Перайсьці да зьместу

Біблія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сьвятое Пісаньне»)

Бі́блія (па-грэцку: βιβλία — «кнігі», «звод кніг»[1][2]) — збор старажытных рэлігійных тэкстаў, кананізаваны ў юдаізьме і хрысьціянстве[1][2]. Хрысьціянская Біблія складаецца зь дзьвюх частак — Старога Запавету, кнігі якога прызнаюцца ў юдаізме, ды Новага Запавету, створанага пасьля жыцьця Ісуса Хрыста. Некаторыя групы ў хрысьціянстве ўключаюць у адзін ці абодва Запаветы сьвятыя пісаньні, сярод якіх самыя значныя завуцца апокрыфамі. У Стары Запавет уваходзяць кнігі, напісаныя да нараджэньня Хрыстовага і прынятыя хрысьціянскай царквой у склад пісаньня. Збольшага, ён супадае зь юдэйскай Бібліяй, але адрозьніваецца ад яе парадкам кніг і расстаноўкай акцэнтаў.

Біблія для большасьці хрысьціян уключае Новы Запавет, які апісвае жыцьцё і вучэньне Хрыста, лісты апостала Паўла ды іншых прыхільнікаў раньняе хрысьціянскае царквы, а таксама Кнігу Адкрыцьця. Новы Запавет уключае 27 кніг, галоўнай асобай якіх зьяўляецца Хрыстос. Большасьць кніг былі напісаныя на старажытнай грэцкай мове.

Біблія пісалася рознымі аўтарамі на працягу многіх стагодзьдзяў, згодна з традыцыйным пунктам гледжаньня ў хрысьціянстве — з XV стагодзьдзя да н. э. па I стагодзьдзе н. э. Многія сьвецкія дасьледчыкі прытрымліваюцца меркаваньняў аб больш позьнім паходжаньні кніг Старога Запавету. Некаторыя сучасныя дасьледчыкі прытрымліваюцца думкі пра тое, што большасьць кніг Старога Запавету і ўсё Эвангельля былі напісаныя ананімнымі аўтарамі[3]. Тэксты Эвангельляў існавалі ў ананімным выглядзе да пачатку другога стагодзьдзя, калі ім было прыпісана аўтарства[4].

Гістарычныя цэрквы лічаць, што сапраўднасьць кніг Сьвятога Пісаньня сьведчыць сьвятаайцоўская спадчына: сьвятыя мужы першых стагодзьдзяў, якія маглі чуць казаньне Эвангельля, альбо ад саміх апосталаў ці ад іх бліжэйшых вучняў, склалі канон кніг, якія можна было назваць Сьвятым Пісаньнем (у адрозьненьне ад паданьняў і апокрыфаў). Лічыцца, што сапраўднасьць кніг вызначаецца па адпаведнасьці зьместу кніг апостальскай веры.

У XVIII стагодзьдзі дакладнасьць традыцыйнага прыпісваньня біблейскіх кніг канкрэтным аўтарам была пастаўлена пад сумнеў[4]. У цяперашні час некаторыя навукоўцы лічаць, што большасьць кніг былі адрэдагаваныя і зьменены, і па гэтай прычыне аднавіць зьмест арыгінала ў наш час амаль немагчыма[5].

Кананічны тэкст Старога Запавету ўключае 39 кніг, некананічны грэцкі пераклад Сэптуагінта — на 11 кніг болей. Тэкст Старога Запавету напісаны на арамейскай мове, якая ў той час ужывалася жыдамі ў паўсядзённым жыцьці. Паводле юдаісцкай традыцыі Стары Запавет (Танах) дзеліцца на 3 часткі: «Закон» (Тора), «Прарокі» (Нэвіім) і «Пісаньні» (Кетувім).

† Кнігі Старога Запавету
Беларуская
назва
Лацінская
назва
Грэцкая
назва
Назва
ў Танаху
Быцьцё Genesis Γένεσις בְּרֵאשִׁית
Выхад Exodus Ἔξοδος שְׁמוֹת
Лявіт Leviticus Λευϊτικòν וַיִּקְרָא
Лікі Numeri Ἀριθμοὶ בְּמִדְבַּר
Другі закон Deuteronomium Δευτερονόμιον דְּבָרִים
Кніга Ісуса сына Нава Iosue Ἰησοῦς יְהוֹשֻׁעַ
Кніга Судзьдзяў Iudicum Κριταὶ שׁוֹפְטִים
Кніга Рут Ruth Ροὺθ רוּת
Першая кніга Царстваў I Samuelis Βασιλειων Α' שְׁמוּאֵל א׳
Другая кніга Царстваў II Samuelis Βασιλειων Β' שְׁמוּאֵל ב׳
Трэцяя кніга Царстваў I Regum Βασιλειων Γ' מְלָכִים א׳
Чацьвёртая кніга Царстваў II Regum Βασιλειων Δ' מְלָכִים ב׳
Першая кніга Летапісаў I Paralipomenon Παραλειπομένων Α' דִּבְרֵי הַיָּמִים א׳
Другая кніга Летапісаў II Paralipomenon Παραλειπομένων Β' דִּבְרֵי הַיָּמִים ב׳
Кніга Эздры Esdrae Ἒσδρας עֶזְרָא
Кніга Нээміі Nehemiae Νεεμιας נְחֶמְיָה
Кніга Эстэр Esther Ἐσθὴρ אֶסְתֵּר
Кніга Ёва Iob Ἰῶβ אִיּוֹב
Псалтыр Psalmorum Ψαλμοὶ תְּהִלִּים
Кніга Выслоўяў Саламонавых Proverbiorum Παροιμιαι מִשְׁלֵי
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка Ecclesiasticus Ἐκκλησιαστὴς קֹהֶלֶת
Найвышэйшая Песьня Саламонава Canticum Canticorum ᾎσμα שִׁיר הַשִּׁירִים
Кніга прарока Ісаі Isaiae Ἠσαΐας יְשַׁעְיָהוּ
Кніга прарока Ераміі Ieremiae Ιερεμίας יִרְמְיָהוּ
Ераміін Плач Lamentationes Θρῆνοι אֵיכָה
Кніга прарока Езэкііля Ezechielis Ἰεζεκιὴλ יְחֶזְקֵאל
Кніга прарока Данііла Danielis Δανιὴλ דָּנִיֵּאל
Кніга Асіі Osee Ὡσηὲ הוֹשֵׁעַ
Кніга Ёіля Ioel Ἰωὴλ יוֹאֵל
Кніга Амоса Amos Ἀμὼς עָמוֹס
Кніга Аўдзея Abdiae Ἀβδιοὺ עֹבַדְיָה
Кніга Ёны Ionae Ἰωνᾶς יוֹנָה
Кніга Міхея Michaeae Μιχαίας מִיכָה
Кніга Навума Nahum Ναοὺμ נַחוּם
Кніга Абакума Habacuc Αμβακοὺμ חֲבַקּוּק
Кніга Сафона Sophoniae Σοφονίας צְפַנְיָה
Кніга Агея Aggaei Ἁγγαῖος חַגַּי
Кніга Захарыі Zachariae Ζαχαρίας זְכַרְיָה
Кніга Малахіі Malachiae Μαλαχίας מַלְאָכִי

Новы Запавет уключае 27 кніг, напісаных на старажытнагрэцкай мове, у якіх апісваецца жыцьцё і дзейнасьць Ісуса Хрыста — 4 Дабравесьці, пашырэньне ягонага вучэньня. Таксама значную частку Новага Запавету складаюць лісты або пасланьні да тагачасных вернікаў Рымскай імпэрыі ў Грэцыі, Малой Азіі, Палестыны ды Рыму. Сканчаецца Новы Запавет кнігай Апакаліпсіс.

† Кнігі Новага Запавету
Беларуская
назва
Лацінская
назва
Скарачэньне Мова арыгінала
Бел. Поўн. Мін.
Эвангельле паводле Мацьвея Evangelium secundum Matthaeum Мт Mt Mt Грэцкая (Кайнэ)
Эвангельле паводле Марка Evangelium secundum Marcum Мр,Мк Mk M,Mk Грэцкая (Кайнэ)
Эвангельле паводле Лукі Evangelium secundum Lucam Лк Lk L,Lk Грэцкая (Кайнэ)
Эвангельле паводле Яна Evangelium secundum Ioannem Ян Jn Jn,Jo Грэцкая (Кайнэ)
Дзеяньні Апосталаў Actus Apostolorum Дзеян Acts A Грэцкая (Кайнэ)
Ліст да Рымлянаў Epistula ad Romanos Рым Rom Ro Грэцкая (Кайнэ)
Першы ліст да Карынцянаў Epistula I ad Corinthios 1 Кар 1 Cor 1C Грэцкая (Кайнэ)
Другі ліст да Карынцянаў Epistula II ad Corinthios 2 Кар 2 Cor 2C Грэцкая (Кайнэ)
Ліст да Галятаў Epistula ad Galatas Гал Gal G Грэцкая (Кайнэ)
Ліст да Эфэсянаў Epistula ad Ephesios Эф Eph E Грэцкая (Кайнэ)
Ліст да Піліпянаў Epistula ad Philippenses Піл Phil Phi Грэцкая (Кайнэ)
Ліст да Каласянаў Epistula ad Colossenses Кал Col C Грэцкая (Кайнэ)
Першы ліст да тэсалёнікійцаў Epistula I ad Thessalonicenses 1 Тэс 1 Thess 1Th Грэцкая (Кайнэ)
Другі ліст да тэсалёнікійцаў Epistula II ad Thessalonicenses 2 Тэс 2 Thess 2Th Грэцкая (Кайнэ)
Першы ліст да Цімафея Epistula I ad Timotheum 1 Цім 1 Tim 1T Грэцкая (Кайнэ)
Другі ліст да Цімафея Epistula II ad Timotheum 2 Цім 2 Tim 2T Грэцкая (Кайнэ)
Ліст да Тытуса Epistula ad Titum Тыт Tit T Грэцкая (Кайнэ)
Ліст да Філімона Epistula ad Philemonem Флм Philem P Грэцкая (Кайнэ)
Ліст да Габрэяў Epistula ad Hebraeos Гбр Heb H Грэцкая (Кайнэ)
Ліст Якава Epistula Iacobi Як Jas Ja Грэцкая (Кайнэ)
Першы ліст Пятра Epistula I Petri 1 Пят 1 Pet 1P Грэцкая (Кайнэ)
Другі ліст Пятра Epistula II Petri 2 Пят 2 Pet 2P Грэцкая (Кайнэ)
Першы ліст Яна Epistula I Ioannis 1 Ян 1 Jn 1J, 1Jn Грэцкая (Кайнэ)
Другі ліст Яна Epistula II Ioannis 2 Ян 2 Jn 2J, 2Jn Грэцкая (Кайнэ)
Трэці ліст Яна Epistula III Ioannis 3 Ян 3 Jn 3J, 3Jn Грэцкая (Кайнэ)
Ліст Юды Epistula Iudae Юд Jude J Грэцкая (Кайнэ)
Адкрыцьцё Яна Багаслова Apocalypsis Ioannis Адкр. Rev R Грэцкая (Кайнэ)
Біблія, надрукаваная Францішкам Скарынам у 1517 годзе

Біблія зьяўляецца найбольш перакладанай кнігай у сьвеце. На 31 студзеня 2007 року Біблія выдадзеная на 438 мовах, акрамя таго Новы Запавет перакладзены яшчэ на 1168 моваў, а на 848 моваў Біблія перакладзена часткова. Згодна са зьвесткамі кнігі рэкордаў Гінэса агульны наклад аддрукаваных Біблій з 1815 па 1975 склаў 2,5 мільярды асобнікаў.

На беларускую мову

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі Беларусі сьпісы асобных біблейскіх кніг або іх фрагмэнтаў зьявіліся, верагодней за ўсё, пасьля хрышчэньня Русі (986—988). На працягу многіх стагодзьдзяў Біблія на тэрыторыі сучаснай Беларусі чыталася на царкоўнаславянскай мове. Вядомы дзясяткі рукапісаў XI—XV стагодзьдзяў на царкоўнаславянскай мове. Магчыма, перапісваньнем сьвятых кніг займалася Эўфрасіньня Полацкая (XII ст.). Пра сталую біблейскую традыцыю на тэрыторыі Беларусі сьведчаць рукапісныя помнікі: Аршанскае, Полацкае, Друцкае Эвангельлі, Смаленскі псалтыр і інш.

Першым унікальным навукова-папулярным друкаваным выданьнем Бібліі на роднай мове, блізкай да тагачаснай старабеларускай літаратурнай мовы, была Біблія Ф. Скарыны. 6 жніўня 1517 году ён выпускае Псалтыр, потым амаль кожны месяц — новую кнігу Бібліі. За два гады ён выдаў 23 ілюстраваныя кнігі. У першую беларускую Біблію выдавец уключыў амаль паўсотні ілюстрацыяў: шматлікія застаўкі, іншыя дэкаратыўныя элемэнты, якія гармануюць зь вёрсткай старонак, шрыфтам і тытульнымі лістамі. У яго праскіх выданьнях мноства арнамэнтальных упрыгожаньняў і графічных ініцыялаў. У сакавіку 1525 ў Вільні Скарына выпусьціў «Апостал» («Дзеі і пасланьні апосталаў»).

Наступным значным перакладам зьявілася праца Васіля Цяпінскага. Ён быў вядомым прыхільнікам Рэфармацыі ў Беларусі, заснаваў у сваім маёнтку Цяпіна друкарню. Ён выдаў Эвангельля ад Мацьвея, Марка і пачатак Лукі на дзьвюх мовах: царкоўнаславянскай і беларускай.

Пазьней у 1563 выдадзена Берасьцейская Біблія (Радзівілаўская Біблія). Выданьнем біблейскіх кніг займаўся Сымон Будны, Іван Фёдараў і Пётар Мсьціславец, Сьпірыдон Собаль, Максім Вашчанка(be) й іншыя[2].

На працягу XVII—XIX стагодзьдзяў не было зроблена ні аднаго перакладу на беларускую мову.

На пачатку 1920-х гадоў баптысцкі прэсьвітар зь Берасьця Лукаш Дзекуць-Малей пераклаў Эвангельле на беларускую мову. Пазьней свае паслугі перакладу прапанаваў Антон Луцкевіч. Ён і далучыўся да працы Дзекуць-Малея. У 1931 годзе выйшаў іх сумесны пераклад Новага Запавету і псалмоў. Наступны пераклад па храналёгіі належыць да Вінцэнта Гадлеўскага, які скончыў пераклад Новага Запавету да 1930 году, аднак супрацьстаяньне каталіцкіх уладаў дазволіла выпусьціць Новы Запавет толькі ў 1939 г. Вінцэнт пачаў перакладаць і Стары Запавет, аднак загінуў падчас вайны ад рук гестапа. Яго працу працягнуў Пётар Татарыновіч. Аднак пераклад Гадлеўскага і Татарыновіча моцна насычаны палянізмамі. Наступны пераклад зьвязаны зь імем Янкі Станкевіча. Ён першы, хто перавёў ўсю Біблію на беларускую мову. Варта згадаць пераклады Мікалая Мацукевіча, Яна Пятроўскага, Міхася Міцкевіча (брата Якуба Коласа), Анатоля Клышкі, Уладзіслава Чарняўскага. У 2002 годзе Васіль Сёмуха выдаў у Менску пераклад ўсёй Бібліі[6] на беларускую мову тарашкевіцай. З 1989 году ажыцьцяўляе дзейнасьць па перакладзе Сьвятога Пісаньня Беларуская Біблейская камісія, арганізаваная пры Беларускай Праваслаўнай Царкве мітрапалітам Філарэтам. На дадзены момант зроблены пераклад чатырох Эвангельляў і рыхтуецца да друку Дзеяньні Апосталаў.

  1. ^ а б Культуралогія…
  2. ^ а б в Чалавек і грамадства:…
  3. ^ Harris, Stephen L., Understanding the Bible. Palo Alto: Mayfield. 1985.
  4. ^ а б Donald Guthrie, New Testament Introduction (Leicester, England: Apollos, 1990), pp. 37—40
  5. ^
    • John Mill, Novum Testamentum Graecum, cum lectionibus variantibus MSS. (Oxford 1707)
    • E. Nestle, Einfürung in das Griechische Neue Testament,Göttingen, 1897, S. 23.
    • Bruce M. Metzger, Bart D. Ehrman The Text of the New Testament: Its Transmission, Corruption and Restoration, Oxford University Press, 2005, p. 154.
    • Bart D. Ehrman: Misquoting Jesus — The Story Behind Who Changed the Bible and Why, p. 90 (review)
  6. ^ Біблія на беларускай мове
  • Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. -Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6.
  • Г. В. Сініла. Біблія як феномен культуры і літаратуры. Мінск: Беларуская навука, 2003.
  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — 207 с. — 4250 ас. — ISBN 5-343-00151-3
  • Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. -Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бібліясховішча мультымэдыйных матэрыялаў