Сьпіс элемэнтаў фартыфікацыі
Выгляд
Сьпіс утрымлівае фартыфікацыйную тэрміналёгію ўпарадкаваную ў альфабэтным парадку.
Зьмест А Б В Г Д Е Ё Ж З І К Л М Н О П Р С Т У Ў Ф Х Ц Ч Ш Ы Э Ю Я |
- Абарончы храм
- царква або касьцёл прыстасаваныя абароны, пры дапамозе шэрагу фартыфікацыйных элемэнтаў: флянкіруючых вежаў, байніц, машыкуляў па пэрымэтры збудаваньня, брамы з герсай.
- Аблам ці забарол
- бруствэр у 3—7 вянкі на абарончых сьценах, які дазваляў трымаць пад абстрэлам падэшву ўмацаваньня. Характэрны для драўлянай архітэктуры, у мураваным дойлідзтве гэтую функцыю выконвалі машыкулі.
- Амбразура (франц. embrasure)
- прастакутная арачная або круглая адтуліна ў сьценах ці земляных валах раструбам вонкі для вядзеньня вагня з гарматаў ці ручной зброі.
- Апарэль
- глядзі ўзвалок.
- Арсэнал (франц. arsenal; італ. arsenale) або цэйхгаўз
- будынак для захаваньня зброі, боепрыпасаў і іншага вайсковага рыштунку.
- Артылерыйская вежа
- вежа з байніцамі для вагняпальнай зброі. Буйныя артылерыйскія вежы часта называліся рандэлямі.
- Арылён (анг. оreille)
- у першых бастыённых сыстэмах (стара- і новаітальянскай) будаваліся для прыкрыцьця абарончай артылерыі ў флянках бастыёнаў.
- Астрог
- найбольш старажытная драўляная канструкцыя ў выглядзе суцэльнай сьцяны зь вэртыкальна або нахілена ўкапаных ў зямлю бярвеньняў, завостраных зьверху. Быў выцесьнены гароднямі і тарасамі.
- Байніца або стрэльніца
- адтуліна ў сьцяне абарончага збудаваньня для вядзеньня вагню са стралковай зброі (закрытая байніца) або між зубцамі ў завяршэньні замкавых сьценаў ці вежаў (адкрытая байніца).
- Барбакан (ням. Barbakane)
- перадбрамнае ўмацаваньне з унутраным дваром і баявой галерэяй па пэрымэтры звычайна цыліндрычнае або падковападобнае ў пляне. У адрозьненьне ад барбакана перадбрам'е было менш разьвіта і мела меншыя памеры.
- Барбэт ці банк (фр. barbette, ням. Geschützbank)
- насып ці ўзвышэньне ля бруствэра для гарматаў, якія страляюць праз бруствэр.
- Бастыён (лац. bastillio; анг. bastion; анг. bastion)
- выступаючая частка вала абарончага збудаваньня паліганальнай формы (трохкутная, пяцівугольная, серпавідная ці ромбавідная). На бастыён разьмяшчалася абарончая артылерыя для абстрэлу ворага на далёкай адлегласьці і флянкаваньня сумежных курцінаў і бастыёнаў.
- Бастэя
- абарончае збудаваньне ў форме землянога насыпу альбо каменнай двухпавярховай вежы формы паўкруга ці падковы, высунутай за пэрымэтр умацаваньняў. Элемэнт позьнесярэднявечнай абарончай фартыфікацыі: пераходная форма ад вежы да бастыёна.
- Бастыённы замак
- абарончае збудаваньне Новага часу, ўмацаванае з дапамогай бастыённых сыстэм рознага тыпу. Ад ранейшых замкаў бастыённыя замкі перанялі іх сацыяльную, вайсковую і адміністратыўна-палітычную ролю, аднак значна адрозьніваліся ад іх прынцыпам арганізацыі абароны.
- Батарэя
- умацаваньне, прызначанае для стральбы зь некалькіх гарматаў, разьмешчаных паблізу.
- Башта (пол. baszta; ням. Mauerturm)
- від вежы, якая мела функцыі флянкаваньня, выступала за пэрымэтр сьценаў і магла быць адкрытай унутр умацаваньня.
- Баявая галерэя (анг. banquette; ням. Wehrgang)
- асноўны элемэнт абарончага ўмацаваньня, які ўяўляў сабой бясьпечны для абаронцаў ход са спэцыяльнымі прыстасаваньнямі для вядзеньня вагня (байніцы, зубцы, машыкулі і інш.) ў боку праціўніка. У бастыённых фартэцыях баявая галерэя прыкрывалася бруствэрам.
- Бэргфрыд (ням. Bergfried)
- дамінуючая абарончая вежа замка, якая можа як і данжон служыць апошнім прытулкам абаронцам у выніку захопу астатняга замку, аднак ня мае ў адрозьненьне ад данжона жылых функцый, якія ў выпадку ўзьвядзеньня бэргфрыда пераносяцца на палац.
- Бланкі ці блянкаваньне
- 1) сьценка баявой галерэі з байніцамі для стральбы, 2) зубчастае завяршэньне каменнай сьцяны альбо вежы, з-за якой вёўся агонь.
- Бліндаж
- сховішча для жывой сілы і рыштунку, якое робіцца ля вагнявой пазыцыі пад бруствэрам.
- Больвэрк (ням. Bollwerk)
- 1) таксама бычок — абарончы элемэнт у выглядзе невялікай выступаючай вежы, форма прыстасаваньня да ўжываньня вагняпальнай зброі ў выглядзе паўкруглага выступа на ўзроўні сьцяны для фланкаваньня прылеглых сьценаў; 2) тое самае, што і кавальер.
- Брама (ням. Tor)
- абарончае збудаваньне, найчасьцей ярусная кампазыцыя ў выглядзе вежы з каменю ці цэглы. Служыла галоўным уваходам у абарончы комплекс (замак, фартэцыя, крэпасьць і інш.)
- Брона
- глядзі герса.
- Бруствэр (ням. Brustwehr)
- насып прызначаны для прыкрыцьця ад куляў і снарадаў баявой галерэі.
- Бычок
- глядзі больвэрк.
- Вал
- драўляна-зямельнае абарончае ўмацаваньне ў выглядзе штучнага ўзвышша, часам з мураванай аблямоўкай паверхні.
- Вежа
- асобнае збудаваньне ці частка будынка, вышыня якога значна перавышае шырыню.
- Вежа валынскага тыпу або стоўп
- тып манумэнтальных абарончых вежаў, якія ўзводзіліся на Валыні, а таксама на землях сучасных Беларусі і Польшчы ў другой палове XIII — XIV стагодзьдзі.
- Вывад
- 1) тое ж, што і бастыён; 2) патаемны ход, які выводзіў з замку.
- Воўчая яма
- паглыбленьні ў зямлі з умацаванымі і завостранымі ўверх драўлянымі каламі.
- Вэрк
- асобнае ўмацаваньне, якое ўваходзіць у склад фартыфікацыйных умацаваньняў і здольна весьці самастойную абарону.
- Гародня
- зруб злучаны з падобныямі яму зрубамі ў адзіную лінію, утвараючы прасла абарончай сьцяны. Наверсе гародні мелі агульную баявую галерэю накрытую страхой.
- Герса ці брона
- мэталічныя альбо каваныя жалезам дубовыя пад’ёмныя краты ўязной брамы, якія дадаткова абаранялі ўваход.
- Гласіс (анг., франц. glacis)
- ахоўны земляны насып перад ровам і схаваным ходам у сыстэме абароны фартэцый Новага часу адкрыты для абстрэлу абарончай артылерыі.
- Горжа (анг. rear, gorge)
- шыя, тыльны бок ці заканчэньне бастыёна, равэліна.
- Данжон (франц. donjon)
- магутная ўмацаваная вежа, сумяшчае абарончыя і жылыя функцыі. Можа зьяўляцца як непасрэдна замкам так і яго часткаю.
- Дзядзінец
- цэнтральная частка старажытнага гораду, умацаваная драўляным тынам, равамі і валамі з драўлянымі сьценамі.
- Дом-крэпасьць
- тып жылога дома прыстасаванага да абароны з чатырма нарожнымі абарончымі вежамі.
- Дэмібастыён (анг. demi-bastion)
- бастыён з адным флянкам.
- Дэмілюн (анг. demilune) ці паўмесяц
- дадатковае абарончае ўмацаваньне фартэцыі ў рове перад бастыёнам. Падобны да равэліна, аднак у адрозьненьне ад яго мае завяршэньне ў форме паўмесяца.
- Забарол
- тое самае што і аблам
- Замак
- паводле архітэктурнай, археалягічнай і гісторыка-сацыялягічнай сутнасьці зьяўляецца абарончай прыватнаўласьніцкай сядзібай-рэзыдэнцыяй фэадала з пэўным наборам абарончых і жылых збудаваньняў, характэрнай для пэўнага этапу ў разьвіцьці грамадзтва (фэадалізму).
- Ізьбіца
- 1) зрубная надбудова над замкавай вежай, завершаная шатром, крыху выступала за перымэтр муроў вежы і была абсталявана байніцамі тыпу машыкуляў або падсябіцьцяў; 2) зруб, які ставіўся перад брамай у рове для ўкладаньня на ім насьцілу для моста.
- Кабыліна
- драўлянае прыстасаваньне-загародка на чатырох апорах і бервяно, якім перагароджвалі ноччу зь сярэднявечным горадзе вуліцы ці подступы да брамаў для кантролю за перамяшчэньнем людзей.
- Кавальер (анг. cavalier) ці надшанец
- узвышэньне на бастыёне ці курціне, якое дае магчымасьць весьці больш эфэктыўны артылерыйскі абстрэл дальніх подступаў як і падножжа вала.
- Казарма
- Казэмат (ням. Kasematte)
- надземнае, падземнае ці ўнутрывальнае перакрытае скляпеньнямі памяшканьне, якое служыла для абароны гарнізона. Часта казэматы разьмяшчаліся за эскарпам ці контрэскарпам, мелі вагнявыя пазыцыі для гармат, служылі для стабілізацыі вала.
- Канвэнтхаўс (ням. Konventhaus)
- замак-кастэль рэгулярнай формы з комплексам жылых, сакральных і гаспадарчых пабудоваў, згрупаваных вакол невялікага ўнутранага двара і маючых абарончыя прыстасаваньні на зьнешнім пэрымэтры.
- Капанір (анг. caponier)
- абарончае збудаваньне для вядзеньня флянгавага вагня ў двух супрацьлеглых кірунках ці абарончы ход са стралковымі пазыцыямі ад равэліна да курціны.
- Кардэгарда (франц. corps de garde)
- збудаваньне ў фартэцыях і замках XVI—XVIII стагодзьдзяў для разьмяшчэньня каравула. Звычайна будавалася ў комплексе з брамаю.
- Каток (або слон)
- масіўнае бервяно, якое замацоўвалася на спэцыяльных прыстасаваньнях на гарадзкіх або замкавых сьценах і ў час варожага штурму скідвалася на праціўніка.
- Кастэль
- 1)пастаянны ўмацаваны вайсковы лягер часу Рымскай імпэрыі; 2)замак рэгулярнай формы з флянкуючымі вежамі або безь іх у Эўропе ў сярэднявеччы і раньнім Новым часе.
- Контргардэн (анг. counterguard)
- дадатковае абарончае збудаваньне фартэцыі, у адрозьненьне ад равэліна знаходзіўся перад бастыёнам. Умацаваньне распаўсюджанае ў раньніх бастыённых сыстэмах, узьнікла з патрэбы схаваць занадта добра бачны эскарп бастыёна.
- Контр-мінная галерэя
- падземныя збудаваньні дляабароны бліжэйшых подступаў да ўмацаваньня супраць мінных галерэй ворага.
- Контрэскарп (анг. counterscarp)
- мураваная сьцяна, або аблямоўка зьнешняга боку рова фартэцыі.
- Кофр
- абарончае казэматаванае збудаваньне, якое ўзводзілі на зыходзячых вуглах рвоў за контрэскарпам для флянгавага абстрэлу рва.
- Кронвэрк (анг. crownwork)
- разьвітае дадатковае ўмацаваньне фартэцыі, складаецца з двух франтоў фартыфікацыі, хорнвэрк — з аднаго.
- Круглік
- васьмігранная ў пляне драўляная абарончая вежа, вядомая ў ВКЛ ў XVI—XVII стагодзьдзях.
- Курціна
- частка абарончага вала між двума бастыёнамі.
- Люнет (анг. lunette)
- адкрытае з тылу абарончае ўмацаваньне фартэцыі блізкае па форме да бастыёна з двума флянкамі і фасамі.
- Машыкулі (франц. — machicoulis) або падсябіцьце
- спэцыяльныя байніцы ў сьценах замкаў і гарадзкіх умацаваньняў, галоўнай функцыяй якіх было весьці абстрэл прылягаючай да сьцяны зоны. У драўляным дойлідзтве аналягічна Падсябіцьцям.
- Мёртвая зона ці мёртвы вугал
- зона перад абарончымі ўмацаваньнямі, якая не была даступнай для абстрэлу абарончай артылерыяй, і таму вельмі зручнай для нападу ці штурма ўмацаваньня. З мэтай ліквідацыі мёртвага вугла дойліды імкнуліся завастрыць зьнешні вугал нарожных вежаў, што і прывяло да ўзьнікненьня пяцівугольных бастыёнаў.
- Надолбы
- загароджаньне зь бярвеньняў, укапаных у грунт з нахілам у бок праціўніка.
- Надшанец
- тое самае, што і кавальер.
- Падсябіцьце
- у драўляным дойлідзтве абарончая канструкцыя ў выглядзе гарызантальнай байніцы. У мураваным дойлідзтве адпавядае машыкулямі.
- Палісад
- глядзі астрог.
- Паркан ці баркан
- абарончая агароджа ў выглядзе частакола альбо зрубленая ў паз.
- Патэрна
- падземны калідор ці галерэя для камунікацыі між фартыфікацыйнымі збудаваньнямі
- Паўкапанір
- флянкуючае збудаваньне, якое ўзводзілася ля эскарпа і магло весьці флянгавы агонь у адным кірунку.
- Перадбрам’е
- невялікае абарончае ўмацаваньне перад брамай у выглядзе прасла сьцяны прастакутнай ці паўцыліндрычнай формы. У адрозьненьне ад барбакана мела невялікія памеры і будавалася непасрэдна перад самой брамай.
- Прадзамча
- дадатковае фартыфікацыйнае ўмацаваньне замка. Прадзамча ставілася звычайна з найбольш небясьпечнага боку, каб абмежаваць прамы падыход да замка.
- Прасла
- 1)частка сьцяны каркаснай канструкцыі або плоту з пакладзеных гарызантальна бярвеньняў, брусоў, жэрдак між двума вэртыкальнымі слупамі (шуламі); 2)частка сьцяны між дзвума абарончымі вежамі, бастэямі або бастыёнамі.
- П’ятаформа (італ. piatta forma)
- плоскі тупавугольны або паўцыркулярны бастыён, які ўзводзіўся дзеля ўзмацненьня курціны, калі адлегласьць між бастыёнамі была занадта вялікай. П’ятаформа характэрна для стараітальянскай абарончай сыстэмы.
- Равэлін (анг. ravelin, франц. ravelin)
- дадатковае абарончае ўмацаваньне фартэцыі перад курцінай у прамежку між бастыёнамі ці перад брамай.
- Рандэль (франц. rondel)
- магутная мураванай вежа прыстасаваная для ўжываньня вагняпальнай зброі, часьцей за ўсё паўкруглай формы.
- Раскат
- прымітыўны від абарончай вежы з пляцоўкай для ўстаноўкі гарматаў.
- Роў (анг. ditch)
- абарончае ўмацаваньне ў выглядзе штучна ўтворанага канала ці яра, галоўнай функцыяй якога было перакрыцьцё падыходу да ўмацаваньня (гарадзішча, грода, замка ці фартэцыі).
- Рэдан (анг. redan)
- простае абарончае ўмацаваньне фартэцыі у выглядзе вуглавога выступа ў абарончай лініі.
- Рэдзюіт
- унутранае ўмацаваньне ў замкнутых умацаваньнях для ўзмацненьня абароны на асобных участках. Апошні аплот абаронцаў.
- Рэдут (анг. redoubt)
- палявое ці часовае абарончае ўмацаваньне закрытае з чатырох ці больш бакоў валамі і рвамі, аднак без магчымасьці вядзеньне фланкіруючага вагня.
- Стоўп
- глядзі вежа валынскага тыпу.
- Схаваны ход ці прыкрыты ход (анг. covered way)
- упершыню ўзгадваецца ў 1554 годзе. Баявы ход у сыстэме бастыённай фартыфікацыі, які праходзіў перад ровам, быў прыкрыты бруствэрам і дазваляў трымаць абарону на бліжэйшых подступах да фартэцыі. Таксама меў баявую галерэю.
- Тараса
- сьцяна абарончага збудаваньня з двух шэрагаў бярвеньняў ці брусоў, прамежкі паміж якімі часам запаўняліся зямлёй ці каменьнем.
- Травэрс (анг. travers)
- папярочны вал ці перашкода для абароны ад куляў ці снарадаў.
- Тын
- глядзі астрог.
- Тэналь (анг. tenail)
- дадатковае ўмацаваньне ў рове фартэцыі, ніжэй за курціну, што дазваляла весьці агонь з апошняй, але абараняла яе ад прамога абстрэлу.
- Тэт-дэ-пон
- перадмаставая ўмацаваная пазыцыя.
- Узвалок ці апарэль
- нахілены памост перад баявой вежай ці галерэяй, па якім усьцягвалі гарматы.
- Узвод
- пад’ёмны мост на ланцугах.
- Фас (шчака) бастыёна
- пярэдні бок бастыёна ў кірунку нападу.
- Флянк бастыёна
- бакавая частка паліганальнага бастыёна, зь якой веўся флянкіруючы абстрэл суседняй курціны і бастыёна.
- Форбург
- глядзі прадзамча
- Форт (лат. fortis — моцны)
- фартыфікацыйнае збудаваньне, самастойны, вынесены элемэнт фартэцыі. Форт прыстасаваны да вядзеньня бою ў поўным акружэньні і ізаляцыі, аднак ён дзейнічае як частка буйных фартэцый новага і найноўшага часу, або як частка т.зв. фартыфікацыйных паясоў, дзе суседнія ізаляваныя форты пад час абароны падтрымлівалі адзін аднаго гарматным агнём.
- Фортка
- невялікая брамка ў абарончай сьцяне для выхаду з замка. Звычайна разьмяшчалася ў супрацьлеглым баку да напольнага і галоўнай брамы.
- Фосэбрэй (анг. fausse-braye)
- доўгая абарончая лінія на працягу ўсяго пэрымэтру ўмацаваньняў, якая перахоўвала іх ад прамога артылерыйскага абстрэлу.
- Фронт фартыфікацыі (анг. front of fortification)
- Хорнвэрк ці горнвэрк(ням. Hornwerk; анг. hornwork)
- разьвітае дадатковае ўмацаваньне фартэцыі, якое складаецца з аднаго фронта фартыфікацыі, у той час як кронвэрк з двух.
- Цьвінгэр
- прастора перад абарончай сьцяной замка ці гораду, абмежаванай звонку другой ніжэйшай сьцяной.
- Цэйхгаўз
- глядзі арсэнал.
- Цытадэль
- Часнок
- 1) завостранае кольле, убітае альбо ўкапанае вэртыкальна ў зямлю на подступах да ўмацаваньня; 2) мэталічные чатырохшыповае прыстасаваньне для барацьбы з коньніцай і пяхотай ворага, якое раскідвалася на іх шляху.
- Шанец
- зямельнае ўмацаваньне тыпу акопа з бруствэрам.
- Штурмфал
- бярвеньні, ўкладзеныя шчыльна адзін да аднаго ў выглядзе нахіленага ці гарызантальнага палісаду па эскарпе ці контрэскарпе, звычайна пэрпэндыкулярна да іх.
- Эскарп (анг. scarpe, escarpe)
- мураваная аблямоўка ніжняй часткі абарончага валу на ўзроўні рва.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. ISBN 5-85700-078-5
- Пивоварчик, С.А. Белорусские земли в системе фортификационного строительства Российской империи и СССР (1772-1941). — Гродно: ГрГУ, 2006.
- Ткачоў, М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991.
- Festungen. Glossarium artis: [deutsch-französisch-englisch]. Wörterbuch zu Kunst. Band 7. München, 1997. ISBN 3-598-10806-0
- Piper, Otto. Burgenkunde. Bauwesen und Geschichte der Burgen Zunächst innerhalb des deutschen Sprachgebietes. Augsburg,1992.