Перайсьці да зьместу

Полацак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Полацак
лац. Połacak
Віды Полацку
Віды Полацку
Герб Полацку Сьцяг Полацку
Першыя згадкі: 862
Магдэбурскае права: 4 кастрычніка 1498
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Полацкі
Плошча: 36,74 км²
Вышыня: 111 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 84 597 чал.[1]
шчыльнасьць: 2302,59 чал./км²
Часавы пас: UTC 3
Тэлефонны код: 375 214
Паштовыя індэксы: 211291, 211400—211402, 211404—211415, 211422
СААТА: 2238501000
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°29′0″ пн. ш. 28°48′0″ у. д. / 55.48333° пн. ш. 28.8° у. д. / 55.48333; 28.8Каардынаты: 55°29′0″ пн. ш. 28°48′0″ у. д. / 55.48333° пн. ш. 28.8° у. д. / 55.48333; 28.8
Полацак на мапе Беларусі ±
Полацак
Полацак
Полацак
Полацак
Полацак
Полацак
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.epolotsk.com/

По́лацак — места ў Беларусі, на рацэ Дзьвіне пры ўтоку ў яе ракі Палаты. Адміністрацыйны цэнтар Полацкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 84 597 чалавек[1]. Знаходзіцца непадалёк ад Наваполацку, разам зь якім складае г. зв. Полацкі рэгіён, за 100 км на паўночны захад ад Віцебску. Чыгуначны вузел, празь які праходзяць лініі на Маладэчна, Віцебск, Невель, Дзьвінск; вузел аўтамабільных шляхоў. Паводле адной з вэрсіяў, тут знаходзіцца геаграфічны цэнтар Эўропы.

Полацак — найстарэйшы горад крывічоў і сталіца першай дзяржавы на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Колішняя катэдра Полацкага біскупства Літоўскай мітраполіі. Даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. У наш час — турыстычны цэнтар міжнароднага значэньня, які прэтэндуе на неафіцыйны статус культурнай сталіцы краіны. Тут захаваліся царква саборная Сьвятой Соф’і ў стылі віленскага барока, комплекс Спаскага манастыра з цэрквамі Сьвятога Спаса і Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, калегіюм езуітаў, комплекс Богаяўленскага манастыра з царквой Божага Яўленьня, комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятой Ганны, жылы корпус кляштару францішканаў і дом Сінябутаў, помнікі архітэктуры XI—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша, манастыр базылянаў і францішканскі касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама цэрквы Сьвятой Параскевы Пятніцы і Сьвятых Барыса і Глеба Бельчыцкага манастыра, рэзыдэнцыя полацкіх мітрапалітаў з царквой Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа, комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Маці Божай Ружанцовай, езуіцкі касьцёл Сьвятога Стэфана (віленскае барока) і могілкавы касьцёл Магілы Гасподняй і Францішка Ксавэрыя, помнікі архітэктуры XII—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Тапонім Полацак утварыўся ад назвы ракі Палаты. Тым часам гідронім, магчыма, мае балтыйскае паходжаньне ад асноваў pal або palte — 'балота, лужына', з далейшай славянскай асыміляцыяй[2]. Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Полоцк, Полоцъкъ, Полотскъ, Полотескъ, Полтескъ, Плтескъ, Полческъ. У нямецкіх хроніках паселішча ўпамінаецца як Плоцэке[a], у скандынаўскіх сагах — Pallteskiuborg, Palteskia[3].

У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) старажытны тапонім аформіўся з устаўным «а» ў канцавым спалучэньні -цк — Полацак[4], што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў[5]. Пісьмовае выкарыстаньне гэтай формы пачалося ў канцы XIX ст. у новым беларускім правапісе, які грунтаваўся на фанэтычным прынцыпе. Пазьней у 1920-я гады форма Полацак як нарматыўная[b] пачала шырока ўжывацца ў БССР да палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году, а таксама ў Заходняй Беларусі да падзеяў 1939 году. Складальніца афіцыйнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» мовазнаўца Валянціна Лемцюгова прызнае, што форма Полацак ужываецца ў вуснай мове беларусаў на працягу многіх стагодзьдзяў. Разам з тым яна сьцьвярджае, што гэтая форма не вытлумачваецца фанэтычнымі законамі беларускай мовы[6]. Тым часам мовазнаўца Юрась Бушлякоў зьвяртаў увагу на тое, што ўстаўны гук [а] у назвах местаў адпавядае ўстаўным гукам [э] і [о] у шэрагу беларускіх словаў: Зьміцер, вецер, вузел, журавель, карабель, бабёр, віхор ды іншых[7]. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назвы места — Полацк (рас. Полоцк). У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» форма Полацак фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай.

Дзеля адрозьненьня ад Плоцку на Мазовіі часам насіў дадатковыя азначэньні — Полацак Літоўскі[8][9] або Полацак Беларускі[10].

Плян Полацкіх замкаў, 1579 г.

Упершыню Полацак ўпамінаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» пад 862 годам у зьвязку зь дзяльбою гарадоў наўгародзкім князем Рурыкам і ёсьць, такім парадкам, найстарэйшым горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі[11][12]. Гэта быў буйны палітычны цэнтар племені крывічоў, сталіца княства.

Аблога Полацку, 1579 г.

Полацкае княства бесьперапынна брала ўдзел ў міжусобным змаганьні паміж рускімі князямі, ад чаго вельмі цярпелі горад і яго жыхары. Так, у часе чарговай міжусобнай вайны, якая ў летапісах датуецца 980 годам, Полацак захапіла і спаліла войска князя Ўладзімера. Гэта пацьвярджаецца зьвесткамі археалягічных дасьледаваньняў, якія зафіксавалі сьляды пажару, датаванага канцом X стагодзьдзя.

Найвышэйшага ўздыму старажытны Полацак дасягнуў за часамі Ўсяслава Брачыславіча (княжыў у 1044—1101 гадох), вядомага як «Чарадзей». У гэты пэрыяд у горадзе збудавалі Сафійскі сабор. Па сьмерці Ўсяслава Брачыславіча княства ўвайшло ў пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці.

Усе полацкія князі належалі да мясцовай княскай дынастыі Рагвалодавічаў (Ізяславічаў), якія называліся ў летапісах «Рагваложымі ўнукамі»[13]. Паводле літоўскага (беларускага) перакладу пачатку XVII стагодзьдзя «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага, «…бо Феафіл Полацак узяў <…> па Васілю Рагвалодзе [унуку Ўсяслава Брачыславіча], каторы тэж быў ліцьвін, і па Глебе, сыне яго, і застаў князем полацкім»[14][15].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вызваленьне места Стэфанам Баторыем. Дрэварыт, 1611 г.

Сучасныя гісторыкі мяркуюць, што станаўленьне ў Полацкім княстве першага выхадца зь літоўскай дынастыі Таўцівіла адбылося ў 1250-я гады, імаверна, у выніку пагадненьня паміж палачанамі і князем[16]. Аднак яшчэ папярэднік Таўцівіла — полацкі князь Воін — азначаўся як брат вялікага князя літоўскага Гедзіміна[17]. Трапіўшы ў сфэру ўплыву Вялікага Княства Літоўскага, Полацак браў актыўны ўдзел у рэалізацыі ягонай замежнай палітыкі ў дачыненьні суседніх зямель: Інфлянтаў, Ноўгарада, Пскова, Смаленску. Прытым Полацак ня страціў свайго значэньня: ён стаў адным з найбольшых мескіх цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага і нават канкураваў з сталіцай — Вільняй[18]. Асноўныя правы і прывілеі жыхароў места замацаваў абласны прывілей, выдадзены вялікім князем Вітаўтам. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Полацак значыцца сярод «літоўскіх» замкаў.

4 кастрычніка 1498 году вялікі князь Аляксандар надаў Полацку Магдэбурскае права. У 1504 годзе ўтварылася Полацкае ваяводзтва. З XVI ст. пачаў ужывацца мескі герб: «у блакітным полі на срэбнай вадзе трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі»[19].

Плян места, 1707 г.

Зь першай паловы XVI ст. Полацак стаў арэнай баявых дзеяньняў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. Практычна ў кожную такую вайну маскоўскія захопнікі праводзілі аблогу места, 3 або 4 разы яны палілі ягоныя гандлёва-рамесныя пасады[16].

Полацак значна пацярпеў у Інфлянцкую вайну, асноўныя баявыя дзеяньні якой прыйшліся на тэрыторыю ваяводзтва. У 1563 годзе, па аблозе, якая працягвалася некалькі тыдняў, Полацак захапіла маскоўскае войска на чале з Іванам IV Тыранам. Захопнікі вывялі ў Маскву 50-тысячны палон, у тым ліку ўсю шляхту. Некалькі тысячаў палонных загінулі ў дарозе ад марозу і голаду. Апроч таго, акупанты забілі ў Полацку ўсіх каталікоў, а юдэяў патапілі пад лёдам Дзьвіны і Валовага возера[20]. Толькі праз 15 гадоў кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў места.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Полацку і ваколіцаў ліцьвінамі (літвой): «литвин… торговый человек города Полоцка Ондрей Митев» (1609—1610 гады)[21], «…приехал <…> ис Полотцка ко Пскову <…> торговой литвин Спиридонка Кондратьев» (1623 год)[22], «…литвин торговый человек полочанин Кондрашко Яковлев сын» (1625 год)[23], «…Васька Ондреев в роспросе сказался: родом он литвин[c] Полотцкого повету» (1631 год)[26], «литвин Янька Бобровский… Полоцкого повету, шляхецкий сын»[27], «литвин Александр [Олехновский] в роспросе сказался родом белорусец, Полоцкого повету, шляхтич; отец его был шляхтич же, испомещен был под Вильной в Ошмянском повете, и отец де его то имение свое продал, а в то место имение купил в Полоцком повете»[28] (абодва 1632 год), «…на литвина, на полочанина, торгового человека, на Левку Схомроченкова» (1649 год)[29], «…а взятой мужик сказал: из Полотцка литвин, Яном зовут Ярин» (1656 год)[30], «Климановский Богдан… литва, полоцкая шляхта» (1660 год)[31]. Яшчэ ў 1506 годзе ліцьвінам запісаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце выдатны асьветнік і першадрукар Францішак Скарына: лац. Fran. de Poloczko, Litphanus[32]. У запісах мэтрыкі папскай сэмінарыі ў Празе значыцца Basilius Kamisky Polotiensis Lituanus (1597 год), а ў мэтрыцы сэмінарыі ОламаўцуAmbrosius Druhovina Lithvanus Polocensis (1682—1683 гады)[33].

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1632—1634) 16 чэрвеня 1633 году маскоўскія войскі захапілі і спалілі Полацак[34]. У 1654 годзе, з разьвязваньнем чарговай вайны супраць Рэчы Паспалітай, Полацак зноў апынуўся пад маскоўскай акупацыяй. На гэты раз, у выніку шматтыднёвай аблогі, 16 чэрвеня 1654 году места мусіла здацца ўсходнім захопнікам. У 1667 годзе, згодна з Андрусаўскім пагадненьнем, Полацак вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага. Праз вайну ён апынуўся ў ліку найбольш пацярпелых літоўскіх местаў (колькасьць насельніцтва скарацілася на 93%)[34].

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у Полацку знаходзілася расейскае войска на чале зь Пятром I, які ўчыніў разьню уніяцкіх сьвятароў у мурах саборнай царквы Сьвятой Соф’і і ператварыў яе ў парахавы склад. Напярэдадні адыходу з Полацку расейцы ўзарвалі парахавыя запасы і такім чынам зьнішчылі найбольш старажытную хрысьціянскую царкву Беларусі[35][36]. У 1706 годзе ўжо швэдзкае войска заняло места, спаліла і разрабавала яго.

Усе гэтыя войны і разбурэньні прывялі да паступовага заняпаду Полацку і страты ім ранейшага значэньня.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вуліца Вялікая, XVIII ст.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе асноўная, правабярэжная частка Полацку апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Пскоўскай губэрні, а ў выніку другога падзелу (1793 год) — задзьвінская частка. У выдадзеных у 1780 годзе пры Імпэратарскай акадэміі навук «Тапаграфічных заўвагаў» да падарожжа маскоўскай гаспадыні Кацярыны II у «Беларускія намесьніцтвы» зазначалася, што Полацак «заставаўся Літоўскай сталіцай да пабудовы Гедзімінам места Вільні»[37].

6 верасьня 1776 году ўтварылася Полацкае намесьніцтва, таго ж году расейскія ўлады пазбавілі места Магдэбурскага права. 23 сьнежня 1796 году ўтварылася Беларуская губэрня, у складзе якой апынуўся і Полацак. 13 сакавіка 1802 году места як цэнтар павету ўвайшло ў Віцебскую губэрню.

Полацак стаў арэнаю жорсткіх баёў у вайну 1812 году. Тэрыторыя колішняга ваяводзтва апынулася на шляху адступленьня расейскай арміі на чале з Барклаем дэ Толі. У памяць пра тыя падзеі адзін з мастоў праз Палату мае назву Чырвоны.

Сафійскі сабор. Н. Орда, 1875 г.

Яшчэ 10 чэрвеня 1812 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Полацкай акадэміі, якая ўтварылася на базе езуіцкага калегіюму. Аднак у зьвязку з паходам Напалеона заняткі ў ёй пачаліся толькі 8 студзеня 1813 году. Гэта была першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі з усімі правамі ўнівэрсытэту. Акадэмія мела тры факультэты: тэалягічны, моваў і літаратураў, філязофіі і вольных навук. Тут пад кіраўніцтвам сарака прафэсараў займалася каля шасьцісот студэнтаў. З аўдыторыяў акадэміі пачалі свой шлях гісторык, археоляг і этнограф Канстантын Тышкевіч, астраном і філёзаф Якуб Накцыяновіч, пісьменьнік Юзэф Масальскі. У полацкай альма-матэр навучаўся мастак Валенці Ваньковіч. Яе дыплём атрымаў аўтар славутага «Шляхціча Завальні», адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі.

Панарама места, 1893 г.

Дэмакратычныя навучальныя ўстановы сталі на захопленых Расеяй землях магутнай духоўнай апазыцыяй калянізатарам. Полацкую прафэсуру зьвінавацілі ў выхоўваньні антыўрадавых настрояў, і ў 1820 годзе з царскай канцылярыі выйшаў указ: «Полоцкую академию и подведомственные ей училища упразднить»[38].

У 1835 годзе на базе езуіцкай акадэміі і піярскай вучэльні адкрыўся Полацкі кадэцкі корпус (праіснаваў да 1918 году). У 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі і Маскоўскі патрыярхат правялі ў месьце сабор, які ліквідаваў Грэцка-Каталіцкую Царкву. У 1860-я гады ў Полацку працавалі тытунёвая фабрыка, гарэлкавы завод. На 1885 год — 28 прадпрыемстваў (130 работнікаў). Значнае месца ў разьвіцьці Полацку займаў гандаль, пашырэньню якога спрыяла адкрыцьцё ў 1866 руху на лініі Дынабург — Полацак Рыга-Арлоўскай чыгункі. На 1860 год у месьце працавалі 122 крамы, на 1865—456. У 1872 годзе адкрылася настаўніцкая сэмінарыя.

У пачатку XX стагодзьдзя праз Полацак праклалі другую чыгуначную лінію, у месьце працавалі жаночая дзяржаўная гімназія, 6 вучэльняў рознага профілю, 5 царкоўна-прыходзкіх школаў, Талмуд-Тора. У 1903—1904 гадох тут было 288 рамесных майстэрняў (1198 работнікаў, у 1909 годзе — 2060 работнікаў).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе, у выніку няўдачаў расейскай арміі, Полацак фактычна стаў прыфрантавым местам. У лютым 1918 году яго занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Вялікі пасад, 1889—1891 гг.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Полацак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце дзеяў рэгістрацыйны пункт тавараў Беларускай цэнтральнай гандлёвай палаты[39]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Полацак увайшоў у склад Беларускай ССР[40], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З 20 верасьня 1919 году да 15 траўня 1920 году левабярэжную частку места займалі польская войскі. У 1920 годзе газэта Наша Ніва пісала, што ў Полацкім павеце дзее партызанскі аддзел, які змагаецца за незалежнасьць Беларусі[41].

У 1924 годзе Полацак вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам акругі (з 1938 году ў Віцебскай вобласьці). У 1926 годзе тут адкрыўся краязнаўчы музэй, у 1936 годзе — мескі тэатар. 27 верасьня 1938 году Полацак атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У гэты час места стала прамысловым цэнтрам паўночна-заходняй часткі Беларусі. Асноўнымі галінамі прамысловасьці былі мэталюргічная, мэталаапрацоўчая, абутковая, харчовая, паліграфічная (працаналі 3 друкарні), вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў. Да пачатку 1940 году дзеялі 3 электрастанцыі. У 1940—1941 гадох працавалі 16 школаў, будаўнічы і лясны тэхнікумы, школьная і дашкольная пэдагагічныя вучэльні, 11 клюбаў, кінатэатар, 9 масавых бібліятэк.

У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году Полацак знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. Па аднаўленьні савецкай улады 20 верасьня 1944 году ўтварылася Полацкая вобласьць, але ўжо праз 10 гадоў 8 студзеня 1954 году, яе ліквідавалі. У наступныя дзесяцігодзьдзі Полацак імкліва разьвіваўся. У 1957 годзе тут збудавалі шклозавод, а ў 1958 годзе побач зь местам зьявіўся прамысловы гігант Наваполацак.

14 студзеня 2013 году Полацак пазбавілі афіцыйнага статусу гораду абласнога падпарадкаваньня[42].

  • XVI стагодзьдзе: 1552 год — 12 тыс. чал.[16]
  • XVII стагодзьдзе: 1650 год — 9,9 тыс. чал., 1667 год — 700 чал.[34]
  • XIX стагодзьдзе: 1817 год — 3340 чал.[43]; 1861 год — 15 028 чал.; 1865 год — 13 812 чал.; 1887 год — 19 434 чал., у тым ліку праваслаўных 3875 муж. і 3718 жан., каталікоў год — адпаведна 595 і 609, пратэстантаў год — 50 і 54, юдэяў год — 4812 і 5157, іншай веры год — 292 і 299[44]; 1891 год — 20 321 чал., зь іх праваслаўных 6989, аднаверцаў 204, раскольнікаў 407, каталікоў 1634, лютэранаў 299, юдэяў 10 797, магамэтанін 1; 1897 год — 20 751 чал. (9957 муж. і 10 794 жан.)[45]
  • XX стагодзьдзе: 1939 год — 29,6 тыс. чал.; 1959 год — 44 тыс. чал.; 1970 год — 64,2 тыс. чал.[46]; 1974 год — 72 тыс. чал.[47]; 1991 год — 78,7 тыс. чал.; 1995 год — 88 тыс. чал.[48]; 1998 год — 87,5 тыс.[3]; 2000 год — 82,7 тыс. чал.[49]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 82,4 тыс. чал.; 2007 год — 81,7 тыс. чал.; 2008 год — 83,4 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 83,7 тыс. чал.; 2009 год — 82 547 чал. (перапіс)[50]; 2015 год — 85 126 чал.[51]; 2016 год — 85 078 чал.[52]; 2017 год — 85 012 чал.[53]; 2018 год — 84 597 чал.[1]

У Полацку месьціцца Гістарычна-філялягічны факультэт і факультэт інфармацыйных тэхналёгіяў Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (астатнія — у Наваполацку). Установы сярэдняй спэцыяльнай адукацыі: Полацкі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, Полацкі гандлёва-тэхналягічны каледж Белкаапсаюзу, Полацкі дзяржаўны лясны каледж, Полацкі педагагічны каледж УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», Полацкі дзяржаўны прафэсійна-тэхнічны каледж, Полацкі дзяржаўны прафэсійны ліцэй будаўнікоў, Полацкі дзяржаўны прафэсійны ліцэй хімікаў.

Апроч таго, працуюць Нацыянальная гімназія, 15 сярэдніх, музычная, мастацкая і 2 спартовыя (у тым ліку алімпійскага рэзэрву) школы, 31 дашкольная ўстанова.

Дзеюць Цэнтар нацыянальнай культуры і рамёстваў, кінатэатар, філія Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа (з 2003 году), 3 палацы культуры, 21 бібліятэка.

  • Тэлеканалы: «СКІФ-Полацак»; «ТВК (Квант)»; «Саміт ТБ»
  • Радыёстанцыі: «Эўропа плюс Полацак» — 102.1 FM; «Рэтра-FM Полацак» — 104.7 FM; «Радыё АНТ» — 107.0 FM
  • Газэта «Полацкі веснік»

У Полацку функцыянуюць наступныя ўстановы:

  • Спартовы комплекс «Хімік»
  • Спартовы комплекс адзінаборстваў «Алімпіец»
  • Культурна-спартовы комплекс ААТ «Полацак-Шкловалакно»

Мясцовы футбольны клюб — «Полацак».

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Астроўскага вуліца Канаўная вуліца
Блюхера вуліца Балагоўская вуліца[54]
Валадарскага вуліца Гарбузаўская вуліца
Войкава вуліца Невельская вуліца
Гагарына вуліца Віцебскі тракт
Гогаля вуліца (з 1909) Вакзальная вуліца
Дзяржынскага вуліца (з 1938) Віленская вуліца
Зыгіна вуліца Себеская вуліца
Калгасны завулак Сіроцінскі завулак
Камуністычная вуліца (з 1919) Азараўская вуліца
Азаравая вуліца
Кандраценкі вуліца Громаўская вуліца
Краснова вуліца Вялікая вуліца[55]
Леніна вуліца Ушэсьценская вуліца Сака і Ванцэці вуліца
Ніжне-Пакроўская вуліца Вялікая вуліца Леніна вуліца (1919—2009)
Ніжне-Пакроўская вуліца (1848—1918)
Пушкіна вуліца Старавакзальная вуліца
Рэспубліканская вуліца Заканаўная вуліца
Савецкая вуліца (з 1919) Спаская вуліца
Свабоды плошча Рынак пляц Парадная плошча
Корпусная плошча
Стаханаўскі завулак Шпакоўскі завулак
Сушкова вуліца Папярочна-Заходняя вуліца
Сьвярдлова вуліца (з 1938) Задзьвінская вуліца
Талстога вуліца (з 1911) Прабойная вуліца Васкрасенская вуліца
Францішка Скарыны вуліца Плігаўская вуліца Пралетарская вуліца
Францішка Скарыны плошча Верхні Рынак пляц
Францішка Скарыны праспэкт Бацечкавая вуліца (паўночная траса)
Віцебская вуліца (паўночная траса)
Ільлінская вуліца (паўднёвая траса)
Аляксандраўская вуліца (паўночная траса, 1912—1917)
Верхне-Пакроўская вуліца (паўднёвая траса)
Троцкага вуліца (паўднёвая траса)
Арджанікідзэ вуліца (паўднёвая траса)
Карла Маркса праспэкт
Энгельса вуліца (з 1938) Надзьвінская вуліца
Эўфрасіньні Полацкай вуліца Рыская вуліца Фрунзэ вуліца

З урбананімічнай спадчыны Полацку да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Міхайлаўская і Стралецкая, завулак Млынавы і праезд Замкавы. З усіх вуліцаў гістарычнага цэнтру Полацку савецкія ўлады не перайменавалі толькі дзьве: Гогаля і Талстога. Адпаведныя назвы гэтыя вуліцы атрымалі ў выніку перайменаваньня расейскімі ўладамі гістарычных Вакзальнай і Прабойнай вуліцаў.

Гістарычныя мясцовасьці: Баравуха, Бельчыца, Востраў, Вялікі Пасад, Верхні Замак, Грамы, Задзьвіньне, Запалоцьце, Ксты, Лазоўка, Марыненка, Ніжні Замак, Ноўка, Спас, Востраў.

Прадпрыемствы хімічнай, машынабудаўнічай і мэталаапрацоўчай, лёгкай, харчовай, будаўнічых матэрыялаў, паліграфічнай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Полацку
  • ААТ «Полацкі малочны камбінат»
  • ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў»
  • ААТ «Полацаклес»

Апроч таго, дзее Полацкая ЦЭС.

Мескі вакзал

Аўтамабільны транспарт

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Полацак — буйны транспартны вузел Віцебскай вобласьці. Празь места праходзяць аўтамабільныя дарогі Р14 (Полацак — Браслаў), Р20 (Віцебск — Полацак — граніца Латвіі), Р24 (Полацак — Расоны), Р45 (Полацак — Глыбокае — граніца Летувы) і Р46 (Лепель — Полацак — Юхавічы).

Полацак мае рэгулярнае аўтобуснае злучэньне з Рыгай, Менскам, Віцебскам, Лепелем, Браславам і іншымі местамі Беларусі.

Чыгуначны транспарт

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Полацак — чыгуначны вузел з кірункамі на Віцебск, Рыгу, Маладэчна і Невель. Пасажырскія цягнікі злучаюць места з Гомелем, Масквой, Менскам, Паставамі. Мае прымескае злучэньне з найбліжэйшымі местамі.

За савецкім часам Дзьвіной курсавалі пасажырскія катэры. У наш час рачныя пасажырскія перавозкі не ажыцьцяўляюцца.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гатэль «Дзьвіна»

Полацак — пэрспэктыўны цэнтар турызму Беларусі міжнароднага значэньня[56].

Дзее Нацыянальны Полацкі гістарычна-культурны музэй-запаведнік, які аб’ядноўвае Полацкі краязнаўчы музэй, Полацкі музэй беларускага кнігадрукаваньня, Полацкі музэй-бібліятэку Сімяона Полацкага, Музэй традыцыйнага ткацтва Паазер’я, Полацкі музэй баявой славы, Полацкі музэй гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі дзіцячы музэй, музэй Тусналобавай-Марчанка, Полацкі жылы дом XVII ст., Полацкую стацыянарную выстаўку «Шпацыраваньне па Ніжнепакроўскай», Мастацкую галерэю.

У месьце рэгулярна праводзіцца міжнародны фэстываль арганнай музыкі «Званы Сафіі», міжнародны фэстываль старажытнай і сучаснай камэрнай музыкі, фэст сярэднявечнай культуры «Рубон». Спыніцца можна ў гатэлі «Дзьвіна» або гасьцінічным комплексе «Славянскі». За 2011 год у Полацку пабывалі звыш 250 000 турыстаў і 55 000 паломнікаў, якія выдаткавалі 2,1 млрд рублёў[57] ($375 тыс.).

Сучасныя скульптурныя помнікі: «Эўфрасіньня Полацкая», «Францішак Скарына», «Сімяон Полацкі», «Усяслаў Чарадзей», «Літара Ў», «Крывічы», «Геаграфічны цэнтар Эўропы»

Сафійскі сабор

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рэканструкцыя (налева) і сучасны стан (направа) Спаскай царквы; уласьцівы для «мураўёвак» купал-цыбуліну надбудавалі толькі ў XIX стагодзьдзі

Помнікі сакральнай архітэктуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншыя славутасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пералік местаў-сяброў Полацку
  1. ^ Хроніка Вартбэрга
  2. ^ напрыклад, Кайгарадаў А. Кліматычны атляс Беларусі. — Менск, 1927.
  3. ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[24] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[25]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 301.
  3. ^ а б Штыхаў Г., Джумантаева Т., Сяргеенка Л. Полацк // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 518.
  4. ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 21.
  5. ^ Вячорка В., Карней І. Гарады з «памылкамі» ў назвах: Полацк ці Полацак?, Радыё Свабода, 31 жніўня 2019 г.
  6. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010.
  7. ^ Бушлякоў Ю. Жывая мова. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2013. С. 99.
  8. ^ Kraszewski J. I. Litwa: starożytne dzieje, ustawy, jezyk, wiara, obyczaje, pieśni, przysłowia, podania i t. d. T. 1. — Warszawa, 1847. S. 57.
  9. ^ Jakubėnas R. Prasa Wielkiego Księstwa Litewskiego w II połowie XVIII wieku. — Kraków, 2005. S. 50, 53.
  10. ^ Grzegorzewski J. Ku Czarnomorzu. — Kraków, 1919. S. 10.
  11. ^ Таямніцы полацкай гісторыі / У.А. Арлоў. — Мн.: «Папуры», 2008. С. 37.
  12. ^ Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мн.: Маст. літ., 1990.— 366 с.: іл. ISBN 5-340-00614-Х. С. 58.
  13. ^ Рагвалодавічы // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 43.
  14. ^ ГСБМ. Вып. 17. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 66.
  15. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 14, 37.
  16. ^ а б в Варонін В. Полацк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 444.
  17. ^ Варонін В. Воінь // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 460.
  18. ^ Варонін В. Полацк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 444—445.
  19. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  20. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 197.
  21. ^ Мальцев В. П. Записки о смерти «тюремных сидельцев» в смоленских тюрьмах в 1609—1610 гг. // Исторический архив. № 5, 1960.
  22. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 81.
  23. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 87.
  24. ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
  25. ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
  26. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 110.
  27. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 402.
  28. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 432.
  29. ^ Записки Московского археологического института. Т. 14. — М., 1911. С. 411.
  30. ^ Дополнения к актам историческим, собранные и изданные археографической коммиссией. Т. 4. — СПб., 1851. С. 68.
  31. ^ Белорусы в Сибири. — Новосибирск: Изд-во Ин-та истории СО РАН, 2000. С. 48.
  32. ^ Statuta nec non liber promotionum philosophorum ordinis in Universitate studiorum Jagellonica ab anno 1402 ad annum 1849. — Cracoviae, 1849. P. 144.
  33. ^ Blažejovskyj D. Ukrainian and Armenian pontifical seminaries of Lviv (1665—1784) (Analecta OSBM. Vol. 29). — Rom, 1975. P. 51, 59.
  34. ^ а б в Варонін В. Полацк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 445.
  35. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 262.
  36. ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 37.
  37. ^ Топографические примечании на знатнейшие места путешествия Её Императорского Величества в Белорусские наместничества. — СПб., 1780. С. 48.
  38. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
  39. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  40. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  41. ^ Наша Ніва. № 1, 1920. С. 4.
  42. ^ Указ Президента Республики Беларусь от 14 января 2013 г. № 27 «Об объединении районов и городов областного подчинения Республики Беларусь, имеющих общий административный центр» (рас.) (pdf). Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (14 студзеня 2013). Праверана 7 лютага 2016 г.
  43. ^ Штыхаў Г., Джумантаева Т., Сяргеенка Л. Полацк // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 520.
  44. ^ Manteufell G. Połock // Słownik geograficzny... T. VIII. — Warszawa, 1887. S. 719.
  45. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  46. ^ Штыхаў Г., Джумантаева Т., Сяргеенка Л. Полацк // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 521.
  47. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  48. ^ Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 172.
  49. ^ БЭ. — Мн.: 2001 Т. 12. С. 451.
  50. ^ Перепись населения год — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  51. ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  52. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  53. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  54. ^ Гаўрылава В. Гаданімія г. Полацка ў рэтраспектыве часу (ХІV—ХХІ ст.) // Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух. Матэрыялы Рэспубліканская навукова-практычнай канферэнцыі 16 красавіка 2012 г. — Менскі, 2012.
  55. ^ Дук Д. Полацк і палачане (IX—XVIII стагодзьдзі). — Наваполацк: ПДУ, 2010. С. 92.
  56. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  57. ^ Аляксандар Пукшанскі. Полацак сябе пакажа // Зьвязда : газэта. — 25 траўня 2012. — № 98 (27213). — С. 1, 8. — ISSN 1990-763x.
  58. ^ Сементовский А. М. Белорусские древности. — СПб., 1890. С. 109.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]