Перайсьці да зьместу

Глівін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Глівін
трансьліт. Hlivin
Першыя згадкі: XVI стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Глівінскі
Вышыня: 145 м н. у. м.
Насельніцтва
колькасьць: 654 чал. (2010)
колькасьць двароў: 224 (2008)[1]
Часавы пас: UTC 3
Тэлефонны код: 375 177
Паштовы індэкс: 222115[2]
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°9′42.01″ пн. ш. 28°36′23.00″ у. д. / 54.1616694° пн. ш. 28.6063889° у. д. / 54.1616694; 28.6063889Каардынаты: 54°9′42.01″ пн. ш. 28°36′23.00″ у. д. / 54.1616694° пн. ш. 28.6063889° у. д. / 54.1616694; 28.6063889
Глівін на мапе Беларусі ±
Глівін
Глівін
Глівін
Глівін
Глівін
Глівін
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Глі́він[3] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, на правым беразе ракі Бярэзіна, за 5 км на паўднёвы ўсход ад Барысава, на ўсход ад шашы Р67, на поўдзень ад шашы М1 (E30). Глівін уваходзіць у склад і зьяўляецца цэнтрам Глівінскага сельсавету.

Па правабярэжжы Бярэзіны за Плісой шмат гліны, якую з даўніх часоў выкарыстоўвалі для сваіх патрэбаў тутэйшыя насельнікі. Магчыма, адсюль, і паходзіць назва вёскі — Глівін. У дакумэнтах сустракаюцца назвы Глівін, Глівен, Селівік.

Навакольлі гэтай вёскі багатыя на розныя археалягічнымі і іншымі помнікамі старасьведчаньня.

Час узьнікненьня Глівіна дакладна невядомы, але ў яго навакольлях выяўлена паселішча каменнага часу. Знаходзіцца яно на паўднёвы ўсход ад вёскі на пойме Бярэзіны і датуецца 2-й паловай мэзаліту (V—ІV тысячагодзьдзі да нашай эры). Выяўлена яно было ў 1920-я гады. Ня раз яго абсьледавалі навукоўцы. Усяго тут было выяўлена каля 3000 крамянёвых прыладаў працы і іншых рэчаў з гэтага каменю. Тут жа быў знойдзены самы старажытны скарб у Барысаўскім краі — 21 крамянёвая пласьціна, якія, відаць, былі загатоўкамі першабытнага майстра для вырабу прылад працы.

Сьведчаньнем больш позьніх часоў — канца І тысячагодзьдзя да нашай эры — першай паловы І тысячагодзьдзя нашай эры зьяўляюцца ўмацаваныя пасяленьні — гарадзішча, якое знаходзіцца ля рэчкі на поўдзень ад вёскі, і два комплексы так званых «валоў». Дасьледаваньне іх яшчэ не праводзілася.

У ІІ—V, VІІІ—ХІІІ стагодзьдзях нашай эры ў гэтых краях існавала неўмацаванае пасяленьне — селішча. Знаходзілася яно ў пойме Бярэзіны на паўднёвы ўсход ад вёскі. Тут выяўлена вялікая колькасьць ляпной і больш позьняй керамікі і іншых рэчаў таго часу.

Сьведчаньнем прысутнасьці чалавека ў навакольлях Глівіна на пачатку другога тысячагодзьдзя нашай эры зьяўляюцца тагачасныя пахаваньні — курганы. У навакольлях вёскі захавалася некалькі іх груп. Курганы маюцца як на поўнач ад вёскі, так і на поўдзень і паўднёвы ўсход. Усяго ж захавалася да нашага часу трошкі меней за 100 курганоў. Былі яны раней і на захад ад вёскі. У прыватнасьці, зьвесткі аб іх маюцца яшчэ за 1920-я гады. Аднак да сёньняшняга часу яны не захаваліся.

Сьведкам старажытных падзеяў у навакольлях Глівіна зьяўляецца і так званы «татарскі калодзеж», які знаходзіцца ў навакольлях вёскі. Існуе паданьне, што калісьці на гэтым месцы трымалі палонных татараў. Знаходзіліся яны тут працяглы час і мелі вялікую патрэбу ў вадзе. Каб вырашыць яе, татарам было дазволена выкапаць калодзеж. Па выказваньнях іншых старажылаў, на гэтым месцы базаваліся татары, калі заваёўвалі навакольле. Яны ж для сваіх патрэбаў і выкапалі гэты калодзеж. Магчыма, што асновай для гэтых паданьняў былі сапраўдныя падзеі набегаў крымскіх татараў, якія мелі месца ў 1505 годзе, або іншыя іх набегі канца ХІV — пачатку ХV стагодзьдзя.

Татарскі калодзеж знаходзіцца пасярод лесу. Ён моцна зарос, але яго і сёньня час ад часу чысьцяць. У былыя часы тутэйшыя жыхары, калі былі ў гэтых мясьцінах, абавязкова наведвалі яго, рабілі невялікія крыжыкі і ставілі іх тут. У яго было прынята кідаць манэты. Вада з калодзежа лічылася гаючай, асабліва цанілі яе пры лекаваньні зроку. Яшчэ і сёньня ля калодзежа можна ўбачыць як старыя крыжы, што высечаны на навакольных дрэвах, так і сучасныя.

Напамін аб старых часах у Глівіне можна пачуць і ў назвах тамтэйшых мясцовасьцей, за кожнай зь якіх стаіць пэўная гісторыя з жыцьця вёскі. Сярод такіх назваў Глінішча, Цагельня, Цурок, Зялёная вуліца, Папоўшчына, Кажэўня, Смалярня і іншыя.

Глівін у складзе Вялікага Княства Літоўскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш старое пісьмовае сьведчаньне пра Глівін можа быць аднесена да 1508 году — прывілей Жыгімонта I Старога на карыстаньне маёнткам Глівін Я. Ратомскаму[1]. У больш старыя часы гэта зямля адносілася да Барысаўскай воласьці. Аднак на пачатку XVI стагодзьдзя была ў якасьці вялікакняскіх пажалаваньняў выключана зь яе. У 1773 годзе ў сяле налічвалася 29 гаспадарак, млын, у фальварку — кузьня, бровар, карчма, млын. Пад гэтым годам месца адносілася да ўласнасьці царквы. Пасьля Другога падзелу Рэчы Паспалітай перайшла ў склад Расейскай імпэрыі[1].

Глівін увесь час зьяўляўся цэнтрам буйнога землеўладаньня, а маёнтак яго гаспадароў зьяўляецца адным з найстарэйшых на Барысаўшчыне. У 1508 годзе ён належыў Я. Ратомскаму. У другой палове ХVІІІ стагодзьдзя, згодна В. Самцэвіча, ім валодалі Агінскія, а з 1683 году — менскія езуіты.

Быў у Глівіне з даўніх часоў і хрысьціянскі храм. Прычым за час свайго існаваньня ён ня раз мяняў сваю канфэсійную прыналежнасьць. Першапачаткова ён быў праваслаўным. У XVІІ стагодзьдзі ён, хутчэй за ўсё, пэўны час быў уніяцкім. Дарэчы, уніяцкая капліца ўзгадваецца каля храма і ў 1800 годзе. З набыцьцём гэтых земляў езуітамі храм становіцца каталіцкім. Апошні яго будынак быў драўляным і ўзьведзены ў 1755 годзе як касьцёл за кошт менскага езуіцкага кляштара.

У складзе Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1795 годзе Глівін уваходзіў у склад Барысаўскага павету Менскай губэрні[1]. У 1800 годзе ў Глівіне быў 31 двор, у іх жыло 255 жыхароў, драўляная царква Ўзьвіжаньня Крыжа, да яе адносілася драўляная ўніяцкая капліца. Глівін быў у шляхецкай ўласнасьці. У першай палове XIX стагодзьдзя ва ўладаньні царквы і памешчыка С. Свіды[1]. Да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя вёска амаль не павялічваецца, потым пачынаецца яе імклівы рост. У 1885 годзе ўжо быў 81 двор, 612 жыхароў. Мелася дзьве хлебазапасныя крамы, крама, піцейны дом. На той час болей за Глівін на Барысаўшчыне па-за межамі гораду былі толькі Лошніца, Вяляцічы, Азьдзяцічы і Сморкі.

Паводле перапісу насельніцтва 1897 году ў Глівіне было 80 гаспадарак, у якіх жылі 517 чалавек[1]. У 1908 годзе ў Глівіне было 63 дамы.

З пачатку 1860-х гадоў па 1924 год Глівін зьяўляўся цэнтрам воласьці (пазьней і да нашага часу — цэнтар сельсавету), тут працавала валасное праўленьне. У 1890 годзе ў Глівенскую воласьць уваходзіла 69 паселішчаў, у якіх было 863 сялянскія двары, 304 несялянскія двары, усяго 6135 чалавек.

Пасьля забароны ў 1820 годзе у нашым краі езуітаў маёнтак пераходзіць да Сьвідаў, якія і гаспадараць ім да падзеяў 1917 году.

Маёнтак знаходзіўся на поўдні вёскі. У 1800 годзе ў ім адзначаюцца бровар, карчма, млын і кузьня. Па стану на 1867 год, калі гаспадарыў у маёнтку Віктар Сьвіда, які зьяўляўся калескім асэсарам, яму належыла 5548 дзесяцін зямлі. На той час на Барысаўшчыне сярод прыватных землеўладаньняў болей мелі толькі гаспадары маёнткаў у Будзенічах, Мсьціжы і ў Слабодцы. У сярэдзіне 1880-х гадоў у маёнтку адзначаецца піцейны дом. У 1890-я гады гаспадарка маёнтка мела два млыны, якія штогод прыносілі яго гаспадарам па 1000 рублёў прыбытку. Меўся тут і смалакурны і шкіпінарны завод, які спыніў сваё існаваньне ў 1912 годзе. На ім акрамя смалы і шкіпінару рабілі драўляны вугаль.

Калісьці маёнтак меў адна- і двухпавярховыя драўляныя будынкі. Была ў ім стайня, аўчарня і шмат чаго яшчэ. Ля яго быў вельмі прыгожы дагледжаны парк, у якім квітнелі ружы, рос жасьмін, бэз, шмат розных дрэваў і іншых расьлін, якія надавалі парку непаўторны калярыт. На працягу досыць вялікага часу пасьля зьліквідаваньня маёнтка яго парк быў любімым месцам для прагулак тутэйшых жыхароў. За паркам разьмяшчаўся сад.

Не аднымі вытворчасьцямі свайго маёнтку былі адметны майстры Глівіна. На мяжы ХІХ—ХХ стагодзьдзяў тагачасныя дасьледчыкі ў якасьці адметнасьці вёсцы адзначалі разьвітасьць у ёй уласных драўляных вырабаў.

Пасьля забароны езуіцкага ордэна храм у Глівіне і яго прыхаджане пераводзяцца ў праваслаўе. У 1865—1866 гадах адбываецца яго рамонт і перабудова, якая абышлася ў 1652 рублі. Новы будынак, як і стары, быў зрубны, меў сем акон і адны дзьверы. Звонку будынак быў ашаляваны. Мелася і двухярусная шатровая званіца. Пры царкве ў другой палове 1860-х гадоў існавала праваслаўнае брацтва. Глівінская царква Ўзьвіжаньня крыжа мела напрыканцы ХІХ стагодзьдзя ў дзевяці сяленьнях 517 прыхаджан мужчын і 451 жанчыну. Ёй належала каля 85 дзесяцін ворнай зямлі, сядзібнай і пашы. Акрамя таго яна мела права займацца пчалярствам у памешчыцкіх лясах. Да глівінскай царквы былі прыпісаны цэрквы на могілках у Навасёлках, Юшкевічах і Ухалодзе, а таксама Петрапаўлаўская царква на Барку. Апошнім да рэвалюцыі сьвятаром у глівінскай царкве быў Васіль Шыбко.

Былі раней у некалькіх месцах у Глівіне крыжы. Яны разьмяшчаліся практычна на кожным скрыжаваньні і існавалі яшчэ 50 год таму і мелі аброчнае прызначэньне. У выпадку, калі доўга не было дажджоў, былі частыя пажары або вёску напаткала якое іншае ліха, рабілі абыдзёнку — за дзень ткалі ручнікі і іншыя абарочныя рэчы і вешалі на крыжы. Такая традыцыя трывала падтрымлівалася да апошняй вайны.

Пачатковую адукацыю ў Глівіне можна было атрымаць з 1869 году, калі тут было ўтворана міністэрскае вучылішча. Было яно аднаклясным. У 1892 годзе ў ім атрымлівалі адукацыю 36 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі.

у 1917 годзе ў Глівіне 100 двароў і 637 жыхароў. У 1960 годзе тут жыло 711 чалавек, а напрыканцы 1990-х гадоў у Глівіне было 212 гаспадарак і 597 жыхароў.

У 1921 годзе базавая школа была пераўтворана ў працоўную. Стары будынак у хуткім часу перастаў умяшчаць усіх вучняў і школа была пераведзена ў іншы будынак. Старое ж збудаваньне пэўны час выкарыстоўваўся для сходаў, у ім ладзіліся пастаноўкі спэктакляў самадзейнымі артыстамі з тутэйшага драматычнага гуртка. З-за гэтага яго ў свой час у народзе празвалі «тэатар».

Пасьля рэвалюцыі ў маёнтку пэўны час разьмяшчалася вайсковая частка, быў саўгас, пладовы гадавальнік, калгас. Частка будынкаў маёнтка згарэла падчас Першай Сусьветнай вайны, частка яшчэ пэўны час выкарыстоўвалася пад розныя мэты. Але да нашага часу не дайшоў ніводны зь іх. Не засталося нічога і ад былога панскага парка. Былы панскі сад пэўны час служыў калгасу. Яшчэ зусім нядаўна на паўночным ускрайку вёскі расьлі апошнія яблыні з сада Сьвіды. Аднак яны ўжо даўно былі зьдзічэлымі. Добра бачна па сёньняшні час месца, дзе быў смалакураны і шкіпінарны завод. Дарэчы, гэта месца і цяпер старыя людзі называюць Смалярняй. Ля былога завода добра прасочваецца стары канал, які калісьці быў выкапаны ад Бярэзіны. Непасрэдна на месцы маёнтку да нашага часу захаваліся толькі старыя дрэвы.

У пасьлярэвалюцыйны час царква была закрыта і ў ёй быў адкрыты клюб. Падчас другой сусьветнай вайны царква зноў дзейнічала. Згарэла яна ў 1944 годзе падчас вызваленьня тутэйшых земляў.

Здаўна, як і паўсюль на Барысаўшчыне, у Глівіне штогод ладзіўся кірмаш. Праводзіўся ён 27 верасьня — на Ўзьдзьвіжаньне. У гэты дзень да тутэйшых жыхароў з розных месц прыязджалі сваякі. Хто на конях, а хто і прыходзіў пешшу. Спачатку ўсе ішлі ў царкву, а потым гасьцявалі. На першы дзень Узьдзьвіжаньня прынята было пасьціцца. На стол гаспадыні выстаўлялі пераважна стравы з грыбоў, рыбы. Рабілі стравы з каноплі, розныя смачныя вырабы з макам. Кірмаш быў сапраўдным ўсеагульным для вёскі сьвятам. Праводзіліся кірмашы да 1950-х гадоў. Недзе ў 1953 годзе новым старшынём калгасу быў выбраны Герасімовіч. Гаспадарка калгасу была вельмі гаротнай. Таму новы старшыня палічыў немэтазгодным у такі час рабіць сьвята і забараніў кірмашы. Каб штосьці прапанаваць у замен, быў уведзены ў кастрычніку, пасьля збору ўраджаю, дзень калгасьніка. Аднак новае штучнае сьвята так і не прыжылося, а жыхары Глівіна засталіся без кірмашоў.

  • 1999 год — 596 чалавек
  • 2008 год — 606 чалавек[1]
  • 2010 год — 654 чалавекі

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Сядзібна-паркавы комплекс Сьвідаў (XVIII ст.).
  • Царква Ўзвышэньня Сьв. Крыжа (XVIII ст.).
  1. ^ а б в г д е ё Глівін // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 97
  2. ^ Справочник Адресов (рас.). Белпошта. Праверана 9 верасьня 2019 г.
  3. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 68

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]