Перайсьці да зьместу

Іцхак Якаў Рэйнэс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Іцхак Якаў Рэйнэс
Адукацыя
Дзейнасьцьрабін, публіцыст, zionist
Нарадзіўся17 кастрычніка 1839(1839-10-17)[1]
Памёр20 жніўня 1915(1915-08-20)[1] (75 гадоў)
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Іцха́к (Ісак) Я́каў Рэ́йнэс (1839, Каралін, цяпер у складзе Пінску — 1915, Ліда Віленскай губэрні) — беларускі артадаксальны рэбэ, заснавальнік рэлігійнага сіянісцкага руху «Мізрахі».

Бацька Іцхака Якава, рэбэ Шлома Нафталі, у 1830-х жыў у Эрэц-Ісраэль; валодаў друкарняй у Цфаце; пакінуў горад, страціўшы падчас землятрусу 1837 году сям’ю і маёмасьць.

Рэйнэс, нашчадак Шаўля Валя, нарадзіўся ў Караліне, Беларусь. Навучаўся ў Эйшыцкім (цяпер у Летуве) ды Валожынскім ешыботах, дзе атрымаў сьміху (пасьвячэньне).

У 1859 ажаніўся з дачкой Язэпа Рэйзэна, гарадоцкага рэбэ, пераехаў у Гарадок і працягнуў навучаньне ў хаце свайго сьвёкра.

У 1867 заняў пост рэбэ ў Шаўкянах Ковенскай губэрні (цяпер вёска Saukenai, Летува). З 1869 займаў пасаду рэбэ ў Сьвянцянах (дзе ў 1882 заснаваў ешыбот з вывучэньнем у тым ліку і сьвецкіх прадметаў), пасьля ў Лідзе, з 1885 да сьмерці. Заснаваў таксама сучасны ешыбот у Лідзе, які прыцягнуў шмат студэнтаў з усёй Расеі. Ісаак назваў гэты ешыбот «Torah Vodaas».

Рэйнэс напісаў шмат кніг па рабінскай літаратуры. Свае погляды на рэформу традыцыйнае габрэйскае адукацыі, а таксама сваю рацыянальную мэтадалёгію вывучэньня Талмуду выклаў у кнігах «Hotem Toknit» (Завяршальны плян, тт. 1-2, 1880-81), «Урым гдолім» (Вялікія агні, 1887) і іншых сачыненьнях. Быў адным з тых равінаў, што вырашылі на сходзе ў Санкт-Пецярбургу ў 1882 паляпшаць маральныя і матэрыяльныя ўмовы існаваньня габрэяў у Расеі. Тамсама ён прапанаваў свой новы мэтад наўзамен дамінуючага мэтаду выкладаньня ў ешыботах.

Не зважаючы на тое, што пецярбурскі зьезд не прыняў ягоны плян, Рэйнэс заснаваў у Сьвянцянах узорны ешыбот, у якім вывучэньне мусіла грунтавацца на распрацаваных ім падыходах. Быў прадугледжаны дзесяцігадовы курс навучаньня, падчас якога студэнт мусіў атрымаць веды, неабходныя для пасьвячэньня ў рабіны, і ў той самы час забясьпечвалася сьвецкая адукацыя, неабходная для грамадзкай працы. Аднак хоць плян падтрымкі расейскамоўных рэбэ ў прынцыпе не супярэчыў мэтам расейскага ўраду, ініцыятыва Рэйнэса сустрэла такі вялізны супраціў з боку найбольш артадаксальных габрэяў, што праз чатыры гады існаваньня ешыбот быў зачынены. Усе далейшыя спробы Рэйнэса адкрыць яго зноў ня мелі посьпеху. Неўзабаве Рэйнэсу было прапанаванае месца рабіна ў Манчэстары, але пасьля трохмесячнага знаходжаньня ў Ангельшчыне ён вярнуўся ў Беларусь.

У сваёй грамадзкай дзейнасьці Рэйнэс стараўся спалучаць сучасны ўплыў з габрэйскай традыцыяй. Рэйнэс далучыўся да «Хавявэй Сіён» з моманту заснаваньня гэтага руху. Разам з рэбэ Ш. Магілеверам Рэйнэс вылучыў праграму засяленьня Эрэц-Ісраэль, што прадугледжвала спалучэньне сельскагаспадарчае працы пасяленцаў з вывучэньнем Торы. Рэйнэс быў у ліку нямногіх рабінаў, якія адразу адгукнуліся на заклік Т. Херцля і падтрымалі сіянісцкі рух. Ён удзельнічаў у першых сіянісцкіх кангрэсах.

Ён верыў, што хоць сярэднявечныя габрэі бачылі Боскую руку ў прыродзе, сучасныя бачаць яе ў гісторыі, асабліва ў чаканьні перасяленьня ў сучасны Сіён.

У 1898 Рэйнэс выдаў кнігу «Ора ве-сімха» («Сьвятло і радасьць») пра значэньне сьвята Пурым з прадмовай «пра сіянізм з артадаксальнага пункту погляду», а ў 1902 надрукаваў апалёгію сіянізму «Ор хадаш ал Цыён» («Новае сьвятло над Сіёнам»), у якой абвяргаў антысіянісцкія сьцьвярджэньні некаторых прадстаўнікоў рабінскіх колаў. У сваіх працах Рэйнэс заклікаў рэлігійных і нерэлігійных сіяністаў да супрацы. На скліканай па ягонай ініцыятыве ў сакавіку 1902 ў Вільні канферэнцыі рабінаў і іншых прадстаўнікоў артадаксальных колаў была заснаваная рэлігійная фракцыя («Мізрахі») ў сусьветнай сіянісцкай арганізацыі. На менскай канферэнцыі (верасень 1902 году) падчас дыскусіі «па культурніцкай працы» Рэйнэс ад імя фракцыі паўстаў супраць дзейнасьці сіянісцкай арганізацыі ў галіне культуры і патрабаваў перайсьці да практычнай працы ў Эрэц-Ісраэль (лічыў, што габрэйская культура можа быць толькі рэлігійнай, бо для яго паняткі «рэлігія» і «нацыянальнасьць» у адносінах да габрэяў былі непадзельныя). У 1903 Рэйнэс падтрымаў плян Уганды як часовы спосаб уратаваньня габрэяў. У жніўні 1904 ў Прэсбургу (цяпер Братыслава) на першым Сусьветным зьездзе «Мізрахі» Рэйнэс быў абраны лідарам руху.

На пятым кангрэсе сіяністаў радыкальнае крыло руху пагражала павярнуць яго ў бок ад рэлігіі. Аднак частка «Мізрахі», якая падтрымала Рэйнэса, сталася найвялікшай галіной сіянісцкай арганізацыі ў Расеі.

У 1905 Рэйнэс зьдзейсьніў уласную мару, пры судзейнічаньні выбітных дзеячоў «Мізрахі» і за фінансавай дапамогай барона Д. Гінцбурга заснаваўшы у Лідзе ўмерана рэфармаваны ешыбот, разьлічаны на шэсьць год навучаньня. Нароўні з Талмудам у праграму былі ўлучаныя Біблія, іўрыт з граматыкай, а таксама агульныя прадметы ў аб’ёме уезнае вучэльні, да якіх пасьля дадаліся асновы камэрцыі. Педагагічныя прынцыпы, закладзеныя ў сістэму выкладаньня Лідзкага ешыбота, Рэйнэс выклаў у працах «Кол Я‘акаў» («Голас Якава», 1908) і «Мішкянот Я‘акаў» («Прыстанак Якава», 1910). Апублікаваныя галяхічныя працы Рэйнэса: «Эдут бе-Я‘акаў» («Сьведчаньне ў Якаве», 1872) — пра паказаньні сьведак згодна з рэлігійным правам; «Ша‘арэй ора» («Вароты сьвятла», 1886) — тлумачэньні цяжкіх месцаў Агады і Мідрашаў; «Нод шэл дма‘от» («Сасуд сьлёзаў», 1891) — гамілетычны нарыс гісторыі перасьледу жыдоў у галуце; «Ор шыў‘ат ха-ямім» («Сьвятло адвечнае», 1896) — пра значэньні сьвятаў месяцу тышрэй і іншых — гэта толькі частка ягонай літаратурнай спадчыны, бо большасьць сачыненьняў (каля 100 тамоў) засталіся ў рукапісах.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэйнэс паклаў пачатак адной з дзьвюх асноўных плыняў рэлігійнага сіянізму. У адрозьненьне ад А. І. Кука мэсіянізм Рэйнэса быў хутчэй палітычным (тэрміновае ўратаваньне габрэйскага народу з галута), а не эсхаталягічным.

У гонар Рэйнэса былі названыя заснаваныя ў 1924 пасяленьне Нэве-Я‘акаў (праіснавала да 1948 году, на ягоным месцы з 1972 — аднайменны раён Ерусаліму) і ў 1927 машаў Здэ-Я‘акаў ў Ізрэельскай даліне.

Сын Рэйнэса, Майсей (1870, Ліда — 7 сакавіка 1891, Ліда) — публіцыст, пісаў на іўрыце. Публікаваў з 1887 у «Кнэсэт Ісраэль», «Оцар ха-сіфрут» і іншых пэрыядычных выданьнях артыкулы і працы па гісторыі габрэйскай культуры ў Расеі і па гісторыі ешыботаў у Расеі.

  • Маймон, Юда Ляйб. Zekhor zot le-Ya`akov: toldot ha-ga’on ha-gadol, yotser ha-Mizrahi, ha-rav Rabi Yitshak Ya`akov Raines, zatsal. Ketuvot va-`arukhot `al yede Yehudah Leyb ha-Kohen Fishman. С. 24. Yerushalayim: Defus Salomon, 694 [1933 ці 1934]
  • Bath Yehudah, Geulah. Ish ha-me’orot: Rabi Yitshak Ya`akov Raines. С. 370. Yerushalayim: Mosad ha-Rav Kuk, c1985.
  • Aryeh Strikovski, Ha-Rav Yitshak Ya`akov Raines: meyased ha-Tsiyonut ha-datit: hegyonot, amarot, ´sirtutim. С. 45. Yerushalayim: Mi´srad ha-hinukh ha-tarbut veha-sport, Minhal ha-tarbut, ha-Agaf le-tarbut Toranit, 759, 1999.
  • Shapira, Joseph, Hagut, Halakhah ve-Tsiyonut al olamoh ha-Ruhni shel Ha-Rav Yitshak Yaakov Reines (Тэль-Авіў: 2002).
  1. ^ а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]