Перайсьці да зьместу

Палеская чыгунка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вакзал станцыі Баранавічы

Пале́ская чыгу́нка — дзяржаўная сетка чыгунак, пабудаваных у 18821907 роках. Праходзіла па тэрыторыі Віленскай, Гарадзенскай, Віцебскай, Менскай, Валынскай, Магілёўскай, Чарнігаўскай, Арлоўскай губэрніяў. Дарога знаходзілася ў вядзеньні МШЗ (управа ў Вільні).

Будынак адміністрацыі Палескай чыгункі ў Вільні (цяпер адміністрацыйны будынак ААТ «Летувіская чыгунка»)

Да зьяўленьня першай чыгуначнай лініі на тэрыторыі Беларусі група буйных палескіх землеўласьнікаў, сярод якіх былі князі Эдвін Друцкі-Любецкі, Уладзіслаў і Раман Сангушкі, Пётар Вітгенштайн, графы Іван Тышкевіч, Аўгуст Замойскі, Стэфан і Канстантын Патоцкія, хадайнічалі аб пракладцы чыгункі ад Беластоку цераз Пружану ў Пінск і далей на Валынь. Аднак у сувязі з падзеямі паўстаньня 1863—1864 рокаў ужо прынятае рашэньне было перагледжанае і прызнанае неадпаведным мэтам ураду, які мкнуўся зьвязваць заходнія губэрні не з Царствам Польскім, а з цэнтрам імпэрыі[1].

З пачатку 1880-х царскі ўрад актыўна заняўся нацыяналізацыяй прыватных чыгунак і пабудовай новых дарог. У 1891—1896 былі выкупленыя Лібава-Роменская, Пецярбурска-Варшаўская, Дзьвінска-Віцебская, Арлоўска-Віцебская, Паўднёва-Заходняя і Маскоўска-Берасьцейская чыгункі.

У 1881 року было падпісанае найвышэйшае павяленьне пра будаўніцтва 136-вёрставай галіны ЖабінкаПінск, дзе ўпершыню ў будаўніцтве чыгунак былі выкарыстаныя чыгуначныя войскі. Дарога была пабудаваная за адно лета. Гэтаму спрыялі раўнінная мясцовасьць і амаль поўная адсутнасьць штучных пабудоў. 9 лістапада 1882 на галіне быў распачаты пасажырскі і таварны рух. Лінія мела 74 масты, абслугоўвалася 8 паравозамі і 272 вагонамі.

24 студзеня 1883 ваенны міністар ізноў абвясьціў пра неабходнасьць будаўніцтва стратэгічных чыгунак праз Палесьсе. Гэтым разам сябры Асобае нарады загадалі мініст­ру шляхоў зносін прыняць усе меры дзеля своечасовага, не пазьней чым трох­гадовага тэрміну сканчэньня пабудовы Палескай чыгункі. У красавіку пачалося будаўніцтва ўчастку ВільняЛунінец і Лунінец — Пінск даўжынёй 353 вярсты, адчыненага 30 сьнежня 1884, а таксама ўчастку Лунінец — Роўна даўжынёю 182 вярсты, адчыненага 2 жніўня 1885 року. У 1886 былі ўведзеныя ў эксплюатацыю ўчасткі Лунінец — Гомель ды БаранавічыБеласток.

У 1886 Вільня-Ровенская і Пінская чыгункі перайменава­ныя ў Палескія чыгункі. Пасьля адкрыцьця 8 жніўня 1887 року галіны Гомель — Бранск агульная іх даўжыня склала 1408 вёрстаў.

У траўні 1918 перададзеная НКШЗ. Некаторыя лініі адышлі да Польшчы. Па стане на пачатак 1991 року большасьць ліній уваходзіла ў склад Беларускай і Прыбалтыйскай чыгунак.

Палеская чыгунка злучала паўднёвы захад Расеі з прыбалтыйскім, паўночна-заходнім, цэнтральна-прамысловым раёнамі. Мела вайскова-стратэгічнае значэньне, спрыяла распрацоўцы лясных масіваў Палесься, разьвіцьцю дрэваапрацоўчай і гарбарнай прамысловасьці, росту гарадоў (Вільні, Слуцку, Беластоку, Берасьця, Гомеля, Бранску). Адыгрывала істотную ролю ў экспарце лесу і яго вывазе на ўнутраны рынак.

Працягласьць (паводле стану на 1913 год) — 1904 вярсты (у тым ліку 1039 вёрст — дзьвюхкалейнага шляху).

У 1885 року на Палескай чыгунцы налічвалася: 68 паравозаў, 200 пасажырскіх вагонаў і 1511 грузавых вагонаў. У 1905 — 410 пасажырскіх вагонаў і 7927 грузавых[2].

На Палескай чыгунцы былі пабудаваныя чыгуначныя майстэрні (у Пінску, Вільні, Гомелі). На дарозе ўзьведзеныя 412 драўляных і 235 мэталічных мастоў, 6 пуцепровадаў і іншыя штучныя пабудовы. Адчынены шпаланасычальны завод, 72 пакгаўзы. Дзейнічалі 17 вучэльняў і школ (на ст. Баранавічы, Берасьце, Пінск, Лунінец), курсы па падрыхтоўцы службоўцаў па камэрцыйным і тэхнічным руху.

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Андрей Киштымов, Валентина Яновская. По семи губерниям // Транспортный вестник. — 10 траўня 2012.
  2. ^ Полесские железные дороги (рас.) История строительства железных дорог в Беларуси. Беларуская чыгунка (12 студзеня 2010). Праверана 6 ліпеня 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]