Перайсьці да зьместу

Старое паданьне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Старое паданьне
Stara baśń: powieść z IX wieku
«Сьляпы гусьляр стаў у варотах,
кій яго кранаўся ляжачага трупу
[…] хлапак прытуліўся і плакаў.»
Жанр: гістарычная проза
Аўтар: Язэп Ігнацы Крашэўскі
Мова арыгіналу: польская
Публікацыя: 1876
Выдавецтва: Spółka Księgarzy Warszawskich
Наступны твор: «Lubonie»
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

«Старо́е пада́ньне» (па-польску: Stara baśń: powieść z IX wieku) — гістарычны раман Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага, выдадзены ў 1876 року. Гэтым творам распачынаецца нізка раманаў пад агульнай назвай «Гісторыя Польшчы».

«Агонь […] падкладаючы, каб
Гэнга згарэў жыўцом.»

Сюжэт раману адсылае да старапольскіх паданьняў і легендаў, між іншым пра жорсткага ўладара Попеля. Дзеяньне адбываецца ў дагістарычныя часы на землях племені палянаў.

Уладарыць над імі жорсткі князь, які ў рамане завецца Хвосткам, а ягоная жонка — немка Брунгільда. Як князь, так і ягоная жонка мараць, каб усталяваць над падданымі абсалютную ўладу, падобную да той, якую мелі князі й імпэратары Нямеччыны. Аднак гэта не падабаецца кмецям(pl), якія прызвычаіліся да таго, што ўладары шанавалі іхнюю вольнасьць. Князь са сваімі людзьмі ўзмацняюць рэпрэсіі і становяцца ўсё больш жорсткімі. У выніку ў краі выбухае бунт, супраць якога князь выклікае на дапамогу нямецкіх хаўрусьнікаў. Пачынаецца вайна, у выніку якой князь гіне, а ўлада перадаецца простаму, але аўтарытэтнаму кмецю Пясту.

Другой тэмаю раману ёсьць гісторыя каханьня. Даман, малады кмець і ваяўнік, закахаўся ў прыгажуню Дзіву. Аднак яна лічыць, што яе пакліканьнем ёсьць служба багам, таму адмаўляецца стаць жонкаю Дамана. Даман вырашае зрабіць усё, каб дабіцца яе каханьня.

Дадатковая інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раман быў выдадзены ў 1876 року Суполкай варшаўскіх кнігавыдаўцоў (прадстаўленай у Варшаве фірмай Гебэтнэр і Вольф), якая ў тым року распачала выданьне нізкі гістарычных раманаў Крашэўскага, якія мелі ахапіць гісторыю Польшчы. Яшчэ пры жыцьці аўтара ў 1879 адбылося перавыданьне кнігі ў выглядзе альбому з ілюстрацыямі Міхала Эльвіры Андрыёлі.

Раман прысьвечаны легендарным пачаткам польскай дзяржавы (да прыходу да ўлады першага ўладара палянаў — Семавіта Пяставіца). Дзеяньне разгортваецца ў IX стагодзьдзі, калі ад князя Попеля ўладу пераняла дынастыя Пястаў. Кніга складаецца з трох тамоў (30 разьдзелаў) і дадатку «Гістарычныя легенды», дзе аўтар падае ўласныя камэнтары да раману.

Кніжка ўтрымлівае шмат архаізмаў (напрыклад, skórznie — скураныя боты, tok — від жаночага капелюшу, dziewiarz — кальчужнік), запазычаньняў зь іншых славянскіх моў (напрыклад, гарадзішча, каравай) і нэалягізмаў, выкарыстаных у форме састарэлых выразаў (напр. kneź — князь, podziomek — падземак, witeź — віцязь). Праца аўтара над раманам супала зь яго этнаграфічнымі дасьледаваньнямі і вывучэньнем прац Іяхіма Лялевеля і Караля Шайнохі, якія аказалі ўплыў на творчасьць Крашэўскага.

Рукапісы «Старога паданьня» былі зьнішчаныя падчас II сусьветнай вайны, у той час як першая (яшчэ чарнавая) вэрсія знаходзіцца ў варшаўскай Нацыянальнай бібліятэцы (сыгнатура рукапісу III 6056).

  • Kraszewski, Józef Ignacy. Stara Baśń. — Warszawa: Ludowa Spółdzielnia Wydawnicza, 1983. — С. 311—312. — ISBN 83-205-3077-6

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старое паданьнесховішча мультымэдыйных матэрыялаў