Віцязь (прадпрыемства)
Каардынаты: 55°9′59″ пн. ш. 30°14′5″ у. д. / 55.16639° пн. ш. 30.23472° у. д.
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Рушым да новых магчымасьцяў |
Заснаваная | 3 сакавіка 1976 (48 гадоў таму) |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Віцебск |
Адрас | Першамайскі раён, мікрараён Поўдзень-4, вул. Петруся Броўкі, д. 13а[1] |
Ключавыя фігуры | Генадзь Азараў, Валер Зайцаў (галоўны інжынэр)[2], Канстанцін Шульган (старшыня)[3] |
Галіна | машынабудаваньне |
Прадукцыя | будаўнічыя матэрыялы, вэнтылятар, зарадная станцыя, мікрахвалёвая печ, мэбля, паддон, рэцыркулятар паветра, стэрылізатар, тэлеантэна, тэлевізар, тэлецюнэр, тэрмастат, электраровар |
Абарачэньне | ▲130,305 млн рублёў (2020 год; 50,527 млн $) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲3,598 млн рублёў (2020 год; 1,395 $) |
Чысты прыбытак | ▲3,623 млн рублёў (2020 год; 1,405 $)[4] |
Лік супрацоўнікаў | 1007 (2021 год) |
Матчына кампанія | Міністэрства прамысловасьці Беларусі |
Даччыныя кампаніі | «О-Мэд» |
Аўдытар | ТАА «Грант Торнтан» (Менск) |
«Ві́цязь» — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў сакавіку 1976 году пад назвай «Віцебскага тэлевізійнага заводу»[5].
На 2021 год вырабляла мэдычнае абсталяваньне, побытавыя прылады і тэлевізары, а таксама будаўнічыя матэрыялы, мэблю і пажарныя прылады. Прадпрыемства ўваходзіла ў свабодную эканамічную зону «Віцебск» і месьцілася на 5 вытворчых пляцоўках агульнай плошчай 51,5 гектараў. У склад прадпрыемства ўваходзілі асяродак распрацаваньня вырабаў і 9 вытворчасьцяў: 1) мэдычных прыладаў, 2) побытавай электронікі, 3) адмысловага абсталяваньня, 4) мэталаапрацоўча-прыладная, 5) гальванічная, 6) плястмасавых вырабаў, 7) энэргетычная, 8) пяшчана-бэтонных вырабаў, 9) дрэваапрацоўчая. Таксама «Віцязю» належалі: аўтастаянка і 3 гуртажыткі, спартовы комплекс і страўня[6]. «Віцязь» быў найбольшым прамысловым прадпрыемствам Віцебску. Гандлёвая сетка налічвала 4 фірмовыя крамы ў Валожыне (Менская вобласьць), Віцебску, Воршы (Віцебская вобласьць) і Менску. За мяжой працавала гандлёвае прадстаўніцтва ў Санкт-Пецярбургу (Расея)[7]. Майстэрні абслугоўваньня побытавых прыладаў «Віцязю» дзейнічалі ў 100 са 118 раённых цэнтраў Беларусі, у тым ліку па 2 у Менску, Клімавічах (Магілёўская вобласьць), Рэчыцы (Гомельская вобласьць) і Сьвіслачы (Гарадзенская вобласьць), а таксама ў Новалукомлі і Наваполацку. У 68 гарадах Расеі дзейнічала 83 такія майстэрні[8].
Вытворчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год «Віцязь» меў у вытворчасьці:
- 8 відаў станкоў — абразіўна-адразныя, зубаапрацоўчыя, дзяўбальныя, каардынатна-расточныя, сьвідравальныя (7 узораў), такарныя (4), фрэзэрныя (7) і шліфавальныя (9);
- 2 віды нажніцаў — гільяцінныя і ролікавыя;
- 5 відаў прэсаў;
- згінальныя машыны, лістазгінальныя вальцы і 3 віды трубазгінальнікаў;
- мэханічную нажоўку і зварачнае абсталяваньне[9].
Фарбавальны комплекс мог наносіць водарашчынальныя эмалі на кажухі і карпусы тэлевізараў даўжынёй да 80 см. У склад комплексу ўваходзілі фарбавальная кабіна, канвэер перавозкі і тунэль сушкі[10]. Таксама ў вытворчасьці выкарыстоўвалі лічбавае праграмнае кіраваньне (ЛПК), загружальнік сыпкіх плястыкавых гранулаў магутнасьцю 300 кг/гадзіна, гранулятар полістыролу магутнасьцю 90 кг/гадзіна, драбілку тэрмаплястмасы магутнасьцю 100 кг/гадзіна, клямарааўтамат магутнасьцю 4000 асобнікаў/гадзіна (вытворасьць з дроту для кілбаснай абалонкі), выпрабавальні ходнікавай пліткі і побытавай электронікі, стружкаадсмок магутнасьцю 1900 кубамэтраў/гадзіна для дрэваапрацоўкі, акустычныя таймэры чуйнасьцю ад 40 гэрц, выпрамляльнік сілкаваньня для стабілізацыі шчыльнасьці і напругі току ў гальванічных ваннах і пры электрахімічнай мэталаапрацоўцы, а таксама аддзяляльнік абрэзкаў магнітных мэталаў[11].
Вырабы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год «Віцязь» вырабляў:
- 21 узор вадкакрышталічных тэлевізараў з дыяганальлю ад 15 да 65 цаляў (38—165 см)[12];
- лічбавыя тэлецюнэры і тэлевізійныя кранштэйны для дыяганалі 26—50 цаляў (66—127 см) і вагі да 25 кг;
- 3 узоры тэлеантэнаў, у тым ліку з узмацняльнікам (АТІАГ) і пакаёвыя (АТНА)[13];
- 3 узоры цеплавэнтылятараў памяшканьняў[13];
- 3 узоры мікрахвалёвых печак на 20 літраў магутнасьцю 700 ватаў[14];
- плястмасавыя вырабы — эўрападдоны 120 на 80 см, літровыя квадратныя слоікі з накрыўкай, скрыні для дасьпяваньня тоны сыру, полістырольныя скрыні зьмяшчальнасьцю ад 0,5 да 50 літраў і 25 кг, палімэрныя слоікі ад 1 да 18 літраў, утулкі і шканты для мэблі, паліца- і штангатрымальнікі, сеткавыя шнуры, модульныя краты на 1 кв.м, а таксама рукаяткі, стужкі і сьцяжкі для мэблі[15];
- кованую, корпусную (з драўнянавалакністай і лямінаванай пліты) і драўняную (з масіву бярозы і хвоі) мэблю — зэдлік, камода, канапа, ложак, паліца, стол, стэлаж, тумба і шафа[16];
- 13 узораў зарадных станцыяў для электрамабіляў — «ЕС-301», «ЕС-302» і «ЕС-401» выходнай магутнасьцю ад 7,2 да 50 кіляват з напругай 230, 400 і 500 вольт[17];
- электраровар «Цёмны конь» на 50 км ходу з магутнасьцю электрарухавіка 250 ват[18];
- 19 узораў мэдычных вырабаў — паветраныя і паравыя стэрылізатары абсягам ад 10 да 80 літраў, візуалізатары венаў і рэцыркулятары паветра, бактэрыцыдныя выпраменьвальнікі ўльтрафіялетам і сухапаветраныя тэрмастаты (ТСП-80), фотамеры Ф300ТП і апараты квантавай тэрапіі (АКТ), лазэрныя насадкі і электрапунктурныя апараты, рухомыя і стацыянарныя падстаўкі[19];
- драўляныя вырабы — альтанка, арэлі, бочка, кадка, купель, куфар і лазьня[20];
- аўтаматызаваны ліфтавы склад вышынёй да 24 мэтраў з паліцамі на 650 кг, шырынёй 237—457 см і глыбінёй 271—309 см[21].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]3 сакавіка 1976 году ўхвалілі[удакладніць!] Рашэньне аб стварэньні «Віцебскага тэлевізійнага заводу». У красавіку 1977 году зацьвердзілі 1-ю мадэль каляровага тэлевізару «Віцязь-722». У верасьні 1978 году з канвэера сышоў 1-ы сэрыйны «Віцязь-722» 2-га пакаленьня[5]. Да канца году выпусьцілі 500 такіх тэлевізараў. У 1980 годзе вытворчасьць дасягнула 50 000 тэлевізараў, а ў 1981 годзе яна падвоілася[22]. У 1982 годзе асвоілі выпуск прыладаў «Дэльта Р-2М» для кіраваньня ракетамі на самалётах «Су-17» і «Су-24», «МіГ-23» і «МіГ-27», а таксама «Як-36» і «Як-38». Таксама асвоілі выпуск прыладаў «Аўрора-А» і «Аўрора-В» ў складзе комплексаў «Азоў» і «Верша» для кіраваньня ракетамі на самалётах «МіГ-31» і «Су-27». У 1982-м яшчэ асвоілі выпуск галаўной часткі «В-500» тактычнай ракеты «Х-25МР» на самалётах «МіГ-23», «Су-17», «Су-24», «Су-25» і «Як-38». У 1983 годзе «Віцебскі тэлезавод» выйшаў са складу вытворчага аб’яднаньня «Ленінец» у Ленінградзе (Расейская СФСР)[23]. У 1984 годзе выпусьцілі 500-тысячны тэлевізар «Віцязь». У жніўні 1985 году пачалі сэрыйны выпуск інтэгральна-модульных тэлевізараў «Віцязь Ц381Д»[22], якія атрымалі срэбраны мэдаль на Выставе дасягненьняў народнай гаспадаркі СССР. У 1987 годзе стварылі вытворчасьць каляровых манітораў з кінэскопамі высокага разрозьненьня і сталі выпускаць кампутары для вытворчых станкоў зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ПЛК). Таксама пачалі вырабляць выяўляльнікі гразавых і сьнежных хмараў «Граза-М24» для самалётаў. У 1988 годзе выпусьцілі звыш 155 000 каляровых тэлепрымачоў[23]. 17 жніўня 1988 году з канвэера сышоў мільённы тэлевізар пад таварным знакам «Віцязь». У 1989 годзе стварылі вытворчае аб’яднаньне «Віцязь», у склад якога ўвайшлі тэхна-гандлёвы дом, рамонтна-будаўнічая ўправа і створанае ў 1987 годзе канструктарскае бюро «Дысплэй»[22]. У 1990 годзе прыступілі да выпуску мэдычных прыладаў[5] і вырабілі звыш 234 000 тэлевізараў[23].
У 1991 годзе стварылі выпрабавальны сэртыфікацыйны цэнтар[5], запусьцілі дрэваапрацоўчы цэх і сэрыйную вытворчасьць відэаманітораў. У 1992 годзе асвоілі выпуск спадарожнікавых антэнаў і відэаманітораў «ВММ-31-02», а таксама ўтварылі аддзел маркетынгу. Пачалі стварэньне сеткі аддзяленьняў у Летуве, Расеі і Ўкраіне. У 1993 годзе стварылі звыш 70 уласных тэхна-гандлёвых дамоў ў 7 краінах Азіі — Азэрбайджан, Армэніі, Казахстане, Кыргыстане, Таджыкістане, Туркмэністане і Ўзбэкістане, а таксама ў 3-х краінах Эўропы — Малдове, Расеі і Ўкраіне. 22 красавіка 1993 году прадставілі 1-ы гандлёвы дом «Віцязь». У 1995 годзе пачалі выраб тэлевізараў на ўласных монашасі. У 1996 годзе перайшлі да выпуску аналягавых тэлевізараў 6-га пакаленьня на монашасі ў плястмасавых карпусах і стварылі аварыйна-ратавальны атрад «Віцязь». Таксама ўтварылі вытворчасьці вузлоў і блёкаў, зборачна-рэгулявальную і дрэваапрацоўчую вытворчасьці, а таксама заснавалі інжынэрна-вытворчы комплекс «Віцязь-С». У 1997 годзе асвоілі вытворчасьць пажарных прыладаў. У 1998 годзе пачалі вырабляць аналяга-лічбавыя тэлевізары з памерам экрана 37, 51 і 54 см. У 1999-м павялічылі тэрмін гарантыйнага абслугоўваньня тэлевізараў да 2 гадоў і пачалі сэрыйных выпуск мадэляў «Вікінг» і «Генэзіс». У 2000 годзе выпусьцілі 3-мільённы тэлевізар[22].
У 2001 годзе «Віцязь» пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства, а выпуск тэлевізараў перавысіў 300 000 асобнікаў[5]. У 2002-м у вытворчасьці асвоілі паверхневы мантаж і выпусьцілі 1-ы беларускі тэлевізар з плоскім кінэскопам 54 см па дыяганалі. У 2003 годзе выпусьцілі 30 мадэляў тэлевізараў з памерам экрана ад 12 да 29 цаляў (34—72 см). Тэлевізары «Віцязь» дазвалялі праглядаць да 100 тэлепраграмаў і мелі мэню, таймэр і тэлетэкст, а таксама ахову выбранай праграмы ад прагляду. У 2004 годзе выпусьцілі 550 000 тэлевізараў звыш 50 мадэляў[22]. 10 лютага 2005 году «Віцязь» атрымаў пасьведчаньне якасьці на тэлевізар «Планіт» ад «Таварыства электратэхнікі, электронікі і інфармацыйных тэхналёгіяў» («ТЭЭІТ») у Нямеччыне (Франкфурт-на-Майне, зямля Гэсэн), што дазволіла пастаўляць яго ў краіны Эўразьвязу[24]. У 2005 годзе Камітэт стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі Беларусі падрыхтаваў Дзяржаўны стандарт, які абавязваў пастаўнікоў электронікі ў Беларусь суправаджаць яе інструкцыяй на беларускай мове. Аднак тагачасныя кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў «Віцязь» і «Гарызонт» запярэчылі ўхваленьню таго стандарту, таму той не набыў законнай моцы[25]. У 2005-м прадалі звыш 600 000 тэлевізараў каля 80 узораў з дыяганалямі ад 37 да 72 см, у тым ліку тэлевізары 7-га пакаленьня. У 2006 годзе пачалі выраб тэлевізараў «Люксор» з плоскім экранам на монашасі МШ-75[22]. 31 студзеня 2007 году «Віцязь» увайшоў у свабодную эканамічную зону «Віцебск» за № 84[26]. У 2007-м сталі выпускаць 6 узораў відэапрайгравальнікаў лічбавых крушэлак і вадкакрышталічныя тэлевізары з дыяганальлю 15, 20, 26, 32, 37 і 42 цалі. У 2008 годзе асвоілі вытворчасьць пыласмокаў, а таксама электрычных імбрыкаў і прасаў. У 2009 годзе пачалі выпуск лічбавых тэлецюнэраў[5] і мікрахвалевых печак, электрастатычных масажораў і паравых стэрылізатараў ёмістасьцю ад 10 да 100 літраў, геадэзічных стэрэаманітораў і будаўнічых блёкаў зь пенаполістыролбэтону[22]. 5 жніўня 2009 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 1010 аб выдачы спажывецкіх пазыкаў пад 10% гадавых на набыцьцё відэапрайгравальнікаў, мікрахвалёвых печак, пыласмокаў і тэлевізараў «Віцязь». Гэтыя пазыкі мелі выдаваць 4 дзяржаўныя банкі — «Белаграпрамбанк», «Беларусбанк», «Белінвэстбанк» і «Белпрамбудбанк»[27]. 29 сьнежня 2009 году Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Беларусі ўхваліў Загад № 366 аб пераўтварэньні УП «Віцязь» у ААТ. 15 сакавіка 2010 году «Віцязь» пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. За 9 месяцаў 2010 году выпусьцілі 10 млн ходнікавых плітак. У 2010 годзе асвоілі вытворчасьць кампактных энэргаашчадных лямпачак, а таксама знадворнай і пакаёвай фарбы, у тым ліку для столі[22].
27 красавіка 2011 году «Віцязь» заснаваў уласную сеціўную краму[28]. 11 лістапада 2013 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 964, якой улучыў «Віцязь» у Пералік прадпрыемстваў, якія забясьпечваюць функцыянаваньне стратэгічна значных галінаў эканомікі. У гэты Пералік увайшло 101 ведамаснае прадпрыемства, у тым ліку 26 прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасьці Беларусі. Паводле 3-га артыкула Закону «Аб эканамічнай неплатаздольнасьці» 2012 году, да прадпрыемстваў у Пераліку не прымянялі банкруцтва[29]. У 2013 годзе заснавалі дачынныя прадпрыемствы «Віцебск-Агра» для агародніцтва і «Галяктыка-Трэйд» для раздробнага збыту побытавай электронікі праз уласныя крамы ва ўсіх 6 абласных цэнтрах Беларусі[22]. 21 кастрычніка 2014 году распрацавалі лічбавы тэлевізар «Віцязь Смарт» на апэрацыйнай сыстэме «Андроід» для паказу сеціўнага тэлебачаньня праз Вайфай-мадэм. Апэратыўная памяць тэлевізара складала 1 гігабайт, флэш-памяць — 4 гігабайты з магчымасьцю пашырэньня да 64 Гбайт праз унівэрсальную пасьлядоўную шыну (УПШ). Да тэлевізара дадаваліся вэб-камэра і пульт кіраваньня з кампутарнай клявіятурай і курсорам[30]. У 2014-м стварылі дачынныя прадпрыемствы «Віцебск Лягістыка» для грузаперавозак і «О-Мэд» для лекаваньня[22].
19 красавіка 2016 году выпусьцілі першыя 25 сухапаветраных тэрмастатаў па 80 літраў, якія прызначаліся для бактэрыялягічных дасьледаваньняў у клініка-дыягнастычных лябараторыях[31]. 12 траўня 2017 году распрацавалі і ўсталявалі 1-ю зарадную станцыю «Віцязь ЕС-301» для электрамабіляў[32]. 14 чэрвеня 2018 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 236, якім унём сэрыйную вытворасьць зарадных станцыяў у Дзяржаўную праграму інавацыйнага разьвіцьця Беларусі на 2016—2020 гады[33]. У 2018 годзе пачалі выпуск зарадных станцыяў «ЕС-302» для электрамабіляў і смарт-тэлевізараў з высокім разрозьненьнем экрана. У 2019 годзе выпусьцілі каля 150 000 тэлевізараў. За мяжу 85% паставак прыпала на тэлепрымачы. У Эўразьвязе істотную частку паставак склалі плястмасавыя кантэйнэры для высьпяваньня сыру[22]. 11 красакавіка 2019 году на 26-м Форуме тэлекамунікацыяў, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналёгіяў (ТІБО) «Віцязь» прадставіў электраровар цаной 1250 рублёў (600 $)[34]. Такі ровар «Віцязь Цёмны конь» мог праехаць на зарадзе да 50 км з хуткасьцю да 25 км/гадзіна. У 2019 годзе зарадныя станцыі «Віцязь» сталі пастаўляць у Расею і ўсталявалі на аўтазаправачных станцыях «Беларуснафты». Таксама ажыцьцяўляўся выпуск: 1) рэцыркулятараў паветра для яго абеззаражваньня бактэрыцыднымі лямпамі; 2) стэрылізатараў для выпарваньня пад ціскам хірургічных інструмэнтаў, посуду і тэкстылю; 3) апаратаў квантавай тэрапіі для ўзьдзеяньня сьвятлом і электрамагнітным полем на тканкі[5]. За студзень—красавік 2020 году ва ўмовах пандэміі каронавірусу прадалі гадавы абсяг бактэрыцыдных рэцыркулятараў[35].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Анатоль Мацьвіеўскі (1976—1986)[36]
- Уладзімер Баброў (1986—1996)[37]
- Валеры Нікіфараў (2000-я[38][39] — 2012)[40]
- Сяргей Гунько (27 сьнежня 2012[41] — 14 сакавіка 2017)[42]
- Генадзь Азараў (зь 7 жніўня 2017 году)[43]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантакты (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Кіраўніцтва (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Склад Назіральнай рады (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Валянціна Сіліна, Кірыл Кандраценка. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць за 2020 год паводле МСФС (рас.) // ААТ «Віцязь», 12 ліпеня 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ а б в г д е ё «Віцязь» заўсёды ў нагу з часам // Зьвязда. — 31 кастрычніка 2019. — № 208 (29075). — С. 14.
- ^ Аб прадпрыемстве (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Супольнікі (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Майстэрні абслугоўваньня тэлевізійнай і побытавай тэхнікі (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Станочны парк (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Фарбавальны комплекс (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Галіны аўтаматызацыі (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ ВК-тэлевізары (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ а б Антэны (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Мікрахвалёвыя печкі (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Вырабы з плястмасы (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Мэбля (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Электразарадныя станцыі (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Электраровар «Віцязь Цёмны конь» (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Вырабы (рас.) // Інжынэрна-вытворчы комплекс «Віцязь-С», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Вырабы з драўніны (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Аўтаматызаваны склад ліфтавага тыпу (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і к Гісторыя (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ а б в Падрабязная гісторыя (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Архіўная копія ад 29 чэрвеня 2020 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Алесь Кудрыцкі. Эканамічныя навіны // Газэта «Наша ніва», 11 лютага 2005 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Алесь Белы. Беларускамоўны «Панасонік» // Газэта «Наша ніва», 17 лістапада 2008 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ С.П. Юркевіч. Пасьведчаньне аб рэгістрацыі ў якасьці рэзыдэнта СЭЗ «Віцебск» (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Пералік тавараў для льготнага спажывецкага крэдытаваньня // Газэта «Наша ніва», 6 жніўня 2009 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ В.Н. Стрыхарчук. Пасьведчаньне № 3471101223 аб улучэньні ў Дзяржаўны рэгістар інфармацыйных рэсурсаў (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Зацьверджаны пералік прадпрыемстваў, якія нельга банкруціць // Газэта «Наша ніва», 19 лістапада 2013 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Канстанцін Люткевіч. І тэлевізар, і кампутар // Зьвязда : газэта. — 22 кастрычніка 2014. — № 201 (27811). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ Першыя 25 сухапаветраных тэрмастатаў вырабленыя віцебскім ААТ «Віцязь» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 красавіка 2016 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ «Віцязь» выпусьціў зарадную станцыю для электрамабіляў // БелТА, 12 траўня 2017 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ У Дзяржпраграму інавацыйнага разьвіцьця Беларусі ўключаныя 34 новыя праекты // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 14 чэрвеня 2018 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Раман Пратасевіч. TIBO-2019: ці ёсьць што цікавага на найбуйнейшай IT-выставе Беларусі // Эўрарадыё, 11 красавіка 2019 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ «Віцязь» за студзень-красавік рэалізаваў гадавы аб'ём бактэрыцыдных рэцыркулятараў паветра // БелТА, 23 чэрвеня 2020 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Алена Няжурына. Першы дырэктар (рас.) // ААТ «Віцязь», 22 кастрычніка 2008 г. Праверана 25 сьнежня 2021 г.
- ^ Улюбёныя кіраўнікі (рас.) // ААТ «Віцязь», 11 кастрычніка 2018 г. Праверана 25 сьнежня 2021 г.
- ^ Сяргей Калбанаў. Гарантаваць якасьць і экалягічную бясьпеку (рас.) // Газэта «Рабочае слова», 14 сакавіка 2005 г. Праверана 25 сьнежня 2021 г.
- ^ Сяргей Калбанаў. «Віцязь» бліскуча паказаў сябе на «Культпобытгасптаварах-2009» (рас.) // Газэта «Віцязь», 21 кастрычніка 2008 г. Праверана 25 сьнежня 2021 г.
- ^ Правілы правядзеньня рэклямнай гульні «Віцязь – тэрыторыя прызоў» (рас.) // ААТ «Віцязь», 7 верасьня 2011 г. Праверана 25 сьнежня 2021 г.
- ^ Ягор Марціновіч. Нечакана прызначаныя новыя кіраўнікі МАЗа, МТЗ, «Віцязя» // Газэта «Наша ніва», 28 сьнежня 2012 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Вольга Макей. Кадравыя рашэньні прэзыдэнта // Белтэлерадыёкампанія, 14 сакавіка 2017 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ^ Прыняцьце кадравых рашэньняў // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 7 жніўня 2017 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Віцязь» // Газэта «Зьвязда», 12 жніўня 2017 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- Зваротная сувязь (рас.) // ААТ «Віцязь», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- ААТ «Віцязь» (рас.) // Адзіны партал фінансавага рынку Беларусі, 12 ліпеня 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- Зьвесткі для сувязі (рас.) // Крама «Мультымаркет», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.
- Зьвесткі для сувязі (рас.) // Інжынэрна-вытворчы комплекс «Віцязь-С», 2021 г. Праверана 23 верасьня 2021 г.