Перайсьці да зьместу

Тонга

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тонга
Pule'anga 'o Tonga
Kingdom of Tonga
Сьцяг Тонга Герб Тонга
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: «Ko e ʻOtua mo Tonga ko hoku tofiʻa»
Дзяржаўны гімн: «Ko e fasi ʻo e tuʻi ʻo e ʻOtu Tonga»
Месцазнаходжаньне Тонга
Афіцыйная мова тонга, ангельская
Сталіца Нукуалофа
Найбуйнейшы горад Нукуалофа
Форма кіраваньня канстытуцыйная манархія
Георг Тупоў V
Фэлеці Сэвэле
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
186-е месца ў сьвеце
748 км²
4
Насельніцтва
 • агульнае (2009)
 • шчыльнасьць
195-е месца ў сьвеце
104 000
139/км²
СУП
 • агульны (2008)
 • на душу насельніцтва
167-е месца ў сьвеце
$554 млн
$5382
Валюта Паанга (TOP)
Незалежнасьць
— ад Вялікабрытаніі

4 чэрвеня 1970
Аўтамабільны знак TON
Дамэн верхняга ўзроўню .to
Тэлефонны код 676
Мапа Тонга
Мапа Тонга

То́нга, То́нґа (па-ангельску: Tonga) — выспавая краіна разьмешчаная ў Палінэзіі, у паўднёвай частцы Ціхага акіяна, на поўдні ад Самоа, і на захадзе ад Фіджы.

Першыя людзі зьявіліся на выспах Тонга 6000 гадоў таму. Тут знайшлі самыя старажытныя паселішчы ў Палінэзіі. Каля ХІІ стагодзьдзя танганцы стварылі значную цывілізацыю ў Ціхім акіяне, якая некаторымі навукоўцамі называецца «Танганская імпэрыя». У ХV і XVII стагодзьдзях на выспах Тонга адбываліся грамадзянскія войны. У гэтыя часы тут высадзіліся першыя эўрапейцы — галяндзкія вандроўнікі Вілем Шоўтэн і Якаб Лемэр у 1616 годзе, а потым Джэймз Кук у 1773, 1774 і 1777 гадах. Джэймз Кук назваў выспы «выспамі Сяброўства». З 1774 году на выспах пачалі зьяўляцца ангельскія місіянэры.

У 1845 годзе выспы Тонга былі аб’яднаныя ў каралеўства Палінэзіі мясцовым уладаром Таўфаахаў, які быў ахрышчаны і атрымаў хрысьціянскае імя Георг. У 1875 годзе ён абвясьціў стварэньне на тэрыторыі Тонга канстытуцыйнай манархіі, увёў заканадаўчую сыстэму, дараваў роўныя правы жанчынам, права землеўладаньня, свабоду прэсы, і абмежаваў свабоду лякальных уладароў. Аднак, пасьля ўшэсьця на трон другога караля ў 1900 годзе, краіна трапіла пад брытанскі пратэктарат.

Незалежнасьць Тонга атрымала ў 1970 годзе, застаўшыся ў складзе Брытанскай садружнасьці нацыяў. У 1999 годзе краіна стала ўдзельніцай ААН.

Тонга зьяўляецца адзінай манархіяй ў Ціхім акіяне. Улада манарха значна большая чым у эўрапейскіх краінах, а аўтарытэт караля зьяўляецца такім жа высокім як і стагодзьдзі назад, згодна з традыцыямі Тонга. Каралеўская сям’я, а таксама мясцовыя ўладары зьяўляюцца самымі багатымі людзьмі краіны, між тым большасьць насельніцтва Тонга жыве па-за рысай беднаты.

Кіраўніком краіны зьяўляецца кароль, які назначае прэм’ер-міністра і Кабінэт міністраў (часта пажыцьцёва). Часткай палітычнага жыцьця Тонга зьяўляецца парлямэнт, але яго ўлада значна абмежаваная. Грамадзяне краіны маюць права выбіраць толькі 9 з 23 дэпутатаў парлямэнту, а астатнія паходзяць зь сем’яў мясцовых уладароў і назначаюцца каралём.

Дзейнасьць палітычных партыяў у Тонга забаронена, але пасьля прыняцьця канстытуцыі 1980-х гадоў у краіне ўзьнік апазыцыйны рух, які змагаецца за дэмакратызацыю Тонга.

11 лютага 2006 году з пасады прэм’ер-міністра пайшоў сын караля, і пасьля сэрыі дэманстрацыяў, удзельнікі якіх дамагаліся дэмакратызацыі краіны, на гэтую пасаду быў упершыню назначаны чалавек, які не зьяўляецца ўдзельнікам каралеўскай сям’і.

На поўначы краіна мяжуе з Самоа, на паўночным захадзе з Ўолісам і Футунай, з захаду зь Фіджы, з усходу зь Ніуе, а з паўночнага ўсходу з Амэрыканскім Самоа. Архіпэляг Тонга складаецца з 169 выспаў, зь якіх толькі 45 заселеныя, яны дзеляцца на тры групы: Тонгатапу, Хаапаі, Ваваў. Выспы Тонга пераважна нізінныя каралавыя атолы, толькі некаторыя маюць вульканічнае паходжаньне зь дзейнымі вульканамі. Самай высокай кропкай краіны зьяўляецца гара на высьпе Као (1030 м).