасьці музычнага інструмэнта. Трубы гэтай эпохі складаліся з адной гнуткай трубы бяз вэнтыляў і таму маглі вырабляць гукі толькі адной сэрыі абэртонаў. У эпоху барока кампазытары пачалі дадаваць партыі трубаў у аркестар. Гэта стала магчыма дзякуючы стварэньню і разьвіцьцю клярына, асабліва вядомым спэцыялістам трубачом Чэзарэ Бэндынэльлі. Гэты час вядомы як залаты век натуральнай трубы. З прыходам клясыцызму і рамантызму, асноватворным прынцыпам якіх быў мэлядызм, натуральныя трубы, няздольныя выконваць мэлядычныя лініі, сышлі на другі плян і ў аркестрах пачалі ўжывацца толькі для выкананьня асноўных прыступак гукарада.

На Беларусі трубой (таксама «берасьцянкай», «дудой») называлі інструмэнт цыліндрычнай, канічнай, выгнутай формы са скручаным у адзін абарот ствалом. У якасьці матэрыялу для вырабу выкарыстоўваліся розныя пароды дрэва: яліна, клён, асіна, вольха, ліпа, бяроза ці кара дрэваў, а таксама бляха. Для здабываньня гукаў прымяняўся муштук.

Па згадках былых пастухоў, на трубах трубілі з самага ранку, «каб сабраць скаціну на выган»; днём, «каб склікаць кароваў з кустоў»; увечары, «каб даяркі ішлі даіць». Працэс ігры на трубе ў старажытных беларускіх крыніцах апісваецца тэрмінамі «іграць», «трубіць», «ударыць».

  • Труба // Назина И. Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые/ [Ред. М. Я. Гринблат]. — Мн.: Наука и техника, 1979. — с. 124—134.
  1. ^ Edward Tarr, «The Trumpet» (Portland, Oregon: Amadeus Press, 1988), — С. 20—30.
  2. ^ а б «History of the trumpet». Pops' Trumpet College.
  3. ^ Berrin, Katherine & Larco Museum. «The Spirit of Ancient Peru:Treasures from the Museo Arqueológico Rafael Larco Herrera». New York: Thames and Hudson, 1997.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трубасховішча мультымэдыйных матэрыялаў