Перайсьці да зьместу

Канстытуцыя СССР 1924 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
канстытуцыя
Канстытуцыя СССР 1924 году
Заканадаўчы орган
Прыняцьце Цэнтральным выканаўчым камітэтам СССР
6 ліпеня 1923 (101 год таму)
Ухваленьне Усесаюзным зьездам Саветаў
31 студзеня 1924 (100 гадоў таму)
Уступ у сілу 6 ліпеня 1923 (101 год таму)
Першая публікацыя 7 ліпеня 1923 (101 год таму)
«Весьці ЦВК СССР і УЦВК», № 150
Страта сілы 5 сьнежня 1936 (88 гадоў таму)
Поўны тэкст у Вікікрыніцах? .

Канстыту́цыя СССР 1924 го́ду — першы асноўны закон Савецкага Саюзу, ухвалены ў студзені 1924 году.

Паводле 34-га артыкула гэтай Канстытуцыі, «дэкрэты і пастановы ЦВК, яго Прэзыдыюму і СНК Саюзу ССР друкуюцца на мовах агульнаўжывальных у саюзных рэспубліках (расейская, украінская, беларуская, грузінская, армянская, цюрка-татарская)». У выніку ў 1924 годзе ў Маскве пачалі друкаваць законы, дэкрэты і пастановы найвышэйшых дзяржаўных установаў у перакладзе на беларускую мову, што дазволіла ствараць сучасную прававую тэрміналёгію па-беларуску. Тым часам, у Менску выданьне законаў на беларускай мове распачалі на 2 гады пазьней[1]. Асноўны закон 1924 году зьмяшчаў 2 разьдзелы: 1) «Дэклярацыя аб утварэньні СССР»; 2) «Дамова», якую ў 1922 годзе заключылі 4 дзяржавы — Расейская СФСР, Украінская ССР, Беларуская ССР і Закаўкаская СФСР. Другі разьдзел налічваў 72 артыкулы ў складзе 11 главаў: 1) «Прадметы вядзеньня вярхоўных органаў улады СССР», 2) «Аб сувэрэнных правах саюзных рэспублік і аб саюзным грамадзянстве», 3) «Аб Зьезьдзе Саветаў СССР», 4) «Аб Цэнтральным выканаўчым камітэце СССР», 5) «Аб Прэзыдыюме ЦВК СССР», 6) «Аб Савеце народных камісараў СССР», 7) «Аб Вярхоўным судзе СССР», 8) «Аб народных камісарыятах СССР», 9) «Аб Аб’яднанай дзяржаўнай палітычнай управе», 10) «Аб саюзных рэспубліках», 11) «Аб гербе, сьцягу і сталіцы СССР». Цягам выкарыстаньня Асноўны закон зазнаў 5 правак у 1925, 1927, 1929, 1931 і 1935 гадах[2].

Прадметы вядзеньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая глава Канстытуцыі ўлучала 2 артыкулы. Паводле 1-га артыкула, вядзеньню СССР у асобе яго вярхоўных органаў падлягалі:

  • «а) прадстаўніцтва Саюзу ў міжнародных зносінах, вядзеньне ўсіх дыпляматычных зносінаў, заключэньне палітычных і іншых дамоваў зь іншымі дзяржавамі;
  • б) зьмяненьне вонкавых межаў Саюзу, а таксама ўрэгуляваньне пытаньняў а зьмяненьні межаў між саюзнымі рэспублікамі;
  • в) заключэньне дамоваў аб прыёме ў склад Саюзу новых рэспублік;
  • г) абвяшчэньне вайны і заключэньне міру;
  • д) заключэньне вонкавых і ўнутраных пазыкаў СССР і дазвол вонкавых і ўнутраных пазыкаў саюзных рэспублік;
  • е) ратыфікацыя міжнародных дамоваў;
  • ж) кіраваньне вонкавым гандлём і ўсталяваньне сыстэмы ўнутранага гандлю;
  • з) усталяваньне асноваў і агульнага пляну ўсёй народнай гаспадаркі Саюзу, вызначэньне галінаў прамысловасьці і асобных прамысловых прадпрыемстваў, якія маюць агульнасаюзную значнасьць, заключэньне канцэсійных дамоваў, як агульнасаюзных, гэтак і ад імя саюзных рэспублік;
  • і) кіраваньне транспартнай і паштова-тэлеграфнай справай;
  • к) арганізацыя і кіраваньне узброенымі сіламі СССР;
  • л) зацьвярджэньне адзінага дзяржаўнага бюджэту СССР, у склад якога ўваходзяць бюджэты саюзных рэспублік, усталяваньне агульнасаюзных падаткаў і даходаў, а таксама адлічэньняў ад іх і надбавак да іх, якія паступаюць на ўтварэньне бюджэтаў саюзных рэспублік, дазвол дадатковых падаткаў і збораў на ўтварэньне бюджэтаў саюзных рэспублік;
  • м) усталяваньне адзінай грашовай і крэдытнай сыстэмы;
  • н) усталяваньне агульных пачаткаў землеўладкаваньня і землекарыстаньня, а роўна карыстаньня нетрамі, лясамі і водамі на ўсёй тэрыторыі СССР;
  • о) агульнасаюзнае заканадаўства аб міжрэспубліканскіх перасяленьнях і ўсталяваньне перасяленчага фонду;
  • п) усталяваньне асноваў судовага ладу і судаводзтва, а таксама грамадзянскага і крымінальнага заканадаўства Саюзу;
  • р) усталяваньне асноўных законаў аб працы;
  • с) усталяваньне агульных пачаткаў у галіне народнай асьветы;
  • т) усталяваньне агулльных захадаў у галіне аховы народнага здароўя;
  • у) усталяваньне сыстэмы мераў і вагаў;
  • ф) наладжваньне агульнасаюзнай статыстыкі;
  • х) асноўнае заканадаўства ў галіне саюзнага грамадзянства ў дачыненьні правоў іншаземцаў;
  • ц) права амністыі, пашыранае на ўсю тэрыторыю Саюзу;
  • ч) скасаваньне парушаючых гэтую Канстытуцыю пастановаў зьездаў саветаў і цэнтральных выканаўчых камітэтаў саюзных рэспублік;
  • ш) вырашэньне спрэчных пытаньнях, якія ўзьнікаюць між саюзнымі рэспублікамі»[3].

Другая глава Канстытуцыі СССР зьмяшчала 5 артыкулаў (3—7). У 3-м артыкуле прадугледжвалася, што «кожная саюзная рэспубліка ажыцьцяўляе сваю дзяржаўную ўладу самастойна», а «СССР ахоўвае сувэрэнныя правы саюзных рэспублік». Згодна з 4-м артыкулам вызначалася, што «за кожнай з саюзных рэспублік захоўваецца права вольнага выхаду з Саюзу». Паводле 6-га артыкула, «тэрыторыя саюзных рэспублік ня можа быць зьмяняемай бязь іх згоды»[3].

Трэцяя глава Асноўнага закону налічвала 5 артыкулаў (8—12). У 8-м артыкуле вызначалася, што «вярхоўным органам улады СССР ёсьць Зьезд Саветаў, а ў адцінку між Зьездамі Саветаў — Цэнтральным выканаўчы камітэт СССР, які складаецца з Саюзнага Савету і Савету нацыянальнасьцяў». Паводле 9-га артыкула ўсталёўвалася 5-кратна меншае прадстаўніцтва для сельскіх жыхароў адносна месьцічаў: «Зьезд Саветаў СССР складаецца з прадстаўнікоў гарадзкіх саветаў і саветаў гарадзкіх паселішчаў у разьліку 1 дэпутат на 25 000 выбарцаў і прадстаўнікоў губэрнскіх зьездаў саветаў у разьліку 1 дэпутат на 125 000 жыхароў. Згодна з 11-м артыкулам прадугледжвалася, што «чарговыя Зьезды Саветаў СССР склікаюцца ЦВК СССР 1 раз у год»[3].

Цэнтральны выканаўчы камітэт

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чацьвертая глава Асноўнага закону 1924 году ўлучала 16 артыкулаў (13—28). Паводле 14-га артыкула, «Зьезд Саветаў СССР абірае Саюзны Савет з прадстаўнікоў саюзных рэспублік прапарцыйна насельніцтву кожнай, разам у складзе 371-га сябра». Згодна зь 15-м артыкулам прадугледжвалася, што «Савет нацыянальнасьцяў утвараецца з прадстаўнікоў саюзных і аўтаномных ССР па 5 прадстаўнікоў ад кожнай і прадстаўнікоў аўтаномных вобласьцяў Расейскай СФСР па 1-м прадстаўніку ад кожнай». У 16-м артыкуле згадвалася, што «Саюзны Савет і Савет нацыянальнасьцяў разглядаюць усе дэкрэты, кодэксы і пастановы, якія паступаюць да іх ад Прэзыдыюму ЦВК і Саўнаркаму СССР, асобных наркаматаў Саюзу і ЦВКаў саюзных рэспублік». Паводле 21-га артыкула, чарговыя сэсіі ЦВК СССР мелі склікацца Прэзыдыюмам ЦВК 3 разы ў год. У 26-м артыкуле адзначалася, што «ў адцінку між сэсіямі ЦВК СССР найвышэйшым ораганам ёсьць Прэзыдыюм ЦВК СССР, які ўтвараецца ЦВК у колькасьці 21-го сябра, у лік якіх уваходзяць у поўным складзе Прэзыдыюмы Саюзнага Савету і Савету нацыянальнасьцяў». Пры гэтым, згодна з 27-м артыкалам ЦВК абіраў «паводле ліку саюзных рэспублік 4-х старшыняў ЦВК СССР са складу сябраў Прэзыдыюму ЦВК СССР»[3].

Пятая глава Асноўнага закону СССР налічвала 8 артыкулаў (29—36). Паводле 29-га артыкула, вызначалася, што «Прэзыдыюм ЦВК СССР у адцінку між сэсіямі ЦВК СССР ёсьць найвышэйшым заканадаўчым, выканаўчым і распарадчым органам улады СССР»[3].

Савет народных камісараў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шостая глава Асноўнага закону зьмяшчала 6 артыкулаў (37—42). Згодна з 37-м артыкулам Савет народных камісараў СССР быў «дадатковым і распарадчым органам ЦВК СССР» і ўтвараўся ЦВК СССР у складзе: старшыні СНК СССР, намесьнікаў старшыні, старшыні Найвышэйшай рады народнай гаспадаркі і 9 народных камісараў — 1) замежных справаў, 2) вайсковых і марскіх справаў, 3) вонкавага гандлю, 4) шляхоў зносін, 5) пошты і телеграфу, 6) работніцка-сялянскай інспэкцыі, 7) працы, 8) харчаваньня, 9) фінансаў[3].

Сёмая глава Асноўнага закону налічвала 6 артыкулаў (43—48). Паводле 37-га артыкула, акрэсьлівалася, што «пры ЦВК СССР засноўваецца Вярхоўны суд, да кампэтэнцыі якога адносяцца:

  • а) даваньне Вярхоўным судам саюзных рэспублік накіравальных тлумачэньняў у пытаньнях агульнасаюзнага заканадаўства;
  • б) разгляд і апратэставаньне перад ЦВК СССР на прадстаўленьне пракурора Вярхоўнага суду CCCC пастановаў, рашэньняў і выракаў вярхоўных судоў саюзных рэспублік, паводле разуменьняў супярэчнасьці такіх агульнасаюзнаму заканадаўству або калі імі закранаюцца зацікаўленасьці іншых рэспублік;
  • в) даваньне заключэньняў на патрабаваньне ЦВК СССР пра законнасьць тых або іншых пастановаў саюзных рэспублік з пункту гледжаньня Канстытуцыі;
  • г) разггляд судовых спрэчак між саюзнымі рэспублікамі;
  • д) разгляд справаў па абвінавачаньні найвышэйшых службовых асобаў Саюзу ў злачынствах паводле пасады»[3].

Народныя камісарыяты

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Восьмая глава Канстытуцыі 1924 году налічвала 12 артыкулаў (49—60). Згодна зь 52-м артыкулам аб’яднанымі народнымі камісарыятамі СССР былі Найвышэйшая рада народнай гаспадаркі і 4 камісарыяты: харчаваньня, працы, фінансаў і работніцка-сялянскай інспэкцыі. У 54-м артыкуле згадвалася, што органамі гэтых камісарыятаў, якія ажыцьцяўлялі на тэрыторыі саюзных рэспублік іх заданьні, былі аднайменныя народныя камісарыяты гэтых рэспублік[3].

Аб’яднаная дзяржаўная палітычная ўправа

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзявятая глава Канстытуцыі ўлучала 3 артыкулы (61—63). Паводле 61-га артыкула прадугледжвалася, што «дзеля аб’яднаньня рэвалюцыйных намаганьняў саюзных рэспублік у змаганьні з палітычнай і гаспадарчай контаррэвалюцыяй, шпіянажам і бандытызмам, засноўваецца пры СНР СССР Аб’яднаная дзяржаўная палітычная ўправа (АДПУ), старшыня якой уваходзіць у СНК СССР з правам дарадчага голасу». У 63-м артыкуле акрэсьлівалася, што «нагляд за заканамернасьцю дзеяньняў АДПУ СССР ажыцьцяўляецца пракурорам Вярхоўнага суду СССР на падставе адмысловай пастановы ЦВК СССР»[3].

Саюзныя рэспублікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзясятая глава Канстытуцыі зьмяшчала 6 артыкулаў (64—69). У 67-м артыкуле згадвалася, што ЦВК саюзных рэспублік утвараюць свае выканаўчы органы — саветы народных камісараў у складзе: старшыні СНК, намесьнікаў старшыні, старшыні Найвышэйшай рады народнай гаспадаркі і 10 народных камісараў — 1) земляробства, 2) фінансаў, 3) харчаваньня, 4) працы, 5) унутраных справаў, 6) юстыцыі, 7) работніцка-сялянскай інспэкцыі, 8) асьветы, 9) аховы здароўя, 10) сацыяльнага забесьпячэньня, а таксама з правам дарадчага або вырашальнага голасу, паводле рашэньня ЦВК саюзных рэспублік, упаўнаважаных 5 народных камісараў СССР па замежных справах, вайсковых і марскіх справах, вонкавым гандлі, шляхоў зносін, пошты і тэлеграфу. Паводле 69-га артыкула прадугледжвалася, што «права амністыцыі, а роўна і права памілаваньня і рэабілітацыі ў дачыненьні грамадзянаў, асуджаных судовымі і адміністрацыйнымі органамі саюзных рэспублік, захоўваецца за ЦВК гэтых рэспублік»[3].

  1. ^ Надзея Нікалаева. Юрыдычная сіла мовы // Зьвязда : газэта. — 2 сакавіка 2017. — № 246 (27856). — С. 1, 13. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Канстытуцыя СССР (1924) (рас.) // Вікікрыніцы, 11 чэрвеня 2021 г. Праверана 25 лістапада 2021 г.
  3. ^ а б в г д е ё ж з і Канстытуцыя СССР ад 31 студзеня 1924 году (рас.) // Вікікрыніцы, 1 студзеня 2013 г. Праверана 25 лістапада 2021 г.