Перайсьці да зьместу

Сюжэт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сюжэ́т — сыстэма ўзаемазьвязаных падзеяў, паступовае разгортваньне якіх раскрывае характары пэрсанажаў і ўвесь зьмест эпічнага, ліра-эпічнага або драматычнага твора. Паводле М. Горкага, сюжэт — гэта «сувязі, супярэчнасьці, сымпатыі, антыпатыі і ўвогуле ўзаемаадносіны людзей — гісторыі росту і арганізацыі таго ці іншага характару, тыпу». У аснове сюжэту заўсёды ляжыць пэўны жыцьцёвы канфлікт. Зьяўляючыся важным сродкам дасьледаваньня зьяваў рэчаіснасьці ў іх узаемасувязях, прычынна-выніковых адносінах і супярэчнасьцях, сюжэт мае канкрэтна-гістарычны характар; у сюжэце выяўляюцца канфлікты, уласьцівыя пэўнай нацыі, клясу, эпосе.

Вылучаюцца такія элемэнты сюжэту: экспазыцыя, завязка, разьвіцьцё дзеяньня, кульмінацыя, разьвязка і эпілёг (экспазыцыі і эпілёга ў творы можа і не быць). Сюжэт цесна зьвязаны з кампазыцыяй твора, хаця па аб’ёме за яе вузейшы (апрача сюжэту, кампазыцыя аб’ядноўвае г. зв. пазасюжэтныя элемэнты твора: разгорнутыя апісаньні малюнкаў прыроды і быту, аўтарскія развагі, лірычныя адступленьні і інш.) Творы лірычныя сюжэту ня маюць. Замест лёгікі разгортваньня падзеяў у іх назіраецца своеасаблівая лёгіка выяўленьня пачуцьцяў. Аднак сюжэт прысутнічае ў ліра-эпічных творах паэмах, балядах, байках), у вершаваных раманах, аповесьцях, апавяданьнях. Нярэдка ў паэзіі сустракаюцца і сюжэтныя вершы («Лён» Я. Купалы, «У вёсцы», «Страцім — лебедзь» М. Багдановіча і інш.).