Перайсьці да зьместу

Габрыель Гарсія Маркес

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Габрыель Гарсія Маркес
гішп. Gabriel García Márquez
Габрыель Гарсія Маркес на Гвадаляхарскім міжнародным кінафэстывалі, 2009 год
Габрыель Гарсія Маркес на Гвадаляхарскім міжнародным кінафэстывалі, 2009 год
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Gabriel José de la Concordia García Márquez
Нарадзіўся 6 сакавіка 1927(1927-03-06)[1][2][3][…]
Аракатака, Магдалена, Калюмбія
Памёр 17 красавіка 2014(2014-04-17)[4][1][2][…] (87 гадоў)
Мэхіка, Мэксыка
Сужэнец Мэрсэдэс Барча[d][5]
Дзеці Радрыга Гарсія[d][6]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, журналіст, дзяржаўны дзяяч
Гады творчасьці 19472009
Кірунак магічны рэалізм
Жанр раман, аповед
Мова гішпанская
Значныя творы «Сто гадоў адзіноты»,
«Палкоўніку ніхто ня піша»
Прэміі Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры (1982)
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу
Асабістая старонка

Габрые́ль Гарсі́я Ма́ркес (па-гішпанску: Gabriel García Márquez; 6 сакавіка 1927, Аракатака, Магдалена, Калюмбія — 17 красавіка 2014, Мэхіка, Мэксыка) — калюмбійскі гішпанскамоўны пісьменьнік, журналіст і палітычны дзяяч. Вядомы як адзін з найяскравейшых прадстаўнікоў магічнага рэалізму. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры 1982 году.

Габрыель Гарсія Маркес нарадзіўся 6 сакавіка 1927 году ў калюмбійскім мястэчку Аракатака (дэпартамэнт Магдалена). У дзяцінстве выхоўваўся бабуляй і дзядулем па матчынай лініі. Менавіта гэтыя людзі пазнаёмілі будучага пісьменьніка з народнымі паданьнямі й моўнымі асаблівасьцямі, якія пазьней сталі важным элемэнтам ягонае творчасьці.

У 1940 годзе, ва ўзросьце 12 год, Габрыель атрымаў стыпэндыю й пачаў навучаньне ў езуіцкім каледжы мястэчку Сіпакіра, што за 30 км на поўнач ад Багаты. У 1946 годзе па патрабаваньні бацькоў ён паступіў у Нацыянальны ўнівэрсытэт Багаты на юрыдычны факультэт. Тады Габрыель пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, Мерсэдэс Барча Парда.

Перапыніўшы навучаньне раней за тэрмін, у 1950 годзе, ён вырашыў прысьвяціць сябе журналістыцы й літаратуры. Асаблівы ўплыў на яго аказалі такія пісьменьнікі, як Эрнэст Гэмінгўэй, Ўільям Фолкнэр, Джэймз Джойс і Вірджынія Ўулф, Франц Кафка.

З 1954 году Маркес працуе ў газэце «Эль Эспэктадор», публікуючы невялікія артыкулы й рэцэнзіі на фільмы. У якасьці карэспандэнту яго накіроўваюць у Італію, Польшчу, Францыю, Вэнэсуэлу й ЗША. У 1957 годзе 30-гадовы Гарсія Маркес быў карэспандэнтам на VI Сусьветным фэсьце моладзі й студэнтаў у Маскве. Згадваючы пра гэтую падзею, аўтар у эсэ напісаў «СССР: 22 400 000 квадратных кілямэтраў без адзінай рэклямы кока-колы!». У 1959 годзе ў Нью-Ёрку ў яго нараджаецца сын.

Разам з тым Маркес займаецца пісьменьніцтвам, ствараючы аповеды й кінасцэнарыі. У 1961 годзе ў яго выходзіць аповесьць «Палкоўніку ніхто ня піша» (El coronel no tiene quien le escriba), у 1966-м — раман «Ліхая гадзіна» (La mala hora). Сусьветную вядомасьць яму прынёс раман «Сто гадоў адзіноты» (Cien años de soledad, 1967).

Беларускія пераклады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1981 годзе Карлас Шэрман апублікаваў беларускі пераклад невялікай аповесьці Маркеса «Неверагодная і смутная гісторыя пра наіўную Эрэндзіру і яе бессардэчную бабулю». Пазьней ён жа пераклаў раман «Каханьне падчас халеры», які выйшаў цалкам толькі ў 2017 г., пасьля сьмерці аўтара і перакладчыка[7].

Пазьней Віялета Яфіменка перакладала апавяданьні Маркеса, якія публікаваліся ў пэрыядычным друку. Валеры Буйвал перакладаў асобныя творы зь нізкі «12 дзіўных навэл», якія друкаваліся ў «ЛіМе» і «Дзеяслове». У 2004 годзе Багдан Арлоў перакладаў невялікі фрагмэнт аднаго з апошніх твораў Маркеса «Успамін пра маіх сумных прастытутак»[7].

Таксама Якуб Лапатка пачынаў пераклад галоўнага і, мабыць, самага вядомага рамана Маркеса «Сто гадоў адзіноты», але прыхільнасьці сярод выдаўцоў не знайшоў, пераклад ня быў скончаны, фрагмэнты таксама не публікаваліся[7].

У 1970-я гады К. Шэрман задумаў беларускі пераклад «Восені патрыярха» і зьвярнуўся да выдавецтва «Мастацкая літаратура». У выдавецтве, забаяўшыся магчымай рэакцыі цэнтральных савецкіх улад, бо рускага перакладу рамана яшчэ не было, не рызыкнулі згадзіцца, а прапанавалі К. Шэрману зрабіць рускі пераклад. Рускі пераклад «Восені патрыярха» зроблены К. Шэрманам разам з В. Тарасам апублікаваны ў беларускім літаратурным часопісе «Нёман» у 1970-я гады, што было падзеяй усесаюзнага маштабу[7]. Невялікі фрагмэнт гэтага рамана пераклала на беларускую мову Дзіна Бабрыцкая (апублікаваны ў хрэстаматыі "Літаратура народаў сьвету: ХХ стагодзьдзе", 1999).

Б. Арлоў адзначыў, што мова Маркеса незвычайная, няпростая і ня кожны перакладчык з гішпанскай наважыцца на пераклад яго твораў. Гэта, на думку Б. Арлова, прычына малой колькасьці перакладаў Маркеса на беларускую[7].

  • Каханне падчас халеры: раман / Габрыель Гарсія Маркес. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2017. — 366, [1] с. — (Серыя «Noblesse Oblige»).
  • Восень патрыярха / Пер. з ісп. С. Шупа. — Мн.: А. М. Янушкевіч, 2021.

Апавяданьні, навэлы і публіцыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Слова halalcsillag на борце карабля-прывіда з апавяданьня «Апошняе вандраваньне карабля-прывіда», якое ні ў водным выданьні ніяк не камэнтавалася і не перакладалася, на самай справе мае сэнс; па-вугорску яно азначае «сьмяротная зорка» (па-вугорску: halálcsillag [ˈhɒlaːlˌʧilːɒɡ]). Тут выявіўся характэрны чорны гумар Маркеса, паколькі Вугоршчына — не марская дзяржава.
  • У траўні 2000 году ў штодзённай пэруанскай газэце «La Republica» пад імем Маркеса была надрукаваная паэма «Лялька» (La Marioneta), якая паслужыла пацьверджаньнем інфармацыі аб сьмяротнай хваробе пісьменьніка. Інфармацыя была хутка растыражаваная газэтамі, аднак неўзабаве высьветлілася, што аўтарам гэтага твора зьяўляецца зусім не сусьветна вядомы аўтар, а мэксыканскі чэрававяшчальнік Джоні Ўэлч (Johnny Welch), пад чыім творам па невядомых чыньніках апынулася імя Маркеса. Пазьней факт памылкі прызналі абодва[8]. Аднак і па гэты дзень у сеціве вельмі часта сустракаюцца гэтыя радкі, падпісаныя імем Нобэлеўскага ляўрэата. Часам ня вельмі ўважлівыя прыхільнікі і аўтары фан-ролікаў па незразумелых чыньніках прыпісваюць гэтую паэму Паўлё Каэльё[9].
  • У кастрычніку 2004 году «Random House Mondadori» і «Grupo Editorial Norma» апублікавалі апошні раман Маркеса «Успамінаючы маіх журботных шлюх». За месяц да афіцыйнай прэзэнтацыі кніжныя «піраты» выкралі рукапіс і запусьцілі гэтую кнігу ў продаж. Пісьменьнік у адказ на гэта зьмяніў фінал рамана. Мільённы тыраж быў раскуплены за рэкордна кароткі тэрмін. Пірацкія жа падробкі, вялікую частку якіх канфіскавала паліцыя, цяпер прадмет паляваньня для калекцыянэраў.
  • У 2006 годзе Пэдра Санчэс, мэр гораду Аракатака, у якім нарадзіўся Маркес, прапанаваў пераназваць селішча ў Маконда, у гонар месца дзеяньня рамана «Сто гадоў адзіноты». Было праведзенае галасаваньне, але, хоць больш за 90% людзей, што прагаласавалі, выказалася за пераназваньне, горад пераназваны ня быў, паколькі ў галасаваньні прыняла ўдзел толькі палова зь неабходных 7400 чалавек[10].
  • У 2009 годзе ўрад Мэксыкі прызнаў, што мэксыканскія ўлады сачылі за Маркесам з 1967 па 1985 гады (гэта значыць у пэрыяд прэзыдэнцтва Люіса Эчэвэрыі і Хасэ Лёпэса Партыльлё) з-за яго сувязяў з камуністычнымі рэжымамі і лідэрамі[11][12].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Габрыель Гарсія Маркессховішча мультымэдыйных матэрыялаў