Перайсьці да зьместу

Намібія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Намібія
Republic Of Namibia
Сьцяг Намібіі Герб Намібіі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Unity, Liberty, Justice
Дзяржаўны гімн: «Namibia, Land of the Brave»
Месцазнаходжаньне Намібіі
Афіцыйная мова ангельская
Сталіца Ўіндгук
Найбуйнейшы горад Ўіндгук
Форма кіраваньня Рэспубліка
Гіфікэпунье Пагамба
Гэйг Гейнгаб
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
34-е месца ў сьвеце
825 418 км²
нязначны
Насельніцтва
 • агульнае (2011)
 • шчыльнасьць
142-е месца ў сьвеце
2 100 000
2,54/км²
СУП
 • агульны (2014)
 • на душу насельніцтва
123-е месца ў сьвеце
$18,800 млрд[1]
$8577
Валюта Намібійскі даляр (NAD)
Часавы пас
 • улетку
WAT (UTC 1)
WAST (UTC 2)
Незалежнасьць
— ад ПАР

21 сакавіка 1990
Дамэн верхняга ўзроўню .na
Тэлефонны код 264

Намі́бія — краіна ў паўднёвай Афрыцы. Мяжуе з Анголай, Замбіяй, Батсванай, ПАР. На захадзе абмываецца Атлянтычным акіянам. Намібія атрымала незалежнасьць толькі 21 сакавіка 1990 году, пасьля вайны за незалежнасьць ад ПАР. Ейнай сталіцай і найбуйнейшым горадам зьяўляецца места Ўіндгук. Намібія зьяўляецца дзяржавай-чальцом Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў (ААН), Супольнасьці па пытаньнях разьвіцьця поўдня Афрыкі (САДК), Афрыканскага зьвязу (АЗ), а таксама Садружнасьці нацыяў.

Пустэльня Наміб была заселеная са старажытных часоў, прыкладна з XIV стагодзьдзя рэгіён зьведаў іміграцыю народаў банту. Большая частка тэрыторыі ўвайшла ў нямецкі імпэрскі пратэктарат ў 1884 годзе й заставалася нямецкай калёніяй да канца Першай сусьветнай вайны. У 1920 годзе Ліга Нацыяў даручыла краіну Паўднёвай Афрыцы, якая ўсталявала свае законы, і ад 1948 году праводзіла практыку апартэіду.

Намібія мае насельніцтва ў 2,1 млн чалавек і стабільную шматпартыйную парлямэнцкую дэмакратыю. Сельская гаспадарка, жывёлагадоўля, турызм і горназдабыўная прамысловасьць — у тым ліку горназдабыўная прамысловасьць каштоўных алмазаў, урану, золата, срэбра і каляровых мэталаў — складаюць аснову эканомікі Намібіі. Прымаючы пад увагу наяўнасьць засушлівай пустэльні Наміб, Намібія зьяўляецца адной з найменш населеных краінаў сьвету. Яна карыстаецца высокай палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай стабільнасьцю.

У старажытнасьці тэрыторыя Намібіі была заселеная продкамі бушмэнаў і гатэнтотаў. У XV стагодзьдзі сюды пачалі прыбываць бантумоўныя плямёны (авамба, герэра і іншыя), а ў пачатку ХІХ стагодзьдзя сюды прыйшлі гатэнтоты, выцесьненыя з поўдня бурамі. У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя тэрыторыя сучаснай Намібіі выклікала інтарэс у Нямеччыны. Спачатку нямецкія гандляры набывалі ў мясцовых уладароў узьбярэжныя землі, а потым пачалася экспансія ў глыб тэрыторыі. У 1880-х гадах Нямеччына абвясьціла свой пратэктарат над гэтай тэрыторыяй, якая атрымала назву Паўднёва-Заходняя Афрыка. Пасьля Першай сусьветнай вайны кіраваньне ПЗА было перададзена Лігай Нацыяў паўднёва-афрыканскаму ўраду, якое пачало распаўсюджваць на гэтыя землі расісцкія абмежаваньні. Пасьля Другой сусьветнай вайны ПАР адмовілася перадаваць Намібію пад кіраўніцтва ААН. У 1971 годзе Міжнародны суд у Гаазе прыняў рашэньне, якое прымушала вывесьці ПАР свае войскі і адміністрацыю з тэрыторыі Намібіі. Аднак гэта адбылася толькі ў 1990 годзе. У гэтым жа годзе адбыліся першыя вольныя выбары і была прынятая Канстытуцыя краіны.

Намібія — прэзыдэнцкая рэспубліка. Прэзыдэнт выбіраецца на пяцігадовы тэрмін. Двухпалатны парлямэнт складаецца з Нацыянальнай Рады (26 сэнатараў) і Нацыянальнай Асамблеі (72 дэпутаты).

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мапа адміністрацыйнага падзелу Намібіі

Адміністрацыйна Намібія падзелена на 13 рэгіёнаў.

# Рэгіён Сталіца Насельніцтва
2001
Плошча
км²
Шчыльнасьць
насельніцтва
/км²
1 Капрыві Катыма Муліла 79 826 14 528 5,5
2 Эронга Свапкапмунд 100 663 63 579 1.6
3 Гардап Марыентал 68 249 109 651 0.6
4 Карас Кітманшуп 69 329 161 215 0.5
5 Каванга Рунду 202 694 48 463 4
6 Хомас Ўіндгук 250 262 37 007 7
7 Кунэнэ Аутджа 68 735 115 293 0.6
8 Агангўэна Ээнгана 228 384 10 703 21
9 Амагэке Габабіс 68 039 84 612 0.8
10 Амусаці Ашакаці 228 842 26 573 9
11 Ашана Этоша 161 916 8 653 19
12 Ашыкота Амутгія 161 007 38 653 4.1
13 Атжазонжупа Атжываронга 135 384 105 185 1.3

Большая частка тэрыторыі Намібіі гэта пласкагор’е зь сярэднімі вышынямі 900—1500 м. На ўсход яны паніжаюцца да пустэльні Калахары, а на захадзе абрываюцца да ўзьбярэжнай пустэльні Наміб. У заходняй частцы пласкагор’яў знаходзіцца самая высокая кропка краіны — гара Кенігштэйн (2606 м).

Клімат краіны, у асноўным, трапічны, пераважна вельмі сухі. Сярэдняя тэмпэратура самага цёплага месяца (студзеня) вагаецца ад 18°С на ўзьбярэжжы да 27°С у пустэльні Калахары, а самага халоднага месяца ад 12°С да 16°С. Ападкі выпадаюць нерэгулярна, іх колькасьць вагаецца ад 10—50 мм на ўзьбярэжжы да 500—700 мм на паўночным усходзе краіны. Самымі буйнымі рэкамі Намібіі зьяўляюцца Кунэнэ на поўначы і Аранжавая на поўдні. Самае вялікае возера — Этоша знаходзіцца на поўначы Намібіі.

На поўначы Намібіі пераважаюць пустэльні, якія ў цэнтральнай частцы пераходзяць у засушлівыя саванны.

У 2008 годзе СУП Намібіі склаў каля 11,23 млрд даляраў. Доля сельскай гаспадаркі і рыбалоўства ў СУП склала 10,4%, прамысловасьці — 36,2%, паслугі — 53,4%. Асноўнай галіной эканомікі зьяўляецца здабываючая прамысловасьць, якая атрымала разьвіцьцё дзякуючы наяўнасьці шматлікіх прыродных рэсурсаў. Вядзецца здабыча дыямэнтаў, урану, волава, медзі, цынку, цыны, срэбра, вальфраму. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля.

Насельніцтва краіны налічвае 2 113 077 чалавек[2], зь якіх каля 85 % — мурыны, 10% — мулаты, 5% — нашчадкі эўрапейскіх імігрантаў. Афіцыйнай мовай зьяўляецца ангельская, але ёй валодае каля 7% насельніцтва. Рэгіянальнымі мовамі Намібіі зьяўляюцца: афрыкаанс, нямецкая, куангалі, лозі, тсвана, нама, герэрская і ашывамба. 50% краіны — лютэране, 30% — 40% прытрымліваюцца іншых хрысьціянскіх канфэсіяў, 10% — 20% — анімісты.

  1. ^ "Namibia". Міжнародны валютны фонд.
  2. ^ "GeoHive – Namibia population". GeoHive.