Перайсьці да зьместу

Талін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Талін
эст. Tallinn
Герб Таліну Сьцяг Таліну
Першыя згадкі: 1154
Горад з: 1248
Былыя назвы: да 1219 — Калывань
1219—1919 — Рэвэль
Краіна: Эстонія
Павет: Хар’ю
Кіраўнік: Тааві Аас
Плошча: 159,2 км²
Вышыня: 28 м н. у. м.
Насельніцтва
колькасьць: 444 206 чал. (2016)[1]
шчыльнасьць: 2790,24 чал./км² (2016)
этнічны склад:
Сьпіс
эстонцы (52,2%)
расейцы (38,6%)
украінцы (3,8%)
беларусы (2%)
фіны (0,6%)
жыды (0,4%)
татары (0,3%)
і іншыя
Часавы пас: UTC 2
летні час: UTC 3
Тэлефонны код: 372
Паштовы індэкс: 10111
Нумарны знак: A-B
Геаграфічныя каардынаты: 59°26′14″ пн. ш. 24°44′42″ у. д. / 59.43722° пн. ш. 24.745° у. д. / 59.43722; 24.745Каардынаты: 59°26′14″ пн. ш. 24°44′42″ у. д. / 59.43722° пн. ш. 24.745° у. д. / 59.43722; 24.745
Талін на мапе Эстоніі
Талін
Талін
Талін
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
www.tallinn.ee

Та́лін (па-эстонску: Tallinn) — сталіца і галоўны марскі порт Эстоніі. Ён разьмешчаны на ўсходнім узьбярэжжы Балтыйскага мора, на паўднёвым беразе Талінскай затокі Фінскага заліва, у 80 км на поўдзень ад Хэльсынкі, на ўсход ад Стакгольма і на захад ад Санкт-Пецярбургу. З XIII стагодзьдзя па 1918 год і на кароткі час падчас нацысцкай акупацыі Эстоніі з 1941 па 1944 год, горад быў вядомы як Рэвэль[2]. Талін займае плошчу ў 159,2 км² і мае насельніцтва ў 444 215 чалавек. Прыкладна 33% ад агульнай колькасьці насельніцтва Эстоніі жыве ў Таліне.

Талін быў заснаваны ў 1248 годзе, але самыя раньнія чалавечыя паселішчы датуюцца 5000 гадоў таму, што робіць яго адным з найстарэйшых гарадоў Паўночнай Эўропы. У 1219 годзе пасьля пасьпяховага налёту на чале з каралём Даніі Вальдэмарам II навакольлі былі захоплены данцамі, а затым пераходзіў пад скандынаўскі, нямецкі і расейскі кантроль. Дзякуючы свайму стратэгічнаму разьмяшчэньню, горад стаў буйным гандлёвым цэнтрам, асабліва з XIV да XVI стагодзьдзя, калі ён пашырыў свой уплыў у Ганзэйскім зьвязе.

Стары горад Таліна зьяўляецца адным з найбольш добра захавалых сярэднявечных гарадоў Эўропы. Ён быў ўнесены ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Талін зьяўляецца буйным палітычным, фінансавым, культурным і адукацыйным цэнтрам Эстоніі. Часьцяком яго называюць Сыліконавай далінай Эўропы, мае найбольшую колькасьць стартапаў на чалавека ў Эўропе і зьяўляецца радзімай многіх міжнародных кампаніяў, у тым ліку Skype. Талін быў культурнай сталіцай Эўропы ў 2011 годзе, разам з Турку, што месьціцца ў Фінляндыі.

Талін

Мяркуецца, што назва «Tallinn (a)» у эстонскай мове ідзе ад словаў «taani linn» («дацкі град»), «tali linn» («зімовы град») або «talu linn» («дом, сядзіба-замак»). Корань «linna» азначае тое ж самае, што і расейскі «град» або нямецкі «burg» — напачатку значыла «крэпасьць», а цяпер выкарыстоўваецца для фармаваньня назваў гарадоў.

Сваю галаўную сядзібу ў Таліне мела «Эстонская энэргія».

Дацкі сьцяг у небе пасьля бітвы пры Лінданісэ ў 1219 годзе

Паселішча, якое існавала на месцы цяперашняга Таліна, упершыню згадваецца ў 1154 годзе, у працы арабскага географа Аль-Ідрысі як Quoluwany, які ахарактарызаваў яго як «маленькі горад, хутчэй падобны на цьвердзь», адзначыўшы пры гэтым вялікую гавань. У расейскіх летапісах крэпасьць згадваецца як Калыванаў.

У 1219 годзе захоплены датчанамі. «Лівонская кроніка» Генрыха Латвійскага абвяшчае, што летам 1219 г. вялікае войска пад камандаваньнем самога караля Вальдэмара II (Waldemar II) высадзіліся на бераг у зямлі Равала, і датчане «разьмясьціліся ў Лінданісе, які раней быў гарадзішчам раваласцаў, і разбурылі старыя гарадзішчы, і сталі іншае, новае будаваць».

Стаўшы дацкім, горад перажываў пастаянныя набегі эстаў і нямецкага Ордэну мечаносцаў, які да гэтага часу ўжо авалодаў тэрыторыямі сучаснай Латвіі і сучаснай паўднёвай Эстоніі.

У 1227 годзе Рэвэль быў захоплены мечаносцамі. У 1238—1346 гадох зноў належаў Даніі. У 1346 годзе Данія прадала сваю частку Эстляндыі вялікаму магістру Тэўтонскага ордэна, які неўзабаве перадаў яе ландмайстэру Тэўтонскага ордэна ў Лівоніі. У 1347 годзе гораду Рэвэль былі пацьверджаны ягоныя прывілеі.

Пачатак XV — сярэдзіна XVI стагодзьдзя — залаты век старажытнага Рэвэлю: горад уваходзіў у склад Ганзейскай лігі і граў важную ролю ў рэгіёне Балтыйскага мора. Эканамічны ўздым тых часоў спрыяў ня толькі грунтоўнаму ўмацаваньню межаў гораду, але таксама стварыў усе перадумовы для актыўнай творчасьці — стварэньня архітэктурных і мастацкіх каштоўнасьцяў. Аднак паслабленьне Лівонскага ордэну і эканамічны заняпад падчас Лівонскай вайны прывялі да страты горадам былога значэньня.

У 1561—1710 гадох Рэвэль у складзе Швэцыі. У гэты пэрыяд горад перажываў новы ўздым, пашырылася дзейнасьць талінскіх рамесьнікаў, зьявіліся першыя мануфактуры. Атрымаў распаўсюд рэфармацыйны рух. Вырасла колькасьць навучальных установаў, да канца швэдзкага пэрыяду большасьць мяшчанаў валодалі граматай. Зьявіліся друкарні. У 1637 годзе была выдадзена першая кніга на эстонскай мове.

Стары Тоомас лічыцца сымбалем і абаронцам гораду

У 1710 годзе падчас Вялікай Паўночнай вайны горад быў заваяваны Расеяй. 18 жніўня 1710 году да гораду падступілі расейскія войскі пад кіраўніцтвам генэрала Р. Х. Боўра і захапілі горад 30 верасьня 1710 году падчас аблогі актыўных баявых дзеяньняў не вялося. Да пачатку 1711 году ў горадзе памерла ад чумы каля 15 тысячаў чалавек.

Пасьля заканчэньня Вялікай Паўночнай вайны Рэвэль хутка чуняе, нягледзячы на тое, што галоўным цэнтрам Расейскай імпэрыі на Балтыцы пасьля Санкт-Пецярбургу стала Рыга. Да канца XIX стагодзьдзя пачалося бурнае разьвіцьцё рэвэльскай прамысловасьці, узрасло значэньне порту.

У 1918 годзе ў Рэвэлі была абвешчаная незалежнасьць Эстоніі. Аднак па ўмовах Берасьцейскай мірнай дамовы (артыкул IV) паміж Нямеччынай і бальшавікамі, што прыйшлі ў 1917 годзе да ўлады ў Расеі, краіна была акупаваная немцамі.

У 1919 годзе Рэвэль упершыню атрымаў сучасную эстонскую назву — Талін (па-эстонску: Tallinn).

Падчас Вызваленчай вайны 1918—1920 гадоў маладая Эстонская рэспубліка прыняла ўдзел у паходзе на Петраград белагвардзейскай Паўночна-Заходняй арміі — усяго 20 тысячаў штыкоў і шабляў: 17 500 расейцаў і 2,5 тысячы эстонцаў. Пасьля закулісных перамоваў з бальшавікамі з кастрычніка 1919 году (у разгар баёў за Петраград), паразы Паўночна-Заходняй арміі і інтэрнаваньня яе на тэрыторыі Эстоніі, 2 лютага 1920 году была падпісаная Тартуская мірная дамова паміж РСФСР і Эстоніяй — Талін стаў сталіцай дзяржавы, прызнанае ў гэты момант толькі ўрадам Савецкай Расеі.

З 1925 году афіцыйнай назвай гораду стала форма Tallinna. У 1933 годзе была вернутая назва Tallinn.

У пэрыяд незалежнасьці Талін разьвіваўся ў цэлым даволі пасьпяхова. Былі заснаваныя Талінскі пэдагагічны і Талінскі політэхнічны інстытуты, Акадэмія мастацтваў. Буйныя прадпрыемствы эпохі Расейскай імпэрыі, арыентаваныя пераважна на расейскі рынак, у 1920-я гады былі альбо зачыненыя, альбо перапрафіляваныя. У пачатку 1920-х гадоў вялікае значэньне для гораду меў транзыт савецкіх грузаў, які ў 1924 годзе дасягнуў максымуму (346 тыс. тон), але пасьля падаўленьня паўстаньня эстонскіх камуністаў 1 сьнежня 1924 году аб’ём транзытных перавозак ужо ў наступным годзе скараціўся ў 2,6 разы, а да 1938 году да 1,6 тыс. тон. Зь сярэдзіны 1930-х гадоў пасьля выхаду з найцяжэйшага эканамічнага крызісу 1929—1933 гадоў пачаўся ўздым прамысловасьці.

У выніку падпісаньня сакрэтнага дадатковага пратаколу аб разьмежаваньні сфэраў інтарэсаў да Дамовы пра ненапад паміж Нямеччынай і СССР ад 23 жніўня 1939 году ў тым ліку і Эстонія была аднесена да сфэры інтарэсаў СССР. 6 жніўня 1940 году Эстонія была далучана да СССР, і Талін стаў сталіцай Эстонскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (ЭССР).

У гады Другой сусьветнай вайны горад быў моцна разбураны. Савецкія войскі абаранялі Талін 23 дні — з 5 па 28 жніўня 1941 году, пасьля чаго вымушаны былі яго пакінуць 9, і 10 сакавіка 1944 году савецкая авіяцыя нанесла бомбавы ўдар па нямецкіх войсках, разьмешчаных у горадзе.

Вызвалены ад нямецкай акупацыі і акупаваны савецкімі войскамі 22 верасьня 1944 году падчас Талінскай апэрацыі. 7 траўня 1984 году ўказам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР «за мужнасьць і стойкасьць, праяўленыя працоўнымі гораду ў барацьбе зь нямецкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, посьпехі, дасягнутыя ў гаспадарчым і культурным будаўніцтве», Талін узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені.

На вуліцах гораду

У 1988 годзе ў Таліне паўстаў першы ў СССР антыкамуністычны грамадзка-палітычны рух Народны фронт. З 1991 году, пасьля распаду СССР і па сапраўдны момант Талін — сталіца незалежнай дзяржавы Эстонія. У 1997 годзе гістарычная частка Таліна — Старое места — быў уключаны ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

У Таліне маюцца 3 унівэрсытэты і некалькі вышэйшых школаў.

Унівэрсытэты Таліну:

Вышэйшыя школы:

  • Эстонская вышэйшая камэрцыйная школа (Estonian Business School)
  • Эстонская акадэмія музыкі і тэатру
  • Эстонская акадэмія мастацтваў
  • Эстонская марская акадэмія
  • Акадэмія ўнутранай абароны МУС Эстоніі
  • Вышэйшая школа Майнора
  • Эўраакадэмія
  • Талінская вышэйшая тэхнічная школа
  • Акадэмія Норд
  • Талінскі каледж інфармацыйных тэхналёґіяў
  • Талінская школа эканомікі

У Таліне базуюцца футбольныя клюбы: «Аякс», «Флёра», «Левадыя».

Насельніцтва Таліну налічвае 440 тыс. чалавек (ацэнка на сакавік 2016). Па стане на лістапад 2006 году ў Таліне пражывала 399 180 зарэгістраваных жыхароў, у 2012 годзе — адпаведна 417 741 чалавек.

За арганізацыю грамадзкага транспарту ў Таліне адказвае Талінскі дэпартамэнт транспарту. У горадзе дзейнічаюць сыстэмы аўтобуснага паведамленьня (57 маршрутаў), трамвайнага (4 маршруты) і тралейбуснага (8 маршрутаў), якія злучаюць усе часткі гораду і найбліжэйшыя навакольлі. Аплата вырабляецца з дапамогай прадаплочаных квіткоў, якія можна купіць у кіёсках ці ў вадзіцеля (даражэй).

З 2004 году, уладальнікі эстонскай ID-карткі могуць набываць электронны квіток, выкарыстоўваючы інтэрнэт, тэлефон, банкаматы або за гатоўку.

Зь першага студзеня 2013 году праезд у аўтобусах, тралейбусах і трамваях для зарэгістраваных жыхароў гораду — бясплатны. Жыхары ўсё роўна павінныя набываць бясплатны электронны квіток. Такі квіток існуе ці то ў выглядзе адмысловай транспартнай плястыкавай карткі, альбо можа быць прывязаны да іншае карткі, што дазваляе бескантактную валідацыю — напрыклад, ISIC.

Паромны рух, які злучае Талін і Хэльсынкі, дазволіў жыхарам абедзьвюх гарадоў выпраўляцца па танныя закупкі, што прывяло да зьяўленьня такога азначэньня, як Тальсынкі.

Інфармацыя для турыстаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Панарама Таліну

На 2012 г. захавалася каля 2 км гарадзкіх муроў зь 50 вежамі, якіх на пачатак 16-га ст. было 3 км[3].

  1. ^ Tallinna elanike arv  (эст.) Праверана 28 сакавіка 2016
  2. ^ World and Its Peoples, Volume 8 of Estonia, Latvia, Lithuania, and Poland. Marshall Cavendish. 2010. p. 1069. ISBN 9780761478966.
  3. ^ Ларыса Цімошык. Вокны Эўропы эстонскага гатунку // Зьвязда : газэта. — 17 траўня 2012. — № 92 (27207). — С. 5. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]