Перайсьці да зьместу

Вуліца Зыбіцкая

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вуліца Зыбіцкая — вуліца ў гістарычным цэнтры Менску, адна з старэйшых вуліцаў места. Праходзіць уздоўж ракі Сьвіслач, ля падножжа ўзгорка Высокага Места.

Бліжэй да рэчышча Сьвіслачы праходзіла траса Гандлёва-Набярэжнай вуліцы (цяпер не існуе).

У цяперашні час зьяўляецца папулярным гарадзкім шпацырам.

Назва вуліцы пайшла ад яе разьмяшчэньня на «зыбі», балоце.[1] Вуліца знаходзілася на хісткай абалоне і часта цярпела ад паводак.

Утварылася да канца XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў[2] і злучала Нізкі Рынак зь мясьцінай, якая звалася Валокі Полацкія[3] (пазьней з малочным рынкам). У тыя часы тут зьявілася некалькі вадзяных млыноў.

У 1866 року па задушэньні нацыянальна-вызваленчага паўстаньня (1863—1864) расейскія ўлады перайменавалі Зыбіцкую ў Балотную (разам зь яшчэ 16 вуліцамі і завулкамі Менску[4]), а ў 1882 року паводле ініцыятывы жыхароў — у Гандлёвую.

17 сакавіка 2010 менскія ўлады вярнулі вуліцы гістарычную назву Зыбіцкая.[5][6]

Амаль усю гістарычную забудову вуліцы зруйнавалі ў 1960-я.[1]

Апошнія ацалелыя аўтэнтычныя збудаваньні зьнішчылі ўжо ў пач. XXI ст. — тры дамы XVII—XIX стагодзьдзяў (№№27, 25 і №12 па вул. Герцана) і гаспадарчыя пабудовы ХІХ ст. На іх месцы збудавалі муляжы без захаваньня плянаваньняў і памераў. Асаблівую каштоўнасьць уяўляў разбураны будынак адной з пабудоваў жаночага бэрнардынскага кляштару XVII—XVIII стагодзьдзяў (меў аўтэнтычныя скляпеньні).[7]

Пры будаўніцтве Асьветнага цэнтру Расейскай Праваслаўнай Царквы і паркінгу не было праведзена належных археалягічных раскопак, у выніку чаго былі непапраўна пашкоджаныя і страчаныя культурныя пласты ХІ—ХІХ стагодзьдзяў[7].

  1. ^ а б Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  2. ^ Як будаваўся стары Мінск // Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 27
  3. ^ Як будаваўся стары Мінск // Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 30
  4. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 220
  5. ^ Депутаты Мингорсовета вернули улице Торговой историческое название — Зыбицкая(недаступная спасылка) // БелТА, 17 сакавіка 2010 (рас.)
  6. ^ В столице появились улицы Гризодубовой, Евфросиньи Полоцкой и Зыбицкая // TUT.BY, 20.05.2010 (рас.)
  7. ^ а б Сяргей Абламейка. Архітэктурныя страты Менску за апошнія 2 гады // Радыё Свабода, 2 ліпеня 2008

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]