Сага пра Ведзьмара
Сага пра Ведзьмара — гэта цыкл кніг Анджэя Сапкоўскага, які ёсьць працягам сэрыі апавяданьняў таго ж аўтара «Вядзьмар» (Ці ў пазьней выдадзеным варыянце «Апошняе жаданьне») і «Меч прызначэньня».
У склад сагі ўваходзяць наступныя кнігі: «Кроў эльфаў» (па-польску — Krew elfów), «Час пагарды» (па-польску — Czas pogardy), «Хрышчэньне агнём» (па-польску — Chrzest ognia), «Вежа ластаўкі» (па-польску — Wieża jaskółki), «Уладарка возера» (па-польску — Pani jeziora). Некаторыя далучаюць да сагі два апавяданьні: «Штосьці скончыцца, штосьці пачнецца» (па-польску — «Coś się kończy, coś się zaczyna»), дзе апісваецца шлюб Геральта зь Еніфэр, і «Дарога без вяртаньня» (па-польску — «Droga, z której się nie wraca»), дзе апісваюцца прыгоды Вісэны й Корына (мажлівых бацькоў Геральта). Аднак сам пан Сапкоўскі лічыць гэтыя апавяданьні самастойнымі творамі. Пачаткам сагі было апавяданьне «Вядзьмар», што было зьмешчанае у часопісе «Fantastyka» у сьнежні 1986 году.
Галоўным героем кніг ёсьць Геральт з Рывіі — вядзьмар, мутант, забойца пачвараў, майстар мяча, які таксама валодае магіяй (у межах вядзьмарскіх знакаў). Сага апісвае лёс Геральта, які па «праве неспадзяванасьці» (вядзьмар у абмен на паслугу мае права забраць дзіцё) зьвязаў сябе прызначэньнем з Цыры — таямнічай дзяўчынкай, «ільвянём» з Цынтры. Падзеі адбываюцца падчас вайны з Нільфгаардам на поўначы каралеўства (Тымэрыя, Рэданія, Аэдырн, Каэдвэн). Таксама героямі сагі зьяўляюцца: чараўніца Еніфэр, бард Казялец і іншыя.
Падчас падзеяў, што апісаныя ў сазе, Геральт вымушаны прымаць удзел у вайне, нягледзячы на тое, што адным з прынцыпаў ягонага вядзьмарскага кодэксу было заўжды захоўваць нэўтральнасьць, хоць яму й казалі, што тое немагчыма. Але ён мусіць бараніць сваіх сяброў.
Сьпярша Сапкоўскі плянаваў назваць сагу «Кроў эльфаў», тады як першая кніга звалася «Ільвяня». Назва «Сага пра Ведзьмара» зьявілася дзякуючы выдавецтву й сталася настолькі папулярнай сярод прыхільнікаў творчасьці пана Сапкоўскага, што слова «Вядзьмар» неад’емна асацыюецца зь ягонымі творамі.