Перайсьці да зьместу

Канстанцін Шышэя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Шышэя, Канстанці́н (Шышэя, Касту́сь) (1921 — 11 сьнежня 2004) — змагар за беларускую незалежнасьць, антысавецкі дзеяч, камандзір Беларускай краёвай абароны падчас Другой сусьветнай вайны, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Нарадзіўся ў вёсцы Шчорсы, каля Наваградка. Заможная сялянская сям’я з надзеламі ўласнай зямлі пазбавілася ўсяго нажытага падчас прыходу «саветаў» у 1939 годзе. Родныя згінулі ў вязьніцах, бацька расстраляны ў 1939, а 17-гадовы Канстанцін уратаваўся цудам.

У 1943 годзе падчас стварэньня беларускага батальёну пад кіраўніцтвам Барыса Рагулі стаў ягоным актыўным шарагоўцам у змаганьні з савецкімі партызанамі й чырвонымі, а потым і ад’ютантам Барыса Рагулі. За ад’ютанцтва ў батальёне Барыса Рагулі й антыкамуністычную прапаганду быў асуджаны й адбыў 10 гадоў у сталінскіх лягерах.

Жонка Лёдзя Шышэя адбывала лягер за сяброўства ў Саюзе беларускай моладзі. У бараках Інты й Караганды (Казахстан) склалася кола беларусаў-патрыётаў, повязь зь якімі не парывалася цягам усяго жыцьця. Гуртавала гэтую беларускую лучнасьць паэтка Ларыса Геніюш. Яна пазнаёміла Канстанціна Шышэю з будучай жонкай Лёдзяй. Пасьля вызваленьня Шышэі пасяліліся ў Вільні, бо ў БССР да палітзьняволеных ставіліся вельмі недобразычліва. Многія паліэмігранты й палітвязьні да апошніх дзён былі частымі гасьцямі віленскай кватэры Шышэяў.

Пахаваны Кастусь Шышэя 14 сьнежня на Эўфрасіньеўскіх могілках у Вільні.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]