Перайсьці да зьместу

Обска-вугорскія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
обска-вугорская галіна
Народнасьць ханты, мансі
Арэал Заходняя Сыбір, Прыўральле
Лінгвістычная клясыфікацыя вугорская група
Склад
Колькасьць носьбітаў ~17 000

О́бска-вуго́рскія мо́вы — гіпатэтычная моўная галіна ў складзе вугорскае падгаліны фіна-вугорскае галіны ўральскае моўнае сям'і. У склад обска-вугорскіх моваў уваходзяць хантыйская (састарэлая назва — асьцяцкая) ды мансійская мовы (састарэлая назва — вагульская), якія ў сваю чаргу падзяляюцца на вялікую колькасьць даволі адрозных дыялектаў.

Разам з вугорскай мовай група обска-вугорскіх моваў уваходзіць у вугорскую падгаліну, празь якую яны зьяўляюцца часткаю фіна-вугорскіх моваў уральскае сям’і. Трэба адзначыць, што хантыйская ды мансійская мова ўваходзяць у вугорскія мовы праз сваю асобную групу (утвараючы сваю ўласную групу ў складзе вугорскіх моваў), а вугорская — не, уваходзячы ў склад вугорскіх моваў непасрэдным шляхам.

На обска-вугорскіх мовах размаўляюць на абшарах паміж Уралам і рэкамі Об ды Іртыш, што ў заходняй Сыбіры, Расея. Лясныя й лесастэпныя тэрыторыі Паўднёвага Ўралу, як лічыцца, зьяўляюцца прарадзімай вугорскае моўнае галіны. Блізу 500 рокаў таму прыход расейцаў падштурхнуў носьбітаў протамовы да сыходу на ўсход, у бок Обі ды Іртышу; між тым, напачатку ХХ стагодзьдзя на захад ад Уралу яшчэ заставаліся некаторыя носьбіты мансійскае мовы. Разам з гэтым, ужо ў ХІ стагодзьдзі да н. э. аддзялілася вугорская мова[1][2].

Кантакты зь іншымі мовамі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дакладна вядомым зьяўляецца статус обска-вугорскіх моваў як моўнага зьвязу. Пры гэтым памежныя варыянты абедзьвюх моваў характарызуюцца рэгулярным абменам ізаглёсаў, запазычваньнем лексыкі адна адной (а таксама з агульных зьнешніх крыніцаў, прыкладам запазычваньні з усходніх дыялектаў комі мовы паўночнымі дыялектамі мансійскае й хантыйскае моваў). Такія ж зносіны выяўляюцца і з самадыйскімі мовамі, у прыватнасьці зь селькупскай і лясной ненецкай мовамі.

Кантакты з вугорскай мовай не зьяўляюцца такімі выразна акрэсьленымі: сучасныя обска-вугорскія мовы радыкальным чынам адрозьніваюцца ад вугорскае мовы ў сфэры фаналёгіі, сынтаксісу ды лексыкі.

Тыпалягічныя прыкметы, што зьяўляюцца адрознымі для обска-вугорскіх моваў, улучаюць у сябе[3]:

  • Адсутнасьць сыстэматычнага звонкага кантрасту зычных.
  • Захаваньне протаўральскага *w на пачатку слова (рэалізуецца як /w/ і таксама зьяўляецца рысай ненецкае мовы).
  • Гармонія галосных захавалася ў найбольш архаічным відзе (паўднёвыя дыялекты мансійскай, усходнія дыялекты хантыйскай).
  • Абляўтызацыя галосных, асабліва ва ўсходніх дыялектах хантыйскае мовы.
  • У паўночных дыялектах: зьмена *k > /x/ перад галоснымі задняга шэрагу (аналягічная замена адбылася таксама і ў вугорскай мове).
  • Захаваньне ў сказе парадку словаў па тыпе SOV (дзейнік-дапаўненьне-дзеяслоў).
  • Захаваньне парнага ліку.
  • Частковая ці поўная замена першапачатковай другой асобы займеньнікаў і суфіксальных элемэнтаў, адзначаецца зычным гукам /t/ у большасьці ўральскіх моваў, але ў обска-вугорскіх — збольшага /n/.
  • Меншая сыстэма склонаў у параўнаньні зь іншымі ўральскімі мовамі, у тым ліку адсутнасьць роднага склону.

Обска-вугорскія мовы таксама знаходзіліся пад моцным уплывам геаграфічна блізкіх цюрскіх моваў, асабліва татарскай[4].

Распаўсюджваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мансійская мова мае прыкладна 3 800 носьбітаў, хантыйская — каля 14 280, усе носьбіты жывуць у Расеі[5]. Да 1930 року гэтыя мовы ня мелі пісьмовасьці або літаратурнае традыцыі, але з 1937 году выкарыстоўваецца мадыфікаваны кірылічны альфабэт. Аднак ніякіх істотных тэкстаў на обска-вугорскіх мовах ня створана, гэтыя мовы маюць вузкі афіцыйны ўжытак[6].

Існаваньне обска-вугорскае групы моваў пасьля іх аддзяленьня не зьяўляецца агульнапрызнаным: некаторыя лінгвісты разглядаюць усе агульныя рысы мансійскае й хантыйскае моваў як пазьнейшае збліжэньне альбо як захаваньне рысаў з пэрыяду існаваньня агульнае протавугорскае мовы (ня варта блытаць з уласна вугорскай мовай) ці нават з ранейшых пэрыядаў.

  1. ^ Hajdú, Péter Az uráli nyelvészet alapkérdései. — Tankönyvkiadó, Budapest, 1981. — ISBN 963-17-4219-9
  2. ^ Jászó, Anna A magyar nyelv könyve. — Trezor Kiadó, Budapest, 1994. — ISBN 963-7685-42-1
  3. ^ Kálmán, Bela The History of the Ob-Ugric Languages / In Sinor, Denis. — The Uralic Languages. — Leiden: Brill, 1988.
  4. ^ Greller, Wolfgang Encyclopedia of the Languages of Europe. — Blackwell Publishing, 2000. — С. 478. — ISBN 0-631-22039-9
  5. ^ Lyovin, Anatole V. An Introduction to the Languages of the World. — Oxford University Press US, 1997. — С. 55. — ISBN 0-19-508116-1
  6. ^ Ob-Ugric languages Encyclopædia Britannica Праверана 22 чэрвеня 2006 г.