Гісторыя Чачэніі
Чачэнцы (саманазва — нохчый) зьяўляюцца карэнным насельніцтвам Цэнтральнага Каўказу. Разам з інгушамі, кістынцамі й бацбійцамі чачэнцы складаюць нахскую этнічную групу (саманазва — вайнахі), прыналежную да каўкаскае (ібэра-каўкаскае) моўнае сям’і.
Старажытнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Самыя раньнія зьвесткі пра засяленьне тэрыторыі Чачэніі, паводле зьвестак археалёгіі, адносяцца да нэаліту (5—4 тыс. да н. э.). У бронзавым веку (3 тыс. — пачатак 1 тыс. да н. э.) практычна ўся тэрыторыя Чачэніі была засвоеная аўтахтонным насельніцтвам. Паводле меркаваньня археолягаў, антрапалягічны тып нахаў (у тым ліку чачэнцаў) сфармаваўся ў эпоху позьняга масэнжу й раньняга жалеза пад уплывам кабанскае й каякенцка-харачоеўскае культураў (першая палова 1 тыс. да н. э.), што перасякаліся на тэрыторыі Чачэніі.
Дадзеныя лінгвістыкі ўсталёўваюць сваяцтва наскіх моваў з старажытнымі хурыта-ўрарцкімі мовамі (на гэтай аснове зьявіліся гіпотэзы пра тое, што пранаскіе плямёны дайшлі на Каўказ зь Пярэдняе Азіі й што продкі нахаў роднасныя насельніцтву старажытнае Армэніі). Асвоіўшы паўночныя схілы Каўкаскага хрыбту й стэпавую зону, вайнахі ўвайшлі ў кантакты із скіфскай і сармацкай качавымі супольнасьцямі. Ад IV ст. да н. э. этнічныя аб’яднаньні Чачэніі й Інгушэтыі кантактуюць з старажытнагрузінскім царствам.
У другой палове 1 тыс. да н. э. вайнаскае этнапалітычнае аб’яднаньне кантралявала Дар’яльскую цясьніну, празь якую праходзіў галоўны транскаўкаскі шлях, і ўяўляла пагрозу для закаўкаскіх дзяржаў, у першую чаргу для Картліі й Армэніі. Вайсковы паход сэлеўкідзкага цара Антыёха III у пачатку II ст. да н. э. прывёў да паразы й распаду вайнаскага аб’яднаньня.
Сярэднявечча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У VIII—XII стст. раўнінная зона Чачэніі ўвайшла ў склад Аланскага дзяржаўна-племяннога зьвязу, што аб’ядноўваў некалькі паўночнакаўкаскіх этнічных групаў. У горнай частцы Чачэніі й Дагестану ў той самы час сфармавалася дзяржаўнае ўтварэньне Сарыр.
Да XI ст. вайнахі зьяўляліся палітэістамі й ушаноўвалі багоў мясцовага пантэону (Дэла, Сэла, боства сонца Малх). Былі распаўсюджаныя магія, знахарства, шанаваньне сьвятых гор, гаяў, дрэў і інш. У XI—XII стст. з Грузіі й Бізантыі ў Чачэніі распаўсюдзілася хрысьціянства ўсходняга абраду (праваслаўе). Грузінскія цары накіроўвалі на Паўночны Каўказ прапаведнікаў, сьвятароў, хрысьціянскую літаратуру, аказвалі дапамогу ў будаўніцтве хрысьціянскіх храмаў. Да XIII ст. хрысьціянства стала асноўнай рэлігіяй вайнахаў, а вайнаскіе супольнасьці ператварыліся ў асноўнага ваенна-палітычнага саюзьніка Грузінскага царства.
У першай палове XIII ст. Аланскае царства было разгромленае татара-мангольскімі войскамі (паходы Джэбэ й Субэдэя ў 1222 годзе і Мэнгу-хана, а таксама царэвічаў Кадана й Буры ў 1238—1240 гадах). Землі Чачэніі былі ўключаныя ў склад Залатое Арды (улус Джучы). Нашэсьці заваёўнікаў выклікалі масавую міграцыю вайнахаў з раўнінных земляў у горы.
У XIV ст. ў горах Чачэніі й Інгушэтыі, вольных ад улады ардынскіх ханаў, паўстала дзяржава Этым-Сір (Сімсісм). Кіраўнікі Этым-Сіру, скарыстаўшыся паслабленьнем Залатое Арды, паступова распаўсюджвалі сваю ўладу на раўнінныя землі. У 1395 годзе тэрыторыя Чачэніі падвергнулася нашэсьцю войскаў Тымура (Тамерлана), у выніку якога дзяржава Этым-Сір было разгромленая, а чачэнскае насельніцтва — ізноў выцесьнена ў горы.
У XV—XVI стст. адбывалася вяртаньне чачэнцаў на раўнінныя землі, у даліны Цераку й яго прытокаў — рэк Сунжы й Аргуну, а таксама ў Церска-Кумскую нізіну (да ракі Кума). На тэрыторыі Чачэніі паўсталі шматлікія фэадальныя валадарствы (княствы, ханствы, шамхальствы ды інш.), найболей буйныя зь якіх падпарадкоўвалі сабе сельскія абшчыны й дробных фэадалаў.
У гэты час у сувязі з падзеньнем Бізантыі й паслабленьнем уплыву Грузіі хрысьціянства ў Чачэніі прыйшло ў заняпад і адрадзіліся старыя палітэістычныя вераваньні. У XV—XVII стст. вайнахі вызнавалі «сынкрэтычную» рэлігію, у якой зьмешваліся хрысьціянскія й палітэістычныя абрады й вераваньні. Ад XIII ст. на тэрыторыю Чачэніі пранікаў іслам (праз Залатую Арду і Дагестан), які шырока распаўсюдзіўся сярод чачэнцаў у XVII—XVIII стст. У XVI—XVII стст. Каўказ стаў аб’ектам змаганьня Асманскае Турэччыны, Сэфэвідзкага Ірану й Масквы. Падчас распаўсюджваньняў уплыву Расеі на Паўночным Каўказе на чачэнскіх (акінскіх і гуноеўскіх) землях Прыцерачча ў другой палове XVI ст. паўсталі першыя казачыя селішчы. У 1577 годзе было заснаванае Церскае казачае войска.
У канцы XVI — першай палове XVII стст. частка грамадзтваў раўніннае Чачэніі й Інгушэтыі трапілі ў залежнасьць ад кумыцкіх і кабардынскіх фэадалаў. У пошуках абароны чачэнскія лідэры (фэадальныя валадары й выбарныя кіраўнікі грамадзтваў) зьвярталіся да маскоўскіх цароў з просьбамі аб прыняцьці расейскага падданства. З 1570-х адзін з найбуйнейшых чачэнскіх валадароў князь Шых-мурза Акоцкі (Акінскі) усталяваў цесныя сувязі з Масквой і ў 1588 годзе прыняў расейскае падданства. Пасьля забойства Шых-мурзы й зьвяржэньні яго спадчыньніка Батая ў 1610 годзе Акоцкае княства было захопленае кумыцкімі князьмі. У 1627, 1645 і 1657—1658 гадах шэраг грамадзтваў усходняе Чачэніі прынялі прысягу на вернасьць Расеі, аднак у другой палове таго жа стагодзьдзя яны трапілі ў залежнасьць ад кабардынскіх, кумыцкіх і тушэцкіх фэадалаў.
У сярэдзіне XVIII ст. ў выніку магутных антыфэадальных і вызваленчых паўстаньняў (1747, 1757—1758, 1760, 1783 гады) чачэнскія грамадзтвы выгналі іншаземных князёў і мясцовых валадароў. У Чачэніі паўстала супольнасьць вольных тэйпаў (родаў), якія кіраваліся выбарнымі «кхеламі» (радамі). Пытаньні агульнанацыянальнага значэньня вырашаў Мехк Кхел (Рада Краіны), у якім былі прадстаўленыя ўсё чачэнскія тэйпы.
Ходаньне з расейскімі захопнікамі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ад першае паловы XVIII ст., ад часу Пэрсыдзкага паходу Пятра І (1722), расейскі ўрад прадпрымае актыўныя спробы падпарадкаваць Чачэнію. У 1757—1758, 1770, 1774, 1783 гадах расейскія войскі зьдзяйсьнялі карныя паходы супраць чачэнцаў. Ад 70-х гадоў таго жа стагодзьдзя на левым беразе Цераку й па чачэна-кабардынскай мяжы былі заснаваныя расейскія вайсковыя ўмацаваньні й казачыя станіцы, што сталі часткай Каўкаскае ваеннае лініі.
8 сакавіка 1785 году чачэнскі рэлігійна-палітычны дзеяч Шэйх Мансур (Ушурма) выступіў у паселішчы Алды з пропаведзьдзю газавату супраць расейскага войска на Каўказе. У чэрвені 1785 году войска шэйха Мансура разьбіла расейскі карны аддзел палкоўніка П’еры, а ў ліпені — жніўні атачыла крэпасьць Кізьляр. Да восені паўстаньне распаўсюдзілася на тэрыторыю Кабарды й Дагестану. У лістападзе 1785 году Мансур атрымаў паразу ў Кабардзе, а ў студзені 1787 году аддзел палкоўніка Рэтындэра здушыў паўстаньне ў Чачэніі. Улетку шэйх Мансур, які пайшоў за Кубань, узначаліў паўстаньне закубанскіх чэркесаў і нагайцаў, якое было падушанае ў кастрычніку таго году, а ў 1788—1789 гадах кіраваў хваляваньнямі сярод заволскіх кіргіз-кайсакаў. У чэрвені 1791 году Мансур фактычна ўзначальваў абарону турэцкае крэпасьці Анапа. Пасьля ўзяцьця Анапы расейскімі войскамі 21 чэрвеня 1791 году шэйх Мансур трапіў у палон і быў сасланы ў Шлісэльбурскую крэпасьць (памёр 13 красавіка 1794 году ў зьняволеньні).
Нягледзячы на задушэньне паўстаньня шэйха Мансура, расейская адміністрацыя Каўказу фактычна не змагла стварыць свае органы кіраваньня на тэрыторыі Чачэніі.
Наступны этап расейскае калянізацыі Каўказу пачаўся ў 1801 годзе, калі Ўсходняя Грузія (Картлі-Кахетыя) маніфэстамі Паўла I (студзень) і Аляксандра I (верасень) была ўключаная ў склад Расеі.
Напачатку XIX ст. у Чачэніі пачаўся новы рух супраць расейскае экспансіі, які ўзначаліў Бейбулат Тайміеў (1802—1807, 1810—1826). Антырасейскія хваляваньні ўзмацніліся пасьля прызначэньня ў 1816 годзе камандуючым Каўкаскім корпусам і намесьнікам Каўказу генэрала А. П. Ярмолава, які прыступіў да ўмацаваньня расейскае ўлады шляхам атачэньня горскіх раёнаў кольцам вайсковых умацаваньняў і зьнішчэньня аулаў, што супраціўляліся. Карныя экспэдыцыі выклікалі цэлую сэрыю выступаў у Чачэніі, Дагестане, Кабардзе, Кумыкіі ў 1819—1826 гадах, у тым ліку агульначачэнскія паўстаньні 1821 і 1825—1826 гадоў пад кіраўніцтвам Б. Тайміева. Напрыканцы 1820-х у Дагестане паўстаў рэлігійна-палітычны рух, які пад лёзунгамі газавату й стварэньня Імамату (тэакратычнае дзяржавы) узначаліў змаганьне супраць расейскіх войскаў. У 1830 годзе ўплывовыя лідэры Ўсходняе Чачэніі (Ічкерыі) прызналі ўладу дагестанскага імама (сьвецкага й духоўнага кіраўніка) Газы-Магамэда ды із сваімі прыхільнікамі далучыліся да яго войска. У 1832 годзе паўстаньне ў Чачэніі й Дагестане было задушанае, а Газы-Магамэд загінуў пры абароне Гімрынскае крэпасьці. У студзені 1833 году імамам быў абвешчаны Гамзат-бэк, а пасьля яго згубы ў верасьні 1834 году — Шаміль.
Ад сярэдзіны 1830-х Шаміль стварыў на тэрыторыі Дагестану магутнае дзяржаўнае ўтварэньне — Імамат. У 1835—1836 гадах да Шаміля далучыліся кіраўнікі Ўсходняе й Паўднёвае Чачэніі. Масавы ўдзел чачэнцаў у руху Шаміля пачаўся ад зімы 1839—1840 гадоў, калі расейскія войскі спрабавалі правесьці раззбраеньне насельніцтва Чачэніі. Адным з наібаў Шаміля быў Юсуф-Хаджы Сафараў.
У 1840—1846 гадах войска Шаміля, якія налічвалі каля 20 тыс. чалавек, атрымала шэраг буйных перамог над расейскім войскам; у цэлым тэрыторыя Імамата павялічылася ўдвая. Пасьля шэрагу няўдачаў шамілеўскіх войскаў у другой палове 1840-х горцы зноў актывізаваліся падчас Крымскае вайны 1853—1856 гадоў. Аднак, узмацненьне расейскае вайсковае групы на Каўказе й унутраная крыза Імамату спрычыніліся да новых паразаў паўстанцаў.
Змаганьне горцаў пад кіраўніцтвам імама Шаміля працягвалася каля 30 гадоў. Да канца 1850-х сілы яго дзяржавы былі падарваныя бесьперапыннымі вайсковымі дзеяньнямі, эканамічныя рэсурсы былі зьнясіленыя, значная частка насельніцтва загінула ў бітвах й была зьнішчаная падчас карных экспэдыцыяў (гэтак, расейскімі войскамі былі практычна зьнішчаныя карабулакі (арстхойцы) — вайнаскі народ, які засяляў тэрыторыю сучаснага Сунжанскага раёну).
Ад другое паловы 1850-х расейская адміністрацыя ўзмацніла ваенны ціск на Імамат — расейскае войска на Каўказе павялічылася да 200 тыс. чалавек. У красавіку 1859 году паў чачэнскі аўл Ведзяно — галоўная рэзыдэнцыя Шаміля. 25 жніўня 1859 году расейскія войскі ўзялі апошні прыстанак імама — аварскі аўл Гуніб. Шаміль здаўся ў палон і быў адпраўлены ў Расею на правох ганаровага палоннага.
На землях прычарнаморскіх чэркесаў вызваленчае змаганьне працягвалася да 1864 году. У Чачэніі ў гэты час адбываліся лякальныя выступы (паўстаньні 1860—1861, 1864, 1877—1878 гадоў).
У складзе Расейскае імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля «замірэньня» Чачэнія была падзеленая на некалькі акругаў і ўключаная ў склад Церскае вобласьці. Да 1917 году ў Чачэніі, як і ў іншых горскіх раёнах Паўночнага Каўказу, захоўвалася «ваенна-народнае» кіраваньне: на чале Церскае вобласьці стаяў наказны атаман Церскага казачага войска, падпарадкаваны Ваеннаму міністэрству, а акругі ўзначальвалі расейскія афіцэры.
Ад 1860—1870-х расейская адміністрацыя пачала масавыя высяленьні чачэнцаў з раўнінных земляў у Турэччыну (мухаджырства). На вызваленых тэрыторыях ствараліся казачыя селішчы, якія павінны былі адыгрываць ваенна-паліцэйскія функцыі (такім чынам, у прыватнасьці, паўстала Сунжанская казачая лінія й значная частка станіцаў Кізьлярскае казачае акругі).
Пасьля задушэньня буйнага паўстаньня 13 красавіка 1877—1878 гадоў на чале з імамам Алібекам-Хаджы Алданавым у Чачэніі ўзьнікае абрэцкі рух як своеасаблівая форма змаганьня супраць нацыянальнага й сацыяльнага прыгнёту. Абрэкі нападалі на прадстаўнікоў адміністрацыі й вайсковыя камандаваньні, рабавалі казачыя станіцы й сялібы расейскіх пасяленцаў, перашкаджалі правядзеньню сельгасработаў на адрынутых землях і г. д. У цэлым хваляваньні ў Чачэніі не спыняліся да пачатку XX ст, гэтак у 1901—1913 гадах адбылося буйное паўстаньне на чале з Зэлімханам Гушмазукаевым (памёр 13 верасьня 1913 году).
У 1880—1890-х Грозны перажыў эканамічны ўздым, зьвязаны з распрацоўкай нафтавых радовішчаў (Старыя здабычы). Напрыканцы XIX-пачатку XX стст. у горадзе актыўна разьвіваліся нафтаздабываючая, нафтапэрапрацоўчая й машынабудаўнічая прамысловасьць, Грозны стаў буйным індустрыяльным і транспартным цэнтрам. Адкрыцьцьё Нова-Грозьненскіх нафтавых здабычаў у 1913 годзе выклікала «нафтавую ліхаманку» й новыя эканамічны ўздым. Бурнае разьвіцьцё прамысловасьці, гандлю й транспарту ў Грозным спрычынілася да ўцягваньня чачэнцаў (у асноўным, жыхароў раўніннае часткі Чачэніі) у гандлёва-прамысловую дзейнасьць і да зьяўленьня ў Чачэніі пласту нацыянальнае буржуазіі зь ліку прадпрымальных прадстаўнікоў зямельнае арыстакратыі й удачлівых гандляроў.
Да пачатку XX ст. у чачэнскім асяродзьдзі паўстаў невялікі пласт нацыянальнае інтэлігенцыі, якая стала арганізатарам грамадзкіх і асьветніцкіх групаў агульнадэмакратычнага характару й ініцыятарам грамадзкіх кампаніяў за правядзеньне лібэральна-дэмакратычных рэформаў. У 1905—1907 гадах чачэнскі асьветнік і грамадзкі дзеяч Таштамір Эльдарханаў быў дэпутатам 1-е й 2-е Дзяржаўнае Думы ад горскіх народаў Паўночнага Каўказу.
Спробы здабыцьця незалежнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лютаўская рэвалюцыя спарадзіла надзеі на нацыянальнае вызваленьне. У сакавіку 1917 году ва Ўладзікаўказе паўстаў Зьвяз аб’яднаных горцаў, які абвясьціў сваёй мэтай стварэньне нацыянальнае аўтаноміі («штату») каўкаскіх горцаў у складзе Расейскай Фэдэратыўнае Дэмакратычнае Рэспублікі. У Чачэніі, як і ў іншых горскіх абласьцёх, у якасьці органу нацыянальнага самакіраваньня быў створаны нацыянальны камітэт, што стаў мясцовым органам улады й кіравальным органам нацыянальнага руху.
Аднак нявырашанасьць зямельнага пытаньня прывяла да аграрных хваляваньняў, якія дэзарганізавалі грамадзка-палітычнае жыцьцё Церскае вобласьці й увосень 1917 году прывялі да масавых сутыкненьняў паміж чачэнцамі й інгушамі, з аднаго боку, і казакамі й грозьненскімі чырвонагвардзейцамі, зь іншага. У лютым 1918 году на заклік 1-га зьезду народаў Церака паміж бакамі, якія варагавалі, быў складзены мір, а ў сакавіку на 2-м зьезьдзе народаў Церака была абвешчаная Савецкая ўлада. На тэрыторыі Церскае вобласьці ў сакавіку — красавіку 1918 году паўстала Церская Народная Рэспубліка, абвешчаная часткай РСФСР (фактычна Церская Народная Рэспубліка была аддзеленая ад РСФСР франтамі грамадзянскае вайны).
Увесну 1918 году большасьць чачэнцаў падтрымала савецкую ўладу, паколькі падчас аграрнае рэформы, праведзенай уладамі Церскае Народнае Рэспублікі, чачэнскім грамадам была вернутая значная частка земляў, перададзеных царскай адміністрацыяй казакам і расейскім пасяленцам. Разам з тым, нацыянальная эліта горскіх народаў выступіла з ідэяй стварэньня незалежнае дзяржавы на Паўночным Каўказе. У траўні 1918 году ў Тыфлісе кіраўнікі Зьвязу аб’яднаных горцаў на чале з чачэнскім прадпрымальнікам і грамадзкім дзеячам Тапой (Абдул-Межыдам) Чармоевым абвясьцілі Горскую Рэспубліку (афіцыйны назоў — Рэспубліка Зьвязу горцаў Паўночнага Каўказу). У верасьні 1918 — лютым 1919 году ўрад Горскае Рэспублікі, якую афіцыйна прызналі ўрады Турэччыны, Грузіі, Азэрбайджану й Кубані, дзейнічаў на тэрыторыі Дагестану й часткі тэрыторыі Чачэніі.
У пэрыяд панаваньня на Паўночным Каўказе Добраахвотніцкае арміі генэрала Антона Дзянікіна (люты 1919 — сакавік 1920), які паставіў кіраўніком краіны Эрыса Хана Султана Гірэя Аліева (30 красавіка 1855—1920), Чачэнія стала цэнтрам антыдзянікінскага руху пад лёзунгамі газавату й адраджэньня Імамату. У Горнай Чачэніі паўстала тэакратычная дзяржава із сталіцай у в. Відэна — Паўночна-Каўкаскі эмірат на чале з эмірам-імамам шэйхам Узун-Хаджы. У сакавіку 1920 году Чырвоная армія заняла тэрыторыю Чачэніі, выгнала белагвардзейцаў і скасавала эмірат Узун-Хаджы, што зьяўляўся раней саюзьнікам бальшавікоў (сам Узун-Хаджы раптоўна памёр у красавіку 1920 году).
Кіраўнікі Паўночна-Каўкаскага Эмірату
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Хаджы-хан Узун Хайр (Узун-Хаджы), эмір (верасень 1919 — сакавік 1920)
- М. Дышынскі-Арсанукаеў, старшыня ўраду (верасень — зіма 1919)
- Р. Аліеў, старшыня ўраду (1919 — 31 студзеня 1920)
У складзе СССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля перамогі бальшавікоў у нацыянальных і казачых раёнах Паўночнага Каўказу быў усталяваны рэжым «рэўкамаў», які адрозьніваўся тым, што замест Радаў працоўных і сялянскіх дэпутатаў, характэрных для Цэнтральнае Расеі, на Каўказе ствараліся «рэвалюцыйныя камітэты» (рэўкамы) з камуністых, прадстаўнікоў вайсковага камандаваньня й органаў ЧК. Рэўкамы павінны былі зьнішчыць уплыў нацыянальнае інтэлігенцыі й сьвятарства, а таксама спрыяць стварэньню мясцовых камуністычных і камсамольскіх арганізацыяў. Напачатку 1921 году была створаная Горская АССР, у склад якое ўвайшла й Чачэнія (Чачэнская акруга). Горская АССР служыла часавым буфэрам паміж Савецкай Расеяй і незалежнымі рэспублікамі Закаўказьзя; пасьля акупацыі Закаўказьзя Чырвонай арміяй патрэба ў буфэры адпала.
30 лістапада 1922 году з Горскае АССР вылучылася Чачэнская аўтаномная вобласьць (ЧАЧАВ). У 1924—1925 гадах органы ГПУ і камандаваньне Паўночна-Каўкаскае вайсковае акругі пад кіраўніцтвам Паўночна-Каўкаскага крайкому РКП(б) правялі шэраг апэрацыяў па зьнішчэньні антысавецкіх групаў і па адхіленьні ад улады й зьнішчэньню найболей уплывовых прадстаўнікоў нацыянальнае інтэлігенцыі й музульманскага сьвятарства (апэрацыя 1925 году рыхтавалася ў Палітбюро ЦК РКП(б), Рэўваенсавеце й АГПУ СССР; яе курыравалі сакратар ЦК РКП(б) Вячаслаў Молатаў, намесьнік наркама па вайскоўвых і марскіх справах СССР Ёсіф Уншліхт і намесьнік старшыні ОГПУ Генрых Ягода). У 1925 годзе быў арыштаваны й неўзабаве расстраляны «чырвоны» шэйх Алі Мітаеў, арыштаваныя сябры кіраўніцтва ЦВК ЧАЧАВ, зьмешчаны з пасады кіраўнік ЧАЧАВ Таштамір Эльдарханаў.
Напачатку 1929 году ў склад ЧАЧАВ былі ўключаныя горад Грозны, які раней меў адмысловы статус, і Сунжанская казачая акруга. Меркавалася, што аб’яднаньне Грознага з Чачнёй і Сунжай узмоцніць «партыяўны ўплыў» на чачэнцаў і казакоў (у Грозным была моцная камуністычная арганізацыя).
У 1929 годзе распачатая калектывізацыя прывяла да паўстаньня ў Чачэніі, якое ўзначаліў Шытая Істамулаў. У 1930 годзе пасьля няўдалае спробы здушыць сялянскія хваляваньні ўлады пайшлі на перамовы з паўстанцамі; у выніку кіраўнікі паўстаньня абяцалі спыніць узброенае змаганьне, а савецкія органы гарантавалі абарону ад самаўпраўнасьці падчас калектывізацыі. Увосень 1931 году Шытая Істамулаў быў застрэлены агентамі ГПУ, а паўстанцкі аддзел узначаліў ягоны брат Хасан. Выступы сялянаў супраць калектывізацыі й самаўпраўнасьці мясцовых партыяўных службоўцаў і чэкістаў працягваліся да 1935 году.
Кіраўнікі Чачэнскае аўтаномнае вобласьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Яфрэм Аляксеевіч Эшба (7 сакавіка 1893 — 15 жніўня 1939), першы сакратар абкаму УКП(б) (1922 — да 1929)
- Таштамір Эльдарханаў (1 красавіка 1870—1934), старшыня абласнога выканаўчага камітэту (да 1925 году)
- Г. Булат, першы сакратар абкаму УКП(б) (1929—1930)
- Васіль Рыгоравіч Ягораў (1899 — 4 ліпеня 1950), першы сакратар абкаму УКП(б) (1930 — ?)
- Магамед Хасіевіч Амараў (1902 — ?), старшыня абласнога выканаўчага камітэту (1932—1934)
У складзе Чачэна-Інгушэтыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]15 студзеня 1934 году Чачэнская й Інгуская аўтаномныя вобласьці былі аб’яднаныя ў адзіную Чачэна-Інгускую АВ (ЧІАВ). Горад Уладзікаўказ, дзе разьмяшчаліся рэзыдэнцыі ўраду Інгушэтыі й Паўночнае Асеціі, быў перададзены Паўночна-Асяцінскай АВ; цэнтрам Чачэна-Інгушэтыі стаў Грозны. 5 сьнежня 1936 году ЧІАВ была ператвораная ў Чачэна-Інгускую АССР (ЧІАССР).
У 1944 годзе ЧІАССР была зьліквідаваная, а чачэнцы й інгушы былі прымусова выселеныя ў Казахстан і Кыргызстан. На месцы рэспублікі паўстала Грозьненская вобласьць, частка тэрыторыі была перададзеная Паўночна-Асяцінскай АССР, Дагестанскай АССР, Грузынскай ССР і Стаўрапальскаму краю РСФСР.
9 студзеня 1957 году загадамі Прэзыдыюму Вярхоўнага савету СССР і Прэзыдыюму Вярхоўнага савету РСФСР Чачэна-Інгуская АССР была адноўленая.
Здабыцьцё й страта незалежнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Напрыканцы 1980-х пачаўся працэс дэмакратызацыі й нацыянальнага адраджэньня ў выніку чаго была абвешчаная незалежная Чачэнская Рэспубліка.
Гэта спрычынілася да ўварваньня ў сьнежні 1994 году на тэрыторыю рэспублікі расейскіх войскаў і пачатку Першае Чачэнскае вайны. Паводле Хасаўюрцкіх пагадненьняў Чачэнія была фактычна прызнаная незалежнай, але ўварваньне ісламскіх тэрарыстаў у 1999 годзе з тэрыторыі краіны ў Дагестану прывяло да пачатку Другое Чачэнскае вайны, у выніку чаго Чачэнія была захопленая й улада ў краіне перайшла да прарасейскае адміністрацыі. Паводле апублікаваных Дзяржрадай Чачэніі зьвестак, у 1991—2005 гадах у краіне загінула 160 тыс. чалавек.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кунта-Хаджы — чачэнскі суфій
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- http://www.hrono.ru/etnosy/chech.html
- http://www.hrono.ru/chechen.html
- https://web.archive.org/web/20060621014957/http://rusich.by.ru/history/depchechen.htm
- http://www.svoboda.org/programs/LL/2000/ll.022300-3.asp
- http://www.dw-world.de/dw/article/0,2144,1157052,00.html
- http://news.bbc.co.uk/hi/russian/russia/newsid_4059500/4059201.stm
- http://news.bbc.co.uk/hi/russian/russia/newsid_4058000/4058339.stm
- http://news.bbc.co.uk/hi/russian/russia/newsid_4058000/4058941.stm
- https://web.archive.org/web/20061103144904/http://lib.aldebaran.ru/author/hlebnikov_pavel/hlebnikov_pavel_razgovor_s_varvarom/
- https://web.archive.org/web/20061017131453/http://www.hro.org/war/2006/09/21.php
- СУДЬБА НАРОДОВ ЧЕЧЕНО-ИНГУШЕТИИ: ДЕПОРТАЦИЯ И ВОЗВРАЩЕНИЕ