Перайсьці да зьместу

Задзіночаньне беларускіх студэнтаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Задзіночаньне беларускіх студэнтаў
Абрэвіятура ЗБС
Дэвіз Яднайма лепшыя памкненьні
Дата ўтварэньня 1989
Тып Маладзёвае
Юрыдычны статус Грамадзкае аб’яднаньне
Мэта Фармаваньне паўнавартнастнага студэнцкага прадстаўніцтва й разьвіцьцё студэнцкага самакіраваньня ў Беларусі
Штаб-кватэра Менск
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Сяброўства Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, Эўрапейскі зьвяз студэнтаў(en) (Брусэль, Бэльгія)
Кіроўны орган Рада
Сайт http://zbsunion.org/

Задзіно́чаньне белару́скіх студэ́нтаў (ЗБС) — грамадзкая арганізацыя, што ўзьнікла напрыканцы 1980-х гадоў у выніку працы нефармальных студэнцкіх аб’яднаньняў. У 1992 годзе ЗБС было афіцыйна зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь як «Рэспубліканскае маладзёжнае грамадзкае аб’яднаньне Задзіночаньне беларускіх студэнтаў». У 2001 годзе рашэньнем Вярхоўнага Суду ЗБС пазбаўлена рэгістрацыі. З 2021 году зьяўляецца кааліцыяй студэнцкіх аб’яднаньняў 15 унівэрсытэтаў Беларусі[1].

Першасныя структуры ЗБС — суполкі, што ствараюцца пры наяўнасьці ня менш як трох сябраў ЗБС па месцы навучаньня, жыхарства альбо паводле інтарэсаў. Пры наяўнасьці трох і больш суполак могуць утварацца рэгіянальныя філіі ЗБС. Найвышэйшы кіраўнічы орган ЗБС — Зьезд, які склікаецца не радзей за адзін раз на 2 гады. Паміж Зьездамі дзейнасьцю ЗБС кіруе й ажыцьцяўляе каардынацыю працы суполак і філіяў Рада ЗБС. Некалькі разоў на год склікаецца Калегія — каардынацыйны й дарадчы орган, у які ўваходзяць сябры Рады, старшыні ўсіх структурных адзінак ЗБС, старшыні камісіяў ЗБС і старшыня Рэвізійнае камісіі. Рэвізійная камісія — кантрольны орган ЗБС у пэрыяд паміж Зьездамі, справаздачная толькі перад Зьездам.

У лістападзе 1988 г. Студэнцкае патрыятычнае згуртаваньне «Сьвітанак» выдала ў Менску першы нумар беларускамоўнага часопіса «Студэнцкая думка» на 8 старонках фармата(en) А5[2]. Першым рэдактарам часопіса быў 5-курсьнік Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Ігар Міхно. У 1989 г. у Менску (Беларуская ССР, СССР) студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Менскага мэдычнага інстытуту і Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту стварылі антыкамуністычнае моладзевае аб’яднаньне «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» (ЗБС). У 1990 г. ЗБС пераняло выданьне часопіса «Студэнцкая думка», рэдактарам якога стаў Зьміцер Вайцяховіч. У выніку наклад часопіса да канца году вырас з 1000 да 5000 асобнікаў, выраб якіх ажыцьцяўляўся на ротапрынтах(de) у навукова-дасьледчых інстытутах паводле прыватных вусных дамоваў з былымі сябрамі ЗБС сярод супрацоўнікаў НДІ[3].

Дзейнасьць у 1990-я і 2000-я

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1992 г. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравала ЗБС у якасьці рэспубліканскага маладзёвага грамадзкага аб’яднаньня. У 1993 г. ЗБС правёў канфэрэнцыю «Нацыянальная вышэйшая адукацыя ў Беларусі». У кастрычніку 1994 г. зладзіў сустрэчу маладых беларусаў сьвету з больш як 10 краінаў. За 1990—1995 гг. удалося выдаць 4 слоўнікі і некалькі музычных альбомаў беларускамоўных рок-гуртоў і сьпевакоў. У 1999 г. ЗБС уступіў у Эўрапейскі зьвяз студэнтаў(en) (ЭЗС; Брусэль, Бэльгія) і пачаў выпуск «Студэнцкай газэты». 13 красавіка 1999 г. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравала часопіс «Студэнцкая думка»[4]. У 2003 г. актывісты ЗБС стварылі вэб-сайт Studenty.by, які ў 2003 г. увайшоў у 5-ку найбольш наведваных студэнтамі. У 2007 г. сайт зьмяніў канцэпцыю і назоў на Generation.by. 3 сьнежня 2001 г. Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь на позву Міністэрства юстыцыі пазбавіў ЗБС рэгістрацыі. У 2006—2007 гг. ЗБС рабіў на Эўрарадыё перадачу «СтудФармат». У пачатку 2007 г. выдаў складанку «Не заганяйся» з 11 беларускамоўнымі песьнямі музычных гуртоў. У лістападзе 2008 г. у выніку конкурсу выдалі зборнік студэнцкай паэзіі «Незавершанасьць» з 30 вершаў пераможцаў[5].

Актывісты Задзіночаньня беларускіх студэнтаў розных пакаленьняў на сьвяткаваньні 30-годзьдзя арганізацыі

У 2016 годзе арганізацыя заявіла аб сваёй перазагрузцы, аб’яднаўшы сілы з актывістамі руху супраць платных пераздач у БДУ, якія праводзілі рэзанансны ў грамадзтве марш студэнтаў у сьнежні 2015 году[6]. У 2017 годзе падчас пратэстаў супраць дэкрэта № 3 актывісты ЗБС заснавалі «Студэнцкі Блок» для падтрымкі асноўных патрабаваньняў пратэсту, а таксама з патрабаваньнямі вызваліць усіх затрыманых студэнтаў, адмяніць абавязковае разьмеркаваньне студэнтаў і спыніць ціск у навучальных установах[7]. Падчас пратэстаў было затрымана 4 актывіста ЗБС[8]. У 2018 годзе ЗБС прымала ўдзел у сьвяткаваньні 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, мела сваю пляцоўку каля Вялікага тэатра опэры й балета[9]. Таксама ў гэтым жа годзе актывістамі ЗБС была запушчана студэнцкая зьніжкавая картка Unіcard, якая зьяўляецца аналагам сусьветна вядомай карткі ІSІC («Іnternatіonal Student Іdentіty Card»)[10]. У 2019 годзе актывісты ЗБС разам зь ініцыятывамі «Вучоба найважней», Legalіze Belarus, а таксама блогерамі аб’ядналіся ў «Моладзевы блёк», каб удзельнічаць у маючых адбыцца парлямэнцкіх выбарах. Актывістамі было вылучана 8 кандыдатаў у дэпутаты пры падтрымцы партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», а таксама партыі «Зялёныя»[11][12].

Папярэднія старшыні Рады ЗБС

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цяперашняя дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Летам-восеньню 2020 году ЗБС падтрымала агульнанацынальны пратэст і прыняла ўдзел у каардынацыі студэнцкай забастоўкі. 12 лістапада 2020 году ў сямі актывістаў адбыўся ператрус, саміх актывістаў затрымалі й завезьлі ў КДБ. Сярод іх сябра Каардынацыйнай Рады, прадстаўніца Сьвятланы Ціханоўскай па справах моладзі й студэнтаў Алана Гебрэмарыям, Ксенія Сырамалот, Ягор Канеўскі, студэнткі БДПУ Кася Будзько й Яна Арабейка[13]. Беларускія праваабарончыя арганізацыі асудзілі арышты актывістаў і крымінальныя справы на іх, прызвалі да неадкладнага вызваленя палітвязьняў[14]. Пасьля арыштаў і перасьледу ў Беларусі, шэраг актывістаў ЗБС пасяліліся за мяжой і разам зь іншымі студэнцкімі актывістамі працягнулі дзейнасьць аддалена[15].

23 лютага 2021 году ЗБС аб’явіў аб рэарганізацыі ў кааліцыю незалежных студэнцкіх аб’яднаньняў 15 унівэрсытэтаў Беларусі[1]. Кіраўнічым органам ЗБС стала Нацыянальная Студэнцкая Рада (НСР) — калегіяльна-прадстаўнічы орган, у якім прапарцыйна прадстаўлены ўваходзячыя ў ЗБС студэнцкія аб’яднаньні БарДУ, БДАМа, БДАМу, БДМУ, БДПУ, БДТУ, БДУ, БДУІР, БДУКМ, БДУФК, БДЭУ, ВДМУ, ГрДУ, МДЛУ, ПДУ[16].

У жніўні 2023 г. сацьсеткі й лагатып «Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў» патрапілі ў сьпіс экстрэмістычных матэрыялаў[17]. Па рашэнні КДБ ад 21 верасня 2023 года «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў» уключылі ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў»[18].

  1. ^ а б https://nashaniva.com/?c=ar&i=268794&lang=ru
  2. ^ Студэнцкая думка // Вэб-архіў «Вытокі», 2016 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  3. ^ Гісторыя беларускага самвыдату: «Студэнцкая думка» // Мэдыякрытыка.by, 30 сьнежня 2015 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  4. ^ Часопісу «Студэнцкая Думка» — 10 год // Пакаленьне Y, 14 красавіка 2009 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  5. ^ Нашая гісторыя // Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, 23 сьнежня 2013 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  6. ^ https://nashaniva.com/?c=ar&i=169699&lang=ru
  7. ^ https://charter97.org/be/news/2017/3/24/244774/
  8. ^ https://www.svaboda.org/a/28379781.html
  9. ^ https://symbalby.com/prahrama-bnr-100/
  10. ^ https://34mag.net/post/unicard
  11. ^ https://euroradio.fm/ru/molodyozhnyy-blok-idyot-v-parlament-gotovy-rabotat-dazhe-s-brsm
  12. ^ https://web.archive.org/web/20230517133051/https://zbsunion.by/history
  13. ^ https://euroradio.fm/vyasna-pradstaunica-cihanouskay-i-aktyvisty-zbs-u-kdb
  14. ^ https://web.archive.org/web/20210119162133/https://belhelcom.org/ru/news/zayavlenie-protesta-protiv-nastupleniya-na-zadzinochanne-belaruskih-studentau
  15. ^ https://web.archive.org/web/20220426004048/http://mediazona.by/article/2020/12/29/gaudeamus
  16. ^ https://zbsunion.by/about(недаступная спасылка)
  17. ^ https://spring96.org/be/news/112434
  18. ^ В Беларуси три новых «экстремистских формирования» — городской паблик, студенческая организация и проект помощи добровольцам в Украине

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]