Мэксыка
Мэксыка Estados Unidos Mexicanos | |||||
| |||||
Дзяржаўны гімн: «Himno Nacional Mexicano» | |||||
Афіцыйная мова | Гішпанская | ||||
Сталіца | Мэхіка | ||||
Найбуйнейшы горад | Мэхіка | ||||
Форма кіраваньня | Фэдэрацыйная рэспубліка Андрэс Мануэль Лёпэс Абрадор | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
14-е месца ў сьвеце 1 972 550 км² 2,5 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2015) • шчыльнасьць |
10-е месца ў сьвеце 119 530 753 61/км² | ||||
СУП • агульны (2011) • на душу насельніцтва |
13-е месца ў сьвеце $1,743 трлн $15 177 | ||||
Валюта | мэксыканскі пэса (MXN) | ||||
Часавы пас | ад –8 да –6 | ||||
Незалежнасьць ад Гішпаніі |
16 верасьня 1810 | ||||
Аўтамабільны знак | MX | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .mx | ||||
Тэлефонны код | 52 | ||||
Мэ́ксыка (па-гішпанску: Estados Unidos Mexicanos альбо México) — фэдэральная канстытуцыйная рэспубліка ў Паўночнай Амэрыцы, якая мяжуе на поўначы са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, на поўдні й захадзе абмываецца Ціхім акіянам, на паўднёвым усходзе мае мяжу з Гватэмалай, Бэлізам, а таксама амываецца водамі Карыбскага мора, на ўсход ад Мэксыкі месьціцца Мэксыканская затока[1]. Мэксыка займае тэрыторыю амаль на два мільёны квадратных кілямэтраў[2], Мэксыка зьяўляецца пятай па велічыні краінай у Паўднёвай Амэрыцы па плошчы й 13-й найбуйнейшай незалежнай дзяржавай у сьвеце. Маючы насельніцтва большае за 112 мільёны чалавек[3], Мэксыка зьяўляецца 11-й самай густанаселенай краінай і самая густанаселенай гішпанамоўнай краінай у сьвеце. Мэксыка зьяўляецца фэдэрацыяй і складаецца з 31 штату й адной фэдэральная акругі ў сталіцы.
У дакалюмбавай Мэксыцы існавалі й разьвіваліся цывілізацыі многіх культураў як то альмэкаў, тальтэкаў, тэатыуакана, сапатэкаў, мая й ацтэкаў да першага іхнага кантакту з эўрапейцамі. У 1521 годзе Гішпанія заваявала й калянізавала тэрыторыю ад сваёй базы ў Мэксыцы горадзе Тэначтытлан, якая ўвайшла ў склад віцэ-каралеўства Новая Гішпанія. Гэтая тэрыторыя ў канчатковым рахунку стала незалежнай калёніяй і была прызнана як незалежная краіна Мэксыка ў 1821 годзе. Пасьля здабыцьця незалежнасьці, рушыў пэрыяд, які характырызуецца эканамічнай нестабільнасьцю, амэрыкана-мэксыканскай вайной і тэрытарыяльнымі саступкамі на карысьць ЗША, грамадзянскай вайной, дзьвюма імпэрыямі й унутранай дыктатурай. Апошняя прывяла да мэксыканскай рэвалюцыі ў 1910 годзе, якая скончылася прыняцьцем канстытуцыі 1917 году й зьяўленьнем цяперашняй палітычнай сыстэмы краіны. На выбарах у ліпені 2000 году апазыцыйная партыя ўпершыню здабыла перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у Інстытуцыйна-рэвалюцыйнай партыі.
Мэксыка зьяўляецца адной з найбуйнейшых эканомік сьвету й лічыцца як рэгіянальная дзяржава сярэдняй магутнасьці[4][5]. Акрамя таго, Мэксыка ёсьць першым лацінаамэрыканскім чальцом Арганізацыі па эканамічнаму супрацоўніцтву й разьвіцьця з 1994 году. Паводле дадзеных Сусьветнага банку ў Мэксыцы маецца вышэйшы за сярэдні прыбытак[6]. Мэксыка ёсьць новай індустрыяльнай краінай[7][8][9] і новай сілай[10], яна мае 13-ю найбуйнейшы намінальны СУП і займае 11-е месца паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці. Эканоміка цесна зьвязана з краінамі-партнэрамі па Паўночнаамэрыканскім пагадненьні аб свабодным гандлі (НАФТА), асабліва з ЗША[11][12]. Мэксыка займае пятае месца ў сьвеце й першае ў Паўднёвай Амэрыцы паводле колькасьці аб’ектаў Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО[13][14][15].
Мэксыка была калыскай старажытных цывілізацыяў Новага сьвету. Цяпер у ёй пражывае пятая частка ўсяго насельніцтва Лацінскай Амэрыкі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Да адкрыцьця Амэрыкі эўрапейцамі на тэрыторыі Мэксыкі існавалі дзяржавы мая і ацтэкаў.
- 1518 — першая высадка гішпанцаў на тэрыторыі Мэксыцы (экспэдыцыя канкістадораў Хуана Грыхальвы).
- 1519 — гішпанскі атрад канкістадора Картэса высажваецца на тэрыторыі Мэксыцы, закладвае горад Вэракрус і бяз боя ўвходзіць у сталіцу імпэрыі ацтэкаў горад Тэначтытлан (сёньняшні Мэхіка), дзе бярэ ў палон правадыра Мантэсуму.
- 1520 — Картэс на чале 10-тысячнага антыацтэкскага апалчэньня індзейцаў заваёўвае дзяржаву ацтэкаў.
- 1522 — Картэс становіцца першым губэрнатарам і генэрал-капітанам Новай Гішпаніі.
- 1524 — да Новай Гішпаніі далучаліся Гватэмала і Гандурас.
- 1535 — заснавана віцэ-каралеўства Новая Гішпанія з цэнтрам у Мэхіка. Першым віцэ-каралём новай Гішпаніі стаў Антоніё дэ Мэндоса. Віцэ-каралеўства падзеленае на правінцыі на чале з губэрнатарамі. Тэрыторыі правінцыяў былі падзеленыя паміж гішпанскімі памешчыкамі-латыфундыстамі, да якіх былі замацаваныя прымежныя індзейцы. Для стрымліваньня свавольства губэрнатараў на месцах былі створаныя аўдыенсіі — калегіі судзьдзяў, на чале з прэзыдэнтамі.
- 1810—1824 — вайна за незалежнасьць Мэксыкі ад Гішпаніі.
- 1821 — абвяшчэньне незалежнасьці.
- 1824 — першая канстытуцыя незалежнай Мэксыкі.
- 1835 — аддзяленьне Тэхаса ў хадзе Тэхаскай рэвалюцыі.
- 1846—1848 — амэрыкана-мэксыканская вайна, якая скончылася адтаржэньнем ад Мэксыкі паловы тэрыторыі, якая зараз уваходзіць у склад ЗША.
- 1862—1867 — францускае ўварваньне, у гонар адной зь перамогаў у якой мэксыканцы заснавалі нацыянальнае сьвята.
- 1910—1920 — Мэксыканская рэвалюцыя.
- 1994 — паўстаньне сапатыстаў.
- 2006 — рэвалюцыя кактусаў.
Палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэксыканскія Злучаныя Штаты зьяўляюцца фэдэрацыйнай дэмакратычнай рэспубліканскай з прэзыдэнцкай сыстэмай кіраваньня ў адпаведнасьці з канстытуцыяй 1917 году. Канстытуцыя ўсталёўвае тры ўрадавыя ўзроўні: фэдэральны зьвяз, урады штатаў і муніцыпальныя органы ўлады. Паводле канстытуцыі, усе суб’екты дзяржавы павінны мець рэспубліканскую форму праўленьня, якая складаецца з трох галінаў улады: выканаўчай, у асобе аднаго губэрнатара і прызначанага кабінэта, заканадаўчая, якая вызначаецца аднапалатным кангрэсам, і судовай сыстэмай.
Дзьвюхпалатны Кангрэс Зьвязу, які складаецца з сэнату й палаты дэпутатаў, праводзіць фэдэральныя законы, аб’яўляе вайну, спаганяе падаткі, сьцьвярджае дзяржаўны бюджэт і міжнародныя дагаворы, ратыфікуе й праводзіць дыпламатычныя сустрэчы[16]. Дэпутаты фэдэральных і дзяржаўных заканадаўчых органаў абіраюцца па сыстэме паралельнага галасаваньня, якая ўключае мажарытарнае й прапарцыянальнае прадстаўніцтва[17]. У палату дэпутатаў кангрэса зьвяза 300 дэпутатаў абіраюцца па мажарытарнай сыстэме, а астатнія 200 дэпутатаў па прапарцыйнай сыстэме з зачыненымі партыйнымі сьпісамі[18], для якіх краіна падзелена на 5 выбарчых акругаў[19]. Сэнат утрымлівае ў агульнай складанасьці 128 сэнатараў: 64 сэнатараў, па два з кожнага штата, і два з фэдэральнай акругі, якія абіраюцца па мажарытарнай сыстэме, яшчэ 32 сэнатары прызначаюцца па мажарытарнай сыстэме, а астатнія 32 прызначаюцца на аснове прапарцыянальнага прадстаўніцтва з зачыненымі партыйнымі сьпісамі.
Выканаўчая ўлада праводзіцца прэзыдэнтам Мэксыканскіх Злучаных Штатаў, які зьяўляецца кіраўніком дзяржавы й урада, а таксама вярхоўным галоўнакамандуючым мэксыканскіх узброеных сілаў. Прэзыдэнт таксама прызначае Кабінет міністраў і іншых службовых асобаў. Прэзыдэнт нясе адказнасьць за выкананьне закона, і мае права вета на законапраекты[20]. Ад 1 сьнежня 2018 году прэзыдэнтам Мэксыкі зьяўляецца Андрэс Мануэль Лёпэс Абрадор. Судовая галіна ўлады прадстаўлена Вярхоўным судом, які складаецца з 11 судзьдзяў, прызначаных прэзыдэнтам і зацьверджаныя сэнатам, якія інтэрпрэтуюць законы. Іншыя інстытуты судовай сыстэмы прадстаўлены выбарчым трыбуналам, калегіяльнымі, унітарнымі й раённымі судамі.
Тры партыі гістарычна былі дамінуючымі партыямі ў мэксыканскай палітыцы: Нацыянальная партыя дзеяньня: правая кансэрватыўная партыя, заснаваная ў 1939 годзе, якая належыць да Хрысьціянска-дэмакратычнай арганізацыі Амэрыкі, Інстытуцыянальна-рэвалюцыйная партыя, левацэнтрысцкая партыя, якая зьяўляецца чальцом Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу, якая была заснавана ў 1929 годзе для аб’яднаньня ўсіх фракцыяў мэксыканскай рэвалюцыі, а таксама Партыя дэмакратычнай рэвалюцыі: левая партыя[21], заснаваная ў 1989 годзе ў якасьці пераемніка кааліцыі сацыялістаў і лібэральных партыяў.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Будова паверхні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Большую частку Мэксыкі займае Мэксыканскае нагор’е, якое пераходзіць на поўначы ў высокія раўніны і плято Тэхасу і Нью-Мэксыка; з усходу, захаду і поўдню яно акружана глыбока разьдзеленымі горнымі хрыбтамі. Цэнтральная частка гэтага нагор’я складаецца з шырокіх западзінаў — бальсонаў — са спадзістымі схіламі; асобныя хрыбты часта ўвянчаныя вульканамі. Паверхня пласкагор’я паступова падвышаецца да поўдня і ўтварае клін у вульканічнай зоне, дзе ў шыротным кірунку працягваецца хрыбет Папярочная Вульканічная Сьера. Паўночная частка пласкагор’я, Паўночная Мэса, утвораная зьлітымі паміж сабой бальсонамі, западзінамі з саланчакамі або салёнымі азёрамі ў цэнтры; самыя буйныя зь іх — Бальсон-дэ-Мапімі, дно якога знаходзіцца на вышыні 900 м над у. м., і Бальсон-дэ-Майран (1100 м). Над агульным узроўнем плято рэзка ўзьнімаюцца на вышыню да 900 м блёкавыя горы. Большая частка гэтага пустыннага раёну бясьцёкавая; толькі на поўначы працякае найбуйнейшая рака Мэксыкі Рыё-Брава-дэль-Нортэ (у ЗША яна носіць назву Рыё-Грандэ) і яе адзіны прыток — Канчас. Далей да поўдня паверхня нагор’я павышаецца; шматлікія міжгорныя западзіны разьмешчаныя тут на адзнаках 1800—2400 м над у. м. і падзеленыя прыпаднятымі засушлівымі плято, над якімі на некалькі сот мэтраў паднімаюцца блёкавыя хрыбты. На крайнім поўдні нагор’я знаходзіцца так званы Цэнтральны раён, які зьяўляецца цэнтрам палітычнага і эканамічнага жыцьця краіны, дзе разьмешчаная сталіца і засяроджаная вялікая частка насельніцтва. У рэльефе гэтага раёну выразна выяўленыя катлавіны, дно якіх знаходзяцца на ўзроўні 1500—2600 м; усе яны, за выключэньнем даліны Мэхіка, дзе знаходзіцца сталіца, дрэнуюцца рэкамі, прыналежнымі да басэйнаў Ціхага і Атлянтычнага акіянаў. Катлавіны падзеленыя ўзгорыстымі градамі мяккіх абрысаў, прарэзанымі глыбокімі і вузкімі далінамі рэк. Над паверхняй плято рэзка паднімаецца, абмяжоўваючы яго з поўдня, Папярочная Вульканічная Сьера, утвораная амаль зьлітымі конусамі вульканаў. Тут знаходзяцца найвышэйшыя пікі: Арысаба (Сытлальтэпэтль), 5610 м; Папакатэпэтль, 5452 м; Істаксыўатль, 5286 м; Нэвада-дэ-Талука, 4392 м; Малінчэ, 4461 м, і Невада-дэ-Каліма, 4265 м. У Даліне Мэхіка даўжынёй 80 км і шырынёй каля 50 км некалі знаходзілася пяць плыткіх азёраў з забалочанымі берагамі; буйнейшым зь іх было возера Тэскока, у цэнтры якога, на высьпе, разьмяшчалася сталіца ацтэкаў — Тэначтытлан. З часам возера было асушана і на яго месцы знаходзіцца сучасная сталіца, горад Мэхіка. Самая буйная рака Цэнтральнага раёну — р. Лерма — працякае праз западзіны Талука, Гуанахуата і Халіска і ўпадае ў возера Чапала, якое мае сьцёк у Ціхі акіян праз р. Рыё-Грандэ-дэ-Сант’яга. Іншыя западзіны — Агуаскальентэс і Пуэбла — таксама дрэнуюцца рэкамі басэйна Ціхага акіяна. Самым актыўным дзейным вульканам Мэксыкі зьяўляецца Вогнены Каліма (вышыня — 3860 м).
Заходнюю мяжу нагор’я ўтварае горная сыстэма Заходняя Сьера-Мадрэ, якая дасягае 160 км у шырыню і месцамі ўзьнімаецца вышэй 3000 м. Гэта адзін з найбольш магутных і цяжкапераадольных горных бар’ераў Заходняга паўшар’я. Горная сыстэма на ўсходзе нагор’я, Усходняя Сьера-Мадрэ, адносна лягчэйшая да пераадоленьня. Папярочная Вульканічная Сьера стромкім уступам абрываецца да тэктанічнай западзіны р. Бальсас, глыбока ўдаецца ў горную вобласьць; нават на вялікім алдаленьні ад акіяна, на мэрыдыяне г. Мэхіка, дно даліны мае вышыню ўсяго каля 500 м над у. м. Паўднёвей даліны Бальсас знаходзіцца вобласьць разьдзеленых плято Герэра і Аахака, вядомая пад агульнай назвай Паўднёвай Сьера-Мадрэ; эразійная дзейнасьць вадацёкаў стварыла тут складаную сетку глыбокіх далінаў і крутасхілых грабянёў, амаль не пакінуўшы роўных участкаў. Гэтая паўднёвая горная вобласьць, якая, як прынята лічыць, утварае паўднёвы рубеж геалягічных структураў Паўночнай Амэрыкі, заканчваецца стромкімі ўступамі, звернутымі да Ціхага акіяна і да нізіннага перашыйка Тэуантэпек.
Тры асноўныя фізыка-геаграфічныя вобласьці за межамі вышэйапісанай горнай вобласьці — гэта паўночная частка Ціхаакіянскага ўзьбярэжжа, уключаючы п-ву Каліфорнію, або Ніжнюю Каліфорнію; Прымэксыканскую нізіну і п-ву Юкатан; і горную сыстэму Ч’япас, разьмешчаную паміж перашыйкам Тэўантэпек і мяжой Гватэмалы. Большая частка тэрыторыі, разьмешчанай у паўночнай частцы Ціхаакіянскага ўзьбярэжжа і аддзеленай ад астатняй часткі краіны цяжкадаступнымі гарамі Усходняй С’ера-Мадрэ, уяўляе сабой пустыню. Асноўныя элемэнты паверхні — пустыня Санора, дэпрэсія, разьмешчаная на паўночным працягу Каліфарнійскага заліва і месцамі апушчаная ніжэй у.м., і блёкавыя горы п-вы Каліфорнія — працягваюцца на поўначы ў межы ЗША. Шырокія засушлівыя терасападобныя паверхні п-вы Каліфорнія большай часткай не маюць вадацёкаў, але ў паўднёвай частцы матэрыковага ўзьбярэжжа Каліфарнійскага заліва адгор’і і бясьцёкавыя западзіны чаргуюцца з плоскадоннымі далінамі рэк, што сьцякаюць з гор. Прымэксыканская нізіна расшыраецца на поўначы, дзе яна злучаецца з прыбярэжнымі раўнінамі Тэхаса. Далей да поўдня, ад Тампіка да паўночнай ускраіны перашыйка Тэўантэпек, яна ўяўляе сабой вузкую забалочаную прыбярэжную паласу, а яшчэ далей пашыраецца і зьліваецца зь нізіннай вапняковай раўнінай п-вы Юкатан. На перашыйку Тэўантэпек адлегласьць паміж Мэксыканскім залівам і Ціхім акіянам складае ўсяго 210 км, а найбольшая вышыня — 240 м. Горная вобласьць Ч’япас у структурным сэнсе належыць ужо да Цэнтральнай Амэрыкі. У гэтай вобласьці ўсе асноўныя формы рэльефу выцягнутыя раўналежна берагу Ціхага акіяна: вузкая прыбярэжная нізіна; стромка ўзнесены над ёй хрыбет Сьера-Мадрэ-дэ-Ч’япас вышынёй да 2400 м; рыфтовая даліна Ч’япас, дно якой знаходзіцца на 450—900 м над у.м., дрэніраваная прытокамі р. Грыхальва; нарэшце, шэраг блёкавых глыбока разьдзеленых горных хрыбтоў вышынёй месцамі больш 3000 м.
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Амаль палова ўсёй тэрыторыі Мэксыкі мае арыдны або сэміарыдны клімат. Засушлівыя ўмовы характэрныя для ўсёй паўночнай зоны ўздоўж мяжы з ЗША, ад Ціхага акіяна да Мэксыканскага заліва, і распаўсюджваюцца ў цэнтральнай частцы нагор’я на поўдзень прыкладна да 22° з.ш. Далей да поўдня колькасьць ападкаў паступова павялічваецца, дасягаючы 580 мм у год у горадзе Мэхіка і 890 мм у год у западзіне Пуэбла. Толькі штаты Вэракрус і Табаска на ўзьбярэжжа Мэксыканскага заліва і Ціхаакіянскае ўзьбярэжжа штата Ч’япас атрымліваюць дастатковую колькасьць дажджоў на працягу ўсяго году. Вялікая частка ападкаў выпадае ўлетку, зімы адносна сухія. Тэмпэратуры і расьліннасьць залежаць ад вышыні над узроўнем мора. У Мэксіцы гарачы пояс — г. зв. tierra caliente — разьмяшчаецца ад узроўню мора прыкладна да 600 м або трохі вышэй; умераны пояс — tierra templada — распасьціраецца над ім, да вышыні каля 1850 м, а яшчэ вышэй, да самой сьнегавай мяжы (3950—4550 м) знаходзяцца г. зв. «халодныя землі» (tierra fria). Вялікая частка цэнтральнага нагор’я знаходзіцца на вышыні ад 1200 да 2400 м над у. м., што адпавядае верхняй частцы ўмеранага поясу і ніжняй часткі халоднага. Хоць сэзонныя амплітуды тэмпэратураў невялікія і, за выключэньнем крайняй поўначы, складаюць у сярэднім каля 8 °C, сутачныя ваганьні значныя, і ў горнай вобласьці ночы звычайна халодныя. На прыбярэжных нізінах летнія тэмпэратуры перавышаюць 27 °C. Асабліва доўгае і гарачае лета характэрна для нізінаў, якія прымыкаюць да Каліфарнійскага заліва.
Расьліннасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сувязі з малою колькасьцю дажджоў паўночная палова Мэксыкі пакрытая мэскытавымі дрэвамі, кактусамі, юкай і калючымі хмызьнякамі. У ніжняй частцы схілаў Сьера-Мадрэ травяністая расьліннасьць чаргуюцца зь нізкарослымі таполямі і вербамі, а вышэй сярод травы растуць рэдкастойныя дубы. Горны ланцуг, які цягнецца ўздоўж паўвостраву Каліфорнія, пакрыты хваёвым рэдкалесьсем, а арыднае заходняе ўзьбярэжжа занята рэдкімі кактусамі, асобнымі дрэвамі, якія тоўстым канічным ствалом (да 6 м вышынёй) зь некалькімі коранепадобнымі галінамі нагадваюць перавернутую моркву. Да поўдня ўздоўж абодвух берагоў Мэксыкі раўнінная расьліннасьць паступова зьмяняецца ад хмызьняковых зарасьнікаў і рэдкатраўных злакоўнікаў да саванавых рэдкалесьсяў, якія пачынаюцца прыкладна на шыраце Тампіка. Да поўдня ад Вэракрусу выпадаюць багатыя дажджы, узьбярэжжа багністае з густымі трапічнымі джунглямі, месцамі яна чаргуюцца з участкамі саванаў. Дажджавы трапічны лес пакрывае штат Табаска, поўдзень штату Юкатан і адкрытыя паўночныя схілы гор Ч’япас. Поўнач Юкатану занята паўлістападным трапічным лесам, злакоўнікамі і хмызьняковымі зарасьнікамі. Тут асабліва шмат відаў агаў, адзін зь якіх — агава Фуркрападобная (Agave fourcroides) — дае валакно «энэкэн» для вырабу паперы, вяровак і тарнай тканіны.
У паўднёвай палове Мэксыкі клімат і расьліннасьць зьмяняюцца ў залежнасьці ад абсалютнай вышыні. Гарачы пояс пакрыты густым паўлістападным лесам. Ва ўмераным поясе расьце шмат субтрапічных вечназялёных пародаў, да якіх вышэй па схілах прымешваюцца дубы і іншыя шырокалісьцевыя лістападныя дрэвы. Ніжняя паласа халоднага пояса занятая хваёва-дубовым лесам, які на адзнацы каля 3050 м над у. м. пераходзіць у хваёва-піхтавы. Паблізу сьнегавай лініі высакагор’і пакрытыя альпійскімі лугамі.
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сальма Хаек — акторка кіно
- Control Machete — музычны гурт
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Merriam-Webster’s Geographical Dictionary, 3rd ed. Springfield, MA: Merriam-Webster, Inc.; p. 733
- ^ Mexico at The World Factbook
- ^ «INEGI 2010 Census Statistics». inegi.org.mx.
- ^ «How to compare regional powers: analytical concepts and research topics». British International Studies Association.
- ^ Ministry of Foreign Affairs of Japan. mofa.go.jp
- ^ «Country and Lending Groups». World Bank.
- ^ Paweł Bożyk (2006). «Newly Industrialized Countries». Globalization and the Transformation of Foreign Economic Policy. Ashgate Publishing, Ltd. p. 164. ISBN 0-7546-4638-6.
- ^ Mauro F. Guillén (2003). «Multinationals, Ideology, and Organized Labor». The Limits of Convergence. Princeton University Press. pp. 126 (Table 5.1). ISBN 0-691-11633-4.
- ^ N. Gregory Mankiw (4th Edition 2007). «Principles of Economics». Mason, Ohio: Thomson/South-Western. ISBN 0-324-22472-9.
- ^ «G8: Despite Differences, Mexico Comfortable as Emerging Power». Ipsnews.net.
- ^ Mexico (05/09). US Department of State.
- ^ CRS Report for Congress. Congressional Research Service.
- ^ «Mexico’s World Heritage Sites». Worldheritagesite.org.
- ^ «Mexico on the UNESCO World Heritage». Whc.unesco.org.
- ^ «Mexico’s World Heritage Sites Photographic Exhibition at UN Headquarters». Whc.unesco.org.
- ^ «Articles 50 to 79». Political Constitution of the United Mexican States.
- ^ «Third Title, First Chapter, About Electoral systems» (PDF). Código Federal de Instituciones y Procedimientos Electorales (Federal Code of Electoral Institutions and Procedures).
- ^ «Third Title, First Chapter, About Electoral systems, Article 11-1» (PDF). Código Federal de Instituciones y Procedimientos Electorales
- ^ «Fourth Title, Second Chapter, About coalitions, Article 59-1» (PDF). Código Federal de Instituciones y Procedimientos Electorales
- ^ «Articles 80 to 93». Political Constitution of the United Mexican States.
- ^ Estatuto del Partido de la Revolución Democrática. Documentos Básicos.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мэксыка на The World Factbook
- Мэксыка на Open Directory Project
- Гісторыя старажытнай Мэксыкі
- Фотагалерэя Мэксыкі