Перайсьці да зьместу

Кітабы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Старонка кітабу ХІХ ст.

Кіта́бы (ад араб. kitab‎ — «кніга») — кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. Пачалі стварацца, як мяркуецца, не пазьней за XVI стагодзьдзе татарамі, што пасяліліся ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV—XV стагодзьдзях і паступова забылі сваю родную мову[a].

Лічацца найбольш каштоўным матэрыялам дзеля дасьледаваньня старой беларускай мовы, бо ня маюць уплываў царкоўнаславянскай мовы, а цалкам грунтуюцца на народнай мове, перадаючы пэўныя гукавыя асаблівасьці (дзеканьне ды іншыя)[3].

Зьмест кітабаў — тэксты, якія тлумачаць Каран, апісаньні мусульманскіх рытуалаў і асноўных мусульманскіх абавязкаў, цытаты з Карану і выказваньні прарока Мухамада (хадысы), усходнія казкі, прыгодніцкія аповесьці. Часта сустракаюцца рэлігійныя легенды й апавяданьні, напр., пра сьмерць Мар’ямы — маці Ісуса Хрыста, усходняя легенда Мірадж — апавяданьне пра начную вандроўку прарока Мухамада ў Ерусалім і потым да Боскага трону, маральна-этычныя павучаньні для моладзі (пра шанаваньне бацькоў, гасьцей, бедных, сірот, суседзяў ды інш.), варажба па літарах Карану, разгадка сноў. Апроч кітабаў вылучаюць напісаныя арабскім пісьмом тафсіры, таджвіды, хамаілы. Кітабы напісаныя і чытаюцца справа налева, тэкст пачынаецца там, дзе ў славянскіх кнігах заканчваецца. У бібліятэках Вільні і Менску захоўваюцца кітабы аб’ёмам ад 70 да 1000 старонак. Радок у такіх манускрыптах суцэльны, няма падзелу на словы, знакаў прыпынку і напісаньняў зь вялікай літары. Новы твор (разьдзел) пачынаецца словам «баб» (разьдзел, пачатак новага зьместу) ці «хікает» (аповесьць, апавяданьне). Іншы раз гэтых словаў няма, тады на палях выпісваюцца першапачатковыя словы (першы сказ) разьдзела.

У кітабах адлюстраваныя побыт, звычаі, традыцыі татараў-перасяленцаў, таму іх тэксты — каштоўны матэрыял для лінгвістаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў.

Кітабы — шматмоўныя рукапісы, але дамінуе ў іх тагачасная беларуская народна-дыялектная мова. Некаторае павелічэньне ў кітабах ХІХ ст. тэкстаў, якія адчулі ўплыў польскай крэсавай мовы, вырашальнага значэньня на агульную ацэнку не аказвае. Мова кітабаў адрозьніваецца ад мовы старажытных беларускіх пісьмовых помнікаў, яна блізкая да беларускай народнай мовы.

Спалучэньне (і нават перакрыжаваньне) ўсходніх (арабскіх, цюрскіх) і славянскіх (беларускіх) моўных традыцыяў у манускрыптах назіраецца дастаткова часта. Напрыклад, у Кітабе А. Хасяневіча (1832) у сказе з апавяданьня пра Мар’яму: «аднаго дня Іса прарок / йего мілосьць / ласка божэйе над нім / да маткі свайей мувіл» выкарыстоўваецца традыцыйная ўсходняя ўстаўка-парантэза, яна не характэрная славянскім тэкстам. У гэтым жа тэксьце ў сказе: «рэкла (Марйама): І / сыну мой Іса / астаньсе здароў / а йа ўжо адыйду» выкарыстоўваецца цюрскі выклічнік «і» побач зь беларускай клічнай формай «сыну». Усё гэта разам фармуе адметную стылістыку тэксту.

Філялягічная праца перакладніка(ў) і капіістаў мела сьвядомы характар, што знаходзіла адлюстраваньне ў імкненьні пісаць аднастайна. З гэтай прычыны можна казаць пра існаваньне ў кітабах літаратурна-пісьмовых нормаў. Яны ў сваю чаргу фармаваліся пад уплывам некалькіх фактараў: ранейшых копіяў (і з гэтай прычыны адлюстроўвалі нормы беларускай мовы ранейшых эпохаў), кірылічных літаратурных (асабліва рэлігійных) крыніцаў і жывых народных гаворак. Гэта таксама надавала кітабам своеасаблівы калярыт.

Навуковае вывучэньне кітабаў пачалося ў XIX ст. Трансьлітараваныя ўрыўкі з кітабу надрукаваў А. Мухлінскі ў працы «Дасьледаваньне пра паходжаньне і стан літоўскіх татараў» (СПб., 1857). У пачатку XX ст. пра кітабы пісалі Яўхім Карскі, Ігнацы Крачкоўскі, Іван Луцкевіч ды іншыя. У 1926 годзе Ян Станкевіч на філязофскім факультэце Карлавага ўнівэрсытэту абараніў дысэртацыю «Рэлігійныя кнігі беларускіх мусульманаў „Аль-Кітаб“. Граматычны аналіз мовы на аснове фанэтыкі і словаўтварэньня». Гэтая праца складаецца з корпусу рукапіснага тэксту (399 старонак) і сшытку-дадатку транскрыпцыяў тэкстаў «Аль-Кітаб» з выкарыстаньнем розных графічных сыстэмаў, у які ўкладаюцца дзьве асобна аформленыя табліцы[4].

Найбольш грунтоўна кітабы дасьледаваў Антон Антановіч. У кнізе «Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-артаграфічная сыстэма» (Вільня, 1968) ён разгледзеў 24 арыгінальныя тэксты, сярод іх 8 кітабаў.

У цяперашні час варта казаць пра дасьледаваньне ў цэлым арабскаальфабэтнай літаратуры, у тым ліку кітабаў, створаных беларускімі (літоўскімі) татарамі. Нават сфармаваўся асобны кірунак пад назвай «кітабістыка». Вывучэньню кітабаў (і, шырэй, арабскаальфабэтнай літаратуры) прысьвечаныя працы беларускіх, літоўскіх, польскіх, швайцарскіх, брытанскіх ды інш. дасьледнікаў (В. Несьцяровіч, Ч. Лапіч, В. Чэкман, Г. Александровіч-Мішкінене, П. Сутэр, М. Тарэлка ды іншыя).

  1. ^ Акадэмік Яўхім Карскі наступным спосабам тлумачыў прычыны страты татарамі роднай мовы: «Пасяліўшыся ў Літоўскай дзяржаве, яны хутка абеларусіліся; часткова гэта залежала ад таго, што яны бралі шлюб з беларускамі, бо сваіх жанчын зь імі часта не было». «3 прычыны гэтага [жаніцьбы зь ліцьвянкамі], — дадае крымска-татарскі асьветнік Ісмаіл Гаспрынскі ў рабоце „Рускае мусульманства“[1], — што жонкі пасяленцаў-татараў не разумелі зусім па-татарску, ужо першае пакаленьне літоўскіх татараў гаварыла больш мовай маці, г. зн. па-літоўску, чым па-татарску, так што празь некалькі пакаленьняў татарская мова зьнікла з ужытку, і мова літоўская (г. зн. беларуская) стала нацыянальнай мовай тамтэйшых татараў»[2]
  1. ^ Гаспринский И. „Русское мусульманство: Мысли, заметки и наблюдения мусульманина“. — Симферополь, 1881. С. 27—28.
  2. ^ Ібрагім Канапацкі, Мова беларускіх татар, Беларускі гістарычны партал, 2 лютага 2018 г.
  3. ^ Дубоўка У. Пра нашу літаратурную мову // Узвышша». № 2, 1927.
  4. ^ Трус М. Дысертацыі беларусаў, выпускнікоў Карлавага ўніверсітэта ў Празе. 1925—1931 гады // Полымя. № 12, 2018. С. 133—134.
  • Вольскі В. Асноўныя прынцыпы арабскай транскрыпцыі беларускага тэксту ў «кітабах» // Узвышша. 1927. № 6.
  • Вольскі В. Аб асаблівасьцях жывой мовы беларускіх татар і арабскай транскрыпцыі «Аль-Кітабаў» // Наш край. 1928. № 8—9.
  • Канапацкі, І. Б. Гісторыя і культура беларускіх татар / І. Б. Канапацкі, А. І. Смолік. — Мінск, 2000.
  • Карскі Я. Беларуская мова арабскім пісьмом // Вестн. Нар. коммссариата просвещения. 1922. № 1.
  • Кітаб з фондаў Казанскага універсытэту (№ 1446) // Запісы Бел. Ін-та навукі і мастацтва. 1994. Кн. 21.
  • Луцкевіч І. Ай-Кітаб — Кіцёп // Скарыніч. Мн., 1993. Вып. 2.
  • Луцкевіч І. Ай Кітаб // Спадчына. 1992. № 3.
  • Несцяровіч, В. І. Старажытныя рукапісы беларускіх татар : Графіка. Транслітарацыя. Агульная характарыстыка мовы. Фразеалогія / В. І. Несцяровіч. — Віцебск: УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», 2003.
  • Станкевіч, Ян. Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом / Я.Станкевіч. — Вільня, 1933.
  • Шлюбскі А. Беларуская мова арабскай транскрыпцыяй // Наш край. 1926. № 6-7.
  • Антонович, А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система / А. К. Антонович. — Вильнюс, 1968.
  • Мишкинене, Г. [А]. Древнейшие рукописи литовских татар : Графика. Транслитерация. Перевод. Структура и содержание текстов. Уч.-метод. пос. / Г. [А]. Мишкинене. — Вильнюс, 2001.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]