Гватэмала
Гватэмала лац. Hvatemała República de Guatemala | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: El País de la Eterna Primavera («Край вечнай вясны») | |||||
Дзяржаўны гімн: «Guatemala Feliz» | |||||
Афіцыйная мова | Гішпанская | ||||
Сталіца | Гватэмала | ||||
Найбуйнейшы горад | Гватэмала | ||||
Форма кіраваньня | Рэспубліка Алехандра Джаматэі | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
103-е месца ў сьвеце 108 890 км² 0,4 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2013) • шчыльнасьць |
67-е месца ў сьвеце 18 697 234[1] 110,3/км² | ||||
СУП • агульны (2006) • на душу насельніцтва |
116-е месца ў сьвеце $62,78 млрд $4155 | ||||
Валюта | Кетса (GTQ) | ||||
Незалежнасьць | 15 верасьня 1821 | ||||
Аўтамабільны знак | GCA | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .gt | ||||
Тэлефонны код | 502 |
Гватэма́ла (па-гішпанску: Guatemala, [ɣwateˈmala]) афіцыйная назва — Рэспу́бліка Гватэма́ла (гішп. República de Guatemala, [reˈpuβlika ðe ɣwateˈmala]) — краіна ў Цэнтральнай Амэрыцы. Мяжуе з Мэксыкай на паўночным захадзе, з Бэлізам на паўночным усходзе, з Гандурасам і Сальвадорам на паўднёвым усходзе.
Этымалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва «Гватэмала» паходзіць ад ацтэцкага слова Cuauhtēmallān, якое азначае «месца многіх дрэў» (хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра дрэва Cuatli Eysenhardtia). Такой назвай гэтая тэрыторыя абавязаная індзейскім спадарожнікам-хаўрусьнікам Пэдра дэ Альварада.
Геаграфічнае становішча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мяжуе з Сальвадорам на паўднёвым усходзе, Гандурасам на ўсходзе, з Бэлізам на паўночным усходзе й Мэксыкай на поўначы й захадзе. Абмываецца Карыбскім морам (Гандураскі заліў) на ўсходзе й Ціхім акіянам на поўдні. На ціхаакіянскім узьбярэжжы разьмешчаны найболей папулярныя пляжы й курортныя зоны (Монтэрыка, Сан-Хасэ, Рэталулеу).
Прырода
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2/3 плошчы краіны займае нагорʼе вышынёй 1000—3000 мэтраў. Яго паўночна-усходняя частка — складкава-глыбавыя хрыбты й плято (Сьера-Мадрэ), падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На паўднёвым захадзе нагорʼе складзена з вульканічных парод. Ёсьць вульканы (Вулькан Такана — 4117 м — самы актыўны вулькан, вулькан Тахумулька — 4217 м, вулькан Тэкуамбура, вулькан Фуэга — 3918, вулькан Чыкабаль, вулькан Агуа). на мяжы з Бэлізам — горы Мая, якія не адносяцца да асноўных Кардыльераў. Бываюць разбуральныя землятрусы. На поўначы вапняковае ўзгорыстае плято Петэн. Узьбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, манганавыя й хромавыя руды, золата. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя тэмпэратура паветра на нізінах 23-27 °C, на міжгорных плято 15-20 °C. Ападкаў на ўсходніх схілах нагорʼя больш за 2000 мм, на ўнутраным плято, у міжгорных далінах і на ўзьбярэжжах 500—1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнэргіяй; самыя значныя зь іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найбольшыя Ісабаль, Атытлан, Петэн-Іца. На поўначы й па ўзьбярэжжы Ціхага акіяна саванны й хмызьняковыя зарасьнікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя лясы, вышэй — дубовыя й хваёвыя лясы. На паўночным усходзе разьмешчаны вялізны масіў вільготных трапічных лясоў, якія ахоўваюцца ў біясфэрным запаведніку Мая й некалькіх нацыянальных парках. Усяго пад лесам і хмызьняком 40 % тэрыторыі. У трапічных лясох шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае (з найкаштоўнейшай драўнінай), чорнае, зальзавае, бакаўт. Жывёльны сьвет Гватэмалы тыповы для Цэнтральнай Амэрыкі: браняносцы, дзікабразы, тапіры, пумы. У краіне жыве каля 2000 відаў птушак, самая вядомая — квезаль (кецаль), жыхар вільготных трапічных лясоў з пышнымі смарагдавымі пёрамі хваста. Нацыянальныя паркі: Тыкаль, Рыю-Дульсэ, Атытлан.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тэрыторыя сучаснай Гватэмалы была заселеная прынамсі 13 тыс. гадоў таму. У 3 тыс.да н. э. на зямлі Гватэмалы прыйшлі плямёны мая-кічэ, якія займаліся земляробствам (фасоля, кукуруза, гарбузы).У 1-м тысячагодзьдзі да н. э. на тэрыторыі Гватэмалы існавалі месты-дзяржавы мая, на Гватэмальскім нагорʼі — дзяржаўныя ўтварэньні іншых плямён. Горад Тыкаль быў найбуйнейшым цэнтрам цывілізацыі мая: меў плошчу 16 км², каля 300 палацаў і храмаў; другі цэнтар — Паленке. У X стагодзьдзі адбылася дэмаґрафічная катастрофа (выкліканая, хутчэй за ўсё, прыроднымі й экалягічнымі прычынамі), багатыя гарады вымерлі й надоўга зарасьлі лесам. У X—XI стст. у Гватэмалу з Табаска прыйшлі тальтэкі, да якіх адносіліся й плямёны кічэ, і заваявалі цэнтральнае сугорʼе.
Заваяваньне тэрыторыяў гішпанцамі пачалося ў 1523-24 гадах на чале з Пэдра дэ Альварада. Племя кічэ аказала гішпанцам супраціў, але сілы былі няроўнымі. У бітве на ўскраіне горада Кетцальцінанга ў 1525 Альварада разграміў Кічэ й забіў іх правадыра Тэкум Умана. Гішпанцы пачалі здабываць золата й срэбра, ствараць плянтацыі, атрымліваль індыга. У 1560 годзе ў складзе віцэ-каралеўства Новая Гішпанія было ўтворана генэрал-капітанства Гватэмала, у склад якога ўвайшла амаль уся тэрыторыя Цэнтральнай Амэрыкі.
У гады вайны за незалежнасьць гішпанскіх калёніяў у Амэрыцы народ Гватэмалы дамогся незалежнасьці. 15 верасьня 1821 году была абвешчана незалежнасьць Мэксыканскай імпэрыі, куды ўвайшла Гватэмала. 1823—1841 — у складзе Злучаных правінцыяў Цэнтральнай Амэрыкі са сталіцай у Гватэмале.
Наступнае стагодзьдзе прайшло ў барацьбе кансэрватараў і лібэралаў, урады якіх напераменку выганялі й вярталі амэрыканскія кампаніі, манахаў і т.п. З 1840 па 1865 гады Гватэмалу ўзначальваў селянін Рафаэль Карэа, які абапіраўся на кансэрватараў. Лібэрал Баррыльяс, які прыйшоў да ўлады ў 1871 годзе, горача жадаў аднавіць адзіную дзяржаву Цэнтральнай Амэрыкі й разьвязаў вайну з суседзямі, але ў бітве супраць арміі Сальвадора ў 1885 годзе быў забіты. Пачатак ХХ стагодзьдзя прайшоў пад знакам чаргаваньня дыктатараў, што мелі падтрымку ЗША й асабіста кампаніі «Юнайтэд Фрут».
У 1944 годзе прэзыдэнтам Гватэмалы стаў пісьменьнік Хасэ Арэвала, які павёў больш незалежную ад ЗША палітыку, у прыватнасьці, устанавіў дыпляматычныя адносіны з СССР. Сам Арэвала называў сябе «хрысьціянскім сацыялістам». Наступны прэзыдэнт выгнаў «Юнайтэд Фрут», тады амэрыканцы правялі ваенную апэрацыю й зноў пераарыентавалі Гватэмалу на ЗША. У 1960—1996 гадах у краіне ішла грамадзянская вайна, якая суправаджалася масавым партызанскім рухам, рэпрэсіямі (у тым ліку, спаленьнем вёсак) з боку ўладаў.
Дзяржаўны лад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гватэмала — прэзыдэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 году (набыла сілу ў 1986 годзе). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзыдэнт, якога выбірае насельніцтва. Вышэйшы заканаўчы орган — аднапалатны Кангрэс Гватэмалы (158 дэпутатаў), які выбіраецца, як і прэзыдэнт, на 4 гады. Унітарнае дзяржава, Падзяляецца на 22 дэпартамэнта. Трэць тэрыторыі прыпадае на паўночны дэпартамэнт Петэн.
Беларуска-гватэмальскія адносіны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і Гватэмалай ўсталяваныя 11 сакавіка 1993 г. Абʼём узаемнага гандлю ў 2011 годзе склаў 20,5 млн даляраў ЗША. Экспарт Рэспублікі Беларусь у Рэспубліку Гватэмала склаў 19,4 млн даляраў ЗША, імпарт — 1,1 млн даларяў ЗША.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першая па колькасьці насельніцтва краіна Цэнтральнай Амэрыкі. Сёньня пры ацэнцы насельніцтва Гватэмалы фігуруюць лічбы ад 15,5 да 17,2 млн чал. Паводле падлікаў, у 1900 годзе ў Гватэмале пражывала каля 885 тыс. чал, што робіць яе лідарам па тэмпах росту насельніцтва ў Заходнім паўшарʼі ў XX стагодзьдзі (амаль дваццаціразовы рост).
Сёньня натуральны прырост, хоць і запаволіўся, застаецца вельмі высокім — 1,75 %, міграцыйная зьмяншэньне — −0,2 % (2017). У 2010 (зьвесткі перапісу) 41 % насельніцтва складалі дзеці й падлеткі да 15 гадоў (самая маладая краіна Заходняга паўшарʼя). Гватэмала адрозьніваецца выключнай этнічнай і моўнай разнастайнасьцю. Паводле перапісу 2010 году, каля 41,5 % насельніцтва — гэта метысы (таксама вядомыя як ладына), якія размаўляюць на гішпанскай мове. Аналягічная доля карэнных гватэмальцаў (41 %) з поўным індзейскім радаводам (ва ўсёй Лацінскай Амэрыцы большы % індзейцаў толькі ў Пэру). Большасьць індзейцаў — прадстаўнікі народаў мая, а менавіта: кічэ 11,0 % ад агульнай колькасьці насельніцтва), кекчэ 8,3 %), какчыкелі 7,8 %), многія індзейцы размаўляюць на адной з 21 моваў мая, большасьць — на гішпанскай; 18,5 % гватэмальцаў — белыя крэолы (нашчадкі гішпанцаў). Даволі шматлікія нямецкая й карэйская дыяспары. Каталікі складаюць 47,6 % насельніцтва, пратэстанты — 38,2 % (2012). Каталіцызм імкліва здае пазыцыі на карысьць пратэстантызму. Гараджане, якія складаюць 52,5 % усяго насельніцтва (2017), сканцэнтраваны ў агламерацыі Гватэмалы (з прыгарадамі Міска й Вілья-Нуэва — каля 3 млн чал., 2015) — найбуйнейшым горадзе Цэнтральнай Амэрыкі. Другі па памерах горад — Кетсальтынанга (130 тыс. чал.).
Гаспадарка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Грашовая адзінка — кетса. СУП на душу насельніцтва — каля 8400 даляраў (2018). Агульны СУП складае 145 млрд даляраў (2017) — найбуйнейшы ў Цэнтральнай Амэрыцы. Каля паловы насельніцтва жыве за мяжой беднасьці. Адмоўны імідж краіне робяць наркагандль і высокі ўзровень карупцыі. 10 % СУП фармуіруецца пераводамі гватэмальцаў, якія працуюць за мяжой.
Сельскагаспадарчая спэцыялізацыя сфармавалася ў XIX стагодзьдзі: нямецкія каляністы разьбілі плянтацыі кавы, амэрыканская кампанія «Юнайтэд Фрут» стала вырошчваць бананы. Сёньня ў аграрным сэктары працуе палова гватэмальцаў і ён забясьпечвае 40 % экспартных даходаў. Вырошчваюцца таксама цукровы трысьнёг, гародніна, кветкі. Цукровы трысьнёг, кукуруза і плады алейнай пальмы экспартуюцца ў многія краіны як сыравіна для біяпаліва, што прыводзіць да росту коштаў на прадукты харчаваньня (кукуруза разам з фасоляй складае аснову рацыёну).
У невялікіх абʼёмах здабываюцца золата, срэбра, цынк, кобальт і нікель. Разьвіта лёгкая прамысловасьць, швейнай прадукцыя экспартуецца. Вывозяцца вырабы ручной працы. Пасьля сканчэньня грамадзянскай вайны разьвіваецца міжнародны турызм, найбольшай папулярнасьцю ў турстаў карыстаецца места Тыкаль.
Цікавыя факты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Поўная назва сталіцы — Нуэва Гватэмала-дэ-ла-Асунсьён
- Прырода Гватэмалы як бы помсьціла за абрабаваных і зьняволеных індзейцаў. У 1541 годзе вулькан Агуа вывергнуў патокі кіпячай вады й бруду й зьнішчыў першую гішпанскую сталіцу Гватэмалы. У 1773 яшчэ адна сталіца, Антыгуа — культурны і ўнівэрсытэцкі цэнтар — была разбурана землятрусам і вывяржэньнем вулькана. Тады сталіцу перанесьлі ў цяперашнае места Гватэмала, і нетры краіны нарэшце спынілі «помсту».
- Па паказчыку ІЧР у 2014 годзе была 31-й сярод 33 краін Лацінскай Амэрыкі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0