Перайсьці да зьместу

Гісторыя Воўпы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Воўпа — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля, помнік архітэктуры драўлянага барока. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася драўляная сынагога, адна з найпрыгажэйшых у Рэчы Паспалітай[1] і Ўсходняй Эўропе[2][3].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб мястэчка, 1792 год

Упершыню Воўпа ўпамінаецца ў XV ст. як дзяржаўны двор і сяло ў валоданьні вялікага князя Казімера, які ў 1449 годзе перадаў яе канцлеру Алехну Судзімонтавічу. У 1478 годзе тут заснавалі касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля. Пазьней Воўпа перайшла да роду Гальшанскіх: Павал Гальшанскі пераўтварыў яе ў цэнтар сваіх уладаньняў.

У XVI ст. з ініцыятывы вялікай княгіні Боны ўтварылася Воўпаўскае староства ў складзе Ваўкавыскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У 1624 годзе яго набыў канцлер Леў Сапега для свайго сына, падканцлера Казімера Льва. Апошні ў 1643 годзе прымаў тут караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазу. У 1662 годзе літоўскія канфэдэраты вынесьлі ў мястэчку сьмяротны прысуд гетману Вінцэнту Гасеўскаму[4].

У XVIII ст. Караліна Тэрэза з Радзівілаў, удава Казімера Лявона Сапегі, перадала Воўпаўскае староства Юзэфу Аляксандру Ябланоўскаму. У 1772 годзе яно складалася зь мястэчка Воўпа з ключамі Дубна, Стары Дворац і Калодзежна. На сойме 1773—1775 гадоў староства атрымаў Юзэф Вінцэнт Плятэр. На 1775 год у мястэчку быў 21 двор. У 1773 годзе на месцы ранейшага збудавалі новы драўляны касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля з разнымі алтарамі. 21 студзеня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў мястэчку Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі бабёр натуральнага колеру»[5].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сынагога на старым малюнку

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Воўпа апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Гарадзенскім павеце. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1831 годзе расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў дзяржаўны скарб.

На 1893 год у Воўпе было 110 двароў, дзейнічалі касьцёл, 2 праваслаўныя капліцы, сынагога і 2 малітоўныя дамы, працавалі школа, бровар, 2 гарбарні, фарбавальня і 25 крамаў; штогод праводзілася 5 невялікіх кірмашоў.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Воўпа абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[6]. Паводле Рыскай мірнай дамовы (1921) Воўпа апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Гарадзенскага павету Беластоцкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Воўпа ўвайшла ў склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1970 год у Воўпе было 274 двары, на 1990 год — 670, на 1996 год — 337. У 2000-я паселішча атрымала афіцыйны статус аграгарадку.

  1. ^ Семянчук Г. Воўпа // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 141.
  2. ^ Krinsky C.H. Synagogues of Europe: Architecture, History, Meaning. — Dover Publications Inc., 1996. P. 225.
  3. ^ Hubka T. Resplendent Synagogue: Architecture and Worship in an Eighteenth Century Polish Community. — Brandeis University Press, 2003. P. 63.
  4. ^ Карпыза В. Воўпа, Masty.org
  5. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 140.
  6. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Воўпысховішча мультымэдыйных матэрыялаў