Перайсьці да зьместу

Засьвір

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Засьвір
лац. Zaśvir
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Мядзельскі
Сельсавет: Сьвірскі
Насельніцтва: 80 чал. (2011)
Часавы пас: UTC 3
Тэлефонны код: 375 1797
Паштовы індэкс: 222387
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°50′40.99″ пн. ш. 26°27′47.02″ у. д. / 54.8447194° пн. ш. 26.4630611° у. д. / 54.8447194; 26.4630611Каардынаты: 54°50′40.99″ пн. ш. 26°27′47.02″ у. д. / 54.8447194° пн. ш. 26.4630611° у. д. / 54.8447194; 26.4630611
Засьвір на мапе Беларусі ±
Засьвір
Засьвір
Засьвір
Засьвір
Засьвір
Засьвір
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

За́сьвір[1] — вёска ў Беларусі, на ўсходнім беразе возера Сьвіру. Уваходзіць у склад Сьвірскага сельсавету Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2011 год — 80 чалавек. Знаходзіцца за 40 км на захад ад Мядзелу, за 38 км ад чыгуначнай станцыі Лынтупы (лінія Лынтупы — Каралеўшчына); на аўтамабільнай дарозе Альшэва — Занарач.

Засьвір — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі сармацкага барока, помнік архітэктуры XVIII ст.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню ўпамінаецца ў першай палове XVII ст. як маёнтак Сырмеж (Сірмеж, Сермеж) шляхцічаў Сасіных, у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводзтва. У 1660-я гады яго набыў М. У. Празьдзецкі, кашталян наваградзкі. У 1683 годзе маёнтак перайшоў да яго зяця К. Зяновіча, пісара вялікага літоўскага. Першы пісьмовы ўпамін пад назвай Засьвір датуецца 1678 годам. У 1690 годзе фальварак знаходзіўся ў Сьвірскай парафіі.

У 1701 і 1703 гадох К. Зяновіч выпісаў 2 фундацыйныя прывілеі на маёнтак Засьвір і фальварак Памошаа манахам-кармэлітам. У 1713—1714 гадох тут збудавалі мураваныя касьцёл і кляштар кармэлітаў. У свой час ён лічыўся адным з найбольшых кляштараў кармэлітаў старой абсэрвацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім (колькасьць манахаў даходзіла да 20)[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Засьвір апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Сьвянцянскім павеце Віленскай губэрні. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе ўлады Расейскай імпэрыі зачынілі кляштар кармэлітаў[3]. На 1861 год у Засьвіры было 14 двароў. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). На 1865 год у мястэчку існавалі царква і школа. Пазьней статус Засьвіру панізілі да сяла. У 1885 годзе тут дзеяла царква, працавалі расейская народная вучэльня (у 1892/93 навучальным годзе было 40 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі) і карчма. З 1893 году працавала 2-клясная царкоўнапрыходзкая школа, у якой у 1896/97 навучальным годзе было 38 хлопчыкаў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Засьвіры быў 21 двор, дзеяла царква. У 1905 годзе расейскія ўлады скіравалі ў Засьвір салдатаў дзеля здушэньня народных хваляваньняў[4].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Засьвір занялі войскі Нямецкай імпэрыі, непадалёк праходзіла лінія фронту. У будынку кляштару знаходзіўся вайсковы шпіталь. Каля кляштару спачылі нямецкія салдаты[5].

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Засьвір абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[6]. У кастрычніку 1920 году Засьвір апынуўся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Сьвірскай гміне Сьвянцянскага павету Віленскага ваяводзтва. У 1919 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам. У лютым 1921 году ў Засьвіры дзеяла беларуская школа, пазьней зачыненая польскімі ўладамі[a][7]. На 1931 год ў вёсцы было 25 будынкаў.

У 1939 годзе Засьвір увайшоў у БССР, з 12 кастрычніка 1940 году ў Шэметаўскім сельсавеце Сьвірскага раёну Вялейскай вобласьці (з 20 верасьня 1944 году Маладэчанскай, з 20 студзеня 1960 году Менскай вобласьці). На 1940 год тут было 35 двароў. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 3 ліпеня 1944 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

31 жніўня 1959 году Шэметаўскі сельсавет увайшоў у склад Мядзельскага раёну. 20 траўня 1960 году Засьвір перадалі ў Сьвірскі пасялковы савет. 12 лістапада 1966 году да вёскі далучылі хутары Алешкі, Унукі і Собінава.

На 1995 год у Засьвіры было 59 двароў, на 1997 год — 53. У 2013 годзе ў зьвязку зь ліквідацыяй Сьвірскага пассавету вёску перадалі ў склад Сьвірскага сельсавету.

  • XIX стагодзьдзе: 1861 год — 96 чал.[8]; 1865 год — 53 муж.[9][10][11]; 1897 год — 149 чал.[11]
  • XX стагодзьдзе: 1904 год — 87 чал.; 1907 год — 140 чал.; 1921 год — 128 чал.; 1940 год — 169 чал.; 1960 год — 105 чал.; 1970 год — 222 чал.[11]; 1995 год — 109 чал.[12]; 1997 год — 94 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2011 год — 80 чал.[11]

У Засьвіры працуюць клюб, бібліятэка, крама, жывёлагадоўчая фэрма.

У Засьвіры існуюць вуліцы Цэнтральная, Унукаўская і Азёрная, а таксама завулак Собінава.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За 1,5 км на захад ад цэнтру Засьвіру знаходзіцца селішча другой паловы 1-га тысячагодзьдзя, за 1 км на поўдзень — курганны могільнік VI—XII стагодзьдзяў (69 насыпаў).

  1. ^ Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 325, воп.1, спр. 173, арк. 78А-79
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu)
  2. ^ Каталіцкія сьвятыні: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. — Менск: «Про Хрысто», 2003. С. 30.
  3. ^ Каталіцкія сьвятыні: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. — Менск: «Про Хрысто», 2003. С. 31.
  4. ^ Революционное движение в Белоруссии (1905—1907 гг.). — Мн., 1955. С. 438, 440.
  5. ^ Битва у Нарочи, 1916. Немецкие источники о русском весеннем наступлении. (Нарочская операция): мемориал / авт. текста, сост. А. В. Богданов. — Брест: Полиграфика, 2016.
  6. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  7. ^ Праўрацкі В. Станаўленне і пачатковае развіццё беларускай школы на тэрыторыі сучаснага Мядзельскага раёна // Нашы карані: Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер’я. — Паставы, 2003. — № 5. — С. 25—29.
  8. ^ Корева А. Матеріалы для географіи и статистики Россіи, собранные офицерами Генеральнаго штаба. Виленская губернія. — СПб, 1861.
  9. ^ Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 454.
  10. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1998. С. 579.
  11. ^ а б в г Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 3. — Менск, 2012. С. 526.
  12. ^ Брэгер Г. Засвір // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 409.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]